прапа́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Падаць некаторы час (гл. падаць у 1 знач.).
прапада́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак.
1. Незак. да прапасці (у 1–4 і 6 знач.).
2. Быць, знаходзіцца дзе‑н.; праводзіць час дзе‑н. па-за домам. Малыя ўвесь дзень прападалі ў лесе, слухалі птушыныя спевы, збіралі ягады, грыбы. С. Александровіч. Булай прападаў на рабоце амаль увесь час, мог і заначаваць, калі што не ладзілася. Шыцік.
3. Маральна гінуць, апускацца, быць ні да чаго не прыгодным. — А цяпер .. [Хведар] прападае без сталай гаспадыні. Чорны. Так я прападаю, Не маючы долі, Як дуб усыхаю, Плачучы ў няволі. Купала.
4. перан. Разм. Сохнуць, пакутаваць па кім‑н. Дзяўчаты, маладушкі за .. [Новакам] прападалі. Гарэцкі.
•••
Дзе наша не прападала — выказванне рашучасці ісці на рызыку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пры́мус, ‑а, м.
Награвальны прыбор з помпай, якая падае газу ў гарэлку. У бакоўцы ля самых дзвярэй аднастайна шыпеў прымус. Кавалёў. — Ты распраніся, памыйся ідзі, а я хуценька на прымусе згатую чаго-небудзь. Галавач.
[Ад лац. primus — першы, лепшы.]
прыму́с, ‑у, м.
Уздзеянне, якое аказваецца на каго‑н. з мэтай дамагчыся выканання чаго‑н.; прымушэнне. [Марынка] піла неахвотна, пад прымусам, але шчокі ў яе паружавелі. Хадкевіч. [Максіму Сцяпанавічу] іншы раз нават здавалася, што дочкі наогул абыякавыя да яго і калі цалуюць або хінуцца, то па прымусу. Карпаў. // Сацыяльны, класавы ўціск, прыгнёт. Старац-лірнік на прызбе сядзеў Пад акном мужыка беларуса, Навёў струны і песню запеў Пра мінулыя часы прымусу. Чарот. Але з якой сапраўды тытанічнай настойлівасцю песціць ляснік думку аб набыцці ўласнай зямлі, аб вызваленні з-пад панскага прымусу. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыму́сіць, ‑мушу, ‑мусіш, ‑мусіць; зак., каго.
Сілаю або нейкім іншым уздзеяннем дамагчыся, каб нешта было зроблена, выканана; абавязаць, патрэбаваць зрабіць што‑н. — Мяне ніхто не можа прымусіць, калі я гэтага не захачу сам, — чаканячы кожнае слова, прамовіў Ваханаў. Колас. Дзядзька спаткаў.. [вучняў] у сенях каля парога, прымусіў яшчэ на двары паабціраць венікам ногі. Брыль. Як ні ўпіраўся Сашка, бабка Вікця прымусіла ўнука выпіць шклянку густога, смачнага малака. Даніленка. Сілаю ў чалавека можна толькі адабраць, але прымусіць, каб ён даў табе што-небудзь, нельга. Карпаў. // Выклікаць пэўныя дзеянні, учынкі, стан у каго‑н. Яны абодва ніколі не кралі — голад прымусіў Мішку злавіць гэтую курыцу. Лупсякоў. Гудок на фабрыцы прымусіў.. [Зыдора] паддаць ходу. Чорны. Усякі выпадак, нават нязначны, можа прымусіць цябе хвалявацца, думаць, разважаць... Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыні́зіць, ‑ніжу, ‑нізіш, ‑нізіць; зак., каго-што.
