Баўды́р1 ’гэтак лаюць тоўстых непаваротлівых людзей’ (КЭС, лаг.), ’лаянкавае слова’ (Бір. Дзярж.). Бліжэй іншых слоў да бел. назвы стаіць укр. бо́вдур ’дурань’ (іншыя значэнні ’комін; густы дым, хмара; жэрдка (у рыбаловаў)’). Рудніцкі (157) хоча ўсе значэнні ўкр. слова вывесці з ’комін’ (а гэта запазычанне з чув. мовы, гл. боўдур ’комін’). Наўрад ці гэта правільна. Трэба, мусіць, думаць пра слав. аснову bъld‑, якая мае прыкладна тое ж значэнне, што і балд‑, булд- (гл.). Bъld‑yrь, bъld‑urъ маглі б быць самастойнымі слав. (усх.-слав.?) утварэннямі (незалежнымі і ад цюрк. уплыву; аб гэтым гл. Краўчук, Тюрк. лекс. элем., 29).

Баўды́р2 ’вадзяная бурбалка; прышч’ (Нас.). Параўн. рус. ба́лдырь ’пухір’, булды́рь нарыў, шышка’. Звычайна зыходную форму асноў, якія азначаюць ’штосьці круглае, бурбалка і пад.’ вызначыць вельмі цяжка. Можна думаць і пра балд‑, і пра bъld‑ (> боўд‑), і пра булд- (гл.). Прынамсі для значэння ’бурбалка’ можна прыняць гукапераймальнае bъld‑, якое сустракаецца (праўда, рэдка) у некаторым укр. гідраграфічных назвах (параўн., напр., бо́вдур яма ў вадзе’) і да якога зводзіць бел. слова Юркоўскі, Ukr. hydrogr., 90. Цікава, што для абазначэння круглых прадметаў аснова ба́ўд‑ сустракаецца ў некаторым паўд.-зах. укр. гаворках (ба́ўда ’некалькі стручкоў фасолі разам і пад.’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мысль ’думка’, ’дума’ (ТСБМ, Яруш.), мыслі ’думкі’ (мядз., іўеў., Сл. ПЗБ). Укр. мисль, мисля, рус. мысль, польск. myśl, н.-, в.-луж. mysl, чэш. mysl, славац. mysel, славен. mȋsel, mísel, серб.-харв. ми̑сао, макед. мисла, балг. мисъл, ст.-слав. мысль. Прасл. myslь традыцыйна выводзяць з mud‑tlь (Трубяцкой, ZfslPh, 2, 117) і падаюць роднасныя і.-е. адпаведнікі: літ. maũsti (maudžiù) ’ныць’, ’сумаваць’, ’вельмі жадаць’, ãpmaudas ’прыкрасць’, гоц. gamaudjan ’прыгадваць’, ufarmaudei ’забыццё’, ст.-грэч. μύθος ’мова, слова’, у Гамера ’думка’ μυθέομαι ’гавару, размаўляю, абмяркоўваю’, новаперс. mōye ’скарга’, магчыма, ст.-ірл. smūainim ’думаю’ (< *smoudniō). (Міклашыч, 208; Траўтман, 171; Мее, 416; Фасмер, 3, 25; Махэк₂, 385; Бязлай, 2, 185). Фрэнкель (420) адхіляе роднаснасць паміж слав. myslь і літ. maũsti і суадносіць з мудзіць (гл.). Тапароў (Этимология–1963, 5–43) пераканаўча сцвярджае, што прасл. myslь — стары аддзеяслоўны назоўнік *monslĭ‑ (< і.-е. *men‑), роднасны да mǫdrъ (гл. мудры), і параўноўвае з літ. mąslùs ’удумлівы, кемлівы, разважлівы’, mąstýti ’мысліць, меркаваць, разважаць’ (< і.