А злучн. злучальн. — чэш., славац., в.-луж. a, a‑a, н.-луж. a‑a, балг., серб.-харв. а; злучн. супр. — агульнаслав. І.‑е. паралелі — літ. õ (Скарджус, Slav., 146, лічыць літ. õ < польск. або бел.; рашуча супраць Фрэнкель, 514–515), ст.-інд. āt, ст.-іран. āət. Тады а (прасл. *ōt‑/*ōd‑ (абл. ад *ō‑) (Зубаты, Studie, 2, 98; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 1–2). Іншы пункт погляду адлюстраваў Зубаты, Studie, 2, 100, згодна з якім a звязана этымалагічна з выклічнікам, з ст.-інд. ā (параўн. Голуб-Копечны, 59). У ст.-інд. āt выяўляецца таксама сэнс выклічніка (Бірнбаум, ScSl, 5, 79). Параўн. яшчэ Курц, Slavia, 24, 144; яго ж, Hist-srovn., 80–107; Копечны, Этимология, 1967, 22–23.

А агульнаславянскае (< *ob‑). Прасл. ob‑ (без ъ) рэканструюецца на аснове факта выпадзення наступнага v. У сваю чаргу ob‑ > o‑ перад зычнымі. Адсюль яшчэ праславянская дублетнасць ob‑/o‑. Гл. Брандт, РФВ, 14, 350; яго ж РФВ, 23, 94–95; Фартунатаў, Зб. Ламанскаму, 25; Развадоўскі, RS, 2, 87; Мейе, Общеслав., 124. Параўн. ст.-прус. eb‑, ab‑, ст.-інд. abhí, ст.-перс. abij (< і.-е. *obhi); літ. apiẽ, лат. ap, ст.-інд. api, ст.-грэч. επί (і.-е. *opi). Бругман, Grundriß, 1, 2, 820. Гл. аб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жо́ўты. Рус. желтый, укр. жо́втий, польск. żółty, серб.-луж. žółty, чэш. žlutý, славац. žltý, балг. жълт, макед. жолт, серб.-харв. жу̑т, славен. žôlt ’тс’. Ст.-слав. жлътѣница ’гатунак салаты’, ц.-слав. жлътъ ’жоўты’. Ст.-рус. жьлтый ’тс’. Параўн. яшчэ вытворныя жаўток, жаўцець, жаўціна прасл. характару і шэраг пазнейшых. Прасл. *žьltъ, роднаснае літ. gel̃tas ’жоўты’, лат. dzęltęns, ст.-прус. gelatynan ’тс’, узыходзіць да і.-е. кораня *gʼhel‑ або *ghel‑. Покарны (1, 429–30) лічыць зыходным першы, які мае шэраг і.-е. адпаведнікаў (у тым ліку ст.-іран. zari ’жоўты’, лац. helvus ’мёдава-жоўты’, брэтонск. gell ’светла-карычневы’, ням. gelb ’жоўты’ і інш.), але на слав. грунце дае зялёны, залаты (гл.). Тады, паводле Покарнага (услед за Персанам і Крэчмерам), балта-слав. *gel‑ тлумачыцца запазычаннем з моў kentum. Іншае тлумачэнне балта-слав. форм: праз наяўнасць і.-е. *g​hel‑ (> *gel‑, *gil‑), якое давала слав. *žьl‑ і ўзаемадзейнічала з *gʼhel‑ (Тапароў, E–H, 199). Так ці іначай у жоўты адлюстравана балта-слав. суфіксацыя *‑t‑, прычым у слав. корані (у адрозненне ад балт.) ‑ĭ‑. Гл. Фасмер, 2, 43–44; Траўтман, 83–84; Шанскі, 1, Ж, 282; Булахаў, Прым., 3, 76; Махэк₂, 730. Гл. яшчэ жоўць1, жоўкнуць, жаўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кага́т ’бурт’ (БРС, ТСБМ), ’яма для захавання бульбы’ (Бяльк.), ’доўгі, мелкі капец бульбы’ (кобр., Нар. сл.), ’стог’ (чач., Мат. Гом.), параўн. у Яшкіна, 83, ветк. кагацішча ’месца, дзе стаяла сцірта (кагат) сена’. Укр. міргар. кагат ’куча’, дан. ’куча рыбы, па-асабліваму складзеная і пакрытая чаротам’, палес. кагата ’яма для сховы бульбы зімой’, рус. смал. кагат ’конусападобная куча бульбы ў полі’. На думку Лучыца-Федарца, БЛ, 3, 1973, 57, кагат з’яўляецца іранізмам. Лінгвагеаграфія слова быццам не супраць гэтага, аднак існуюць пэўныя фармальныя і семантычныя цяжкасці. У якасці блізкіх да магчымай іранскай крыніцы Лучыц-Федарэц прыводзіць асец. къахт ’яма’, къахын ’выдзеўбаць’, kʼахуn : kʼaxt ’капаць’. Аднак, паводле