нія́кі, ‑ая, ‑ае, займ. адмоўны.

1. Які б ні быў; ніводны (ужываецца ў адмоўных сказах). Нявідны не цешыў сябе ніякімі ілюзіямі. Колас. Ніякая работа, калі яна работа, не бывае марнаю. Мы не даробім, даробіць нехта. Арабей. Заімшэлыя сцены аселі, і вельмі можа быць, што ўжо гады два ніякая жывая душа тут не была. Чорны.

2. Разм. У спалучэнні з часціцай «не» ужываецца для адмаўлення якасці, уласцівасці ў значэнні: зусім не. — Ніякі я не піяніст, проста аматар музыкі, — адказаў на маё пытанне Платон Іванавіч. Пальчэўскі. Ён быў ніякі не стары, гэты балбатлівы шавец, яму, напэўна, і за сорак яшчэ не пераваліла. Васілёнак.

•••

Ніякі род гл. род.

Без нічога ніякага гл. нішто ​1.

Не вытрымліваць ніякай крытыкі гл. вытрымліваць.

Ніякім чынам гл. чын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нязгра́бны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае несуразмерную, непрапарцыянальную постаць, форму; няскладны, нястройны. [Аня] вельмі змянілася: папаўнела, пахарашэла, пабыла тую няўлоўную жаночую чароўнасць, якой не хапала ёй дзесяць гадоў назад. Тады яна находзіла больш на нязграбнага хударлявага падлетка, чым на дарослую дзяўчыну. Васілевіч. У карчме амаль на самай сярэдзіне стаіць вялізная нязграбная грубка. Пестрак. Фурманкі пасталі. Завязалася гутарка. З вазоў пазлазілі нязграбныя .. дзядзькі. Мурашка.

2. Няспрытны, непаваротлівы. Здалёку пачулася нейкае няроўнае чвяканне, быццам нехта цяжкі і нязграбны прабіраецца па багністай і гразкай глебе. В. Вольскі. Сутычка з карчом была немінучая; праскочыць з такім нязграбным чаўном было ўжо нельга. Маўр.

3. перан. Пазбаўлены лагічнай паслядоўнасці; няскладны. Ні пра падгляд, ні пра падказ Мы думаць больш не смелі І свой нязграбны пераказ Пісалі, як ўмелі. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераляжа́ць, ‑ляжу, ‑ляжыш, ‑ляжыць; ‑ляжыш, ‑лежыце і перале́жаць, ‑лежу, ‑лежыш, ‑лежыць; зак.

1. Праляжаць вельмі доўга, даўжэй, чым трэба. Пераляжаць на сонцы. // Сапсавацца ад доўгага ляжання. Агуркі пераляжалі. □ Лён, які тут добра радзіў, таксама не кожны раз даводзіўся да ладу — то перастаіць у загоне, то пералежыць на сцелішчы. Машара.

2. што і без дап. Лежачы, перачакаць што‑н. Пераляжаць бамбёжку. □ [Кандрат:] — Мне лепш пераляжаць дзень у разоры, а там з вечара нешта трэба будзе прыдумаць. Лобан. [Шура] ужо намерыўся шуснуць у вулачку, на агароды, каб пераляжаць дзень дзе-небудзь у кіяшніку. Навуменка. Не знаю, Як доўгую ноч пералежаць: Так цягне прайсціся па золкай расе! Свірка.

3. каго. Разм. Праляжаць даўжэй за каго‑н. Пераляжаць усіх на пляжы.

4. што. Адлежаць да здранцвення. Пераляжаць руку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

недахо́п, ‑у, м.

1. Памылка, хіба; недасканаласць чаго‑н. Новы парторг праўдзіва і адкрыта расказвае пра недахопы .., пра тыя цяжкасці, якія перажывае будоўля. Дадзіёмаў. Паказваць на недахопы, вядома, лягчэй, чым выпраўляць іх. Шамякін. // Фізічная загана; вада. У Косці Грушэўскага быў адзін фізічны недахоп, які хутка і даў аб сабе знаць.. У апошнія дні вайны яго раніла ў лёгкае. Карпюк. // Адмоўная рыса ў каго‑н. Пры ўсіх сваіх недахопах Рыгор Карпавіч меў адну вельмі станоўчую рысу: ніколі не хлусіў самому сабе, заўсёды дашукваўся прычыны сваіх паводзін. Шыцік.

2. Адсутнасць неабходнай колькасці каго‑, чаго‑н.; патрэба ў кім‑, чым‑н. Недахоп вільгаці ў глебе. Недахоп часу. □ У адным з баёў на Заходнім фронце дывізія Старобінскага, з-за недахопу патронаў, вымушана была адступіць. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неўгамо́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не можа супакоіцца, утаймавацца; вельмі рухавы. Неўгамонныя дзеці. □ Журботныя думкі навявалі гэтыя могілкі сваёю закінутасцю і адзіноцтвам. Толькі неўгамонныя птушкі парушалі зняменне і цішыню. Колас. Дагасалі ліхтарыкі светлякоў, неўгамонныя матылі кідаліся над вогнішчам і трапяткімі пялёсткамі падалі на росную траву. Самуйлёнак. // Які не спыняецца, не змаўкае. Цішыня, толькі неўгамонны шум мора і соснаў парушаюць яе. Хадкевіч.

