Лю́стра1 ’адшліфаваная паверхня шкла, металу, здольная даваць адбіткі прадметаў, якія знаходзяцца перад ёю’, ’паверхня, плошча чаго-небудзь’ (Нас., Грыг., Гарэц., Бяльк., Касп., Растарг., ТСБМ, Яруш.; маг. КЭС), лю́стро ’тс’ (ТС), лустэрка, люстэрка, люстэрак, лю́страчка, лістэрка (Сл. ПЗБ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Мядзв., Сцяшк.; КЭС, лаг.; капыл. Жыв. сл.). Запазычана з польск. lustro ’тс’, якое з італ. lustro ’бляск, водбліск’ (Слаўскі, 4, 385; Кюнэ, 73; Арашонкава, БЛ, 12, 49). Сюды ж люстрава́цца, люстрава́ць ’блішчэць, адсвечваць’, ’адлюстроўвацца’, люстра́ны ’з бліскучай паверхняй’ > люстраніць (ТСБМ; Васілеўскі, БЛ, 10, 17). Гл. таксама ю́стра, ю́стро.

Лю́стра2 ’падвесны, асвятляльны прыбор з некалькімі крыніцамі святла’ (ТСБМ). З рус. лю́стра ’тс’, якое праз ням. Lüster або непасрэдна з франц. lustre ’тс’ < лац. lustrāre ’асвятляць’ (Фасмер, 2, 546; Крукоўскі, Уплыў, 79).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́мка1 ’шырокі рэмень са скуры ці моцнай тканіны, які перакідваецца цераз плячо пры перацягванні, пераносцы грузу’, (перан.) ’ярмо, непрыемны абавязак’ (ТСБМ, Нас., Касп., Бяльк., Яруш.). Укр. ля́ма, ля́мка ’тс’, ’шлейка’, рус. ля́мка ’тс’, ’стружка’, ’вяроўка’, ’пятля’, ’торба’, ’рукзак’, ст.-рус. лямка ’лямка’ (XVII ст.). У рус. мове гэта запазычанне з фін. lämsä ’пятля, повад, аркан’, саамск. карэльск. lamca ’вуздзечка’, саамск. нарв. lavčče, комі letš ’пятля’ (Каліма, 153). Больш падрабязна гл. Фасмер, 2, 551.

Ля́мка2 ’пруг з тоўстага сукна’, ’надточаная частка падола ў світцы, спадніцы з іншага матэрыялу’ (Жд. 1, Бяльк., Нас.; смарг., Сл. ПЗБ). Запазычана з польск. lama, lamka ’аблямоўка, абшыты падол адзежыны’ (Слаўскі, 4, 36).

Ля́мка3 ’манішка’ (рас., Шатал.). Да лямка2 (гл.), аднак пры ад’ідэацыі семантыкі лексемы ля́мец ’каўнер’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ві́цязь (БРС). Рус. ви́тязь, укр. ви́тязь, ст.-рус. витязь, в.-луж. wićaz ’герой; селянін, арандатар’, чэш. vítěz, славац. víťaz, славен. vȋtez, серб.-ц.-слав. витѧѕь, серб.-харв. ви̏те̑з, балг. ви́тез, макед. витез. Ст.-прус. witing (з 1299 г.) ’служылае дваранства’ запазычана з польск. (Брукнер, AfslPh, 20, 485; ZfslPh, 2, 296). Большасць даследчыкаў лічаць славянскае слова запазычаным з герм., але канкрэтны шлях запазычання няясны. Фасмер (1, 322 і наст.) і інш. (Уленбек, AfslPh, 15, 492; Стэндэр–Петарсан, ZfslPh, 4, 44 і наст.; Шварц, ZfslPh, 2, 105; Янка, WuS, 1, 108 і наст.) узводзяць vitędzь да герм. *vikíng‑, ст.-ісл. víkíngr, якія звязаны са ст.-саксон. wîk ’жыллё’, ст.-в.-ням. wîch ’тс’; славянская форма ўзнікла ў выніку другой палаталізацыі і дысіміляцыі. Тлумачэнне слова як запазычання са ст.