Радзі́мец ’прыпадак з сутаргамі і стратай прытомнасці’ (ТСБМ, Нас., Гарэц.; сен., Гіл.), ’хвароба’ (Касп.), ’невядомы злы чалавек, чорт’ (Мат. Гом.), радзі́мец (ради́мец) ’нейкая хвароба, прыпадак у немаўлят’ (Раст.), радзі́мчык ’дзіцячая хвароба’ (Інстр. 2), ’мяккае месца на цемені ў нованароджанага дзіцяці’ (Арх. ГУ), рус. роди́мчик, роди́мец ’прыпадак з сутаргамі і стратай прытомнасці’, дыял. роди́мец, роди́мое, родиманец, укр. роди́мец, роди́мчик ’хвароба’. Ад радзі́мы ’прыродны, ад нараджэння’, да радзі́ць 1 (гл.), паколькі гэта пасляродавая хвароба. Відаць, табуізаваная назва, параўн. радзі́мец ’тутэйшы чалавек’, родзімы чолове́к ’свой, блізкі чалавек’ (ТС). Версія аб паходжанні ад назвы племені радзімічы (на карысць яе прыводзіцца паданне: радзімічы — ета месныя дреўнія людзі, якія дзелылі убействы, калі хто атказуваўся ат сваіх; параўн. таксама праклён каб цябе радзіміц забіў!, гл. Яшкін, Лекс. ландш., 204–205) падаецца малаверагоднай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́йба ’дарадчык’ (Сцяцко, Афікс. наз., 33). Ад раіць пры дапамозе суф. -ба. Значэнне асобы паводле дзеяння (там жа). Гл. ра́йца, ра́йка 2.

