Маладча́к1 ’малачай-сонцагляд, Euphorbia helioscopia L.’ (Мат. Гом.), малатча́к ’тс’ (гом., Кіс.), малайчак ’тс’ (Мат. Гом.). З укр. мовы, параўн. молоча́к ’малачай востры, Euphorbia esula L.’ Паяўленне ‑д‑ або ‑й‑ перад ‑чак абумоўлена распадабненнем ‑чч‑ > ‑тч‑ > ‑дч‑ (пры ад’ідэацыі малады́, малайчы́на). Падвойнае ‑чч‑ з ‑чjак: украінскі гук [ч] больш мяккі, чым беларускі. Гл. таксама малачня́к, малачча́к.

*Маладча́к2, малатча́к, малача́к, малачча́й ’малако ў рыб’ (Мат. Гом.). Да малако. Аб узнікненні ‑дч‑ гл. папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мандалі́на ’музычны шчыпковы інструмент з чатырма парамі струн’ (ТСБМ). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 84), запазычана з рус. мовы, якое з ням. Mandoline ці франц. mandoline < італ. mandolina. Апошняе з’яўляецца дэмінутывам да mandola ’мандаліна-альт’ (Фасмер, 2, 568) < ст.-італ. mandora < лац. pandūra ’трохструнны музычны інструмент’ (Голуб-Ліер, 301). Варш. сл. (2, 871) польск. mandolina (з якога магло быць запазычана і бел. слова) выводзіць з mando(r)la ’міндаль’ — паводле падабенства да яго быў названы музычны інструмент.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нібына́мкі ’няважна, пляваць’ (Некр.). Паводле Карскага (2–3, 69), утворана пры дапамозе суфікса ‑кі, аднак зыходная аснова няясная: нібы нам?, параўн. нібы штоняважна, абыякава’, нам нібы што = нам усёроўна. Малаверагодная сувязь з польск. bynajmniej ’па меншай меры, ва ўсякім выпадку’, параўн. бынаймней, бынамней ’калі б, чуць-чуць; без патрэбы; чуць не’ (Нас.), якую, аднак, нельга не прыняць пад увагу, калі дапусціць пераробку канца слова як у няупамкі (гл.), тады з ⁺ж бынамней ’нічуць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нішкну́ць ’маўчаць’ (Ян.), ні чхні́, ні шкні́ ’загад маўчаць’ (лоеў., Полымя, 1978, 5, 255), укр. ни́шкнути ’маўчаць’, рус. нишкну́ть, ничкну́ть, ничхну́ть, ни́шнуть ’тс’. Цёмнае слова, несумненна звязанае з ні́шкам, ’цішком, моўчкі’ (гл.). Паводле Фасмера (3, 77), з ні і шы́каць; у такім выпадку формы з ‑чх‑ — вынік народнаэтымалагічнага збліжэння з чыха́ць, чхаць, параўн. чхну́ць ’пыхнуць’: Сядзі і ні чхні, каб цябе ніхто і ні чуў! (Бяльк.), а формы з ‑чк‑, магчыма, з чыкаць ’цікаць’ (Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́сны (БРС, Байк. і Некр.), ’губы’ (Касп.), вусніна ’губа’ (Касп.), рус. маск. усти́на ’тс’, славен. ustna, ustnica ’губа’, ustni ’губы’, серб.-харв. у̏сна ’губа’, у̏сни мн. л., макед. усна ’губа’, усни мн. л., балг. у́стна ’губа’, мн. л. у́стни. Прасл. *ustьna ’губа’, вытворнае ад *usta (Махэк₂, 671) хутчэй за ўсё ў выніку семантычнага згортвання словазлучэння *ustьna gǫba > ustьna. Параўн. таксама Трубачоў, Слав. языкозн. 5, 177, дзе звяртаецца ўвага на беларуска-паўднёваславянскі характар слова. Гл. вуста.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярло́ма ’баршчоўнік сібірскі, Heracleum sibiricum L.’ (маг., Кіс.; Нас.), відавочна, экспрэсіўнае слова, якое можна звязаць з бел. вярлю́й ’мядзведзь’, серб.-харв. вр́љати ’кідаць’. Утворана ад вярнуць і ламаць (гл.), пры называнні падкрэсліваецца магутнасць расліны, яе моцнае сцябло; параўн. яшчэ маг. барэц (Кіс.), а таксама назвы з іншымі матывацыямі рус. опаль ад палить (пры дотыку да лісцяў на целе ўзнікаюць апёкі), рус. снидь (< снедь < ěsti ’есці’ — маладыя лісты ўжываюцца ў ежу ў якасці салата).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вільца ’вечарынка перад вяселлем у нявесты’ (Інстр. II). Укр. вильце́, ві́льце ’абрадавае дрэўца ўкраінскага вяселля: галіна хваіны або іншага дрэва, якая ўтыкаецца ў вясельны каравай і аздабляецца кветкамі, калоссямі, калінавай ягадай з хмелем, каляровымі ніткамі і паперай’. Да ві́лы (гл.). Слова ўзыходзіць да прасл. vidlo, якое пры дапамозе дэмінутыўнага суф. ‑ьce дало бел. вільца. Магчыма, бел. вільца запазычана з укр., якое паходзіць з ги́льце//гі́льце (< гі́лка ’галінка’) як вынік ілжэпратэзы гв.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гала́нка ’парода кароў, курэй’ (БРС). Параўн. рус. гола́нка, гала́нка, якое азначае ’галандскую гародніну’, а таксама ’пароду курэй, кароў, гатунак селядца і г. д.’ З гала́ндка < гол(л)андка; ад назвы краіны. Сюды ж і гала́ндка ’грубка’ (Сцяшк. МГ), рус. гала́нка ’тс’. Назва ўзнікла на базе словазлучэння тыпу голландская печь з дапамогай суфікса ‑к(а). Гл. Фасмер, 1, 385; Шанскі, 1, Г, 118. Прынамсі, для назвы ’грубкі’ крыніцай бел. слова з’яўляецца, магчыма, рус. назва.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ган ’недахоп’ (Нас., Касп.). Каспяровіч параўновае гэта слова з зага́на ’тс’. Аднак лепш параўноўваць (бо фармальна стаіць бліжэй) з укр. га́на ’бессаромнасць, сорам, ганьба’, польск. gana, чэш. hana і г. д., якія адносяцца да слав. *ganiti ’ганьбіць і да т. п.’ (бел. га́ніць, укр. га́нити, рус. дыял. га́нить, польск. ganić, чэш. haniti). Аб слав. *ganiti падрабязней гл. Слаўскі, 1, 254–255 (там і агляд літ-ры). Форма ган, мусіць, нейкае беларускае новаўтварэнне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́піць ’біць’, га́піцца ’біцца’ (Шатал.). Няяснае слова. Няма ў суседніх мовах. Этымалогія гэтай лексемы не можа пакуль што выходзіць за рамкі агульных меркаванняў і дагадак. Магчыма, гэта гукапераймальнае ўтварэнне (ад выклічніка тыпу ўкр. геп!, які перадае гук пры падзенні або ўдары: ге́пати ’ўдарыць; падаць з шумам і да т. п.’). А магчыма, ёсць і нейкая сувязь са словам тыпу ўкр. га́пка ’задняя частка цела, podex’: *гапіць < *’біць па задняй частцы цела’ (→ ’біць наогул’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)