-ісл. hvítingr ’светлавалосы, знатны’ (Янка, там жа; Экблом, ZfslPh, 16, 272 і наст.) не пераконвае, таму што яно не ўлічвае распаўсюджання слова ў в.-луж. і серб.-харв. мовах. Маркварт (Festschrift. V. Thomsen, 104) атаясамлівае англа-сакс. Wicingas з эруламі, якія рабілі набегі з III ст. н. э. і былі адціснуты датчанамі толькі ў VI ст., і тым самым тлумачыць наяўнасць слова ў серб.-харв. Шварц (там жа) указвае на магчымасць распаўсюджання слова лангабардамі або варнамі. Мартынаў (Лекс. взаим., 105) выводзіць слав. vitędzь з прагерм. wīkinga*wīginga), якое ў сваю чаргу было ўтворана ад wīgan ’змагацца, забіваць’ пры дапамозе суф. Nomina agentis ‑inga, г. зн. wīginga ’пабеданосны воін’. Версіі славянскага паходжання ад *vit ’дабыча, трафеі’ з суф. ędzь (Брукнер, 658; AfslPh, 42, 139 і ZfslPh, 6, 64) і ад вітаць ’абітаць’ (Янка, Slavia, 9, 343; Младэнаў, 68) малаверагодныя. Падрабязна літаратуру гл. Фасмер, 1, 322 і наст. і Шанскі, 1, В, 111.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Са́ні ’зімовая павозка на палазах’, са́нкі ’памяншальнае да сані’ (Касп., Сцяшк., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Шушк.), ’сківіцы; ніжняя сківіца’ (Бяльк., Гарэц.; арш., докш., КЭС; Шатал., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Гом.), санькі ’санкі’ (Янк. 1), sanka ’часць плуга, па якой ён сунецца па зямлі’ (Тарн.), са́ннік ’майстар рабіць сані’ (Янк. 3., Гарб.), санны́к ’колькасць сена або саломы, што змяшчаецца на санках’ (Сл. Брэс., Клім.). Укр. са́ни ’сані’, са́нка ’полаз’, рус. са́ни, ст.-рус. сани, ст.-рус., ц.-слав. сань ’змяя’, польск. sanie, sanki ’сані’, sannice ’палазы’, в.-луж. sanje, н.-луж. sáne ’сани’, чэш. sáně ’сані; сківіцы, скула’, saň ’дракон, змей’, славац. sane ’сані’, серб.-харв. са̏они, славен. sanȋ, балг. са́нка ’сані’. Слова не вельмі яснага паходжання. Запазычанне з фін. cionne ’від саамскіх саней’ (Каліма, RS, 6, 82 і інш.) або набліжэнне да тат. čana ’сані’, казах. šana, манг. čana, бурац. sana ’санкі, лыжы’ (Радлаў, 4, 286; Рамстед — гл. Фасмер, 3, 556–557) адвяргаецца шэрагам аўтараў, якія схіляюцца да славянскага паходжання слова, гл. Фасмер, там жа з літ-рай. Звярталася ўвага на паралелізм значэнняў ’сані, санны полаз’, ’змяя’ у слова сані і полаз ’санны полаз, змяя’. Узнаўляецца прасл. *sanь (Шустар-Шэўц, 2, 1269) або *sani (Махэк₂, 537; Сной₁, 554). Агульнай назвы для саней у індаеўрапейскай мове няма. Найбольш пераканаўчым лічыцца параўнанне з літ. šónas ’старана’, лат. sãns ’тс’, першапачаткова ’рабро’. Сувязь з грэч. σανίς ’паля; бэлька, тоўстая дошка’ лічыцца сумніцельнай. Гл. Зубаты, AfslPh, 16, 416 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 804 і наст.; Траўтман, 298. Абаеў, 1, 398 параўноўвае слав. словы з асец. з̌опуд̌/сопӕд̌ ’сані; сківіца’. Гл. яшчэ БЕР, 6, 476–478; Борысь, 538.