-е. *man‑ < *men‑), звязваючы прасл. myslь з mьnitъ. Ва ўсх.-слав. мовах у лексемы myslь завужана семантыка, і яна амаль выцеснена прасл. duma > ду́ма (гл.) (Мартынаў, Лекс. взаимод., 84).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Міг ’імгненне, момант’, мігам, мігомвельмі хутка, у адзін момант’ (ТСБМ, Бяльк., ТС, Яруш.; докш., Янк. Мат.), мігаць, мыга́ты ’хутка паднімаць і апускаць павекі’, ’мільгаць’, ’бліскаць (пра маланку)’, ’мігцець’, ’хутка праносіцца перад вачыма’ (ТСБМ, Анім., Бяльк., ТС; стол., Нар. лекс.). Укр. миг, ми́га́ти, рус. миг, мигать, ст.-рус. мигати, польск. mig, migać, палаб. mʼėgojĕ să vicaima, н.-луж. mikaś, migaś, в.-луж. mikać, чэш. mih, mihati, славац. mih, mihať, славен. mȋg, migati, серб.-харв. ми̏г, ми̏гати, макед. мига, балг. миг, мигам, ц.-слав. мьгнѧти, ст.-слав. по‑мизати очима. Прасл. migati (). Найбліжэйшыя адпаведнікі: літ. mìgti ’засынаць’, miegóti ’спаць’, miẽgas ’сон’, лат. miêgt ’заплюшчваць вочы’, ст.-прус. meicte ’спаць’, maiǫġun ’сон, спячка’, лац. micāre ’блішчэць, міргаюць’, сагдыйск. nimiž ’маргаць’, с.-перс. miž ’павека’, с.-н.-ням. micken ’накіроўваць позірк, назіраць’. І.‑е. аснова *meĭg‑/*meĭkʼ‑ (Бенвеніст, BSL, 38, 280; Ван–Вейк, IF, 28, 124; Бернекер, 2, 57; Фасмер, 2, 618–619; Скок, 2, 419–420; Махэк₂, 362; Бязлай, 2, 183; ЕСУМ, 3, 457; Мяркулава, Этимология–1973, 59). Фасмер і аўтары БЕР (3, 782–783) мяркуюць, што дзеяслоў migati ўтварыўся ад migъ, наадварот Махэк і Бязлай. Сюды ж мігунь! ’раптам, у адзін момант’, ’міг’ (Нас. Доп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казу́лька ’божая кароўка’ (Шатал., З жыцця; Чач.), казулькі ’конікі палявыя’ (Федар. Рук.). Укр. козуля, козулька ’насякомае Cerambix’. Словаўтваральна празрыстая структура; цяжэй вытлумачыць як вытворнае ад каза1, ці тут перанос назвы з казуля, вядомага ў розных значэннях. Параўн. у Федароўскага ў рукапісным слоўніку: kozaczki ’конікі палявыя’. Лексемы з апошнім значэннем могуць быць аўтаномнымі ўтварэннямі (паводзіны насякомага нагадваюць паводзіны жывёлы), магчыма, нават першаснымі для семемы ’божая кароўка’, напр., супадзенне назвы коніка і божай кароўкі ў бел. лельч. кавалік. Разам з тым міфалагічны кантэкст, які суправаджае розныя назвы Coccinella septempunctata як у слав., так і неслав. мовах, дазваляе меркаваць аб магчымай субстытуцыі назвы або міфалагічным варыянце, параўн. бел. кароўка, ярыца, укр. щедрик‑ведрик і рус. козуля, козурка, козюлька, коровка і інш. для сакральнага печыва з відавочнымі зааморфнымі адзнакамі.