Райба́ ’раенне’ (Байк. і Некр.), ст.-бел. ройба ’тс’. Параўн. рус. дыял. ройба ’адлёт маладых пчаліных роеў’, польск. rójьba/rójka ’шуканне пчоламі новага месца пасялення, рою’. Вытворнае ад прасл. *roj < і.-е. *roi‑/*rei‑ ’ток, бег, імкненне, хуткасць’, што развіваецца ў *rějati ’віцца, лятаць’ (спачатку пра птушак, насякомых) — параўн. далейшае развіццё семантыкі ў бел. рэяць ’лятаць плаўна і лёгка, лунаць, развівацца’, рус. реять ’тс’. Форма райба́ прадстаўляе сабой аддзеяслоўнае ўтварэнне па мадэлі: пасці — пасьба, рэзаць — разьба, адпаведна рэяць — райба. Булыка (Лекс. запаз., 16) сцвярджае, што варыянт ройба (сустракаецца ў ст.-бел. помніках з 1540 г.) з’яўляецца запазычаннем з польскай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Расто́ка ’рытвіна, размытая веснавой вадой’ (Ласт.), ’паводка’ (Сцяшк. Сл.), ’месца, у якім шырыня ракі значна павялічваецца’ (Ластоўскі, Выбр. тв., 422), ’адліга’ (Сл. ПЗБ). Параўн. польск. roztoka ’вузкая даліна; ручай’, старое таксама ’адліга, разводдзе’, чэш., славац. ráztoka ’зліццё малых ручайкоў у большую плынь’, в.-луж. rostoka (roztoka) ’роў, па якім вада збіраецца ў плынь ці азярцо’, макед. растока ’разгалінаванне ракі’, расток ’разліў’. Прасл. *orztoka, што з *orz‑ (гл. рас-) і *tekti (гл. цячы, ток), гл. Шустар-Шэўц, 2, 1243. Махэк₂ (510) бачыць у чэшскай і славачкай назвах адлюстраванне погляду знізу, што прысутнічае ў славен. ráztoka ’кол з развілкай у плоце’, славац. ráztok ’развілістая галіна’, паводле Фурлан (Бязлай, 3, 160), у выніку змены nomen actionis > nomen acti з *(orz)točiti ’раздзяліць, развесці’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ру́шыцца ’скрануцца з месца, пачаць рух’, ’накіравацца’, ’абвальвацца’, ’разбурацца’ (ТСБМ), ’пачаць рух’, рушыць (ТСБМ), рушэнне ’паход’ (Гарэц. 1). Укр. ру́шити, руша́ти ’рухаць, варушыць’, рус. ру́шить ’разбураць’, польск. ruszyć ’рушыць, крануцца’, н.-луж. rušowaś ’бушаваць, шумець’, чэш. rušiti ’турбаваць (каго-небудзь), парушаць (цішыню)’, славац. rušiť ’крануцца, рушыць’, славен. rúšiti ’трэсці, калаціць, зносіць’, серб.-харв. ру̏шити ’разбураць’, балг. ру́ша ’тс’, ст.-слав. роушити ’тс’. Звязваюць з рух (гл.) і ў якасці індаеўрапейскіх адпаведнікаў прыводзяць літ. raũsti, rausiù, rausiaũ ’рыць, капацца’, лат. ràust, ‑šu, ‑su ’разграбаць, месці’, літ. rausis ’пячора’, rūỹs, rūsas ’пограб’, ст.-ісл. rúst ’руіны, разбураная сцяна’ і інш. (Фасмер, 3, 525). Борысь (528) узводзіць да *rušiti [< *ruchi‑ < *rou̯s‑ī‑] ’надаваць рух, папіхаць, рушыць, парушаць’, вытворнае ад незахаванага прасл. *rusti ’рыць, капаць, пераварочваць, парушаць (напрыклад, зямлю)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сме́цце ‘дробныя адкіды, рэшткі чаго-небудзь; драбяза’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Растарг., Сл. ПЗБ, Сержп., ЛА, 3, Касп., Сцяшк.), сме́цье ‘тс’ (ТС), смяццё ‘тс’ (Нас., Шымк. Собр., Ласт., Растарг., Сл. ПЗБ, Скарбы), сме́цейка ‘самае дрэннае зерне, якое пры веянні кладзецца перад мякінай’ (Шат.), ‘дрэннае, пашкоджанае зерне’ (Сл. Брэс.), сюды ж сме́тнік ‘месца для смецця, звалка’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС, Сл. ПЗБ). Параўн. укр. смі́ття ‘смецце’, рус. сме́тье ‘тс’, ‘мякіна’, польск. śmiecie, в.-луж. smjecie, чэш. smetí, smeť, славац. smet, серб.-харв. сме̑ће, смет, славен. smetjè, smet, балг., макед. смет ‘тс’. Прасл. *sъmetьje, *sъmetь. Ад *sъmesti (гл. месці) з суф. ‑ьjе, ‑ь, першапачаткова nomen actionis; гл. Слаўскі, SP, 1, 85; таксама Фасмер, 3, 687; Махэк₂, 361; Шустар-Шэўц, 1319; Сной₁, 584; Борысь, 618.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сусе́д ’чалавек, які жыве паблізу, побач або займае бліжэйшае месца’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Касп., Некр. і Байк., Бяльк., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Растарг.), сусе́дзь ’тс’ (Ян.), сасе́д, сасе́дзь ’тс’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. сусѣдъ ’тс’ (Карскі 1, 122), сусѣда ’тс’ (Альтбаўэр). Укр. сусі́д(а), рус. сосе́д, дыял. сусе́д, ст.-рус. сусѣдъ, польск. sąsiad, в.-луж. susod, н.-луж. sused, чэш. soused, славац. súsed, серб.-харв. су̏сјед, славен. sósẹd, балг. съсе́д, макед. сосед, ст.-слав. сѫсѣдъ. Прасл. *sǫsědъ ’сусед’, дэрыват з прыст. *sǫ‑ і назоўнікавым коранем *‑sěd‑ < *sěděti ’сядзець’; гл. Шустар-Шэўц, 1380, Фасмер, 3, 726; Трубачоў, Проспект, 80; ESSJ SG, 1, 240. Борысь (540) разглядае як аддзеяслоўны назоўнік ад *sъ‑sěsti (sę) ’сесці разам, побач’, першапачаткова як назва дзеяння з наступным пераходам *sъ‑ > *sǫ‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

насі́ць, нашу́, но́сіш, но́сіць; но́шаны; незак.

