памылі́цца, ‑мылюся, ‑мылішся, ‑моліцца; зак.

Зрабіць памылку. [Мяснікоў] можа памыліцца, але здольны прызнаць памылку і хутка яе выправіць. Гурскі. Хто можа з.. [Аленаю] справіцца. Не толькі на полі.. А пасадзі яе за кросны! Няхай другая паспрабуе выткаць абрусы і коўдры ў шаснаццаць нітоў! А яна не памыліцца, не зблытае. Чарнышэвіч. — Можа, мы памыліліся? — выказаў меркаванне Валодзя. — Можа, гэта зусім не конь іржаў, а птушка якая? Курто. // у кім. Скласці пра каго‑н. няправільнае ўяўленне. Каб не памыліцца ў чалавеку на вайне, трэба ўбачыць яго ў небяспецы. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́макнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. вымак, ‑кла; зак.

1. Стаць вымаклым; змяніцца якасна ў выніку вымочвання ў вадзе. Іржышча выгарала, адлежалася пад сонцам, вымакла, як каноплі ў вадзе, а цяпер зноў узнялося шчоткай. Пташнікаў.

2. Загінуць, прапасці ад празмернай вільгаці (пра пасевы). [Рыгорыха:] — А як жыта? [Загароўская:] — Так, нічога, а туды пад Ганчароўку ці не ўзышло ці вымакла. Гурскі.

3. Стаць зусім мокрым; прамокнуць. Вымакнуць па пояс. Вымакнуць да ніткі. □ Аднаго дня быў дождж і мы вымаклі на полі, прыбеглі да гаспадыні ў хату і распалілі грубку. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ураджа́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да ўраджаю. Ураджайныя ведамасці.

2. Які характарызуецца багатым ураджаем. Быў той год ураджайным, як ніколі. Жыты ў полі стаялі сцяной. Лынькоў. Сподам сцелецца ягаднік — яркія пацеркі суніц і сіваватыя, асабліва ўраджайныя сёлета, чарніцы. Брыль. // перан. Разм. Багаты на што‑н. 1958 і 1959 гады былі ўраджайныя на першыя паэтычныя зборнікі і ў пераважнай большасці добрыя. Лужанін. На паэмы пасляваенны час, можна сказаць, быў у нашай літаратуры ўраджайны. Лойка.

3. Які вызначаецца высокай ураджайнасцю. Ураджайны сорт пшаніцы. Ураджайная культура.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́ле, ‑я, н.

1. Абшар зямлі, прызначаны, прыгодны для ворыва. Балеслаў стаяў у самым лесе, на мяжы з полем. Чорны. Па той бок Нёмана лугі ідуць, а за лугамі — лес і поле. Колас. // Засеяны або падрыхтаваны да пасеву ўчастак зямлі. За садам разгортвалася вялікае поле канюшыны. Бядуля. Малашонак доўга не здаваўся, але ўсё ж штучнае ўгнаенне зааралі ў глебу разам з гноем, рыхтуючы поле пад кукурузу. Ермаловіч. // чаго або якое. Вялікі абшар, прастора, накрытая чым‑н. [Маечка] потым доўга расказвала бацьку, як яны хутка імчаліся па дарозе, як з-пад капытоў каня ляцеў іскрысты снег, як прыгожа блішчыць за вёскай снежнае поле. Краўчанка. // чаго або якое. Прастора, прызначаная для чаго‑н.; пляцоўка. Лётнае поле. Футбольнае поле.

2. Спец. Прастора дзеяння якіх‑н. сіл. Электрычнае поле. Магнітнае поле.

3. перан.; чаго або якое. Галіна, сфера (якой‑н. дзейнасці, заняткаў і пад.). З гадамі ж увогуле поле дзейнасці для будаўніка ў вёсцы стане неабмежаваным. Хадкевіч. «Вось дзе багатае поле для гераічных учынкаў», — думаў ён. Шамякін.

4. Фон, на якім нанесены ўзоры. Тканіна з узорам на атласным полі. Паркаль у белыя гарохі на чырвоным полі.

5. звычайна мн. (палі́, ‑ёў). Вузкія чыстыя палоскі па краях аркуша, кнігі, сшытка, рукапісу і пад. Потым сеў і стаў чытаць кнігу.., робячы на палях нейкія паметкі. Гурскі. На вялікіх палях з нядбайна абарванымі краямі.. [Валя] піша папраўкі мікраскапічнымі літарамі. Асіпенка.

6. толькі мн. (палі́, ‑ёў). Шырокі бераг капелюша. [Мінгрэл] быў невялікага росту, і першае, што кідалася ў вочы, — гэта яго шырокі чорны капялюш з абвіслымі палямі. Самуйлёнак.

•••

Аперацыйнае поле — участак цела, на якім робіцца аперацыя. Коўбец прыняў з рук другой памочніцы вузкі нож і, нахіліўшыся над аперацыйным полем, спакойным рухам зрабіў разрэз. М. Ткачоў.

Аднаго поля ягады гл. ягада.

Поле зроку — а) прастора, якую бачыць вока; б) перан. круг інтарэсаў, кругагляд.