Казу́лька ’маленькая лавачка’ (Касп.). Рус. козуля ’кароткая лавачка, зробленая так, што сучкі дрэва з’яўляюцца ножкамі’, казулька ’тс’, халм., пск. ’маленькая лавачка, на якую садзяцца, калі дояць карову’, маск. ’санкі, якія робяць са старой лаўкі’. Матывацыя назвы зразумелая (рожкі, зааморфная адзнака), аднак не вельмі ясна, утворана слова суфіксальным спосабам ад каза або тут перанос назвы ад казуля, параўн. інш. назву лавачкі каза (гл.). Статус інавацыі (усх.-слав.?) няясны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ру́скі ’які мае адносіны да Русі, Расіі’, ’які мае адносіны да рускіх’ (ТСБМ), старое ’у Беларусі хрысціянін усходняга абраду’, ’украінец’ (Стан.), рускій, руській ’рускі’ (Бяльк.), ст.-бел. руський (1440 г.), рускии ’тс’ (Карскі, 1, 199), сюды ж ру́скі ме́сяц ’пра нешта вельмі доўгае ў часе’ (ТС), ру́ськый мі́сяць, ру́ськый рык ’цэлы, біты, добры месяц, год’ (Клім.), ру́скі по́яс (rúski pojis) ’вузкая і доўгая тканіна’ (Варл.). Прыметнік вядомы ўсім славянскім мовам у сучасным значэнні, параўн. аднак польск. ruski ’усходнеславянскі’, ст.-слав. русьскъ (у адносінах да князя Святаполка, гл. ESJSt, 13, 784). Часцей за ўсё звязваюць са ст.-фін. азначэннем германскага племені *Rōtsi ’варагі, шведы, што нападалі на фінскія землі’, сучаснае фін. Ruotsi ’Швецыя’, што ідэнтыфікуецца з першай часткай ст.-ісл. róþsmenn або róþskarlar ’грабцы, мараходы’. Ст.-ісл. Rróþsmenn або Róþskarlar у сваю чаргу паходзяць са швед. Roslagen — назвы ўзбярэжжа Упланда. У якасці аналагічных выпадкаў перанясення назвы заваёўнікаў на заваяванае насельніцтва прыводзяцца франкі (Францыя), нарманы (Нармандыя), навагрэкі (Φωμιοί) лангабарды (Ламбардыя), балгары (Фасмер, 3, 522; з разглядам версій — ESJSt, 13, 783–785; Трубачоў, Слав. языкозн., XII, 23). Значэнне ’надта доўгі’, параўн. і польск. ruski miesiąc, мажліва адлюстроўвае разыходжанні і ў сістэме мер Вялікага княства Літоўскага, параўн. Скурат., Меры, 34.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скронь ‘бакавая частка чэрапа ад вуха да лобнай косці’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сцяшк., ТС), скронь, скро́на ‘тс’ (паст., астр., шчуч., смарг., шальч., Сл. ПЗБ), скронь ‘вейка’ (Нас.), ‘калена’: пасадзі дзіця на скроні (Мат. Маг.). Паводле фанетыкі (склад ‑ро‑), запазычанне з польск. skroń ‘скронь’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 60). Параўн. укр. скро́ня ‘тс’, рус. скоро́нь ‘тс’, дыял. скорынья́ ‘сківіца’, рус.-ц.-слав., серб.-ц.-слав. скрания ‘скронь’, каш. skrńå ‘скронь, шчака’, чэш. skráň ‘тс’, славац. skráň, škraňa ‘выпукласць на шчацэ, ягадка’, в.-луж. skroń, н.-луж. skŕono ‘скронь, ягадка’, славен. skrȃnj, skrenja ‘падбародак, ягадка, сківіца’. Прасл. *skornь. Усе версіі не вельмі надзейныя. Параўноўвалі з ст.-ісл. hvarmr ‘павека’ і, далей, з лац. parma ‘кароткі круглы шчыт’. Паралель у грэч. κρανίον ‘чэрап’ (Мацэнаўэр, LF, 20, 20 і наст.; Брукнер, 496) адвяргаецца Фасмерам (3, 653) па фанетычных прычынах. Махэк₂ (548) набліжае да прасл. *černъ ‘карэнны зуб’. Аднак не выключае праславянскае паходжанне і ўзвядзенне да *skrena на падставе н.