Нябе́скі ’нябесны; блакітны, падобны колерам да светла-блакітнага неба’ (Нас.), нябескі, нябесны ’уласцівы небу’ (Яруш.), нябескі, небескі ’блакітны’ (Грыг., Сл. ПЗБ, Сл. ЦРБ), ст.-бел. небеский (1518 г.) ’нябесны; блакітны’ укр. небеський ’нябесны’, польск. niebieski ’нябесны; блакітны’, чэш. nebesky ’нябесны’, в.-луж. njebjeski ’тс’, н.-луж. njebjaski ’тс’, славен. nebeški, nebeski ’нябесны, цудоўны’, серб.-харв. не̏бески ’нябесны’, балг. дыял. небески ’тс’. Відаць, самастойнае ўтварэнне ад нябёсы, гл. неба; значэнне ’блакітны’ — арэальная інавацыя з цэнтрам на польскай моўнай тэрыторыі (параўн. яшчэ ст.-чэш. nebesky ’блакітны’), паводле Брукнера (359), з XV ст., якая распаўсюдзілася і на Беларусі. У сувязі з гэтым наўрад ці мае падставы сцвярджэнне аб запазычанні ст.-бел. небеский са ст.-польск. niebieski (Булыка, Лекс. запазыч., 185), параўн. іншыя формы: небескы птах, нбскы црь (XVI ст., Карскі 2–3, 229).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скапе́ць (skapieć) ‘сціснуцца, зменшыцца, захірэць, згінуць’: skapièŭ, jak skvarka (Федар. 4). Параўн. польск. skapieć, skapać ‘змарнець, апасці, згінуць’. Да прасл. *kapěti, якое Трубачоў (ЭССЯ, 9, 146) рэканструюе на падставе польск. kapieć ‘змяншацца, скарачацца, убываць, прападаць, чэзнуць’, што суадносіцца з *kapati (гл. ка́паць). Сюды ж адпаведныя балг. ска́пя ‘згніць, распасціся’, дыял. ска́па ‘данасіць адзенне, парваць’, макед. скапе ‘згінуць, распасціся; загінуць, прапасці’, серб.-харв. skȁpati ‘згінуць, загінуць’, славац. skapať ‘згінуць, здохнуць, знікнуць’, укр. ска́па́тися ‘знікаць, гінуць’ (лічыцца запазычаннем з польскай ці славацкай, гл. ЕСУМ, 5, 265). Развіццё значэння ‘капаць’, ‘ападаць, выцякаць кропля за кропляй’ (Брукнер, 217). Пра перыферыйнасць слова на Беларусі сведчыць замена выразу skapièŭ, jak skvarka выразам skipièŭ, jak skvarka (Федар. 4), што адлюстроўваюць спосаб спажывання сала на Палессі, параўн. плеска́ць сало на рожну́ на огне́ — дзе́ржыць лу́сту хле́ба і ка́пае тым са́лом (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бе́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Гіст. Які, ратуючыся, тайна, самавольна збег з месца жыхарства. Беглы селянін. / у знач. наз. бе́глы, ‑ага, м.; бе́глая, ‑ай, ж. Не вельмі ўважлівы, павярхоўны. Загорскі падаў жанчыне табурэтку, яна падзякавала, села, агледзела пакой беглым позіркам. Мележ.

2. Дастаткова свабодны, які праходзіць без усякіх цяжкасцей. Беглае чытанне.

3. Які адзначае толькі асобныя рысы, асаблівасці чаго‑н.; зроблены на скорую руку. Беглы агляд. □ Пасля кароткага, але вельмі насычанага змястоўнага гістарычнага экскурсу аўтар перайшоў да мастацкай сучаснасці Савецкай Беларусі, кінуў некалькі беглых, але трапных заўваг адносна яе стану. Ліс.

4. Непастаянны, часовы. Яшчэ два гады [Сцяпан] прашлындаў, наймаючыся то ў сельпо, то ў прамкамбінат на якую беглую работу. Скрыган.

•••

Беглая галосная гл. галосны.

