прыбі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; ‑б’ёмся, ‑б’яцеся; зак.

1. Прымацавацца да чаго‑н. шляхам прыбівання цвікамі.

2. Прыгнуцца, прыціснуцца да зямлі (ветрам, дажджом і пад.). Пастрашыць, пырсне [дождж] раз ці два, Што не здаволіцца трава, Што не прыб’ецца нават пыл. Лужанін.

3. Плывучы, прыстаць, наблізіцца да чаго‑н., спыніцца каля чаго‑н. Мы прыбіліся к берагу, і лодка пайшла шпарчэй. Масарэнка. // Разм. Доўга ідучы, блукаючы, дабрацца, прыйсці куды‑н. — [Алёшка] уцёк і адзін начаваў у лесе: заблудзіўся, і не мог вярнуцца назад. Раніцай прыбіўся да лесніка. Якімовіч. У эшалонах ехалі і так, .. як жабракі, па людзях карміліся, каб хаця як назад прыбіцца. Галавач.

4. перан. Далучыцца, прыстаць да каго‑, чаго‑н. Полк ноччу знаўся, і яны прыбіліся да вайсковай часці. Навуменка. Праз некалькі дзён я прыбіўся да невялікай групы такіх жа, як сам, уцекачоў. Сачанка. У вайну прыбіўся ў нашу глухую тады вёску нейкі акружэнец з Волагды. Кулакоўскі. Прыбіўся [Іван Крот] да іх у атрад аднекуль з Хартыніцкіх хутароў. Місько.

5. Разм. Пабіцца; ударыцца. [Цясляр:] — Наша дзіця прыбілася, а яны тут пра нейкае чужое дабро. Чорны.

6. Абл. Падбіцца, натаміцца. За тыдзень баёў і беганіны ў лясах людзі надта прыбіліся, .., з’явіліся параненыя, траіх няслі з сабой на насілках. Быкаў.

•••

Прыбіцца да берага — тое, што і прыстаць да берага (гл. прыстаць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перавалі́ць 1, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак.

1. што. Перамясціць, пералажыць, звальваючы; перагрузіць. Пераваліць грузы з баржы на бераг. Пераваліць сена з воза на воз.

2. што або цераз што. Перайсці, пераехаць, пераправіцца на другі бок (гары, узвышша і пад.). [Партызаны] перавалілі ўзгорак і зніклі ў невялікай лагчыне. М. Ткачоў. Немец, вызваліўшыся ад парашута, адыходзіў на захад — узнімаўся на гару, каб пераваліць цераз грэбень і схавацца ў лесе. Шамякін. Санкі перавалілі цераз нейкі пагорачак. Пад імі перастаў шаргацець снег. Жычка. // цераз што, за што. Пераадолець, перасекчы якую‑н. прастору. Тысячы трактароў «Беларусь» перавалілі праз паўднёвыя порты і цяпер будзілі сваім рокатам ціхія правінцыі. Б. Стральцоў. Поле ішло на пагорак, .. [партызанам] трэба было як найхутчэй пераваліць цераз яго, і тады, мусіць, іх бы ўжо не ўбачылі. Быкаў.

3. Разм. Перайсці які‑н. колькасны ці часавы рубеж. Прабег машын пераваліў за сотню тысяч. Гады перавалілі на пяты дзесятак. / у безас. ужыв. Даўно пераваліла на другую палову дня. Гурскі. Гэта была худзенькая, згорбленая бабулька, якой, казалі, пераваліла за сотню. С. Александровіч.

4. перан.; што. Зваліць, перакласці на каго‑н. (работу, віну, адказнасць і пад.). На бацькоў, на школу, вядома, лягчэй за ўсё пераваліць віну. Мыслівец.

перавалі́ць 2, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., што.

Сапсаваць празмерным валеннем (сукно, лямец і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перарасці́, ‑сту, ‑сцеш, ‑сце; ‑сцём, ‑сцяце, ‑стуць; пр. перарос, ‑расла, ‑ло; заг. перарасці; зак.

