Скронь ‘бакавая частка чэрапа ад вуха да лобнай косці’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сцяшк., ТС), скронь, скро́на ‘тс’ (паст., астр., шчуч., смарг., шальч., Сл. ПЗБ), скронь ‘вейка’ (Нас.), ‘калена’: пасадзі дзіця на скроні (Мат. Маг.). Паводле фанетыкі (склад ‑ро‑), запазычанне з польск. skroń ‘скронь’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 60). Параўн. укр. скро́ня ‘тс’, рус. скоро́нь ‘тс’, дыял. скорынья́ ‘сківіца’, рус.-ц.-слав., серб.-ц.-слав. скрания ‘скронь’, каш. skrńå ‘скронь, шчака’, чэш. skráň ‘тс’, славац. skráň, škraňa ‘выпукласць на шчацэ, ягадка’, в.-луж. skroń, н.-луж. skŕono ‘скронь, ягадка’, славен. skrȃnj, skrenja ‘падбародак, ягадка, сківіца’. Прасл. *skornь. Усе версіі не вельмі надзейныя. Параўноўвалі з ст.-ісл. hvarmr ‘павека’ і, далей, з лац. parmaкароткі круглы шчыт’. Паралель у грэч. κρανίον ‘чэрап’ (Мацэнаўэр, LF, 20, 20 і наст.; Брукнер, 496) адвяргаецца Фасмерам (3, 653) па фанетычных прычынах. Махэк₂ (548) набліжае да прасл. *černъ ‘карэнны зуб’. Аднак не выключае праславянскае паходжанне і ўзвядзенне да *skrena на падставе н.-луж. škrjeny мн. л., дыял. škrjena ‘верхняя сківіца’ (Шустар-Шэўц, 1296), што дазваляе трактаваць беларускія і ўкраінскае словы як рэфлексы старога *skronь (Сной у Бязлай, 3, 248). Магілёўскае скронь ‘калена’ або памылковы запіс, або змена значэння ў выніку дээтымалагізацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

забе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце, ‑бягуць; пр. забег, ‑ла; заг. забяжы; зак.

1. Бегучы, трапіць куды‑н., апынуцца дзе‑н. Казёл забег у агарод. □ Ля кладкі ў брод забеглі дзеці — усім па кветачкі вада. Ляпёшкін. — У хлопцаў ногі лёгкія, як бачыш забягуць дадому. Гамолка.

2. Зайсці куды‑н. мімаходам, на кароткі час. Па дарозе дадому Люба забегла на медпункт. Шамякін. Як на тое, у пакой забег Вадзімка. Чагосьці пашукаў пад ложкам і выбег. Сабаленка.

3. Абагнаць каго‑н., перагарадзіўшы дарогу. [Боганчык] бег, б’ючы каленам аб заднюю вось; цягнуў за лейцы, накручваючы іх на руку, і чуў: нічога не можа зрабіць. Пасля падумаў, што трэба забегчы каню наперад. Пташнікаў. «Ты мой, як міленькі, толькі каб не дапусціць цябе да алешніку», — думаў Павел, стараючыся забегчы ад кустоў. Тады парушальнік змяніў кірунак і кінуўся ў бок сасновага лесу. Пальчэўскі.

•••

Забегчы наперад — а) зрабіць што‑н., парушыўшы паслядоўнасць; б) апярэдзіць каго‑н. у дасягненні, атрыманні чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́мант, ‑у, М ‑нце, м.

1. Вельмі кароткі прамежак часу; імгненне, міг. На нейкі момант у пакоі запанавала цішыня. Шыловіч. Адзін момант — і першая лінія службы дзесяткамі зоркіх вачэй і чуткіх вушэй заблакіравала граніцу. Брыль. // чаго. Адрэзак часу, калі пачынаецца нейкае дзеянне, з’ява. Момант спаткання. Момант зацішша.

2. Пэўны прамежак часу, этап у гісторыі, развіцці чаго‑н., у жыцці каго‑н. Паэт [Колас] не прапусціў ніводнага больш-менш значнага моманту з жыцця і працы селяніна. Навуменка. Бывае, што нечакана светлы момант узнагароджвае чалавека за многія гады пакут. Кулакоўскі.

3. Частка, элемент, асобны бок якой‑н. з’явы. На мастацкіх палатках адлюстраваны моманты з працоўнай дзейнасці і адпачынку працоўных. «Беларусь».