Беглы агонь гл. агонь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аргані́чны 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да арганізма (у 1 знач.); які характарызуецца жыццёвымі працэсамі; жывы. Арганічнае жыццё. Арганічны свет. Арганічная прырода. // Які ўтварыўся ў выніку разлажэння жывёльных і раслінных арганізмаў; які нагадвае сабой прадукт такога разлажэння. Чым далей у глыбіню возера, тым больш арганічных часцінак прымешваецца ў азёрныя адкладанні. Прырода Беларусі.

•••

Арганічная хімія гл. хімія.

аргані́чны 2, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да органа (у 1 знач.); які датычыцца ўнутранай будовы органаў чалавека. Арганічны парок сэрца.

2. перан. Унутраны, які датычыцца самой сутнасці, асноў чаго‑н.; непарыўна звязаны з чым‑н. Арганічнае адзінства тэорыі з практыкай. □ Сувязь паміж часткамі і цэлым настолькі арганічная, што варта пісьменніку змяніць імя героя, як светацені ў творы перамяшчаюцца. Адамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наме́снік, ‑а, м.

1. Асоба, якая замяшчае каго‑н. Знайсці сабе намесніка. □ Дзед яшчэ з усходам сонца паехаў у раённы пасёлак па новыя вуллі. А.. [Міхалку] пакінуў сваім намеснікам. Якімовіч.

2. Афіцыйная назва асобы, якая замяшчае кіраўніка. Намеснік дырэктара завода. Намеснік міністра. Намеснік па палітычнай частцы. □ Старшыню і намесніка чакала ў канцылярыі некалькі калгаснікаў. Шахавец.

3. У 14–17 стст. на Беларусі, Украіне і ў Літве — службовая асоба мясцовага кіравання.

4. Пры Кацярыне II — вайсковы начальнік намесніцтва (губерні або некалькіх губерняў).

5. У царскай Расіі 19 і 20 стст. — правіцель ускраінных абласцей краіны, які меў права вярхоўнай улады і кіраваў ад імя цара. Намеснік цара. Каўказскі намеснік.

6. Памочнік настаяцеля манастыра або давераная асоба мітрапаліта.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старо́ства, ‑а, н.

Гіст.

1. У Вялікім княстве Літоўскім і феадальнай Польшчы — дзяржаўны маёнтак, які вялікі князь або кароль даваў на часовае карыстанне феадалам. Крычаўскае староства, якім у першай палавіне 18 ст. уладалі князі Радзівілы, было адным з буйнейшых ва ўсходняй Беларусі. «Весці». Тое [Дудзінскае] староства было падорана каралём раней князю Хадкевічу. Якімовіч. // Адміністрацыя на чале са старостам. Амаль усе памешчыкі з сем’ямі выехалі ў Глушэц, пад крыло паліцыі, староства і касцёла. Пестрак. Але як жа цяжка было здабыць у старостве дазвол на спектакль і канцэрт! Мядзёлка. З боку ад прэзідыума за асобным сталом размясцілася [афіцыйная] ўлада: прадстаўнікі староства і паліцыі. Машара.

2. Тое, што і старастоўства. Прыйдзе час — радзіма спамяне Яму [Юхіму] і дэзер[ці]рства, і староства. З. Астапенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тво́рчасць, ‑і, ж.

Дзейнасць чалавека, накіраваная на стварэнне культурных, духоўных і матэрыяльных каштоўнасцей. Палкоўнік пан Дэмбіцкі, даўшы волю і разгон сваёй стратэгічнай творчасці, старанна адзначаў на карце пункты важнейшых участкаў ваеннага ўдару. Колас. [Бондар] песціў у сваім сэрцы агромн[іст]ую радасць творчасці. Ён бы жадаў выказаць вяскоўцам,.. як трэба разумным вокам выбіраць дрэва на клёпкі, на дны, на начоўкі, як зграбна можна гэтыя пасудзіны рабіць. Бядуля. // Вынік гэтай дзейнасці; сукупнасць усяго створанага кім‑н. У цяжкай шматгадовай барацьбе Заходняй Беларусі за сваё вызваленне выключную ролю адыграла творчасць Янкі Купалы. Таўлай.