1. каго-што. Абагнаць ростам, стаць вышэй за каго‑, што‑н. Сын перарос бацьку. □ Міколе дваццаць чацвёрты год. Хлопец узмужнеў, перарос і мяне. Брыль. Каб на хмель не мароз, ён бы тын перарос. Прыказка. // перан. Перасягнуць каго‑н. у разумовых, маральных адносінах; стаць больш змястоўным. Вучань перарос свайго настаўніка. □ [Высоцкі:] Дык жа ён [брыгадзір] жыве ўчарашнім днём. Радавыя калгаснікі яго перараслі. Гурскі. // перан. Стаць больш важным, больш значным за што‑н.; пераўзысці што‑н. І дом не астыў яшчэ, пахне смалой, І печ глеўкаватая трошкі, А стол навасельны нібы перарос Сваю непасрэдную ролю. Бялевіч. Дэмабілізаваўшыся, у МТС Андрэй не вярнуўся. Яму здавалася, што ён перарос яе. Шахавец.

2. Выйсці з узросту, устаноўленага, вызначанага для чаго‑н. Для дзіцячага сада хлапчук перарос. □ А што замінае [атрымаць вышэйшую адукацыю], — здзівіўся Варановіч. — Позна, перарос. Час мне ўжо дваццаць тосты гадок горне, а за спіною і людскіх трох класаў не наскрабеш... — горасна ўздыхнуў Шлык. Дуброўскі.

3. у што. Развіваючыся, ператварыцца, перайсці ў што‑н. Стачкі перараслі ў паўстанне. Гоман перарос у крык. □ З’явіліся новыя партызанскія атрады, групы, некаторыя атрады перараслі ў брыгады. Казлоў. Напружанасць абставін павялічвалася, пагражаючы перарасці ў буру. Гурскі. Спачатку размова была бяскрыўдная, але хутка перарасла ў спрэчку. Філімонаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пля́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Удараць, стукаць далонню аб далонь або далонню па чым‑н. І тут перад.. [Васілём Андрэевічам] карціна: дзеці гуляюць у карагод, а Хамянок пасярэдзіне і ў далоні пляскае. Ракітны. Як малы, пляскае ў далоні Сяргей, лежачы разам з Вінцэсем Шастаком у густым шыпшынніку. Мікуліч.

пляска́ць 1, пляшчу́, пле́шчаш, пле́шча; заг. пляшчы́; незак.

1. Удараць аб што‑н. з шумам, пляскам (пра ваду ці іншую вадкасць). Аднастайна пляскала ў бераг вясенняя вада. Краўчанка. Уздыхае свабодна рака, Плешча хваляй у бераг няроўны. Астрэйка. // Удараць, стукаць чым‑н. па вадзе. Набываў надвячоркам на Доўгіх азёрах, паслухаў, як у ціхіх затоках плешчуць хвастамі раз’ятраныя шчупакі. Краўчанка.

2. Стукаць, удараць чым‑н. плоскім. Алёна ў вадзе стаіць па калена, плешча моцна пранікам, а пырскі далёка раскідаюцца, і пранік выбівае «тахты»... Каваль.

3. Тое, што і пля́скаць. Зайка скача, плешча ў лапкі: — Я такой не бачыў шапкі! А. Александровіч. — Браты партызаны! Чаму ж вы не плешчаце ў ладкі? Колас. Напружанасць спадае ў адно імгненне. Дырэктар плешча ў далоні. Вітка.

•••

Пляскаць языком — гаварыць многа і абы-што.

пляска́ць 2, пляшчу́, пле́шчаш, пле́шча; заг. пляшчы́; незак., што.

Рабіць пляскатым, плюшчыць. Снарад такі ўгоніш у калодку абухом, а зверху на ім, на пяце, раўняй што хочаш, пляшчы канец, каб цвік той лепш у лагу лез, калі ты яго не наўскос адсек. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўста́ць, ‑стану, ‑станеш, ‑стане; зак.