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сяке́ра ’прылада з лязом на тапарышчы’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Касп., Сл. ПЗБ, Др.-Падб., Сцяшк., Стан., Бяльк.), сякі́ра ’тс’ (Шымк. Собр., Стан.), саке́ра ’тс’ (Сержп. Грам., Янк. 2, Скарбы, ЛА, 2), соке́ра ’тс’ (ТС, ПСл, Шн., 3, Арх. Вяр.), сокі́ра ’тс’ (Булг.), сако́ра ’тс’ (Пятк. 2, Янк. 2, Скарбы). Укр. соки́ра, рус. секи́ра, стараж.-рус. секы́ра, сѣкыра, сокы́ра, ст.-бел. секера, секира, сокера, сокира ’прылада для сячэння і часання дрэва; зброя ў выглядзе сякеры’ (Корчыц, Даследаванні па літаратуры і мове. Гродна, 1967, 123), польск. siekera, в.-луж., н.-луж. sekera, чэш. sekyra, славац. sekera, серб.-харв. сѐкира, славен. sekíra, балг. секи́ра, макед. секира, ст.-слав. секыра. Прасл. *sekyra роднаснае лац. secūris ’сякера’, і далей, прасл. *sěkti ’сячы’, ст.-в.-ням. saga, sěga ’піла’; Мее, 410; Траўтман, 255; Вальдэ-Гофман, 2, 506; Торп, 424. Бязлай (3, 224) на аснове сербска-харвацкіх і шэрагу славенскіх формаў, а таксама (ст.)-ц.-слав. сѣкыра з доўгім вакалізмам узнаўляе яшчэ прасл. дублет *sěkyra, дзе даўжыня галосных тлумачыцца ўплывам *sěkti ’сячы’ (гл. Міклашыч, 290; Лекарцы, 895; Махэк₂, 540; Фасмер, 3, 592 і інш.), Варбат (Морфон., 91) — *sokyra (параўн. украінскую і старажытнарускую формы). Геаргіеў (LP, 4, 1953, 109) указвае на няяснасць словаўтварэння і падобнасць на асір. šukurru, ст.-яўр. šegōr ’сякера’; Слаўскі (SP, 2, 28) прасл. *sekyra, *sěkyra лічыць дэрыватамі з суфіксам ‑yra ад каранёў *sek‑: *sěk‑. Супраць запазычання з лацінскай (Брандт, РФВ, 24, 146 і інш.) або нейкай іншай індаеўрапейскай мовы Фасмер, там жа. Мартынаў (Язык, 86–87) разглядае як пранікненне з італійскіх моў у праславянскі перыяд. Гл. Шустар-Шэўц, 1281; ЕСУМ, 5, 345; ESJSt, 13, 798.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ікра́1 (рыбная). Рус. икра́, укр. ікра́, польск. ikra, в.-луж. jikra, jikrno, jerk, н.-луж. jark, палаб. jȧkră, чэш. jikry, славац. ikry, славен. íkra, серб.-харв. и̏кра, балг. и́кра, макед. икра, ст.-слав., ст.-рус. икра. Мае дакладныя паралелі ў літ. ìkrai, лат. ikri, ірл. iuchair, iuchrach*ikōr) ’ікра’. Балт. формы, магчыма, са слав. (Трубачоў, Эт. сл., 8, 219). Згодна з найбольш прынятай версіяй, прасл. *jьkra роднаснае і.-е. назвам печані: літ. jãknos, jẽknos, лат. aknas, ст.-інд. yákṛt, yaknás, авест. yākarǝ, грэч. ἧπαρ, ἥπατος, лац. iecur, iecinoris. Старая аснова на ‑r/‑n і.-е. *i̯ek​. Патабня, РФВ, 6, 1881, 153; Фасмер, 2, 125; Покарны, 1, 504; Трубачоў, Эт. сл., 8, 217–220 (з літ-рай).