•••

Народная творчасць — а) від духоўнай творчай дзейнасці народа, што выяўляецца ў вуснай паэзіі, музыцы і іншых відах мастацтва; б) сукупнасць твораў, якая з’явілася ў выніку такой дзейнасці народа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ужы́так, ‑тку, м.

1. Стан паводле знач. дзеясл. ужываць і ужывацца ​2. Доўга перабіраў [Васіль] сваё начынне, што ўжо даўно ляжала без усялякага ўжытку пад лавай. Няхай.

2. Прымяненне, выкарыстанне ў штодзённым жыцці. Рэчы хатняга ўжытку. □ У вёсках Беларусі звычайна былі ва ўжытку косы з доўгім пасеем. «Помнікі». // Агульнапрынятае ўжыванне. Я не ў сталіцы, а ў краі, які завецца ва ўжытку цаліннымі землямі. Васілёнак. Закаханасць у народнае слова добра відаць і ў тым, што ў вершах Р. Барадуліна нямала слоў сваіх, «ушацкіх», каларытных, свежых, якія яшчэ не атрымалі літаратурнага грамадзянства, але, магчыма, з лёгкай рукі паэта ўвойдуць у літаратурны ўжытак. Клышка.

•••

Прадметы шырокага ўжытку — рэчы, якія служаць для задавальнення найпершых бытавых патрэб насельніцтва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ха́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Памянш.-ласк. да хата; невялікая хата. Глядзіць [Янка] — стаіць пры моры маленькая рыбацкая хатка. Якімовіч. Неўзабаве гэтая невялічкая хатка на ўскраіне вёскі зрабілася штабам буйнейшай будоўлі на Беларусі. Грахоўскі. Свая хатка — як родная матка. Прыказка.

2. Жыллё бабра і некаторых іншых вадзяных жывёл з галінак, сцёблаў трыснягу і пад. Мінуўшы стройныя бары, Прайшлі б па мокрых кладках І паглядзелі б, як бабры Майструюць дружна хаткі. Свірка. // Гняздо птушкі. А побач з ім, на галінцы клёну, цвіркае верабей, яшчэ ўсё не пакідаючы надзеі выпрасіць у шпака яго новую хатку. Брыль.

•••

Астаткі з хаткі — усё, што ёсць, што засталося.

Хатка на курыных ножках (лапках) — невялікая, старая хата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

геро́й, -я, мн. -і, -яў, м.

1. Храбры, самаадданы чалавек, які зрабіў, робіць подзвігі.

Г.

Вялікай Айчыннай вайны.

Г. працы.

2. Галоўная дзеючая асоба літаратурна-мастацкага твора.

Г. рамана.

3. чаго. Асоба, што ўвасабляе ў сабе характэрныя рысы эпохі, асяроддзя.

Г. нашага часу.

4. каго-чаго. Чалавек, які чым-н. вылучыўся, які з’яўляецца прадметам захаплення.

Г. дня.

Герой Беларусі — найвышэйшая ўзнагарода Рэспублікі Беларусь за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадствам.

Герой Савецкага Саюза — ганаровае званне, якое прысвойвалася ў СССР за выключную доблесць і гераізм.

Герой Сацыялістычнай Працы — ганаровае званне, якое прысвойвалася ў СССР за выдатныя дасягненні ў галіне народнай гаспадаркі і культуры.

Горад-герой — ганаровае званне, прысвоенае гарадам, насельніцтва якіх праявіла масавы гераізм і мужнасць у абароне Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Крэпасць-герой — ганаровае званне, прысвоенае Брэсцкай крэпасці за абарону і мужнасць у гады Вялікай Айчыннай вайны.

|| ж. гераі́ня, -і, мн. -і, -раінь.

Маці-гераіня — ганаровае званне, якое прысвойвалася ў СССР шматдзетным маці, якія выхавалі не менш як 10 дзяцей.

|| прым. геро́йскі, -ая, -ае (да 1 знач.).

Г. ўчынак.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)