-луж. škrjeny мн. л., дыял. škrjena ‘верхняя сківіца’ (Шустар-Шэўц, 1296), што дазваляе трактаваць беларускія і ўкраінскае словы як рэфлексы старога *skronь (Сной у Бязлай, 3, 248). Магілёўскае скронь ‘калена’ або памылковы запіс, або змена значэння ў выніку дээтымалагізацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слабо́да ‘свабода, воля, вольнасць’ (Нас., Шат., Касп., Бяльк., Сержп., Мал., Ян., Янк. 1, Выг., Сл. ПЗБ, ТС), ‘свабода’, ‘адпачынак’ (Сл. ПЗБ), слабода і слабада ‘воля, вольнасць’ (Пятк. 2), слобо́да ‘свабода’ (ТС). Укр. слобода́, рус. дыял. слобо́да, ст.-рус. слобода, чэш. дыял. sloboda, славац. sloboda, серб.-харв. слобо̀да, славен. slobóda, балг. слобода́ ‘тс’, макед. слобода. Паводле БЕР (6, 884–886), ужо прасл. *sloboda. Супраць праславянскага характару Фасмер (3, 672–673), таму што засведчаныя прыклады ўсе даволі познія. З *svoboda (гл. свабода) у выніку дысіміляцыі vb > lb; гл. Фасмер, там жа; Гуер у Махэка₂, 597; Міклашыч, 332; Праабражэнскі, 2, 322–323; Младэнаў, 591; Сольмсен, РФВ, 49, 51. Трубачоў (История терм., 171) дапускае магчымасць пераходу vl на стадыі існавання v як сананта . Борысь (Czak. stud., 44) на падставе харв. чак. sloba ‘свабода’, якое выводзіцца з *svobа ‘тс’, мяркуе, што дысіміляцыя павінна была адбыцца вельмі рана, пакуль захоўвалася білабіяльная вымова v. Іншыя аўтары лічыліся з уплывам кораня *slav‑ (гл. слава, славянін), гл. Атрэмбскі, LP, 1, 143; таксама *slabъ (гл. слабы), гл. Брандт, РФВ, 24, 184; ЕСУМ, 5, 305–306. Карскі (1, 341) сумняваецца ў фанетычным характары змены і далучаецца да меркавання Брандта, адзначаючы даўні яе характар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Табу́н ’статак жывёл, гурт’, ’чарада (птушак)’, ’натоўп’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., ТС, Сцяшк., Цых., Сл. ПЗБ), ’гайня, зграя ваўкоў’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ’статак кароў і авечак на пашы’ (Жыв. св.), таўбу́н ’тс’ (Жд. 2), табуні́ць ’збіраць у адно месца’ (Сцяшк. Сл.), табуні́цца ’збірацца разам, збівацца ў табун, статак’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл.), ’збірацца ў чараду (пра птушак)’ (ТС), ’гайняваць, знаходзіцца ў стане цечкі (пра ваўкоў)’ (валож., бялын., бых., Жыв. св.), табу́ніцца (пра кароў) (полац., ЛА, 1), ’збірацца ў чароды (пра птушак)’ (івац., ЖНС). Укр. табу́н, рус. табу́н, стараж.-рус. табун, польск. tabun ’статак коней або (радзей) быдла’, балг. табу́н, серб. та̀бӯн ’статак коней (жарабцоў)’. Польскае і паўднёваславянскія словы лічацца запазычаннямі з усходнеславянскіх моў. У апошніх — з цюркскіх; звычайна параўноўваюць з адзначанымі Радлавым (Опыт, 3, 1, 978) тат., чагат. табун ’статак (коней)’ і дададзеным Фасмерам (4, 7) крым.-тат. табым ’табун; натоўп’, якія далей супастаўляюцца з манг. tabun ’пяць’, што звязваецца з пяццю відамі жывёл у статках манголаў (Анікін, 520). Чарных (2, 223), аднак, зазначае, што ў сучасных цюркскіх мовах гэта вельмі рэдкія словы, у старажытнацюркскіх тэкстах яны не знойдзены, таму не маюць надзейнай этымалогіі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