4. Спец. Матэматычнае паняцце, якое адыгрывае значную ролю ў механіцы і тэорыі імавернасцей. Момант інерцыі. Момант сілы.

•••

Бягучы момант — сучасны, цяперашні момант.

Магнітны момант — асноўная велічныя, якая характарызуе магнітныя ўласцівасці рэчыва.

На момант — на імгненне; вельмі коратка.

У адзін момант — тое, што і у адзін міг (гл. міг).

[Лац. momentum.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пага́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Мярзотны, подлы. Паганы чалавек. □ Саўка і два яго канвойнікі застаюцца ззаду. Саўкава місія, паганая здрадніцкая місія, скончана. Колас. Партызаны .. вартавалі вёску ад паганых гасцей. Чорны. // Дрэнны, нядобры. Паганае надвор’е. □ Айцец Кірыл адмовіўся застацца выпіць чаю на дарогу, бо дзень кароткі, а дарога паганая. Колас. / Пра характар, звычкі, душэўны стан і пад. Паганы настрой. Паганы характар.

2. Прызначаны для смецця, нечыстот; брудны. Паганае вядро.

3. Які нельга есці, ядавіты. Паганы грыб.

4. Злы, куслівы (пра сабаку). [Мужык:] — Ёсць у нашага Піліпа сучка паганая, дык мы ўсе яе баімся. Якімовіч.

5. Уст. Нехрысціянскі, язычніцкі. Паганыя ідалы. // Забаронены рэлігіяй. Паганая ежа. □ — Нібы чорт зеллем паганым падкурыў хату Супрона Дразда і Змітрука Карча, — казалі сяляне, чуючы кожны дзень сварку. Чарот.

6. Разм. Не варты ўвагі. І зусім незразумела, навошта было падымаць такі шум з-за гэтай паганай двойкі? Краўчанка.

7. у знач. наз. паганя́е, ‑ага, н. Што‑н. дрэннае, нядобрае. Васіль увесь сціснуўся, насцярожыўся, чакаючы самага паганага. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прагра́ма, ‑ы, ж.

1. План дзейнасці, работ і пад. [Вулай:] — Становішча такое, што цэх ледзь укладваецца ў праграму. Шыцік. // Спец. План дзейнасці, заданне для аўтаматычнай выканання на станку, машыне і пад. Праграма для электроннай вылічальнай машыны.

2. Дакумент, у якім выкладзены асноўныя задачы і мэты, намечаныя партыяй, грамадскай арганізацыяй і пад. Праграма КПСС. □ У «Маніфесце» намечана ў агульных рысах праграма дзеянняў пралетарыяту. «Беларусь».

3. План, парадак правядзення чаго‑н. Праграма работы з’езда.

4. Сукупнасць нумароў, твораў, якія выконваюцца на канцэрце, у цырку, перадаюцца па радыё, тэлебачанні і пад. У праграме канцэрта ёсць вельмі цікавы нумар. Самуйлёнак. // Друкаваны ўказальнік нумароў, п’ес, выканаўцаў (у канцэрце, спектаклі, радыёперадачы і пад.). Бегла кідаючы позірк на прозвішчы артыстаў у праграме,.. [Казанцаў] спыніўся на адным. Васілевіч.

5. Кароткі змест курса таго ці іншага прадмета, які вывучаецца ў навучальнай установе. Праграма па гісторыі. Праграма па геаграфіі. // Сукупнасць дысцыплін, якія выкладаюцца ў навучальнай установе, на факультэце, курсе. Праграма сярэдняй школы. Праграма матэматычнага факультэта.

6. Тэма, сюжэт музычнага твора.

[Ад грэч. programma — распараджэнне, аб’ява.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ско́ры, ‑ая, ‑ае.

1. Які адбываецца з вялікай скорасцю. Сябры выходзяць крокам скорым. Сядзяць за півам, выпіваюць, Аб розных справах разважаюць. Колас. // Які рухаецца з вялікай скорасцю. Скоры поезд. / у знач. наз. ско́ры, ‑ага, м. Яшчэ некалькі секунд — і вось ужо скоры як віхор праляцеў міма. Васілёнак.

2. Разм. Здольны імкліва, хутка дзейнічаць. Скоры ў рабоце. □ А Уладзік .. быў хлопчык жвавы, непаседлівы, скоры да бойкі з сваімі сябрукамі. Колас. Каб мне тады сённяшні розум! Але я — ад роду купаны ў гарачай вадзе — у той час быў вельмі скоры на рашэнне. Карпюк. // Схільны спяшацца; нецярплівы. [Міхальчук:] — Хай ідзе ячмень. На тыдзень хопіць для малатарні? [Мікалай:] — Які ты ў мяне скоры! Хаця б за два ўправіліся. Якімовіч. Як да чаркі — скоры, як да працы — хворы. Прыказка.