Абаева, 1, 620, гэта слова з’яўляецца параўнальна рэдкім для асец. мовы прыкладам адназоўнікавага дзеяслова, ад kʼax ’нага’, першапачаткова такім чынам, ’капаць нагой’ (аб жывёлах), а само слова kʼax не іранскае, гл. Абаеў, 1, 619. Зразумела, што ненадзейнасць асецінскай паралелі вымушае яшчэ больш сумнявацца ў патэнцыяльнай іранскай крыніцы. Апрача гэтага, значэнне ’яма’, якое дазваляе меркаваць аб сувязі іран. і слав. слоў, нельга, безумоўна, лічыць першапачатковым для слав. лексем, тым больш што словы з такімі значэннямі суадносяцца геаграфічна і ўказваюць на другасны іх характар. Слова нагадвае вандроўны культурны тэрмін, аднак крыніца запазычання невядомая.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Косць ’частка шкілета’ (ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах., З нар. сл., Нар. словатв., Яруш., КЭС, лаг.). Укр. кість, рус. кость, ст.-рус. кость ’тс’, ст.-слав. кость, балг. кост, серб.-харв. ко̑ст, славен. kȏst ’тс’, польск. kość, чэш. kost, славац. kosť, в.-луж. kosć, н.-луж. kosć, палаб. tʼüst ’тс’. Прасл. kostь генетычна не суадносіцца з лац. costa ’рабро’ (насуперак Бернекеру, 1, 1, 582). Серб.-харв. ко̑ст у значэнні ’рабро’ мае другаснае паходжанне. Апрача гэтага, прасл. rebro ’рабро’ нельга разглядаць як пазнейшую праславянскую інавацыю, паколькі яно мае надзейны адпаведнік у прагерм. rebia (ст.-ісл. rif, ст.-англ. ribb, с.-в.-ням. rippa). Таму больш перспектыўным з’яўляецца суаднясенне з хет. hastai, ст.-інд. ásthi, ст.-іран. asti, ст.-грэч. ὀστέον, лац. ōs, ōssis ’косць’ (Мейе, RÉS, 3, 197; Мейе, RÉS, 5, 8–9. Параўн. Шрэдар, Sprache, 9, 1, 11; Хэмп, KZ, 98, 1). Гэта група лексем характарызуецца ĭ‑асновай, што з’яўляецца дадатковым аргументам да семантычнага. Адзіную цяжкасць складае «рухомае к», якое атрымлівае тлумачэнне як узнікшае ад прасл. x. Такім чынам, kostь < *xostь пад уздзеяннем дысіміляцыйных тэндэнцый. Параўн. прасл. kamy ’камень’ і ст.-інд. áśmaḥ ’тс’ (Мартынаў, Слав. акком., 160–162).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Намёт1 ’вельмі тонкае палатно ў два ніты з каляровымі палоскамі па баках’ (докш., Янк. Мат.), ’абрадавы ручнік (даматаны’) (ветк., Мат. Гом.; чэрв., Сл. ПЗБ), кавалак тонкага кужэльнага палатна, які жанчыны абмотвалі вакол галавы’ (чэрв., пухав., калінк., Сл. ПЗБ), ст.-бел. наметь (XVI–XVII стст.) ’шацёр’, укр. намет, наміт ’шацёр, палатка’, рус. намёт ’сховішча, навес, шацёр’, польск. namiot ’палатка, шацёр, полаг’. Старабеларускае слова лічыцца запазычаннем з польскай (Жураўскі, SOr, 1961, 1, 40); адносна абрадавага ручніка і накрыцця галавы замужніх жанчын гэта меркаванне цяжка было б прыняць, паколькі ў польск. мове для слова namiot такіх значэнняў не фіксуецца. Фасмер (3, 41) прымае самастойнае развіццё ад на і метать, аспрэчваючы больш раннюю этымалогію, якая выводзіць усходнеславянскае і польскае слова ў значэнні ’шацёр’ з іран., афган, namd ’лямец’. Літ. nuometas ’накрыццё галавы з тонкага палатна’. Буга (Rinkt., 2, 502) лічыць запазычаннем з усходнеславянскіх моў. Пра магчымасць самастойнага ўтварэння слова намёт сведчыць наяўнасць аманімічных форм ад мятаць, напр., намёт ’кошык на рыбу’ (Бяльк.), ’падатак’ (Нас.), рус. намёт ’паветка’, ’капна’ і інш. Гл. наметка і.

