пало́ва 1, ‑ы, ж.
Разм.
1. Адна з дзвюх роўных частак чаго‑н. Лабановіч, прыйшоўшы на заняткі, заўважыў, што паловы вучняў няма. Колас. Печ з палком і палаці займалі ледзь не палову хаты. Галавач.
2. Сярэдзіна якой‑н. адлегласці, прамежка часу і пад. Яшчэ была толькі палова верасня, а надыход зімы ў тайзе ўжо добра адчуваўся. Мяжэвіч. // Момант, які адпавядае сярэдзіне якой‑н. гадзіны. Гадзіннік паказваў палову пятай. Арабей. У райком Даніла прыйшоў прыблізна а палове другой гадзіны дня. Кавалёў.
3. Асобная частка жылога памяшкання. [Нявестка] паклікала нас у другую палову дома і гэтым спыніла нашу гутарку. В. Вольскі.
пало́ва 2, ‑ы, ж.
Рэшткі, якія застаюцца пры абмалоце збожжа і ачыстцы зерня; мякіна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
палягчэ́ць, ‑эе; зак.
1. Стаць лягчэйшым па вазе. Ісці было не цяжка: ліпавыя лапці не абцяжарвалі ног, і клункі за плячыма даўно палягчэлі. Пальчэўскі. [Антось:] — А што, калі палову ўсяго гэтага зараз з’есці? Рукзак адразу палягчэе, і я доўга есці не буду хацець. Бяганская.
2. безас. Стаць, зрабіцца лягчэй у матэрыяльных адносінах. І дзед бабульцы гаварыў, Зрабіўшы выгляд строгі: — Нам палягчэе жыць старым: Кандрат наш стаў на ногі... Смагаровіч. // Стаць лягчэй, лепш (пра паляпшэнне самаадчування, настрою і пад.). Мне не толькі не палягчэла, стала яшчэ горш: дранцвелі ногі, рукі, шчымеў увесь бок. Адамчык. Пакуль Сонцаў вёў машыну па платформе, яму здавалася, нібы ён вісіць у паветры.., таму, калі танк сеў на трывалы непадатны грунт, на душы адразу палягчэла. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
неспако́й, ‑ю, м.
1. Душэўная трывога, узбуджэнне, выкліканыя чым‑н. (страхам, апаскай, чаканнем і пад.). Я пачынаю хвалявацца, адчуваю, як нараджаецца неспакой. Галавач. У юных сэрцах неспакой — то радасць, то трывога: Як павядзе іх у прастор жыццёвая дарога? Ставер. Шабуня па адзін міг кінуў на камісара быстры адкрыты позірк, у якім, быў відаць неспакой і трывога. Мележ. // Шум, рух, хваляванне. На пероне былі яшчэ большая мітусня, шум і неспакой, і.. [жанчына] разгубілася. Мележ.
2. Масавае хваляванне, узбуджэнне. Тым часам наступаў вялікі неспакой сярод польскіх войскаў. Чарот. Навокал было неспакойна, і Мікодым у гэтым грамадскім неспакоі шукаў сабе рады. Сабаленка.
3. Турботы, клопаты. Благаслаўляю адзіноту, Але такую, за якой Прыходзіць свет тае работы, Якая любіць неспакой... Лось.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падбе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце, ‑бягуць; зак.
1. да каго-чаго і без дап. Наблізіцца бягом. Ганчак паслухмяна падбег да гаспадара і, высунуўшы чырвоны язык, глядзеў разумнымі вачамі. Шамякін. Андрэй.. абняў слупок, упёрся нагамі ў зямлю і зрушыў яго. Падбеглі сяляне, выцягнулі яго і павалілі. Колас.
2. Забегчы пад што‑н. Падбегчы пад мост. Падбегчы пад арку.
3. Крыху прабегчы. Шэя трошкі падбег, узяўшыся за лейцы, потым ёмка ўскочыў на кончык восі і прысеў.. на аглабіне. Гартны. — Ну, падбяжы яшчэ! — І .. [бацька] ляснуў ляйчынаю па гладкім баку каня. Дамашэвіч.
4. Разм. Хуценька накіравацца куды‑н. Уладусь памыўся, прыадзеўся і чакаў свайго дружбака, каб разам падбегчы на суботнюю гулянку ў суседнюю вёску. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падвалі́на, ‑ы, ж.
1. Брус, на які насцілаецца падлога, памост. У сярэдзіне [хаты] яшчэ не было падлогі, толькі ўпушчаныя ў падрубы падваліны на яе. Чорны. А масток аказаўся ліхі. Алёша вылез, паглядзеў. Каб падваліны шырэйшыя былі, то можна было б праехаць. Лобан. Пад падлогу, якраз паміж дзвюх абгніўшых падвалін, вёў шырокі лаз. Місько. // перан. Аснова якой‑н. з’явы. Рэалізм як сістэма зыходных прынцыпаў адлюстравання жыцця — вось падваліны эстэтычных пазіцый Багдановіча. Лойка.
2. Абл. Падруба. Хату [Вондар] паставіў не так даўно, перад першай германскай вайной, а ўжо перасыпаў яе, паклаў новыя падваліны і штандары, два разы мяняў гонту на даху. Навуменка. Цясляр узяўся перарабляць то адну сцяну, то другую, то вымаць падваліны, то прасякаць новыя дзверы. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падвалі́ць 1, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак.