1. Узняцца на барацьбу з кім‑, чым‑н., супроць каго‑, чаго‑н., узняць паўстанне. Народ паўстаў. І на падмогу Прыйшлі усходнія браты, Каб радасную перамогу Сустрэць пад сонцам залатым. Панчанка. // Выступіць супроць каго‑, чаго‑н., запрацівіцца чаму‑н. Вера, аднак, рашуча паўстала супроць такой прапановы. Паслядовіч.

2. перан. Узнікнуць у памяці, ва ўяўленні. Як на далоні, перада мной паўстала яшчэ невялікае маё жыццё, і я расказваў пра яго. Сабаленка. Зноў паўстала тое ж пытанне: «Куды ісці далей?» Пальчэўскі. Пры слове «цэх» у нашым уяўленні паўстае прасторнае памяшканне заводскага корпуса, застаўленае лініямі разнастайных станкоў, абсталяванае рознымі механізмамі, дапаможнымі прыстасаваннямі. Хадкевіч.

3. З’явіцца перад вачыма, паказацца. Аддаўшыся развазе, Міця не заўважыў, як у праёме дзвярэй паўстала шэрая постаць. Навуменка. Карніцкі мінуў прысады, і тут адразу паўстала перад яго позіркам калгасная сядзіба. Паслядовіч.

4. Адрадзіцца, адбудавацца. [Цімка] ішоў па горадзе, які на яго вачах паўстаў з безнадзейных руін. Карпаў. То над сатлелым папялішчам Разбегам вуліц, плошчаў, трас Паўстала светлая сталіца, — Масквы малодшая сястра. Звонак.

5. З’явіцца, узнікнуць, вырасці. Мясціны, дзе павінен паўстаць небывалы ў Беларусі, буйнейшы ў Еўропе завод, былі мне знаёмы даўно. Хадкевіч. Як свет паўстаў, ніколі гэтага ў Баркаўцах не чуваць было. Калюга.

•••

Паўстаць перад вачамі (у вачах) — тое, што і стаяць перад вачамі (у вачах) (гл. стаяць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

соль 1, ‑і, ж.

1. Белае крышталічнае рэчыва з вострым характэрным смакам, якое ўжываецца як прыправа да ежы. Сталовая соль. □ Тым часам маці тарапліва Закон дзядоў сваіх спаўняе: Кладзе кусочак хлеба з соллю Пад красны кут. Колас.

2. перан. Асаблівы сэнс, значэнне чаго‑н. [Апейка:] — Уся соль, па-мойму, у тым — што шукаць і як шукаць. Па-мойму, заўсёды трэба помніць пра людзей, якія цябе чытаюць і слухаюць. Мележ. Але ўся соль твора звычайна выступае на паверхні, адкрываецца ў поўным сваім аб’ёме менавіта ў трапных заключных радках добрай байкі. Бугаёў.

3. Хімічнае злучэнне, рэчыва — прадукт поўнага або частковага замяшчэння вадароду кіслаты металам. Калійная соль. Глаўберава соль. Берталетава соль. Каменная соль. Горкая соль. Кіслая соль.

•••

Насыпаць солі на хвост гл. насыпаць.

Падсыпаць солі гл. падсыпаць.

Пуд солі з’есці з кім гл. з’есці.

Соль зямлі — пра лепшых людзей якой‑н. грамадскай групы, грамадства.

Соль табе ў вочы — прымаўка, якую ўжываюць, каб засцерагчы ад дрэннага вока, ад уроку.

Сыпаць соль на раны гл. сыпаць.

Хлеб ды соль гл. хлеб.

Хлеб-соль гл. хлеб.

соль 2, нескл., н.

Пяты гук музычнай тамы, а таксама нота, якая абазначае гэты гук. І цудоўныя гукі то раптам паніжаліся да ніжняга соль і амаль знікалі, то нечакана ўзляталі да верхняга фа дыез. Васілёнак.

[Іт. sol.]

соль 3, ‑я, м.

Грашовая адзінка Перу, роўная 100 сентава.

[Ісп. sol.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрыт, ‑у, М спрыце, м.

1. Дасканаласць, умельства. [Хлопцы] абсядалі дзядзьку Алеся з усіх бакоў і сачылі за спрытам яго рук, уменнем не траціць дарэмна ніводнага руху. Кулакоўскі.