Намёт2 ’гурба, сумёт’ (Юрч. СНС), рус. намёт ’тс’. Да мне- ці (гл.), намятиць, параўн. таксама на́мець ’тс’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ца́ца, ‑ы, ж.

Разм.

1. Тое, чым можна забавіць дзіця; цацка. — Ты глянь, Валерык: бачыш — цаца! А вось сувойчык палатна. Колас.

2. У мове дзяцей — што‑н. вельмі харошае, прыемнае.

3. Пра паслухмянае, выхаванае дзіця. [Настаўніца:] — Вы не злуйце на Ліпку, яна была ў нас. Сёння Ліпка — вялікая цаца! Брыль. // звычайна іран. Пра чалавека наогул. Клопату [Надзі] хапала. Работа, дзіця далося ў знакі, ды і ён, Пракопавіч, не цаца быў. Радкевіч.

4. Пра таго, хто важнічае, мае вялікія прэтэнзіі. Маці ўжо цяпер меціцца хоць на якога-небудзь прымака, бо замуж да сябе такую цацу наўрад ці хто возьме. Кулакоўскі. — Цаца не вялікая. Возьмеш посцілку, падушку і палезеш на гарышча. Там сена мяккае. Сіўцоў. Што яна [Каця] ў разведцы разумее? Што яна за цаца такая, каб я перад ёю падымаў рукі ўгору? Сяркоў.

•••

Добрая цаца — пра ненадзейнага, нядобрага, хітрага чалавека. — Ну, па ім [Андрэю Каржакевічу] то плакаць вельмі няма чаго. Гэты набудзе. Сам з чортавых зубоў можа вырваць, добрая цаца, — сказаў Рыгор Варанец. Крапіва.

Цаца-цаца, ды ў кішэнь — пра таго, хто не праміне ўзяць чужое, прысвоіць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жыць, жыву́, жыве́ш, жыве́; жывём, жывяце́, жыву́ць; жыў, жыла́, -ло́; незак.

1. Быць жывым, існаваць, знаходзіцца ў працэсе жыцця.

Доўга ж.

Расліны не могуць ж. у цемнаце.

2. перан., чым і без дап. Быць ажыўленым, абуджаным чым-н., поўным руху.

Дарога дзень і ноч жыла.

3. Існаваць, мець месца (пра думкі, пачуцці і пад.).

У народзе жыве ўпэўненасць у перамозе справядлівасці.