1. Паставіць у зневажальнае становішча. [Мікітава] рашучая хада і выраз твару ясна казалі, што ён надумаўся зрабіць нешта такое, што павінна стварыць моцнае ўражанне і прынізіць тых, хто быў не згодзен з ім. Колас. [Міхал Сцяпанавіч:] — Мне вельмі балюча было глядзець і слухаць тое, як .. [Генадзь] гатовы быў плявузгаць на цябе абы-што, каб толькі прынізіць цябе і хоць на вяршок узвысіцца самому. Сабаленка. [Зыбіну] здавалася, што такая, як ён баяўся ў думках, шкалярская цікаўнасць прынізіць яго перад рабочымі, і ён стараўся ўдаваць з сябе чалавека заклапочанага, хмурнага. Мележ.
2. Зменшыць, знізіць (значэнне, ролю каго‑, чаго‑н.). Цяжка яму, Алесю, будзе, калі Адам Лаўрэнавіч падумае, што ўсё гэта падладжана знарок, каб прынізіць яго, Пыльца, аўтарытэт. Шамякін.
3. Пазбавіць узвышанасці, уздыму. Прынізіць настрой.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прытры́млівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прытрымацца.
2. чаго. Імкнуцца быць, знаходзіцца бліжэй да чаго‑н. Прытрымлівацца правага боку дарогі. □ [Драчам] даводзіцца быць асабліва асцярожнымі і прытрымлівацца цёмных купін або знаходзіцца ў цяні траў. Самусенка.
3. чаго. Кіравацца чым‑н., выконваць што‑н., дзейнічаць згодна з чым‑н. Прытрымлівацца чаргі. Прытрымлівацца традыцый. □ Цімох і цяпер прытрымліваецца старых спосабаў помсты і змагання. Колас. — А я, ведаеце, прытрымліваюся мудрага правіла: каб быў парадак у рабоце, трэба перш за ўсё навесці яго ва ўласным доме. Шамякін. // Быць згодным з чым‑н. (думкай, поглядам і пад.). Большасць з .. [вучоных] прытрымлівалася думкі, што ракета з’явілася ахвярай сутыкнення з метэарытам. Гамолка. [Мірон] прытрымліваўся погляду, што чалавек усё можа зрабіць, калі толькі захоча. Гурскі.
4. Зал. да прытрымліваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прычапі́цца, ‑чаплюся, ‑чэпішся, ‑чапіцца; зак.
1. Зачапіўшыся, прымацавацца, прыстаць да чаго‑н. Да вопраткі прычапіліся ваўчкі. // перан. Разм. Перадацца каму‑н., прыстаць да каго‑н. (пра якое‑н. адчуванне, стан, хваробу). Усяго.. [Хвашча] трэсла, і ён нават падумаў: ужо ж ці не трасца прычапілася да яго. Лупсякоў. Гэта ж часам і да старога як прычэпіцца сон, дык, здаецца б, не еў, не піў, а толькі б спаў. Сабаленка.
2. перан. Разм. Прыстаць да каго‑н. з надакучлівымі просьбамі, прапановамі і пад. — Чаго ты прычапіўся з гэтым кілішкам гарэлкі да пана? — сказаў хтосьці з мужчын. Пальчэўскі.
3. перан. Разм. Прыдрацца да чаго‑н. Калі Жэнька не крычыць, не муштруе.. [Юрку] — значыць, ён робіць усё як трэба, і ленту нацягвае так, што не прычапіўся б Завішнюк. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. а таксама пра каго-што, аб кім-чым і з дадан. сказам. Распытваючы, назіраючы, дазнацца пра што‑н. — Я адзін пайду, — ціхім голасам сказаў Грышка, — я як бачыш аб усім разведаю... Чарот. Гаспадару кватэры даручылі разведаць, калі будзе аперацыя. Чорны. // Здабыць звесткі аб праціўніку і занятай ім мясцовасці. Чарговым заданнем, якое даў Далідовічу камандзір атрада, было разведаць гарнізон у вёсцы Гаць. Шахавец. Між тым праціўнік дакладна разведаў абаронныя лініі падраздзяленняў і ўвёў у бой мінамёты. Кулакоўскі.
