перакры́ць, ‑краю, ‑крыеш, ‑крые; зак., што.

1. Накрыць нанава, яшчэ раз, іначай. Перакрыць будынкі гонтамі. □ Дах пацёк, і адзін бок прыйшлося перакрыць саломай, а другі — толькі залатаць. С. Александровіч.

2. Закрыць, спыніць свабодны рух, цячэнне, наступленне чаго‑н. [Падун] павінен знікнуць пад вадой, калі Ангару канчаткова перакрыюць. Корбан. — Я перакрыў трубы, — таямніча.. паведаміў Стралецкі, — каб замарозіць вадакачку. Гурскі. // Закрыўшы, перагарадзіўшы што‑н., спыніць доступ. — Калі шлях.. выпадкам перакрыюць, бяжыце вось сюды. Асіпенка.

3. Перавысіць якія‑н. паказчыкі, вынікі і пад.; апярэдзіць. Перакрыць норму. Перакрыць планавае заданне. Перакрыць графік. □ Цяпер мы ўсе вышыні перакрылі, Да сонечных шляхоў зрабіўшы смелы марш. Хведаровіч. // Заглушыць якімі‑н. гукамі, галасамі іншыя гукі і галасы. Касцельны звон перакрылі раптоўны піск цыркуляркі і грукат матора. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)