1. каго-што. Тое, што і несці¹ (у 1 знач.), але абазначае дзеянне, якое пастаянна паўтараецца, адбываецца ў розных напрамках і ў розны час.

Н. бульбу ў склеп.

Н. дзіця на руках.

2. што. Адзявацца пэўным чынам, надзяваць на сябе, а таксама мець на сабе.

Н. светлыя сукенкі.

Н. акуляры.

Н. бараду.

3. што. Трымаць, мець заўсёды пры сабе.

Н. пашпарт у кішэні.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Перамяшчаць з месца на месца сілай свайго руху (пра вецер, ваду і пад.).

Вецер носіць лісце.

5. што. Мець якое-н. імя, прозвішча, званне, тытул і пад.

Н. прозвішча мужа.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Мець адзнакі чаго-н., характарызавацца чым-н.

Спрэчка насіла востры характар.

7. перан., што. Утрымліваць у сабе; адчуваць што-н., думаць пра што-н.

Н. надзею на выздараўленне.

8. (звычайна ў спалучэнні са словамі «пад сэрцам»), каго (што). Быць цяжарнай.

Н. дзіця пад сэрцам.

9. што. Трымаць у нейкім становішчы.

Н. руку на павязцы.

10. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Збіраць на кветках і дастаўляць у вулей (пра пчол).

Жывуць пчолкі і мядок носяць.

11. перан. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Мець адзнакі, характэрныя рысы чаго-н., якога-н. часу.

Будынак носіць сляды грэчаскай архітэктуры.

12. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Мець якую-н. прысвоеную назву, імя якога-н. дзеяча.

Мінскі педуніверсітэт носіць імя Максіма Танка.

13. што. Адлюстроўваць пэўны ўнутраны стан.

Бледны твар яго заўсёды насіў выраз разгубленасці.

◊

Да пары збан ваду носіць (разм.) — усё мае свой час.

Дзе цябе (вас) бог носіць? (разм., жарт.) — здзіўленне пры сустрэчы, калі доўга не бачыліся.

За плячамі не насіць (разм.) — аб чым-н. такім, што не абцяжарвае.

Насіць на руках каго (разм.) — надта песціць каго-н.; балаваць.

|| наз. нашэ́нне, -я, н. (да 1 і 2 знач.) і но́ска, -і, ДМ но́сцы, ж. (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

стая́ць, стаю́, стаі́ш, стаі́ць; стаі́м, стаіце́, стая́ць; стой; незак.

1. Знаходзіцца ў вертыкальным становішчы, не рухаючыся з месца.

С. пад страхой.

С. бокам.

Кветкі с. у вазе.

2. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Быць пастаўленым, знаходзіцца дзе-н.

Хата стаіць наводшыбе.

Школа стаяла на ўзгорку.

Талеркі стаяць на стале.

3. Быць, знаходзіцца, займаючы якое-н. становішча, выконваючы якую-н. работу, абавязкі.

С. на чале завода.

С. на варце інтарэсаў народа.

4. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Не працаваць, не дзейнічаць (пра прадпрыемства, механізмы і пад.).

Фабрыка стаяла цэлы квартал.

Гадзіннік стаяў.

5. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Быць, знаходзіцца, мець месца.

Вечарамі стаіць цішыня.

Стаяла глыбокая ноч.

Зіма стаяла марозная.

У дзённіку стаіць пяцёрка.

На пасылцы стаяла ўчарашняя дата.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Мець патрэбу ў разглядзе, вырашэнні, пераадоленні.

Перад дэпутатамі стаяць пачэсныя задачы.

Стаіць пытанне аб укараненні новага абсталявання.

7. Мець часовае месцазнаходжанне, размяшчацца дзе-н.

У вёсцы стаяў гарнізон.

8. Мужна і стойка трымацца ў баі, вытрымліваць націск.

Горад мужна стаяў да апошняга.

9. перан., за каго-што. Дзейнічаць у чыіх-н. інтарэсах, змагацца на чыім-н. баку, абараняць каго-, што-н.

С. за мірнае вырашэнне праблем.

С. гарой за сяброў.

10. Пастаянна быць у памяці, перад вачамі (пра думкі, уяўленні і пад.).