Ікра́2 ’галёнка’ (леп., навагр., крыч., узд., КЭС), і́кра (Інстр. I), толькі мн. і́кры (Мат. Гом.). Рус. икра́, укр. ікра́ ’кароўе вымя’ (Грынч.), польск. дыял. ikro, чэш. дыял. ikro, славац. дыял. ikra, ikro, славен. ikrna noga, балг. и́кра, макед. дыял. икра. У якасці адпаведнасцей прыводзяць ст.-літ. ikru, усх.-літ. ìkrai, лат. ikri, ст.-прус. yccroy, ірл. orca? Найбольш верагоднай належыць прызнаць этымалагічную сувязь ікра1 і ікра2. Фасмер, 2, 125–126. Брукнер (190) і Слаўскі (1, 447–448) зыходнай лічаць семантычную адзнаку ’набуханне, уздутасці’; параўн. ст.-польск. і дыял. kra ’пухліна’; Трубачоў, Эт. сл., 8, 217–220; Безлай, I, 209. У шмат якіх мовах значэнні ’ікра рыбы’ і ’лытка’ перадаюцца адной лексемай; гл. Каліма, ZfslPh, 9, 1932, 376–378. У гэтым метанімічным пераносе, відаць, можна бачыць семасіялагічную заканамернасць. Не здаецца пераканаўчым збліжэнне з грэч. ἴκριον ’дошка, бэлька’ (Беценбергер, BB, 27, 1902, 162; Голуб-Копечны, 154; БЕР, 2, 63) і лац. ocrea ’галёнка, халява’ (Гараеў, 122; Махэк₂, 226–227).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́чка1 ’нырка’ (Дразд.; Ян.; паст., Сл. ПЗБ), ст.-бел. почка, укр. по́чка, рус. по́чка, ст.-рус. почька. Лічыцца вытворным ад пяку́, параўн. у семантычных адносінах пе́чань і каш. povarka ’нырка’ < прасл. *variti ’варыць’ (Фасмер, 3, 348; Праабражэнскі, 2, 118). Гл. таксама па́чка.

По́чка2 ’пупышка’ (ТСБМ), по́чачкі ’пупышкі’ (паст., Сл. ПЗБ), рус. по́чка ’тс’, укр. по́чка ’пладовая костачка; семечка гарбуза’, польск. pestka ’семечка’, ст.-польск. і дыял. pecka ’сярэдзіна плода з насеннем’, чэш. pecka ’семечка; каменьчык’, в.-луж. počka, дыял. pačka ’тс’, н.-луж. packa, дыял. pecka ’тс’, харв. кайк. pečka ’ягада вінаграду’, чак. paćka ’семечка, сярэдзіна плода; ягада вінаграду’, славен. pečkà ’пладовая костачка’, pečèk ’костачка віннай ягады’. Беларуская лексема, відаць, запазычана з рус. почка ’тс’, якая не мае пэўнай этымалогіі (Фасмер, 3, 348). Борысь (Czak. stud., 99) узводзіць да прасл. *pъtʼka‑ ’штосьці круглае, камячок, каменьчык, семечка, пупышка’, вытворнае з суф. ‑ьka ад рэдкага прасл. *pъtʼa ’нешта круглае, груда, камень’, што рэканструюецца на базе польск. pce ’падстаўкі пад бочкі ў склепе’, дыял. peca ’камяк гліны, вапны, снегу, зямлі’, ’вашчына з мёдам’, ’бохан хлеба’ і памяншальных дэрыватаў ад яго: харв. pajca (< *pъtʼьca), paćak, славен. peček (< *pъtʼьkь) ’вінаградны атожылак; семечка; гарошак’, роднаснае літ. paũtas ’яйка, ядро’, лат. pàuts ’тс’ і далей з літ. puntù, puntaũ, pùsti ’набухаць’ (Мацэнаўэр, LF 14, 414). Гл. таксама Банькоўскі, 2, 522; Бязлай, 3, 19. Спробы аддзяліць форму *počьka ад іншых славянскіх слоў і аднесці да рус. чкатъ, чикать, чкнуть, прочкну́ться ’лопацца (пра пупышкі)’ (Міклашыч, 38; Бернекер, 1, 166) маюць пэўныя семантычныя падставы, бо ў аснове намінацыі — значэнне ’раскрывацца’, параўн. по́каць, по́кацца ’распускацца (пра пупышкі)’ (гл.) і паралельнае ўтварэнне ад пу́каць, пу́кацца лопацца’ — пучча ’кветаноснае сцябло, стрэлка’ (гл. пук). Параўн. по́каўка ’пупышка’ (Стан.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяць1 ’лічба пяць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Стан., Сл. ПЗБ), пʼяць ’тс’ (ТС), укр. пʼять, рус. пять, польск. pięć, чэш. pět, славац. рäť, каш. ṕińc, в.-луж. pjeć, н.-луж. pěš, палаб. pąt, славен. pẹ̑t, серб.-харв. pȇt, балг. пет, макед. пет, дыял. пент, ст.-слав. пѧть. Прасл. *pętь ’пяцёрка’, лічыцца вытворным ад *pętъ ’пяты’; роднаснае прус. penckts ’пяты’, літ. penkì ’пяць’, лат. pìeci ’тс’, гоц. fimf, ст.-в.-ням. fimfto, ням. fünfte ’тс’; сюды ж таксама ст.-інд. páñca, грэч. πέντε, лац. quīnque ’тс’ (Фасмер, 3, 426; Шустар-Шэўц, 2, 1074; Махэк₂, 447; БЕР, 5, 191; Глухак, 476–477; Сной₂, 509–510; ESJSt, 11, 643–644; ЕСУМ, 4, 652–653). Пра першасны назоўнікавы характар лічэбніка, на думку Банькоўскага (2, 569), сведчаць фразеалагізмы — польск. вілен. ni pięć, ni dziewięć, адпаведна ні ў пяць, ні ў дзесяць ’дрэнна і непапраўна (зрабіць)’ (Шат.), паралельныя да літ. nei penki, nei devyni ’ні тое, ні сее’.

Пяць2 ’напружваць, напінаць’ (ТСБМ), ’ціснуць, перці; пнуць, піхаць’ (Нас.), пя́цца ’напружвацца; праціскацца; тужыцца’ (Нас.; Сержп.; смарг., Сл. ПЗБ), пʼяцца ’пнуцца’ (ТС), пя́стысь, пясты́сь ’напружвацца’ (Сл. Брэс.); укр. пʼя́сти ’нацягваць’, рус. пять, польск. piąć, чэш. píti, славац. pnuť, в.-луж. pjeć, н.-луж. pěś, серб.-харв. пе́ти ’ўзнімаць’, славен. pẹ́ti ’нацягваць’, балг. пъ́на. Прасл. *pęti, *рьnǫ ’напружваць, напінаць’, роднаснае літ. pìnti ’плясці, скручваць’, лат. pît ’тс’, грэч. πένομαι ’працаваць’, гоц. spinnan ’прасці’, на аснове якіх рэканструюецца і.-е. *(s)pen‑ ’цягнуць, нацягваць’ (Махэк₂, 447; Фасмер, 3, 292; Шустар-Шэўц, 2, 1075; Глухак, 477–478; Сной₂, 510–511). Мартынаў (Язык, 81) лічыць, што першапачатковае тэрміналагічнае значэнне ’звіваць, прасці’, змененае пад уплывам прасл. *plesti (гл. плясці), што пераняло першаснае значэнне. Гл. таксама і пнуць, пнуццца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каме́ль1 ’ніжняя частка дрэва, расліны, якая прылягае да кораня’, ’перавязаны канец снапа, веніка і да т. п.’, ’аснова, тоўсты бок якой-небудзь рэчы’ (Нас., Маш., Мядзв., Бяльк., Сцяшк., ТСБМ, Гарэц., Бір. Дзярж.; КЭС, лаг.; Нік. Очерки; віц., Хрэст. дыял.; Федар. I; Растарг.; Сл. паўн.