*Кале́шня, коле́шня і кол́эшня: ’гуменца для сена, саломы’ (кам., Нар. сл.), ’мякіннік, прыбудова да хлява, гумна’ (кам., Нар. сл.), ’паветка для калёс, плуга, бараны, саней’ (кам., брэсц., малар., пін., стол., Нар. сл.; Хар.), ’прыбудоўка, дзе знаходзілася майстэрня на колы, калёсы’ (пруж., кобр., драг., усх.-палес., Нар. сл.), ’дрывотня’ (зах.-палес., Нар. сл.; малар., Харузін). Фанетычны варыянт да калесьня ў падобных значэннях. Яшчэ Харузін (263) пісаў: «Слово колешня, по-видимому, стоит в прямой связи с общеславянским словом коло — круг, колесо». Паводле семантыкі — інавацыя, з падобнай фанетыкай адзначаецца і ў іншых, відавочна, укр. або блізкіх ім гаворках. Статус інавацыі не вельмі ясны. Параўн. укр. валын. колешня ’дрывотня’, гуц. ’вазоўня; таксама і для жывёлы пад адным дахам з хатай’, колішня ’двухколавы перадок у плузе’, рус. дан. ’першая пара быкоў, якая знаходзіцца непасрэдна каля пераду плуга’. Адносна суфіксацыі гл. яшчэ Сцяцко, Афікс. наз., 165–166.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аскялё́пак (Касп., Янк. II), аскалёпак (Янк. Мат., Бір.), осколёпокъ (Нас.), асыкалёпык (Бяльк.), ашкалёпак (Касп., КТС), аскалёбак (Янк. Мат.) кавалак дрэва, адсечаны абыякава ці выпадкова, трэска, асколак посуду’; аскалёпак дурны чалавек’ (КЭС, шкл., бярэз.). Рус. осколупок ’асколак’, укр. оскалок ’кавалак дрэва’, славен. oskalek стрэмка, трэска’. Слова, безумоўна, звязана з і.-е. *(s)kel‑/*(s)kol‑ ’рэзаць, ударыць’, які сустракаецца і з дэтэрмінатывам ‑р‑ ці ‑b‑ (Покарны, 923–926), аднак яго этымалогія ў беларускай мове выклікае значныя цяжкасці ў сувязі з тым, што рускі адпаведнік (магчыма, народнаэтымалагічна) звязаны хутчэй з колупать, а ўкраінскія і славенскія не маюць ‑р‑. Польск. osklepek частка кветкі; ракавіна’, калі і роднаснае слова, то не непасрэдна (у сувязі з семантыкай, дарэчы, прадстаўленай і ў іншых індаеўрапейскіх мовах). Гэта робіць аскялёпак адзіным славянскім прадстаўніком індаеўрапейскай асновы *(s)kelp‑, *(s)kolp‑ ці *(s)kolbh‑. Пра чалавека — пераносна (параўн. аскабалак).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Астрано́мія. Ст.-рус., ст.-слав. астрономиꙗ. Зыходнае слова — грэч. ἀστρονομία (’зорка’ + ’закон’). Непасрэдна з грэчаскай запазычана форма з націскам на перадапошнім складзе (Бярында: астрономи́я); націск на ‑но‑ ўказвае на лацінскую ці польскую крыніцу для сучасных беларускай, рускай, украінскай форм слова (Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 123; Булыка, Запазыч., 32). Недакладна Юргелевіч, 128; наўрад, ці праз рускую, як у Крукоўскага, Уплыў, 90. Астрано́м можна лічыць непасрэдным працягам старарускай формы: (XIII ст.) (Шанскі, 1, А, 167), таму думка Фасмера, 1, 94, пра запазычанне ў XVIII ст. недакладная; стараруская з грэчаскай. Паводле Булыкі, ст.-бел. астрономъ праз польскую з нямецкай. Астрало́гія — з грэчаскай (аднак тыя ж заўвагі пра націск, што і пра астраномія), гл. Фасмер, Этюды, 37. Пра словы астрономия, астрология ў старабеларускай гл. Гіст. мовы, 1, 146, 284; Гіст. лекс., 126, 219. Астрало́м ’астраном’ (Касп.) скажэнне, магчыма, у выніку кантамінацыі астраном і астралог.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туш 1 ‘кароткае музычнае прывітанне (на банкеце ці ўрачыстасці)’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Вруб.). Праз польскую (tusz) ці рускую (туш) мову з нова-в.-ням. Tusch ‘тс’, якое мае анаматапеічнае паходжанне (Голуб-Ліер, 494; Сной₂, 793; Чарных, 2, 274; Арол, 4, 123).