4. Знаходзіцца, пражываць дзе-н., сярод каго-н.

Ж. у Мінску.

5. чым, з чаго і на чым. Падтрымліваць сваё існаванне чым-н.

Ж. сваёй працай.

Ж. з агарода.

6. перан., кім-чым. Быць захопленым, занятым кім-, чым-н.

Ж. надзеяй.

Ж. тэатрам.

Ж. дзецьмі.

7. кім і з прысл. Весці які-н. спосаб жыцця, знаходзіцца ў тых або іншых умовах.

Ж. багата.

Ж. весела.

Ж. бабылём.

8. Быць у якіх-н. ацносінах з кім-н.

Ж. дружна з суседзямі.

Ж. душа ў душу.

Жыць з мазаля (разм.) — здабываць сродкі для жыцця сваёй уласнай працай.

Жыць чужым розумам — прытрымлівацца чужой думкі, не маючы сваёй.

Жыць як набяжыць (прымаўка) — жыць так, як дыктуюць абставіны.

Няхай жыве! — пажаданне поспеху, росквіту.

(Сам) Бог жыве — пра добрыя ўмовы жыцця, працы.

У горы жыць ды з перцам есці (прымаўка; іран.) — пра жаданне мець што-н. пры адсутнасці ўмоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Ветхі ’стары, старажытны, старадаўні, трухлявы’ (КТС), укр. ве́тхий, рус. ве́тхий ’тс’, ленінгр. ’хваравіты’, кастр. ветха́ный ’стары, зношаны’, ст.-рус. ветъхый ’стары, паношаны, трухлявы; даўні, спрадвечны; дахрысціянскі, паганскі’ (з XI ст.), польск. уст. wietki ’гнуткі, хрупкі, слабы, тонкі, шчуплы’, wiotchy ’стары’; ’гнуты, слабы, далікатны’, н.-луж. wjatki ’пацёрты, зношаны’, wiatły ’тс’; ’стары (аб будыніне)’, в.-луж. wjetki ’стары, трухлявы, паношаны’, чэш. vetchý ’стары, старадаўні, трухлявы, слабы’; ’рэдкі (аб палатне)’, славац. vetchý ’зношаны, трухлявы; стары, слабы, хваравіты, не валодае сабою’, серб.-харв. вѐт, вѐтах ’стары’, макед. ветов ’стары, паношаны, пацёрты’, балг. вехт, ве́хът, ве́тав, ветък, вехток ’тс’, ст.-слав. ветъхъ. Прасл. vetъхъ. Мае і.-е. адпаведнікі: літ. vẽtušas ’стары, састарэлы’, лат. vecs ’стары, старажытны, старадаўні’, лац. vetus, vetus‑tus ’састарэлы’, грэч. ἔτος, Ϝἔτος, алб. vjet ’год’, ст.-інд. vatsá ’тс’, vatsás ’гадавалы’, сагдз. wtšnyy ’стары’ > іран. *wat(u)šana‑ (гл. Траўтман, 356; Сэмерэні, Word, 8, 50; Мюленбах-Эндзелін, 4, 517; Вальдэ-Гофман, 2, 776; Праабражэнскі, 1, 80; Брукнер, 623; Голуб-Копечны, 414; Махэк₂, 686; Фасмер, 1, 307; КЭСРЯ, 57; Шанскі, 1. В, 80). Рэканструюецца як і.-е. *u̯etuso‑ (wetuso‑) ’стары, састарэлы’ (Персан, IF, 26, 63; БЕР, 1, 139). Буга (РФВ, 67, 246) і Эндзелін (Слав.-балт. эт., 52) выводзяць літ. vẽtušas з *u̯etukʼsos. Гл. таксама ве́тах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жы́чка ’чырвоная стужка’ (абл., ТСБМ). Рус. дыял. жи́чка ’ваўняная пража’, ’суровая нітка’, тул. жи́ча ’кайма, падшыўка’, перм., сіб., кур., пенз. ’чырвоны гарус’, укр. жи́чка ’чырвоная шарсцяная нітка’, ’шарсцяная ці шаўковая тасьма’, польск. życzka ’чырвоная стужка ці тасёмка’, балг. жичка ’нітка’ (Гераў). Параўн. славен. žica ’дрот’, серб.