Вобраз героя стаіць у галаве.

11. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Не псавацца, захоўвацца.

Варэнне будзе с. доўга.

12. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Трымацца на якім-н. узроўні; займаць якое-н. становішча.

Вада стаіць на адным узроўні.

Стрэлкі гадзінніка стаялі на сямі.

13. стой(це), ужыв. таксама:

1) у знач. пачакай(це), не спяшайся (спяшайцеся);

2) як выражэнне нязгоды, здзіўлення, прыпамінання чаго-н.

Стойце, трэба лепш абмеркаваць!

◊

Стаяць на сваім — упарта, настойліва адстойваць свой погляд, сваю думку.

Стаяць на цвёрдай глебе — мець трывалую аснову для сваіх планаў, спраў і пад.

Як стой (як стаіць) (разм.) —

1) вельмі хутка; адразу;

2) без нічога, без рэчаў.

|| зак. пастая́ць, -таю́, -таі́ш, -таі́ць; -таі́м, -таіце́, -тая́ць; -то́й (да 9 знач.).

|| наз. стая́нне, -я, н. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

во́льны, -ая, -ае.

1. Свабодны, незалежны.

Вольныя людзі.

Вольная праца.

2. Свабодны, нічым не абмежаваны.

Вольнае жыццё.

В. вецер.

Вольнаму воля (пра чалавека, які можа паступаць па сваім меркаванні).

3. Нікім, нічым не заняты.

Вольнае месца ў вагоне.

Вольная пасада (вакантная). Вольная хвіліна.

4. Не абмежаваны якімі-н. перашкодамі, прадметамі, бязмежны; які знаходзіцца на свабодзе.

В. акіян.

В. ход.

5. Не абмежаваны якімі-н. правіламі, законам.

В. продаж сельскагаспадарчых прадуктаў.

6. Нястрыманы, які выходзіць за межы прынятых норм.

Вольнае абыходжанне.

7. Свабодалюбны.

Вольная думка, натура.

8. Не заціснуты, не замацаваны ў чым-н.

В. канец вяроўкі.

○

Вольныя рухі або практыкаванні — гімнастычныя практыкаванні без прылад.

Вольны верш — від рыфмаванага сілаба-танічнага верша, у якім у адвольнай паслядоўнасці спалучаюцца радкі з рознай колькасцю стоп.

Вольны горад — самастойны горад-дзяржава ў Сярэднія вякі.

Вольны пераклад — не літаральны пераклад.

Вольны стыль — у спартыўных спаборніцтвах: стыль плавання, які выбірае сам плывец.

Па вольным найме — аб службе неваенных у ваеннай установе.

|| наз. во́льнасць, -і, ж. (да 2, 5 і 7 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

перасадзі́ць, -саджу́, -са́дзіш, -са́дзіць; -са́джаны; зак.

1. каго (што). Прымусіць перасесці, пасадзіць на іншае месца, прапанаваць абмяняцца месцамі.

П. вучня на першую парту. П. пасажыраў з аднаго аўтобуса ў другі.

2. што. Выкапаўшы (расліну), пасадзіць у іншым месцы.

П. кветкі.

3. што. Зрэзаўшы, або выразаўшы (частку косці, тканкі, орган), перанесці для прыжыўлення на іншым месцы або ў другім арганізме.

П. нырку.

4. што. Насадзіць, надзець на што-н. другое.

П. сякеру на другое тапарышча.

5. каго (што). Памагчы каму-н. пералезці цераз што-н.

П. дзіця цераз парог.

6. каго-што. Пасадзіць усё, многае або ўсіх, многіх.

За свой век ён многа дрэў перасадзіў.

Акупанты перасадзілі ў турмы нямала людзей.

|| незак. пераса́джваць, -аю, -аеш, -ае (да 1—5 знач.).

|| наз. пераса́джванне, -я, н. (да 2 і 3 знач.) і пераса́дка, -і, ДМ -дцы, ж. (да 1—4 знач.).

Зрабіць перасадку пасажыраў на другі самалёт.

Перасадка дрэў.

Перасадка скуры.

|| прым. пераса́дачны, -ая, -ае (да 2 знач.).

П. матэрыял.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)