3. Які адбываецца хутка, у кароткі тэрмін. Скоры ад’езд.

4. Такі, які павінен адбыцца ў хуткім часе. [Валошын:] Пайшлі, таварышы, Пайшлі. Да скорага спаткання, хлопцы. Глебка.

•••

На скорую руку гл. рука.

На скорым часе гл. час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лы́тка1, лы́ткі ’акругленыя мышцы на задняй частцы нагі чалавека ад калена да ступні’ (ТСБМ, Гарэц., Дразд., Сцяшк., Шат., Касп., Растарг., Яруш., Мядзв., Бяльк., Нас., ТС, Сл. ПЗБ), ’нага ўвогуле’ (Нас.), ’сцягно, ляжка’ (Яруш., стаўб., КЭС), ’галёнка’ (КЭС, лаг.), лыдка ’лытка’ (Мат. Гом.); у выразе: лыткі кароткі ’рукі кароткія’ (Шат.). Укр. ли́тка ’лытка’, закарп. і паўд.-валынск. ’сцягно’, рус. лы́тка, лы́тки ’нага’, ’пярэдняя нага свінні’, ’задняя нага свінні’, ’тонкія, худыя ногі’, ’сцягно, ляжка’, ’калені, ступні’, ’пята’, ’косць нагі’, ’тоўстая косць нагі жывёлы’, ’шчыкалатка’, ст.-рус. лытка ’галёнка’, ’нага’, ’кумпяк’; польск. łydka, łytka ’лытка’, ’сцягно’, ’ягадзіца’; ст.-чэш. lýtka ’лытка’, ’галёнка’, славац. lýtka ’лытка’, усх. ’сцягно’; славен. lȋtka ’лытка’, с.-балг. лытка, литка ’галёнка’. Прасл. дыял. lydъka ’мясістая частка нагі — пераважна, лытка, а таксама і сцягно, галёнка’ (Слаўскі, 5, 388–391). Надзейнай этымалогіі няма. Найбольш пераканаўчай з’яўляецца думка Шустара–Шэўца (Slavia, 32, 166–169; ZSl, 8, 873) аб роднасці з прасл. glyda (польск. дыял. głyda, głydy, głytka, głytki), якое чаргуецца галоснай у корані з gluda з агульнасцю семантыкі ’выпуклае, ком, гуз’ (рус. глуда ’ком’, славен. glȗta ’шышка’) < і.-е. *gleu‑d‑/*gleu‑t ’аб выпуклым, круглым’.

