Кі́рка ’прадаўгаваты завостраны малаток для драблення цвёрдай пароды’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’матыка’ (ТС, Др.-Падб., Бяльк.). Праз рус. кирка ’тс’, якое, паводле Шанскага (2, 136), запазычана з грэч. κερκίς ’матыка’ (?) з пераходам у іншы марфалагічны тып (назоўнікі ж. р. на ‑а). Гэта этымалогія належыць Матцэнаўэру (LF, 8, 165). Але значэнне ’матыка’ для грэчаскага слова застаецца невядомым ні для Матцэнаўэра, ні для Фасмера (2, 238). Апошні сумняваецца ў гэтай этымалогіі, лічачы больш верагоднай этымалогію Корта (AfslPh, 9, 518) (< тур. küräk ’лапата’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абкляпа́ць ’запырскаць граззю’ (Бяльк.), абкляпацца (Бяльк.). Не мае нічога агульнага з прасл. klepati (ст.-слав. клепати ’штурхаць’, серб.-харв. клѐпати ’біць’ і г. д.). Больш верагодным уяўляецца балтыйскае паходжанне гэтага слова (*apklimpoti). Параўн. літ. klim̃pti, klampóti ’пэцкаць у гразі’ (гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 2, 73). Запазычанне адбылося яшчэ да падзення дыфтонгаў і распаўсюдзілася на невялікім славянскім арэале. Параўн. балг. радоп. оклепя са, клепя ў тым жа значэнні (Цыхун, БЛ, 1974, 5, 49). Аб магчымасці балгарскіх балтызмаў гл. Трубачоў, Ремесл. терм., 339–340.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аго́ўтацца, агойтацца ’звыкнуць, супакоіцца’ (БРС, Шат., Бір. дыс., Бяльк., Гарэц., Янк. I), ’прыйсці да памяці’ (КЭС, Некр.), ’ачысціцца ад гразі’ (Шат., Касп.). Няясна. Зыходная форма павінна быць *гоўтацца (параўн. укр. (о)говтатися). Магчыма, запазычанне. Этымалогіі на славянскай глебе няма і слова мае вельмі звужаны арэал (беларуска-ўкраінская ізалекса?). Тады з балт.: літ. gul̃ti ’легчы адпачываць, спаць’, gùlta ’пасцель, ложа’, лат. gùlta ’тс’. Бел. *гоўтацца ’адпачываць’ дало агоўтацца ’звыкнуць, супакоіцца, прыйсці да памяці’. У гэтым выпадку няясна, як вытлумачыць другое значэнне ’ачысціцца ад гразі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жале́зка ’чыгунка’ (пераважна ў мове партызан у 1941–1945 гг., ТСБМ). Рус. кіраўск. желе́зка ’тс’ (СРНГ). Утворана на базе спалучэння жалезная дарога ў выніку кандэнсацыі пры дапамозе суфікса ‑к‑а; параўн. чыгунны шлях > чыгу́нка і г. д. (Ісачанка, Slavia, 27, 1958, 338). Магчыма разглядаць і як павышэнне актыўнасці слова, якое існавала яшчэ ў XIX ст., але магчыма новаўтварэнне. Уст. жале́зніца ’чыгунка’ (1881 г.) з укр. уст. желізниця (Жэлях.) ці залізни́ця (Гіст. лекс., 261). Параўн. у Коласа («На ростанях») жалязняк ’чыгуначнік’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

За́кла ’закутак у хляве для малых свіней’ (брагін., З нар. сл.), ’месца ў вуглу плота’ (Мат. Гом.), ’выгін ракі’ (стол., Яшкін). Укр. уст. дыял. за́кла ’крук’ (’Haken’, Жэлях.), за́кло ’частка зямлі, што ўдаецца ў чужую зямлю (Грынч.). Ніканчук (БЛ, 1974, 6, 71), улічваючы розныя значэнні слова на Укр. Палессі, аб’ядноўвае закло са словамі клін, укр. ікла, рус. клык, якія генетычна звязвае з калоць (гл.) і прапануе рэканструяваць яго форму як закъло. Гэта верагодна. Аналагічна на больш шырокім матэрыяле Варбат, Этимология, 1972, 49–53.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