Туш 2 ‘фарба для чарчэння ці малявання’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Вруб.). Праз польскую (tusz) ці рускую (тушь) мову з ням. Tusche, якое ўзыходзіць да франц. toucher ‘датыкацца’ або непасрэдна з франц. touche ‘дотык’ (Фасмер, 4, 129; Голуб-Ліер, 494; Арол, 4, 124; ЕСУМ, 5, 688). Сюды ж тушава́ць ‘наносіць цені на малюнак, пакрываць тушоўкай’ (ТСБМ), якое з рус. тушева́ть ‘тс’ па ўзоры ням. tuschen ‘тс’, паводле Віткоўскага (Słownik, 188) — з польскай. Таго ж паходжання і рэтушава́ць ‘падпраўляць, падмалёўваць, заціраць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.) праз польск. retuszować з франц. retoucher ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 67; Глухак, 646).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́рмін 1 ‘пэўны прамежак, канец устаноўленага часу’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Шымк. Собр., Ласт., Гарэц., Сержп. Казкі, Касп.), ст.-бел. терминъ, тэрминъ, терменъ ‘тс’ (1577 г., ГСБМ). Запазычана праз ст.-польск. termin ‘тс’, што, у сваю чаргу, з лац. terminus ‘мяжа, канец’ (Булыка, Лекс. запазыч., 192), або непасрэдна адаптаванага з лацінскай тэрміналогіі, што шырока ўжывалася ў судовай практыцы ВКЛ, параўн. termini indiciarii terrestres = рокі судовые земские ад ст.-бел. рок ‘акрэслены, прызначаны час’ (Жлутка, 332). Сюды ж тэрміно́ва ‘ў хуткім часе’ (Варл.), тэрміно́вы ‘які не церпіць адкладу’, тэрмінава́ць ‘прызначыць тэрмін’ (Ласт.).

Тэ́рмін 2 ‘абазначэнне, назва пэўнага паняцця’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Сюды ж, магчыма, ст.-бел. термина, тармена ‘кароткі спіс, нататка’ (1574 г.), термината ‘тс’ (ГСБМ), ‘копія, прабел старонкі’ (Ст.-бел. лексікон), што звязаны з с.-лац. terminus ‘слова ў строга вызначаным сэнсе’, гл. ЕСУМ, 5, 554; Арол, 5, 63.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

усле́д, прысл. і прыназ.

1. прысл. Непасрэдна за кім‑, чым‑н. Над параходам з’явілася чайка і паляцела ўслед. Даніленка. На павароце Хмыль аглянуўся: расхінуўшы на грудзях кажушок, Мацей памалу ішоў услед. М. Стральцоў. / З прыназ. «за» ўтварае спалучэнне з Т. Наташа з дзяўчатамі вязала ў полі снапы ўслед за жняяркамі. Асіпенка. Услед за ёю [восенню] вецер закаханы Шэпча чараўніцы пра любоў. Скурко. Услед за статкам рушылі падводы і грузавікі з калгасным дабром. Якімовіч. // У напрамку каго‑, чаго‑н., што аддаляецца. Віця пастаяў трошкі, паглядзеў услед і павярнуўся ісці дахаты. Каліна. [Ляцяць] у вырай журавы. Услед махаюць крыллем кволым Кусты, лімонніцы, чмялі. Барадулін.

2. прысл. Наўздагон за кім‑н. Ссутуліўшыся, .. [яфрэйтар] кінуўся быў да машыны. Услед пасыпалася каменне. Лынькоў. — Ходзіць, зрэнкі заліўшы, і ўсе ў яго вінаватыя, а толькі не ён, — зняважліва кінула.. [пасажыру] ўслед буфетчыца. В. Вольскі.

3. прысл. У той жа момант, амаль адначасова. Выскаквалі з двароў дзеці, .. крычалі на ўсе галасы: «Вяселле едзе!» .. Выбягалі ўслед бабы, дзяўчаты. Лынькоў.

4. прыназ. з Д. У напрамку каго‑, чаго‑н., што аддаляецца. Арцём чамусьці скоса паглядзеў услед дзяўчыне і адвярнуўся спінай. Ракітны. Сэрца ў хлопчыка заб’ецца, Сам увесь ён задрыжыць, І сама душа, здаецца, Услед звону паляціць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

электры́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да электрычнасці. Электрычны зарад. Электрычнае поле. □ Для награвання газу ў камеры выкарыстоўваецца электрычны разрад выключнай магутнасці. «Маладосць». // перан. Нечаканы і моцны. Праняла электрычная дрож, Бацька сціснуў нервова нож І крануўся ісці да дзвярэй. Глебка.

2. Які праводзіць, дае электрычнасць. Электрычная батарэя. Электрычны акумулятар. □ Электрычная станцыя — не навіна, Сёння шмат іх па рэках стаіць, не адна. Куляшоў. // Звязаны з перадачай электраэнергіі, з яе рухам. Для таго, каб не парушыць электрычнай праводкі школьнага званка, паралельна яго выключальніку падключаюць электрычную разетку і замацоўваюць яе непасрэдна пад выключальнікам. «Маладосць».

3. Які дзейнічае пры дапамозе электрычнасці. Электрычны матор. Электрычная печ. □ Завод яшчэ стаяў, калі Рыгор увайшоў у майстэрні: не рухалі нядаўна спыненыя начною зменаю варштаты, не шыпелі разцы і зубілы, не ляскала электрычная тачылка. Гартны.