па́мять ж.

1. па́мяць, -ці ж.;

храни́ть па́мять о поги́бших геро́ях захо́ўваць па́мяць аб загі́нулых геро́ях;

зри́тельная па́мять зро́кавая па́мяць;

слухова́я па́мять слыхава́я па́мяць;

плоха́я па́мять дрэ́нная па́мяць;

хоро́шая па́мять до́брая па́мяць;

вы́учить на па́мять вы́вучыць на па́мяць;

вы́пасть из па́мяти вы́пасці з па́мяці (галавы́);

запечатле́ться в па́мяти захава́цца (заста́цца) у па́мяці;

е́сли мне па́мять не изменя́ет калі́ мяне́ па́мяць не падво́дзіць;

2. (воспоминание) па́мяць, -ці ж., успамі́н, -ну м.;

в па́мять у па́мяць;

подари́ть на па́мять падары́ць на ўспамі́н (на па́мяць);

оста́вить о себе́ до́брую па́мять пакі́нуць пра сябе́ до́бры ўспамі́н;

3. (сознание) па́мяць, -ці ж., прыто́мнасць, -ці ж.;

больно́й лежа́л без па́мяти хво́ры ляжа́ў без па́мяці (у непрыто́мнасці);

без па́мяти а) (любить, восхищаться и т. п.) ве́льмі мо́цна, го́рача; б) (бежать, лететь) ве́льмі ху́тка; в) (от кого, от чего) у захапле́нні;

ве́чная па́мять ве́чная па́мяць;

на мое́й па́мяти на маёй па́мяці, за маёй па́мяццю;

по па́мяти па па́мяці;

по ста́рой па́мяти па старо́й па́мяці;

на па́мять а) (наизусть) на па́мяць; б) (давать, дарить и т. п.) на па́мяць, на ўспамі́н;

на све́жую па́мять на све́жую па́мяць;