За́раз ’цяпер’, дыял. за́ра, за́рэ (Сл. паўн.-зах.). Рус. дыял. за́ра́з, укр. за́раз, польск. zaraz ’тс’, н.-луж. zaraz ’сабля, кінжал, нож’, в.-луж. zaraz ’удар’, чэш. zaráz, славац. zaraz ’цяпер’, чэш., славац. záraz ’удар; уражанне’. Ст.-рус. заразъ ’адразу’ (Курбскі). Націск указвае на магчымасць запазычання з польск., паколькі ў асноўным слова пашырана ў зах.-слав. мовах, дзе ўтворана з прыназоўніка za і назоўніка raz (гл. раз). Зыходнае значэнне ’за адзін удар, узмах’ (Брукнер, 645). Параўн. яшчэ і польск. teraz ’зараз’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зато́рыч ’выраз, паз, у які ўстаўляецца дно бочкі’ (Мат. Гом.). Параўн. утора ’тс’, рус., укр. утор, польск. wątor, чэш. útor і г. д. Прасл. ǫtorъ. Чэш. дыял. zátor ’падмыты бераг’. Форма заторыч пацвярджае корань тор‑ у слове утора (гл.); тор‑ суадносяць з церці < ter‑//tьr‑ (Фасмер, 4, 175), прычым Махэк., (672) указвае, што ён меў значэнне ’рэзаць’ (ст.-чэш. tříti). Заторыч утворана з суф. ‑ыч < ‑ičь, які далучаўся да аддзеяслоўнай з чаргаваннем галоснага асновы *zator‑. Час утварэння слова няясны. Параўн. зачыр.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зе́бра. З рус. зебра ’тс’ (з польск. было б зэ‑), дзе з англ. ці франц. zebra у XVIII ст. (фіксацыя 1792 г.). У англ., франц. з 1600 г., у партуг., ісп. ужо ў XVI ст. ці з лац. equiferus ’дзікі конь’, ці са слова аднаго з паўд.-афр. плямён. Фасмер, 2, 91; Шанскі, 2, З, 83; Блох-Вартбург, 673; Окс. сл., 3868 (11, 87); Махэк₂, 714. Перан. зебра ’паласа дарогі для пераходу пешых’, паводле афарбоўкі, у 60–70‑я гады XX ст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зіпу́н ’даўняя верхняя вопратка’. Рус. зипу́н. Ст.-рус. зипунъ (1583 г.), зипунецъ (1577 г.), зипунишко (1568 г.). Ст.-бел. зипунъ (1552 г.). Верагодна, з новагрэч. ζιπούνι < венец. zipón < іт. giubbone (параўн. юбка). Фасмер, Этюды, 63–64; Булыка, Запазыч., 122; Шанскі, 2, З, 92. Менш верагодная думка, што зіпун < тур. zubun, zybun. Шыпава, Сл. тюрк., 139; Кубанава. О тюркизмах русской диалектной лексики, 1967, 32–34. Супраць Фасмер, 2, 98 (дзе іншая літ-pa). Дзмітрыеў (Строй, 534, 558, 565) не ўключыў слова ў спісы цюркізмаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кабе́та ’сталая жанчына, звычайна замужняя’ (БРС, ТСБМ). У гаворках вядома на значнай тэрыторыі: ’маладзіца, сталая жанчына, замужняя жанчына і г. д.’ (Касп.; КЭС, лаг.; слуц., КЭС; Мядзв., Нас., Шат., Яруш.). Запазычанне з польск. мовы, гл. Слаўскі, 2, 301. У польск. мове слова вядома па тэкстах з XVI ст., аднак выключна з пейаратыўным значэннем. Што датычыць этымалогіі, то прымальнай версіі пакуль што няма. Падрабязны агляд версій пра магчымае запазычанне ў польск. мову і спробы вытлумачыць яго мясцовае паходжанне гл. у Слаўскага, 2, 300–303.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)