2. Фізічная лоўкасць, паваротлівасць; хуткасць у рухах. Салому цяпер скідвалі проста на ток, рабіць было лёгка і зручна, усе трое [Хоня, Міканор і Алёша] як бы хвалілася спрытам адзін перад адным. Мележ. Ведай — лесаруба цяжкая работа. Трэба спрыт і дужасць смольны лес валіць. Хведаровіч. [Станіслаў] паставіў чамаданы і, са спрытам юнака пераскочыўшы плот, падбег да грушы. Скрыпка. // Уменне, майстэрства (у якой‑н. галіне). Так майстар, вопытам багаты, І спрыт і веды ўсе свае У школе хлопцам і дзяўчатам Для славы іх перадае. Астрэйка. Раённыя кіраўнікі заўважылі гаспадарскі спрыт Пракопа Касянка, і райком партыі вырашыў пусціць яго на павышэнне. Сабаленка. [Язэп] заўважыў, што Іван Мацвеевіч мае вялікі спрыт у гутарцы. Бядуля. // Здатнасць, схільнасць да чаго‑н. На рыбу .. [дзядзька] меў нейкі асаблівы спрыт. С. Александровіч. [Падлоўчы] ўспамінаў .. свае маладыя кавалерскія гады, свой жывы і гарачы нораў, свой спрыт да паненак. Колас.

3. Абаротлівасць, уменне ўладжваць справы; здольнасць знаходзіць выхад з любога становішча. Там, дзе не хапае ведаў, выратоўвае спрыт напалам з нахабствам. Лобан. — Ну хто б падумаў, што столькі здагадлівасці і спрыту можа быць у школьніка, — пазіраючы на Косціка, гаварыла Наста. Пальчэўскі. Патрэбна шмат поту і спрыту, Каб цэнты на хлеб наскрабці. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старэ́йшы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. стары.

2. Той, якому больш гадоў у параўнанні з кім‑н.; самы дарослы сярод каго‑н. Старэйшая сястра. □ Андрэй, старэйшы Пракопаў сын, быў у Чырвонай Арміі. Колас. Петрусю, старэйшаму брату Шурыка, споўнілася сем год, і ён пайшоў у школу. Арабей. / у знач. наз. старэ́йшы, ‑ага, м.; старэ́йшая, ‑ай, ж. За ўсё сваё жыццё, якое пачало адкладвацца ў памяці пасля смерці маткі, .. [Данік] прывучыўся слухаць старэйшых. Грамовіч. // Ужываецца пры прозвішчы для таго, каб падкрэсліць розніцу ў пакаленнях, у гадах. Заехалі да старэйшага Крушынскага, які піша вершы пад псеўданімам Антон Цярэшка. Бядуля.

3. Які даўно існуе, узнік, утварыўся. Старэйшы тэатр краіны. □ Стамбул лічыцца адным са старэйшых еўрапейскіх гарадоў: ён быў заснаваны візантыйцамі дзве тысячы семсот гадоў назад. «Полымя». Добрушскі цэлюлозна-папяровы камбінат «Герой працы» — старэйшае прадпрыемства Беларусі. «ЛіМ». // Які даўно займаецца чым‑н.; вопытны, спрактыкаваны. П’ер Паола Пазаліні — старэйшы майстар італьянскага кіно. «Маладосць». // Найстарэйшы. [Жэня:] — А ты [Васіль] пагавары з самымі старэйшымі бабулямі і дзядулямі. Якімовіч.

4. у знач. наз. старэ́йшыя, ‑ых. Дарослыя; проціл. дзеці. Пад Сталінград на выручку старэйшым Мы не спазніліся ні на хвіліну. Аўрамчык. Маруся кажа, што над старэйшымі нельга насміхацца. Мыслівец.

5. Які стаіць вышэй у параўнанні з кім‑н. па званню, пасадзе, службоваму становішчу. Веставы стараўся не дыхаць, шукаў вачыма старэйшага па званню. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стыць і сты́нуць, стыну, стынеш, стыне; пр. стыў, ‑ла; незак.

