адпаве́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Патрэбны, які падыходзіць для дадзенага выпадку. Палкоўнік у адпаведных месцах усміхаўся, .. часам нават у знак згоды злёгку ківаў галавой. Лынькоў. [Марыне Паўлаўне], відаць, .. [цяжка] было знайсці адпаведны тон — яна баялася, каб не раззлаваць.. [Карызну]. Зарэцкі.
2. Які адпавядае чаму‑н. Як вядома, многія словы ў беларускай мове адрозніваюцца паміж сабою толькі па цвёрдасці або мяккасці адпаведных зычных. Юргелевіч. На адпаведных паваротах рэчкі, паміж двума радамі чароту паказалася святло фараў. Брыль. // Які вынікае з чаго‑н. папярэдняга. Пленум прыняў па дакладзе адпаведную пастанову. □ Сцёпка замяўся, а стрэлачнік атакаваў яго яшчэ больш энергічна, зрабіўшы з гэтага адпаведны вывад. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
арыгіна́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які з’яўляецца арыгіналам (у 1 знач.); сапраўдны, першапачатковы. Арыгінальны рукапіс.
2. Створаны самастойна; не запазычаны, не перакладны. Арыгінальнае мастацкае рашэнне. Арыгінальны рэпертуар. □ Цікавымі паэтычнымі творамі з’яўляюцца першыя арыгінальныя беларускія байкі. Казека.
3. Непадобны да іншых, самабытны. Арыгінальны падыход. □ Адчувалася, што.. ў.. [Чорнага] ёсць свежыя назіранні і сваё, арыгінальнае ўспрыманне свету. Барсток. [Ваброў:] — Я хачу толькі сказаць, калегі, што думка Івана Іванавіча вельмі арыгінальная. Гамолка. // Своеасаблівы, незвычайны. Нават форма цела ў ментуза надзвычай арыгінальная: вялікая, сплюснутая спераду галава, шырокая пашча з мясістымі, тоўстымі губамі, кароткія вусікі на падбародку. Матрунёнак. Твор [«Вялікае сэрца»] пачынаецца з арыгінальнай дэталі, якая адразу характарызуе галоўнага героя. Луфераў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
арэ́на, ‑ы, ж.
1. Пакрытая пяском ці апілкамі круглая пляцоўка пасярэдзіне цырка, на якой паказваюцца цыркавыя нумар. У цырку Вараны быў у жанглёра... У волкі аўса, не знаў на працы зморы: Па крузе толькі ён арэну абягаў. Корбан. // перан.; чаго. Месца, дзе адбываецца што‑н. Зямля Беларусі не раз была арэнай жорсткіх бітваў, не адна варожая зграя палягла.. пад ударамі з’яднаных сіл рускіх, беларусаў, украінцаў. Хромчанка.
2. перан.; чаго або якая. Ніва, галіна дзейнасці. Літаратурная арэна. Арэна інтэлектуальнай дзейнасці. Арэна барацьбы. Працоўная арэна. Шахматная арэна. □ Незвычайна шырокая і разнастайная ў сучасных умовах дзейнасць нашай партыі на міжнародны арэне. Брэжнеў.
[Лац. arena — пясок.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
асталява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.
Пасяліцца, асесці. Адным словам, жыхарства гэтай вёскі выяўляла сабою праўдзівых дзяцей лесу, якія як бы зусім яшчэ нядаўна асталяваліся тут і толькі што пераходзілі ад аднае формы жыцця да другой. Колас. // Уладкавацца на працу, кватэру і пад. Назаўтра к вечару ён [Сашка] ужо асталяваўся і на працы і на кватэры, так што к дванаццаці гадзінам ночы быў ужо вольны. Чорны. // Размясціцца, спыніцца. Незадаволеныя, мы пачалі аглядвацца і перамаўляцца, ці не лепш асталявацца ў якім-небудзь гумне. Марціновіч. // перан. З’явіўшыся, замацавацца. Ад нараджэння ў нутры маім вечным госцем асталявалася гультайства. Пальчэўскі. На хмурных дарогах надоўга асталявалася восень. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ацані́ць, ацаню, ацэніш, ацаніць; зак., каго-што.
1. Назначыць цану чаму‑н.; вызначыць вартасць чаго‑н. [Несцяровіч краўцу:] — Ацэнім тваю хату і за яе табе будаўніцтва сплаціць. Чорны.
2. перан. Даць ацэнку каму‑, чаму‑н., выказаць сваю думку пра што‑н., вызначыць ролю, характар каго‑, чаго‑н. — Смутак, напрыклад, можа мець апраўданне, што для таго ён, каб пасля яго больш ацаніць радасць. Чорны. Арон хутка ацаніў становішча. Мурашка. // Прызнаць станоўчыя якасці, каштоўнасць і пад. каго‑, чаго‑н. Не! Ніхто, толькі яна [пані] сама сябе можа ацаніць. Бядуля. Свет не бачыў падобнай мастацкай рукі: хай ацэняць цудоўны кілім мастакі... Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
азірну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Павярнуўшыся, аглянуцца, паглядзець назад. [Пятрусь] азірнуўся назад: маці працягвала ўдагонку яму рукі, яе падтрымлівала чарнакудрая дзяўчынка. Каваль.