2. Зрабіць абследаванне чаго‑н. са спецыяльнай мэтай. Разведаць дарогу. □ [Вадзім:] — Слухай, Мікола, паехалі сёння ноччу рыбу паловім. Я вазьму маторку, заеду да цябе. Я тут разведаў добрыя мясціны. Гаўрылкін. // Знайсці, адшукаць (залежы, радовішча чаго‑н.) у выніку спецыяльнага даследавання. Разведаць запасы калійнай солі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разлажы́ць 1, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак., каго-што.
Тое, што і раскласці 1. Разлажыў купец на нізкім ганку Свой пярэсты дробязны тавар. Панчанка. А на хаце, крытай гонтаю старою, Сівы галубочак крылле разлажыў. Гурло. [Цімох:] — А ведаеш што, Юзік, давай разложым агеньчык і пагрэемся. Колас. Калі Антэк паехаў, стараста, правёўшы яго, вярнуўся ў хату, дастаў з шафы вучнёўскі сшытак, вырваў з яго два лісты паперы і разлажыў перад сабой. Зуб.
разлажы́ць 2, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак., каго-што.
1. Тое, што і раскласці 2. Разлажыць на атамы. Разлажыць слова на марфемы.
2. перан. Давесці да поўнага маральнага падзення, упадку; дэзарганізаваць. [Камендант:] — Гэта правакацыя! — Вы сваімі паганымі лістоўкамі разлажылі маіх салдат. Грахоўскі. Падпольшчыкі здолелі разлажыць ваенную часць.., перавялі ў партызаны дзесяткі славакаў. Дзенісевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ра́ка, ‑і, ДМ ра́цы, ж.
У хрысціянскай царкве — грабніца, у якой захоўваюцца мошчы святых.
рака́, ‑і́, ДМ рацэ́; мн. рэ́кі, рэк; ж.
1. Прыродны вадаём, які пастаянна цячэ па пракладзеным вадой рэчышчы ад вытоку ўніз да вусця. На беларускім Палессі цякуць поўныя рэкі і густа стаяць лясы. Чорны. // перан.; каго-чаго або якая. Вялікая колькасць, няспынны паток чаго‑н. Па .. [вуліцы] плыла людская рака, павольная, але шумная. Шамякін. Людское шчасце палілося бурнаю ракой радасці. Кавалёў.
2. у знач. прысл. рако́й (рако́ю). Няспынным патокам, у вялікай колькасці. Паліліся слёзы ракою. □ І калі пахучыя зярняты У засекі хлынулі ракою, З радасцю ажыўшы элеватар Убачыў на акраіне лясной, як па рэйках да яго ізно[ў] Груз патрэбны везлі цягнікі. Танк.
•••
Малочныя рэкі з кісельнымі берагамі — прывольнае, забяспечанае жыццё.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расплю́шчыць 1, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; зак., што.
Раскрыць, адкрыць (пра вочы). Срэтун-Сурчык расплюшчыў свае заспаныя вочы, са здзіўленнем паглядзеў на Лабановіча і, пазнаўшы яго, вінавата пасміхнуўся. Колас. Колькі ляцеў я — не памятаю, А калі ачухаўся і расплюшчыў вочы, убачыў я, што ляжу на броўцы. Лынькоў. // Разамкнуць (пра павекі). [Кот] нехаця расплюшчыў павекі і ўбачыў перад сабой Мышку. Шуцько. Апанаска расплюшчыў павекі: адчуў — нехта тармошыць яго, катурхае, штосьці незразумелае гаворыць. Даніленка.
расплю́шчыць 2, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; зак., каго-што.
Моцна націснуўшы, ударыўшы чым‑н., зрабіць плоскім. Расплюшчыць манету. // Расціснуць, раструшчыць сваім цяжарам, ударам. Ні на шлюпцы не выратуешся, ні з коркавым поясам. Расплюшчыць аб гэту каменную сцяну. Б. Стральцоў. Пакуль снарад намацае на целе волата слабае месца, колькі фашыстаў змяце танк знішчальным агнём, расплюшчыць сваім шматтонным цяжарам. Беразняк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)