коро́ткая (кури́ная, дыря́вая) па́мять каро́ткая (куры́ная, дзіра́вая) па́мяць.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Калбу́н ’пячкур. Gobio’ (Жд. 2). Укр. дыял. колб ’пячкур’, кобл і інш., рус. дыял. колб, колба ’тс’ (паўдн., паводле розных крыніц), колбень ’тс’, польск. дыял. koubʼeń, koubla (паўдн.-усх.) і інш., падрабязней агляд лексікі ў Герда, Лекс. балтызмы, 10, дзе ён лічыць формы тыпу kolb трансфармацыяй, запазычанай з літар. мовы лексемы (якой адпавядае бел. келб, гл. падрабязней гэтае слова). Такое меркаванне лагічнае, аднак не выключае іншай версіі. Рус. лексему разглядаў яшчэ Міклашыч, 154, які параўнаў яе з алб. kulp‑bi ’прэснаводная рыба’; супраць Бернекер, 1, 659, Фасмер, 2, 286, які адзначыў, што алб. слова магло быць запазычана з слав. моў. Гэта неверагодна з пункту гледжання лінгвагеаграфіі, паколькі ў паўднёвых славян лексема не зафіксавана, аднак па гэтай жа прычыне албанская паралель не здаецца надзейнай. Брукнер (227) адзначаў, што апрача польск. і ўсх.-слав. моў іншыя слав. мовы гэтага слова не ведаюць, аднак лексема з’яўляецца старой, што даказваецца быццам бы яе роднасцю да kielbasa. Не вельмі зразумела, якую семантыку меў на ўвазе Брукнер (фармальнае падабенства тут сапраўды ёсць), апрача таго. слова каўбаса вельмі няяснае, таму версія Брукнера не была прынята як малапераканаўчая. Паводде Безлая, SR, 5–7, 1954, 136, пячкур суадносіцца з слав. *kъlb ’глыбокае месца ў рацэ’ (польск. kołban з’яўляецца ўкраінізмам, гл. Слаўскі, 2, 365, дзе спасылкі на літ-py), версія недастаткова абгрунтаваная, але цікавая і каштоўная, галоўным чынам, таму, што ўкр. ковбирь, якое прыводзіць Безлай, магчымы дэрыват ад усх.-слав. колб‑, вытворныя ад якога азначаюць розныя булавападобныя і шарападобныя прадметы. Семантыцы апошніх цалкам адпавядае і матывацыя назвы калбун, калі яны сапраўды адносяцца да вытворных ад колб‑. Трубачоў (Дополнения, 2, 286) лічыць, што рус. колбь, польск. kiełb, прасл. *kъlbь маглі быць запазычаны з гоц. *kalba‑ ’цяля’ і падмацоўвае такую версію сінонімам бычок для Gobio’. Тут ёсць недакладнасці, на галоўныя з якіх звярнуў увагу Мартынаў, Бел.-польск. ізал., 94–95. Мартынаў (там жа) адзначае складанасць адносін паміж гэтымі слав. назвамі, што выцякае з арэала іх пашырэння, і лічыць, што версія Герда датычыцца толькі некаторых вытворных, сапраўды балтыйскага паходжання (гл. падрабязней пад келб), а слав. *kъlbъ узыходзіць да гоц. *kulbo. Гоцкая лексема на засведчана. Аднак мяркуецца, што яна суадносіцца з ням. Kolbe — назвай некаторых булавападобных рыб, якая хутчэй за ўсё адпавядае Kolbe ’булава, паліца’ — дакладная семантычная паралель усх.-слав. колб‑, дэрываты ад якога азначаюць ’шарападобнае патаўшчэнне; абрубак дрэва і да т. п.’ Калі такая матывацыя натуральная для ням. назвы рыб, няма прычыны лічыць яе немагчымай для слав. колб; пры гэтым утварэнне слова на слав. глебе больш верагоднае ў параўнанні з версіяй аб запазычанні лексемы з неадзначанай гоцкай крыніцы. Семантыка слав. дэрыватаў ад колб‑ ’драўляная цурка’, ’патаўшчэнне на канцы падоўжаных прадметаў’, ’мясісты, тоўсты кончык носа’, ’абрубак дрэва’ і да т. п. як быццам пацвярджае наша меркаванне, аб геаграфіі гэтых дэрыватаў і паходжанні гл. пад каўбух. Аднак арэал пашырэння назваў пячкура ў слав. мовах не выключае магчымасці запазычання слова з германскай крыніцы, на што ўскосна ўказвае лінгвагеаграфія польск. слова, параўн. геаграфію ў Герда, там жа. Слаўскага, 2, 143, пашырэнне слоў на іншай тэрыторыі (поўдзень еўрапейскай часткі РСФСР), магчыма, што толькі ўкр. (у бел. формы з ‑е‑ запазычаныя, а статус разглядаемага слова не вельмі ясны па прычыне адзінай фіксацыі) гэтага не выключае. Менавіта гэта падазроная геаграфія (паўдн.-усх. польскія формы, аб якіх пісаў Герд, відавочна, украінскія; паўн. і паўн.-усх. польская лексіка, і кашубская ў тым ліку, магла б разумецца як балтыйская, аднак, паводле Фрэнкеля, 236, літ. слова з’яўляецца паланізмам) ставіць пад сумненне таксама думку Слаўскага, 2, 143, аб дыялектным прасл. паўн.-слав. *kl̥bjь, старажытнасць якога даводзіцца ўсё тым жа алб. kulp‑bi. Параўн. з літаратуры яшчэ Махэк, ZslPh. 19, 58–59 (дзе балтыйская і слав. сінаніміка і меркаванні аб роднаснасці слав. назваў і літ. kilbùkas ’пячкур’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)