2. Паглядзець вакол сябе; агледзецца. Толькі выбіўшыся з сілы, задыханы,.. [Грэчка] спыніўся і азірнуўся навокал. Мележ. Хлопчык схаваў бязмен пад кашулю, высунуў галаву з дзвярэй на двор, азірнуўся ва ўсе бакі і, колькі духу, памчаўся па сцежцы на загуменне. Брыль. / у перан. ужыв. О, як бы я хацеў спачатку Дарогу жыцця па парадку Прайсці яшчэ раз, азірнуцца, Сабраць з дарог каменні тыя, Што губяць сілы маладыя. Колас.
•••
Не паспееш (не паспеў, не паспела) азірнуцца, як... гл. паспець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
выда́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які вылучаецца сярод іншых, славуты; шырока вядомы. Выдатны дзеяч навукі. □ На сценах вісела некалькі плакатаў і партрэтаў выдатных палітычных дзеячаў. Колас.
2. Незвычайны, выключны. Выдатны розум. Выдатныя здольнасці. □ Рысы.. твару [Аксёна Каля] строгія, нават халодныя. Вочы ўдумлівыя, і ўся сухарлявая і моцная постаць выкрывае ў ім чалавека выдатнага. Колас. // Знамянальны. Выдатныя старонкі летапісу партызанскай барацьбы.
3. Вельмі добры. Выдатная ацэнка. Выдатны матэрыял. Выдатная вучоба. □ [Валодзя:] — Мая брыгада будзе і далей даваць толькі выдатную прадукцыю. Крапіва. Гэта той самы бярэзнік, дзе летась наш дзядзька, ходзячы па грыбах, напаў на неруш і набраў цэлую сявеньку выдатных баравікоў-бярозавікаў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кватэ́ра, ‑ы, ж.
1. Частка жылога дома, якая складаецца звычайна з некалькіх пакояў і мае асобны выхад. Двухпакаёвая кватэра. □ Кватэра Белавуса не багата абстаўлена, але ўтульная і чыстая. Гурскі. // Жылое памяшканне, жыллё наогул. Вырашыць пытанне з кватэрай. // Памяшканне, якое часова наймаецца для жылля. Жыць на кватэры. Наймаць кватэру.
2. Уст. Лясніцтва, памяшканне, дзе жыў ляснічы. Міхал ступіў на двор кватэры З душою, згрызенай без меры. Колас.
3. толькі мн. (кватэ́ры, ‑тэр). Месца размяшчэння войск у населеным пункце. Размясціцца на зімнія кватэры.
•••
Галоўная кватэра (уст.) — месца прабывання галоўнакамандуючага і яго штаба ў час вайны; стаўка.
Стаць на кватэру гл. стаць.
[Ням. Quatier.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ко́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да коней, прызначаны для іх. Конны двор. Конны кірмаш. // Звязаны з развядзеннем пародзістых коней. Конны завод.
2. Які прыводзіцца ў рух коньмі. Конны плуг. Конныя граблі.
3. Які мае адносіны да конніцы, складаецца з коннікаў. Конная армія. Конны ўзвод. Конны атрад.
4. Звязаны з яздой на конях. Конны спорт. Конная разведка. Конная эстафета. // Які едзе на кані. Як толькі людзі ступалі пад арку брамы, дык усе яны, і пешыя і конныя, нават важныя чыноўнікі і акалодачныя, знімалі шапкі і капелюшы. Колас.
5. у знач. наз. ко́нны, ‑ага, м. Коннік. Пешы коннаму не таварыш. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
купа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Апусціўшыся ў ваду, абмывацца, плаваць, асвяжацца. Купацца ў рацэ. □ З тысяч і тысяч людзей на пляжы купаліся толькі рэдкія адзінкі. Лынькоў. // Апускацца ў што‑н. вадкае, сыпкае. Свінні купаюцца ў лужыне. □ Стаяла на пагодзе. Млелі і купаліся ў гарачым пяску куры. Адамчык.
2. перан.; у чым. Мець, скарыстоўваць чаго‑н. залішне многа. У малацэ купаецца. □ — Правільна... Яна вунь у грашах купаецца, не ведае, што на сябе апранаць, — столькі трантаў. Мыслівец. // Цешыцца, мець асалоду ад чаго‑н. Некалькі дзён думкі яе [Зоські] купаюцца ў сонечных хвалях радасці: Сымонка яе не забыў. Бядуля.
•••
Купацца ў крыві — учыняць масавыя забойствы, пакаранні.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)