1. Станавіцца халодным, трацячы, аддаючы цяпло, астываць. Чай стыне. □ [Валя] праверыла юшку, падышла да стала, дзе даўно стыла амаль не кранутая вячэра. Шамякін. Шуміць трава па пояс, Ля рэек стыне шлак. Юнацтва — скоры поезд. А сталасць — таварняк. Гаўрусёў.

2. Мерзнуць, замярзаць на холадзе. Пад кажух забіраўся холад, стылі рукі ў рукавіцах. Лупсякоў. Згорбілася на спіне паддзёўка, і .. [Андрэй] пачуў, што ў яго мокрыя плечы: пачынаюць стыць. Пташнікаў. [Зыбін] заўважыў, што Жэня, у сваёй кароткай ватоўцы, у няцёплай хустцы, стыне на ветры, і стаў так, каб затуліць яе. Мележ. Там ён, абліты вадой ледзяною, К сэрцу рукою білет прыціскаў, Быццам білет пад сцюдзёнай вадою Сэрцу юнацкаму стыць не даваў. Куляшоў. // Траціць на момант здольнасць рухацца, камянець пад уплывам якога‑н. моцнага пачуцця. Я і цяпер яшчэ ад жаху стыну, Хоць і не ўспомню, у каторы век, Ад зайздрасці разгневаны, дубіну Падняў на чалавека чалавек. Грахоўскі. На вуснах у Якуба Лакоты стыне маркотная балючая ўсмешка. Зарэцкі. Да вачэй фартух падносіць маці, Стыне ў горле і ў мяне сляза. Астрэйка.

3. перан. Сціскацца на момант ад чаго‑н., заміраць (пра сэрца). І стыне сэрца ў горкай скрусе. Адразу дзень цямнейшым стаў. Дайнека. Ад жаху вабнага салодка сэрца стыне Каля віроў і шчупаковых ям. Грачанікаў.

•••

Кроў стыне (у жылах) гл. кроў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супако́іцца, ‑коюся, ‑коішся, ‑коіцца; зак.

1. Стаць спакойным, перастаць хвалявацца. Амаль што да самага рання я не мог супакоіцца пасля атакі. Барашка. Андрэй пачуў, што супакоіўся — радзей стала стукаць у грудзях, — і прыціснуў да пляча прыклад. Пташнікаў. І ты [мой родны] супакоішся, можа, заснеш на світанні, А заўтра ўспомніш, што хваляваўся дарма... Тарас. // Перастаць шумець, размаўляць, пачаць весці сябе ціха. Ноччу, калі заснуць таварышы і супакояцца за сцяной гаспадары, да .. [Ігнася] прыбягалі мары. Чарнышэвіч.

2. Стаць пакорным, уціхамірыцца. Невясёлае жыццё настала для хуліганаў, п’яніц, абібокаў. Прысмірэлі яны, супакоіліся. Дадзіёмаў.

3. Аслабіць праяўленне чаго‑н., стаць менш моцным; сціхнуць. Кашаль супакоіўся. □ Падвечар бамбёжка супакоілася, ніхто больш .. [хлопцаў] не трывожыў. Якімовіч. [Андрэй:] — Палова, пэўна, уцячэ дамоў, каб перачакаць, пакуль усё супакоіцца. Машара. // Аслабіцца або прыглушыцца (пра пачуцці). Залатыя сны ім [людзям] Няхай рояцца; Няхай жаль на душы супакоіцца. Купала.

4. Прыйсці ў стан спакою, нерухомасці; спыніць рух. Нарэшце, човен супакоіўся; на дне яго плюхалася вада. Маўр. Гадзіны праз дзве возера крыху супакоілася. В. Вольскі.

5. Задаволіцца дасягнутым, зробленым. Хоць і сенат не прызнаў сялянскага права, але Аксён не хоча супакоіцца на гэтым. У яго ёсць яшчэ думка — падаць прашэнне цару. Колас.

6. Памерці. Пасіянарыя, бывай!.. Я мушу цвёрда смерць сустрэць. Любіў жыццё, свабоду я Душой сваёй агністай... — І супакоіўся баец!.. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)