-зах.), ’каржакаваты, прысадзісты, здаровы чалавек’ (Др.-Падб.), камёлак ’тое ж аб дзецюку, аб кавалку дрэва’ (Нас., Бяльк., Юрч.), камлява́ты, камлякава́ты ’дужы, мажны’ (добр., Мат. Гом.; іўеў., Сцяшк. Сл.; віл., гродз., Сл. паўн.-зах.), шкл. камлюшок ’сцёрты венік’ (Мат. Маг.), камлі́, камле́, камлюкі́ ’валакно з ніжняй часткі трасты льну’, ’пачаскі з ніжняй часткі трасты льну’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. коме́ль, рус. раз., наўг. ка́мель, паўн.-рус., калуж., арл. ко́мель ’камель раслін, дрэў’, ’ствол дрэва’, перм. ко́мень ’ствол дрэва’; польск. аструдск., варм.-мазурск. komle ’пачаскі пасля першага часання жмені льну ад каранёў’. Такім чынам, лексема пашырана на прыбалт. арэале, і суф. ‑ель можна лічыць роднасным да ст.-прус. ‑elis, літ. ‑ė̃lis. Утворана ад komъ > ком, камя́к (гл.). Параўн. таксама літ. kamė́nas, kamíenas ’камель дрэва’, лат. kamans ’тс’. Літ-py гл. Фасмер, 2, 302, Шанскі, 2 (К), 228.

Каме́ль2, мазыр. коме́ль ’бязрогая карова’ (З нар. сл.), каме́зы ’тс’ (смал., КЭС), камёзы ’лабаты, бязрогі’ (Гарэц., Др.-Падб.), камёзасць (Гарэц.). Укр. комо́лий, рус. комо́лый, коматый ’тс’, перм. комёл ’бязрогі бык’; ст.-польск. komoły, польск. gomoły, в.-луж. gomoły, чэш. komolý, chomolý, мар. gomoľa ’бязрогая карова’, славен. komȏł ’бязрогі’, komólčen ’локцевы’, серб.-харв. ко̀молац ’локцевая косць’. Прасл. komolъ роднаснае да komъ ’камяк’. І.‑е. адпаведнікі: ст.-в.-ням. hamal, ст.-англ. hamola ’скалечаны’: ст.-грэч. κολοβός ’бязрогі’, хец. karmalussāi ’застацца пакалечаным, нерухомым’ (Махэк₂, 271; Фасмер, 2, 304; Слаўскі, 1, 315; Трубачоў, Эт. сл., 10. 174–175).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віз ’асётр, бялуга’ (Інстр. II), ст.-бел. визина ’бялужына’ (1582 г.). Укр. виз ’рыба, Acipenser schypa’; ’Huso Huso’, рус. визи́га, вязи́га ’сухажылле ў чырвоных рыб’; ’звязкі ўздоўж хрыбеціна’, виз ’важак у рыб, за якім ідзе касяк асятровых рыб’, польск. wyza, wyzina, в.-луж. wyz ’бялуга’, чэш. vyza velká ’тс’, vyza malá ’калуга’, славац. vyza ’асятровая прэснаводная рыба’, славен. víza ’Acipenser huso’, серб.-харв. виза, балг. виза. Прасл. vyzъ/vyza. Запазычанне з герм. мовы, якое сцвярджаецца этымолагамі (параўн. Гараеў, 48; Голуб, 342; Міклашыч, 398; Брукнер, 640; Махэк₂, 705; Кнежа, 782; Фасмер, J, 313; Шанскі, 1, В, 94; КЭСРЯ, 81; БЕР, 1, 146), вельмі няпэўнае. Ст.-бел. форма визина неабавязкова запазычана з польск. (як мяркуе Булыка, Запазыч., 62). Гэта нармальнае ўтварэнне на ‑ina са значэннем мяса; параўн. бараніна, свініна і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)