Шукаць ветру (лавіць вецер) у полі гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Аба́бак ’падбярозавік, Boletus scaber’. Ці суадносіцца з абабак ’бабка, укладка снапоў на полі’ («Ставіць снапы ў абабак»), (а)бабак ’ахапак ільну’, абабка ’абадраны ліпавы або вязавы пень, на якім расце сучча’. Больш верагодна Мяркулава, Очерки, 176–177, якая звязвае абабак з бабець ’маршчыніцца’ (гл.), параўн. рус. арх. обабня ’вялікі грыб’. Слова, відаць, пераважна беларускае і рускае (зах. і паўн.). Параўн., аднак, чэш. obabka ’грыб’, якое разам з рускімі словамі Кіпарскі (NM, 53, 441) адносіць да баба ’пень’ (як рус. опёнок да пень) (гл. Якабсон, Word, 7, 187). Спрэчна. Усх.-слав. баба, бабка часцей назва грыбоў (параўн. бел. бабка ’абабак’). Лінгвагеаграфія слова не дазваляе яго лічыць праславянскім.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мышабой ’боцікі, Aconitum L.’ (віц., Кіс.), як і маг. ваўка- бойнік ’тс’ (Кіс.), з’яўляецца калькай нейкай іншай назвы (параўн., напрыклад, іншыя слав. не зусім зразумелыя назвы: чэш. ornej, oman, польск. omięg, omieg, славац. omich і ст.-польск. omiąg ’яд’; чэш. nalep, славен. nalep, харв. nalijep і ст.-чэш. nalep ’яд, якім націралі вострыя канцы стрэл’). Параўн. таксама чэш. olei (psi) тог < ням. Wolfs- або Hundsgift для Aconitum vulparia. Яд расліны выкарыстоўваўся наступным чынам: расліну сушылі, таўклі, пасыпалі ёю сырое мяса і раскідвалі яго па лесе, у полі. Існавала павер’е, што ваўкі, лісы, мышы, з’ядаючы гэта мяса, здыхалі. Параўн. яшчэ чэш. мар. mordovnik, якое да mordovati ’мардаваць’ (Махэк, Jména, 45–47).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пель, пе́ля, пе́лка, пе́лька, пе́лячка ’нізіна сярод поля, звычайна круглая або авальная’ (парыц., Янк. Мат.), ’лагчына’ (жытк., Мат. Гом.); ’сажалка; балота’ (брагін., Шатал.), ’лунка’ (лельч., Нар. лекс.), ’палонка’ (Шат., ТС, Сл. ПЗБ; рэчыц., Нар. сл.; петрык., Шатал.; Ян.; Растарг., Янк. 1; Мат.; Яшк.; хойн., Мат. Гом.; З жыцця; маг., гом., ЛА, 1), ’мачулішча’ (добр., ЛА, 4), ’частка ракі, якая зімой не замерзла’ (рэч., ЛА, 2); ’невялікі прыродны вадаём — круглы ў лесе ці на полі, дзе стаіць вада’ (петрык., Шатал.; калінк., ЛА, 2). Балтызм, параўн. літ. pélkė ’балота’, ст.-прус. pelky ’багна, твань’, лат. pelce ’лужа’. Больш падрабязна гл. Талстой, Геогр., 167–169; яго ж, Этимология–1967, 145–157.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мільгаце́ць, ‑гачу, ‑гаціш, ‑гаціць; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Свяціць няроўным, перарывістым святлом; іскрыцца. Цяпло ішло ад грубкі. У ёй патрэсквалі дровы. Чырвоныя водбліскі мільгацелі на сцяне, на падлозе. Каршукоў. Вунь як быццам мільгацяць у гушчары агеньчыкі. Ці не ваўкі? Гамолка.

2. З’яўляцца ў полі зроку і знікаць, праносіцца перад вачыма. Свішча за сцяною вецер, бразгае на слупе бляшаны абажур, мільгацяць кадры старой кіналенты. Аляхновіч. Зноў дарога. Лугі.. і зялёныя пушчы, шырокія палі спелай збажыны мільгацяць за акном. Мыслівец. // перан. Хутка праносіцца ў памяці. Мільгацяць у галаве здагадкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., што.

1. Прывесці ў кругавы рух; крутнуць. Пакруціць махавое кола. Пакруціць тачыла.

2. Кругавым рухам змяніць становішча чаго‑н. Пакруціць выключальнік. □ Канстанцін Міхайлавіч пакруціў рычажок прыёмніка, пашукаў іншае станцыі. Лужанін.

3. Разм. Туга звіць адно з другім.

4. Зламаўшы, паскручваць канцы паміж сабой, зблытаць усё, многае. Пакруціла бура пшаніцу ў полі.

5. і чым. Круціць некаторы час. Віктар Сяргеевіч пакруціў у руках бітон, потым зірнуў праз адчыненыя дзверы кухні некуды ў прастору і ўсміхнуўся. Гамолка. Палкоўнік прыжмурыўся.., пакруціў галавою. — Ты, Віктар, як заўсёды, гаворыш ісціну! Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́лымя, ‑я, н.

1. Агонь, які ўзнімаецца над тым, што гарыць. А ў полі пастухі палілі бульбоўнік і пырнік і, калі асядала магутнае, шыпучае полымя, пяклі ў прыску бульбу. Брыль. Агонь рос, шырыўся. Полымя.. лізала сцены, столь. М. Ткачоў. // Пра тое, што нагадвае такі агонь. Дзяўчаты з усмешкай Дарылі букеты. І вось загарэлася Полымя кветак. Танк. Бярозы на могілках стаялі ў жоўтым полымі. Шамякін.

2. перан. Запал, уздым. Вакол шугала полымя партызанскай помсты, разгаралася барацьба не на жыццё, а на смерць супраць лютага ворага. Дзюбайла.

•••

З агню ды ў полымя гл. агонь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)