Лы́тка2 ’вузкая палоска зямлі’ (ушац., Нар. сл.). Відавочна, спачатку лытка ’нага’ абазначала меру даўжыні (параўн. ст.-бел. стопа, крокъ), пасля — прастору, якую гэтай мерай найчасцей вымяралі. Параўн. аналагічна лы́нда3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́рак, пе́ракам ’поперак, упоперак’ (Нас., Сл. ПЗБ, Бяльк., ушац., Нар. лекс.; Варл.), ’кароткая папярочная баразна’ (докш., Сл. ПЗБ), ’папярочны загон’ (ЛА, 2), смал. пе́рек ’упоперак’; укр. пере́ка ’супрацьдзеянне, супярэчанне’, рус. по‑перёк ’упоперак’, польск. w przek, w przeki, na przek(i) ’упоперак, наадварот, наперакор’, ст.-польск. przek(o) ’поперак’, н.-луж. prjeki ’поперак, наўскос’, в.-луж. prěki ’поперак’, prěčić ’перасякаць; супярэчыць, супраціўляцца’, палаб. pritʼai, pritʼě ’праз, звыш; па той бок’, ст.-чэш. na‑přiek(y), чэш. na‑přík ’насупраць, у параўнай з. насуперак’, na‑příč ’праз, па той бок; поперак’, славац. na‑priеку, na‑priek ’нягледзячы на’, славен. prẹ̑k ’рэзкі, грубы, жорсткі; які супраціўляецца; касы, які стаіць упоперак’, prȇ̥ko, prę̑k, priek, prȇ̥čki ’тс’, vprẹ̑k ’нягледзячы; праз; супраць’, prȇ̥k ’горды чалавек’, серб.-харв. пре̂к, харв. prȉjek ’папярочны; просты, самы кароткі, запальчывы, круты, неадкладны, неабходны’, пре̂ко ’насупраць, па той бок; упоперак, раптоўна, рэзка; празмерна’, чак. priko ’тс’, макед. прек ’папярочны; неадкладны, круты’, балг. пряк. мн. л. пре́ки ’прамы, непасрэдны’, ст.-слав. въпрѣкы глаголати ’супярэчыць’, ц.-слав. прѣкъ ’папярочны; які ляжыць упоперак’, прѣко, прѣкы ’насуперак; супраць; праз’. Прасл. *perkъ ’папярочны, які знаходзіцца на супраць’ (перайшло ў прыслоўе, прыназоўнік *perko/*perkъ/*perky і ў адназоўнікавы дзеяслоў *perčiti ’пярэчыць’) — утварэнне з суф. *‑kǒ (> *‑kъ) ад прыслоўя *per‑ ’праз’ (Мее, Études, 329; Фасмер, 3, 238: Копечны, 1, 129 і 173; Махэк₂, 492; Бязлай, 3, 110–111).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бра́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Утварыць кароткі звонкі гук, ударыўшы па металічным, шкляным ці інш. прадмеце. Я чуў, як зачыніліся вароты ў садку, як потым бразнула клямка і шарганула ў сенцах засаўка. Баранавых. Дзверы сянец бразнулі, і босая Параска ціха, як кошка, прайшла па двары. Лобан. // чым. Ударыўшы металічным або шкляным прадметам па чым‑н., утварыць гук. Аднак варта каму бразнуць талеркай ці нават хоць бы зняць з хлеба настольнік, як.. [кот] ужо тут. Якімовіч. Варта было ветру бразнуць форткай, як.. [Іна] ажывала, выбягала на веранду, а потым, расчараваная, садзілася дзе-небудзь у кутку. Ваданосаў.

2. каго-што. З сілай кінуць, выклікаўшы шум, гук; грымнуць. Даніла ўсё ж такі схапіў Дудзько за грудзі, падняў і бразнуў аб зямлю. Пестрак. Бушыла з размаху бразнуў аб падлогу ўсё, што трымаў у руках, — кнігі.., лінейку, мел — і ў адзін міг апынуўся каля Арэшкіна, тварам у твар. Шамякін.

3. перан. Разм. Пазваніць па тэлефоне каму‑н. — Гэта мне, ёлупу, навука! — бубніць Дзямян Лукіч. — Падвёў карэспандэнт... Абяцаў даць у газету, калі мы поўным ходам разгорнем уборку, а што атрымалася?.. Няўжо так ужо цяжка было мне бразнуць, удакладніць? Аношкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кама́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Кароткі вусны-загад камандзіра па ўстаноўленай форме. Аддаць каманду. □ Падпільнаваўшы калону варожых машын, [лейтэнант] падаў каманду: — Агонь! «Маладосць». Палку даюць каманду «смірна!» Панчанка. // Распараджэнне, загад, сказаныя коратка і ўладна. — Стукайце шафёру ў кабіну! — падала каманду Зіна. Кулакоўскі.

2. Камандаванне якой‑н. воінскай часцю. Першы, найлепшы ўзвод атрада, пад камандай.. Кеды пераправіўся на варожы бок Нёмана. Брыль. // Пра кіраўніцтва з боку каго‑н., над кім‑н., аб чыёй‑н. уладзе над кім‑н. — Не павінна тое гора над чалавекам каманду займець. Няхай яно і цяжкае, але трэба адолець яго... Лынькоў. Узваліўшы на сані невад, чалавек дванаццаць мужыкоў пад камандай Леўшуна паехалі на рыбу. Колас.

3. Невялікае вайсковае падраздзяленне, атрад, а таксама часова выдзеленая вайсковая часць спецыяльнага прызначэння. Каравульная каманда. Каманда падрыўнікоў. □ Кірылу падстрыглі і накіравалі ў вучэбную каманду, адкуль ён трапіў на фронт пад Баранавічы. Паслядовіч. // Асабовы састаў, экіпаж судна. Людзей тут [на буксіры] мала, каманда, уключаючы ўсіх — ад капітана да качагара, складаецца чалавек з дваццаці. Краўчанка. // Спартыўны калектыў. Валейбольная каманда. Зборная каманда.

•••

Далажыць па камандзе гл. далажыць ​1.

Як па камандзе — дружна, разам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)