чвя́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Утвараць гукі, характэрныя для хадзьбы па гразі, забалочаным месцы і пад. Ехалі [эскадроны] па лесе доўгім, вузкім ланцугом, чвякала пад конскімі нагамі гразь. Навуменка. Хоць дажджоў даўно не было, конь раз-пораз чвякаў у чорным балотным кісялі, груз да калень. Мележ. / у безас. ужыв. У кабінеце было светла, цёпла, і пасля вуліцы, дзе пад нагамі чвякала і хлюпала, .. Лёдзі здалося тут вельмі ўтульна. Карпаў.

2. Ісці па чым‑н. мокрым, гразкім, утвараючы характэрныя гукі. Тады ён [Юрка] пачуў, што ў яго недзе збоку нехта чвякае па гразі. Ходзіць... Пташнікаў.

3. Тое, што і чаўкаць (у 1 знач.). Булка тырчыць [у немца] з рота, рукі завязваюць торбу, перахопіць, ізноў адхваціў кус, жарэ, чвякае, цягне, нясе... Гарэцкі.

4. Падаць, утвараючы глухі, мяккі шум. Ускідваліся і ўскідваліся рыдлёўкі, чвякала і чвякала, падаючы, мокрая твань. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́ласць, ‑і, ж.

1. Здольнасць успрымаць знешнія раздражненні органамі пачуццяў. Чуласць пальцаў музыканта. □ [Нявідны] абярнуўся ў нежывога, страціўшага чуласць і прытомнасць чалавека. Колас. // Тонкае, вострае ўспрыманне. Вясна і праца выгналі з думак [Зосі] рэшткі хваравітай чуласці да ўспамінаў. Чорны. З чуласцю прыслухоўваецца .. [Ілька] да вясковых зыкаў, як скрыпяць вароты і стукаюць цапы, як спяваюць вясковыя, дзяўчаты. Каваль. // Адчувальнасць. Унутраная чуласць да навакольнага памагае герою зліць душу з прыродай, і, наадварот, тонкае адчуванне прыроды выклікае прыліў унутраных сіл і творчасці. Гіст. бел. сав. літ. Паэт валодае павышанай чуласцю да хараства жыцця, ён улюбёны ў родную прыроду, ва ўсё светлае, чыстае, высакароднае. Перкін.

2. Увага да людзей; спагадлівасць, спачувальнасць. Максім быў маўклівы, і за маўклівасцю яго недзе глыбока ў душы хавалася чуласць. Брыль. Максім Танк — паэт-лірык, які заўсёды вызначаўся чуласцю да гора і радасці народа. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчаці́ністы, ‑ая, ‑ае.

1. Пакрыты, зарослы густым шчаціннем (пра жывёл). Ні заду, ні кароткіх ног не было відаць, але ж бурая галава з шчаціністым хібам, натапыранымі вушамі, вялізнымі ікламі і маленькімі злоснымі вочкамі была жудаснай. Маўр. // Густа парослы кароткімі жорсткімі валасамі (пра твар). Дзіцячая рука сутаргава паднялася і жорстка кранулася.. шчаціністай шчакі салдата. Лынькоў. Мужчына прычмокнуў языком, і шчаціністы твар яго расплыўся ў шырокай ласкавай усмешцы. Няхай.

2. Жорсткі, цвёрды, які нагадвае шчацінне (пра валасы, поўсць). Смех недзе бушаваў у яго сярэдзіне, і ад яго толькі торгаліся шчаціністыя рудыя вусы. Сабаленка. Гэты рабочы быў худы з твару, аброслы шчаціністай барадой. Пестрак. // перан. Паверхня якога пакрыта чым‑н. калючым, што нагадвае шчацінне. А дома ў гэту самую пару рахманы верасень бесклапотна валочыцца за статкам кароў па шчаціністым іржэўніку. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

яны́, іх, ім, іх, імі, аб іх; займ. асаб. 3 ас. мн.

1. Ужываецца (з мэтай пазбегнуць паўтарэння) замест назоўніка множнага ліку, які ў папярэднія кантэксце абазначае прадмет гаворкі. І сыны адказ трымалі Перад бацькам родным, А стараўся з іх быць кожны Свайго бацькі годным. Купала. [Рыбнікаў:] Смерць героя не прыгнятае жывых, а кліча іх да новых подзвігаў. Крапіва. // (у спалучэнні са словамі: «самі», «самыя»). Іменна тыя, а не хто іншы; тыя самыя.

2. толькі Р. Ужываецца ў знач. прыналежная займенніка; іхні. Мартын таксама глянуў У дзедавы цёмныя вочы, адчуваючы іх уладу над сабою, і потым мімаволі апусціў свае вочы. Колас. Сцепуржынскі і Скуратовіч увайшлі ў дом праз чысты ход. Іх галасы ціха гулі недзе ў большым пакоі. Чорны.