Разм.
1. што і чаго. Падсыпаць вялікую колькасць чаго‑н. Падваліць воз пяску пад прызбу.
2. Выпасці, нападаць дадаткова ў вялікай колькасці. Уначы яшчэ падваліў снег, засыпаў усе сляды і мурашнікі. Караткевіч. / у безас. ужыв. За ноч падваліла снегу.
3. Прыйсці, далучыцца да каго‑, чаго‑н. у вялікай колькасці. Алея ажывае.. — хлопцы падвалілі гаманлівай чарадою. Савіцкі. / у безас. ужыв. Народу падваліла.
4. перан. Нечакана прыйсці, з’явіцца (пра шчасце, удачу і пад.). — Бачыш, сын, якое нам шчасце падваліла? За нашага старога.. [каня] нам далі маладую Сівую, — апярэдзіў бацька маё пытанне. Дамашэвіч.
падвалі́ць 2, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., што і чаго.
Зваліць злёгку, нямнога (пра сукно, воўну і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
назна́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.
1. Прызначыць на якую‑н. пасаду, працу. Назначыць дзяжурных. □ [Пан:] — Хітры ты чалавек, Палуян. Недарма цябе солтысам назначылі. Брыль.
2. Вызначыць загадзя тэрмін, час чаго‑н. Назначыць спатканне. □ Кангрэс назначылі на нядзелю, ён павінен быў пачацца пасля паўдня. Чорны.
3. Намеціць што‑н. зрабіць. Ніякай работы на гэты дзень.. [Раман] яшчэ не назначыў сабе. Колас.
4. Устанавіць (пенсію, утрыманне, прэмію і пад.). У канцы пісьма штаб палка прапанаваў.. назначыць сям’і памёршага пенсію. Чорны. // Устанавіць памеры платы. Назначыць цану.
5. Прадпісаць, рэкамендаваць выкананне чаго‑н. Назначыць лякарства. Назначыць вапны.
6. Прысудзіць (у якой‑н. гульні). Назначыць штрафны ўдар.
7. Паставіць знак, метку на чым‑н.; абазначыць. Назначыць меткай качанят. Назначыць дрэвы на высечку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
накі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.
1. Кінуўшы наверх, прыкрыць, накрыць каго‑, што‑н. Рамір зняў куртку, накінуў на Верыны плечы. Асіпенка. Паставілі [дзяўчаты станок] ў кутку каля ложка, пакінулі на яго коўдру, зверху навалілі адзежы. Арабей. // Наспех надзець на сябе што‑н. Не надзеючы кашулі, [Платон] накінуў паліто на плечы, уздзеў кепку, схапіў са сцяны дубальтоўку і выскачыў. Пестрак. Маці хуценька апранулася, пакінула на сябе кажух і подбегам кінулася да Аксаны. Скрыпка. // Начапіць кідком што‑н. [Дамінік] лёгка саскочыў з возіка, накінуў лейцы на шула, прывітаўся з братамі. С. Александровіч.
2. Разм. Дабавіць, прыбавіць да чаго‑н. — Вы не толькі вучыце, але і выхоўваеце .. [сыноў], — прыязна сказаў.. [Рымашэўскі] Лабановічу і ўжо сам па сваёй добрай волі накінуў яшчэ тры рублі за навучанне. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наме́снік, ‑а, м.
1. Асоба, якая замяшчае каго‑н. Знайсці сабе намесніка. □ Дзед яшчэ з усходам сонца паехаў у раённы пасёлак па новыя вуллі. А.. [Міхалку] пакінуў сваім намеснікам. Якімовіч.
2. Афіцыйная назва асобы, якая замяшчае кіраўніка. Намеснік дырэктара завода. Намеснік міністра. Намеснік па палітычнай частцы. □ Старшыню і намесніка чакала ў канцылярыі некалькі калгаснікаў. Шахавец.
3. У 14–17 стст. на Беларусі, Украіне і ў Літве — службовая асоба мясцовага кіравання.
4. Пры Кацярыне II — вайсковы начальнік намесніцтва (губерні або некалькіх губерняў).
5. У царскай Расіі 19 і 20 стст. — правіцель ускраінных абласцей краіны, які меў права вярхоўнай улады і кіраваў ад імя цара. Намеснік цара. Каўказскі намеснік.
6. Памочнік настаяцеля манастыра або давераная асоба мітрапаліта.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
натра́піць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак., на каго-што.
Напасці, наткнуцца на што‑н. Як звычайна, [хлопцы] накіраваліся ў лес. Праз некаторы час знайшлі некалькі маладзенькіх грыбоў.. А яшчэ праз некалькі крокаў натрапілі на лісічкі. Маўр. Прабіраючыся на ўсход, .. [Гнядкоў] на шчасце натрапіў на партызанскі атрад Прыборнага і застаўся ў ім. Шамякін. // Сустрэцца з кім‑н., выпадкова наткнуцца на каго‑н. [Волька:] — А дзе Кастусь — мы не ведаем. Можа, і ён нас шукае, але натрапіць адно на другое не можам. Чорны. Раманаў позірк усё блукаў па зале ды вось натрапіў і на Генку. Ярашэвіч.
•••
Натрапіць на след — тое, што і напасці на след (гл. напасці).
Не на таго натрапіў — тое, што і не на таго напаў (гл. напасці).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)