4. Які служыць для вырабу апаратуры, машын і пад., што працуюць на электрычнасці. Электрычная прамысловасць.

5. Звязаны з выкарыстаннем электраэнергіі. Электрычныя метады разведкі каштоўных выкапняў.

6. Які мае орган, што ўтварае разрады электрычнасці (пра рыб). Электрычны скат. Электрычны вугор.

•••

Электрычная дуга гл. дуга.

Электрычная іскра гл. іскра.

Электрычная лямпа гл. лямпа.

Электрычны імпульс гл. імпульс.

Электрычны стул — у ЗША — прыстасаванне для выканання смяротнага прыгавору пры дапамозе электрычнага току высокага напружання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пря́мо нареч.

1. пра́ма; (ровно) ро́ўна; (в прямом направлении) про́ста;

иди́те пря́мо на ту берёзу ідзі́це про́ста на ту́ю бяро́зу;

держа́ться пря́мо трыма́цца пра́ма (ро́ўна);

2. (непосредственно) про́ста, непасрэ́дна; (сразу) адра́зу;

начнём пря́мо с де́ла пачнём про́ста (адра́зу) са спра́вы;

3. (откровенно) про́ста, адкры́та, шчы́ра;

бу́дем говори́ть пря́мо бу́дзем гавары́ць про́ста (адкры́та, шчы́ра);

смотре́ть пря́мо в глаза́ кому́-л. глядзе́ць про́ста (адкры́та) у во́чы каму́-не́будзь;

4. (в знач. усилительного слова: истинно, подлинно, действительно) про́ста, про́ста-такі́;

он пря́мо геро́й ён про́ста геро́й;

пря́мо необходи́мо э́то сде́лать про́ста (про́ста-такі́) трэ́ба гэ́та зрабі́ць.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Ко́раб ’пасудзіна, сплеценая з лубу, саломы і пад.’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Нар. лекс., КЭС, лаг., Бяльк., Нар. сл., З нар. сл.), корабам стаць ’павялічыцца, расшырыцца (пра галаву)’ (Жыв. сл.), поўны кораб, сем корабаў, як з кораба ’у вялікай колькасці’ (ТСБМ). Укр. короб, рус. короб, ст.-рус. коробъ ’тс’, славен. kraba ’каробка’, польск. kroba ’плеценая каробка’. Мы не бачым магчымасці для рэканструкцыі прасл. korbъ, паколькі няма надзейных паўднёваславянскіх адпаведнікаў. Славен. kraba — новае запазычанне з іншых славянскіх моў (Безлай, 2, 77). Таму трэба вярнуцца да этымалогіі Міклашыча (130), згодна з якой у гэтым выпадку мы маем справу з запазычаннем з лац. corbis ’карзіна’ (непасрэдна або праз с.-в.-ням. korb ’тс’). Гл. таксама Бернекер, 1, 568–569; Брукнер, 267. Фасмер (2, 331), які зыходзіць выключна з фанетычных крытэрыяў, разглядае лацінскія, германскія і нават літ. kar̃bas, лат. kar̂ba як спрадвечна роднасныя са славянскімі. Параўн. Фрэнкель, 220, дзе балтыйскія лексемы лічацца славянізмамі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прытво́р 1, прытвуо́рок ’пярэдняя частка царквы непасрэдна за паперцю’ (ТСБМ; гарад., беласт., Сл. ПЗБ), ’сенцы, ганак’ (малар., пін., Нар. сл.), ’шула, да якога прычыняюцца вароты’ (ТС), ст.-бел. притворъ ’пярэдняя частка царквы, бабінец’. Укр. притво́р ’прытвор у царкве’; ’пярэдняя частка памяшкання’, ’вокны, дзверы’, рус. притво́р ’заходняя паперць царквы, дзе кормяць жабракоў’, дыял. ’прастора паміж адчыненымі дзвярамі і вушаком’, ’аканіца’, ’ніжняя частка дзвярных вушакоў; парог’; ст.-рус. притворъ ’порцік, каланада’, польск. przytwor, н.-луж. pśitwaŕ, славац. pitwor (з *pritvor — Махэк₂, 662), балг. при́твор, серб.-харв. при́твор ’невялікая загарадка для авечак’, ст.-слав. притворъ ’аркада’. Праслав. *pritvorъ, першапачаткова ’прыбудова’. Ад *pritvoriti, якое да прасл. *tvoriti, у ліку першасных значэнняў якога было ’будаваць’, гл. Фасмер, 3, 367; Скок, 3, 627; БЕР, 5, 736; ЕСУМ, 4; 580 (адрознівае аманімічныя ’частка царквы’ і ’дзверы, вокны’). Гл. таксама ESJSt, 12, 719.

Прытво́р 2 ’прыманка для пчол у пустым вуллі’ (ТС). Да твары́ць ’пырскаць, крапіць вулей’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)