3. У спалучэнні з часціцай «вось» набывае ўказальны характар. Вось яны — палі густыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бо́й, бо́ю, М у баі́; мн. баі́, баёў; м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. біцца (у 1 знач.); бітва, змаганне. Наступальны бой. Сустрэчны бой. Рукапашны бой. Поле бою. Разведка боем. Весці бой. Прыняць бой. □ Не паспеў Шутаў дапытаць палонных, як на паўднёвым баку [вёскі] узгарэўся бой. Мележ. У небе натужліва вылі і звінелі маторы, трашчалі кулямёты: недзе за хмарамі і дымам ішоў паветраны бой. Шамякін. Натапырыўшы пер’е.. [вераб’іха] падрыхтавалася да бою. Шуцько.

2. Барацьба, спаборніцтва. Кулачны бой. Бой быкоў. // перан. Барацьба з чым‑н., што перашкаджае ў жыцці, у працы. Тут моладзь з багнай бой вядзе. Смагаровіч.

3. Разм. Дзеянне паводле дзеясл. біць (у 7, 9 знач.). Стрэльба дакладнага бою. Барабанны бой. Бой курантаў.

4. зб. Разбітая, расколатая на кавалкі шкляная, гліняная і інш. пасуда, разбітыя прадметы.

•••

Бой-баба гл. баба.

Браць (узяць) з бою (боем) гл. браць.

Даць (даваць) бой гл. даць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

куля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

Пераварочвацца цераз галаву; перакульвацца. То адзін, то другі з хлапцоў бліскаючы пяткамі, куляўся цераз галаву. Самуйлёнак. // Разм. Падаць, пераварочваючыся. Воўка аніяк не мог утрымацца на лыжах і раз-поразу куляўся ў снег. Кавалёў. Навокал шугала ўгору зеленаватае полымя выбухаў, адзін за адным куляліся ў чорную прорву вагоны. Паслядовіч. // Бегчы, перавальваючыся то на пярэднія, то на заднія ногі (пра жывёл). Вымчаўся [бацька] на дарогу, аглянуўся — куляецца здалёк за ім якаясьці звярына: ні то воўк, ні то мядзведзь. Якімовіч. // Моцна хістацца, трапляючы то пярэднімі, то заднімі коламі ў яміны, калдобіны (пра сродкі перамяшчэння). Недзе на першай палове шляху шаша прападае, і аўтобус ужо бяжыць, куляецца па прасёлкавых дарогах. Ракітны. // Рабіць мёртвую пятлю; пераварочвацца верхняй часткай уніз і наадварот (пра самалёт). [Машыніст] заўважыў, што лётчык кідаецца з боку ў бок, куляецца, значыць, у яго бомбаў няма. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паро́цца, паруся, порашся, порацца; незак.

1. Калоць, пароць адзін аднаго чым‑н. вострым.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Бадацца. Каровы поруцца.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разрывацца, разыходзіцца ў шве. Сукенка порацца.

4. Капацца ў чым‑н., шукаючы чаго‑н. [Макрына] даўно выпаліла ў печы і паролася, перабірала ў плеценым з лучыны кашэліку. Баранавых. [Шандыбовіч] схапіў стаячую лямпу і пабег у сенцы. Там ён доўга недзе пароўся, нешта пераварочваў. Кулакоўскі. // Марудна рабіць што‑н., корпацца. Маці гэтак сама рыхтуе нам у Штутгоф пасылкі, бацька нібы порацца на гаспадарцы, а на самай справе цікуе, што творыцца навокал. Карпюк. // Капацца ў чым‑н., шукаючы якую‑н. няспраўнасць, пашкоджанне. Сам .. [Якаў] там мала што мог разабраць, хоць апошнія месяцы многа займаўся тэхнікай: і чытаў, і ў маторах штодня пароўся. Кулакоўскі.

5. Зал. да пароць (у 1, 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прэ́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае дастатковай колькасці солі або зусім пазбаўлены яе; не салёны. Прэсная вада. // Які змяшчае ў сабе такую ваду. Прэсныя азёры. □ Рачныя вугры большую частку жыцця праводзяць у прэсных вадаёмах і толькі для нерасту ідуць аж недзе ў акіян, пасля гэтага яны гінуць. Гурскі.

2. Прыгатаваны без дастатковай колькасці солі або цукру, кіслаты, прыпраў; які не мае пэўнага смаку. Юшка не ўдалася. Зварылі яе шмат, і таму не хапіла ні солі, ні спецый. Рыба, як трава, прэсная, не лезла ў горла. Асіпенка.

3. Прыгатаваны без закваскі, не квашаны. Прэсны хлеб. Прэсны корж.

4. перан. Пазбаўлены вастрыні, займальнасці, жывасці; сумны. Прэсныя жарты. □ — Не! Трэба нарэшце вырвацца з-пад улады гэтай прэснай ідыліі! Трэба ўзняцца над ёю самому і ўзняць, вырваць адгэтуль Люду! Брыль. Вядома, ён гаворыць і робіць усё правільна, але сам Туміловіч — чалавек сумны і прэсны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

угна́цца, уганюся, угонішся, угоніцца; пр. угнаўся, угналася; зак., за кім-чым.