-харв. жи̏ца ’пасма, нітка, дрот, жыла’, балг. жѝца ’дрот’, разм. ’нітка’, дыял. ’сцябло гарбуза, кавуна і г. д.’, макед. жица ’нітка, дрот’, ’слой зямлі’, ’наследнік’. Прасл. *žika > *žica ’стужка, пасма, нітка’. Літ. gijà ’нітка ў аснове тканіны’, лат. dzija ’тс’, а таксама ’матуз для пад’ёму бортніка на дрэва’, вед. jiya ’цеціва’, ст.-іран. ǰiyā ’жыла’, грэч. βιός ’лук’. Узыходзіць да таго ж і.-е. кораня, што жыла (гл.): *g​heiə‑, *g​hī‑ ’жыла, стужка’. Покарны, 1, 489; Фасмер, 2, 57–58; БЕР, 1, 549; Брукнер, 669; Скок, 3, 679–680; Траўтман, 87. Корань g​hī‑ атрымаў у слав. ‑k‑ (Мейе, Études, 209) і трансфармаваўся ў *ži‑k‑; з памянш. суфіксам *‑ьk‑ атрымліваецца жычка (форм. žica мае ‑c‑ па бадуэнаўскай палаталізацыі). Аб прасл. *žica ў суч. слав. мовах гл. Чумакова, Совещание по ОЛА (Ужгород, 25–28 сентября 1973 г.). Тезисы докладов. М., 1973, 80–82. Значэнне ’чырвоная стужка’ ў бел., укр., польск. сфарміравана, відаць, не незалежна, не выключана, што распаўсюджана з польск.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Медзь, міедь, мідь ’вязкі і коўкі метал чырванаватага колеру’, ’выраб з медзі’, ’медныя грошы’ (ТСБМ; драг., КЭС; Бес.). Укр. мідь, рус. медь, польск. miedź ’медзь’, н.-луж. měź ’тс’, ’бронза’, ’латунь’, в.-луж. mjedź ’руда’, а значэнне ’медзь’ — з чэш. мовы (Шустар-Шэўц, 12, 920); чэш. měď, славац. meď ’медзь’, славен. mẹ̑d ’медзь’, ’латунь’, серб.-харв. mjȅd, макед., балг. мед, ст.-слав. мѣдь ’медзь’. Прасл. mědь не мае генетычна блізкіх і.-е. адпаведнікаў. Яе збліжаюць са ст.-ісл. smiðr, ст.-в.-ням. smid ’каваль’, з ірл. mēin(n) ’метал руды’, ст.-грэч. σμίλα ’нож для вырэзвання’ (Міклашыч, 194; Аткупшчыкоў, Из истории, 157). Бернекер (2, 46) параўноўваў яе з ц.-слав. смѣдь ’цёмны, шэры’. Больш падрабязна літаратуру гл. Фасмер (2, 591), Покарны (697). Абаеў (Зб. Младэнаву, 321) выводзіць лексему mědь з назвы краіны Мідзія са ст.-іран. Māda‑ праз ст.-грэч. іян. Μηδία, з якой медзь іянійцы прывозілі ў свае калоніі на Чорным моры (Ольвія і інш.). Аналагічна лац. cuprum ’медзь’ < ст.-грэч. Κύπρος ’Кіпр’. Сюды ж медзякі ’медныя грошы’ (Яруш., ТСБМ) (відаць, з разм. рус. медяки), ме́дны, медзя́ны, медзяні́сты ’які мае адносіны да медзі: зроблены з медзі, падобны колерам на медзь або да іншых каляровых металаў’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Сл. ПЗБ), ме́дзень ’медны кацёл’ (паўд.-усх., КЭС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)