1. Пабегчы так, каб дагнаць. Гаспадыня з крыкам выбягала на двор, каб угнацца за хлапчукамі. Лобан. — Угналася [суседава карова] за пашай Лыскай, а яна, ратуючыся, скочыла цераз плот і ўшчаміла нагу. Сабаленка.

2. (звычайна з адмоўем). Не адстаючы, ісці, бегчы за кім‑, чым‑н. або побач з кім‑, чым‑н. — За вамі не ўгнацца, — раптам прамовіў Уладзік, і толькі цяпер Андрыян Цітавіч заўважыў, што сапраўды ён ідзе вельмі шпарка. Марціновіч. Ні адзін конь не мог угнацца за рысаком. Сіняўскі. — Не ляці так. Мне за табою не ўгнацца. — Жонка гаварыла гэта ўжо недзе ззаду. Ваданосаў. // перан. Паспець за кім‑, чым‑н., зраўняцца з кім‑, чым‑н. — Гм! Глядзі, Саўка, ужо [хлопцы] носяць. За імі нідзе не ўгонішся, — заўважыў Шайдоб. Федасеенка. [Максім:] — Чорт яго ведае, як ляціць жыццё. Проста не ўгонішся... Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Туды́ ‘ў той бок, у тое месца, туды’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Шымк. Собр., Сержп. Прымхі, Пятк. 2, Бяльк., Шат., Касп., Мал., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ), ту́ды і туды́ ‘тс’ (Нас.), туда́ ‘тс’ (Федар. 1; лудз., шальч., Сл. ПЗБ), тудэ́ ‘тс’ (беласт., шчуч., драг., Сл. ПЗБ), ‘туды, там, той дарогай’ (Скарбы₂), ст.-бел. туды, туда, туде ‘тс’ (ГСБМ), сюды ж туды́ж‑тыкі ‘туды ж’ (Нас.), туды́ка ‘туды’ (Сцяшк.), туды́нака ‘тс’ (Жд. 2), туд ‘тс’ (ТС). Укр. туди́, туди́ка, туди́й, туди́йки, рус. туда́, дыял. туды́, туды́‑ка, стараж.-рус. туды ‘туды’, польск. tędy ‘сюдою’, дыял. tądy, каш. tądë, в.-луж. tud(y), н.-луж. tud ‘тут’, дыял. tuder, чэш. tudy ‘сюдою’, славац. tudito ‘гэтай дарогай, сюдою’, славен. tôdaj, tód ‘тут, сюдою’, старое харв. tudi, серб. ту̏д, ту̀да(р) ‘туды’, ‘тут’, ‘сюдою’, балг. тъдя́(ва)недзе тут, у гэтым месцы’, ст.-слав. тѫдоу, тѫдѣ ‘туды, тут, стуль’. Прасл. *tǫdy (з варыянтамі *todě, *tǫdu, *tǫda) утворана ад t‑асновы (як *kǫdě — ад k‑асновы), хутчэй за ўсё, ад формы *ta‑mo‑dě ў выніку гаплалагічнага скарачэння (ESSJ SG, 2, 696), ці ад праславянскага ўказ. займ. *tъ ‘гэты’ (з В. скл.) у форме *tǫ з рознымі часціцамі з элементам *‑d‑ (Борысь, 631), або ‑ǫd, які супастаўляюць з лац. unde ‘адкуль’, inde ‘адтуль’ (ЕСУМ, 5, 669). Паводле ESJSt (16, 974), слова няяснага паходжання. Сной₂ (790) дапускае першаснае значэнне ў прасл. *tudy ‘тут’, якое маецца ў прыслоўі *tu ‘тут’. З індаеўрапейскіх паралелей можна ўказаць на гоц. thadei ‘куды’. Ст.-прус. (is)stwendau ‘стуль’, якое прыводзіцца ў этымалагічнай літаратуры ў якасці адпаведніка stwendau ‘скуль’, фанетычна не зусім адпавядае прасл. tǫdy, паводле Мартынава (Прасл. яз., 28), зыходная форма рэканструюецца як ст.-прус. *istandau, паралельная прасл. *jьztǫdu ‘стуль’. Сюды ж спалучэнні сюды́‑туды́ ‘ў той і ў другі бок’, туды́‑сюды́ ‘сюды-туды’, ‘сыйдзе, нічога’, ‘куды-небудзь’, ‘там і сям’, ‘як-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Федар. 4, Растарг., Арх. Вяр., Бяльк., Байк. і Некр.), ‘далёка не адыходзячы’ (Варл.), ‘абы-як, нядбайна’ (Юрч. Сін.), ‘у розныя бакі’ (смарг., швянч., пух., астрав., Сл. ПЗБ), туда́‑сюда́, тудэ́‑сюдэ́ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. туды и сюды, туда и сюды, туды и сюда ‘ў той і другі бок’ (ГСБМ). Гл. таксама сюды́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)