2. Неспакойны, турботны. Пасёлак спіць, і ціха ўсюды, Хіба што ў хаце дзе якой Дзіця заплача з перапуду Ці птушка свісне за ракой. І толькі ў дзедавай каморы У тон знямелае цішы Дзве неўгамонныя душы Вядуць сакрэтна разгаворы. Колас. Шумлівы, прыветны, вясёлы, бадзёры, Красуйся, жыццём неўгамонным бурлі, Адноўлены горад мой, сонечны горад — Адзін з прыгажэйшых на нашай зямлі. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́шка 1, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Памянш. да муха.

2. перан. Наклееная або намаляваная чорная крапінка на твары ў выглядзе радзімкі.

3. Упрыгожванне ў выглядзе круглага вузялка, кропкі на празрыстай тканіне. Твар госці хаваў цёмны, з мушкамі, вельмі густы вэлюм. Караткевіч.

•••

Шпанская мушка — тое, што і шпанская муха (гл. муха).

му́шка 2, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Частка прыцэльнага прыстасавання ў ручной агнястрэльнай зброі, размешчаная на пярэдняй частцы ствала. Чыстай марлечкай [салдат] старанна выцер шкло прыцэла, мушку. Шамякін. Чыжык прыцэліўся, але рукі дрыжалі і ўвесь час неспакойна скакала мушка. Лупсякоў. [Партызан] ужо даўно сачыў за .. эсэсаўцам, і пры кожным яго руху пераносіў мушку то ўлева, то ўправа. Шчарбатаў.

•••

Браць (узяць) на мушку гл. браць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

1. З сілай удараць, біць па чым‑н. або ў што‑н. Перыць нагою ў дзверы. □ — Аддай молат Сцяпану. Ён ужо налаўчыўся, а то перыш у адно месца, як таўкачом у ступу. Чарнышэвіч. Ні з таго ні з сяго [конік] пачаў перыць пярэднім капытом па вадзе, толькі пырскі ляцелі на жывот, даставалі да маіх ног. Дамашэвіч. // каго. Вельмі моцна біць, лупцаваць каго‑н. Сваімі адносінамі бацька як бы даў патачку Анісі, і яна часта без дай прычыны перыла пасынка. Сабаленка. — А помніш, як цябе крывашыі Лявон палкаю перыў за яблыкі? — не вытрымаў Піліпка. Навуменка.

2. што. Абл. Выбіваць што‑н. пранікам. Потым на зэдліках перылі палатно — нізка над рэчкаю плыў ляскат. Стаялі жанчыны па калені ў вадзе, падаткнуўшы за пояс краі падолаў. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крык, ‑у, м.

1. Вельмі моцны, рэзкі гук голасу. Бывала, ўлетку, ў час рабочы Не раз там чуўся крык вясёлы: — Го, тата! дзядзька! выйшлі пчолы! Колас. // Плач уголас (пра дзяцей). — Ма-ма! — даляцеў адчайны дзіцячы крык, перамешаны з плачам. Васілевіч. // Пра рэзкія гукі, якія ўтвараюцца птушкамі, жывёламі. Жураўліны крык. □ Луналі чайкі ў сінім паднябессі І крыкам нас віталі з вышыні. Аўрамчык.

2. перан.; чаго. Моцнае праяўленне якога‑н. пачуцця. — Страшна! — тут ужо Іван Васільевіч насцярожыўся, бо словы дачкі не здаліся жартам — крык душы. Шамякін.

3. Папрокі, нападкі рэзкім, павышаным тонам; сварка, лаянка. Падняць крык. □ — С-слухай... як цябе там... танцор... Ведаеш, не магу я глядзець на тваю работу... — І перайшоў на крык, прарэзлівы, хрыплы: — Брыгадзір! Дзе брыгадзір?! Вышынскі.

•••

(Апошні) крык моды — пра модную навінку [пераклад з фр. dernier cri (de la mode).]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лі́шні, ‑яя, ‑яе.

1. Які перавышае патрэбную ці ўстаноўленую колькасць, норму. Лішні экземпляр кнігі. Лішнія грошы. □ [Гарлахвацкі:] Па-мойму, цёця Каця, вы лішнюю плошчу падмятаеце... Крапіва. // Празмерны, залішні. У пакоі свежа, хвоі, стоячы каля самых вокан, не прапускаюць у дом лішняга сонца. Лужанін. [Егер] трымаў сябе вельмі асцярожна, не дазваляючы сабе ніводнага лішняга руху. В. Вольскі.

2. Такі, без якога можна абысціся; непатрэбны. [Дзіміна:] Кашын патрэбен быў пры штурмаўшчыне. Пры рытмічнай жа рабоце ён лішні. Карпаў. // Непажаданы. Марыля зрабілася зусім чужой і лішняй у .. хаце. Брыль. Сцёпка дастаў з кішэні некалькі памятых лісткоў, азірнуўся, каб не было лішніх сведак. Колас.

3. Дадатковы, дабавачны. — Маленькі агонь можна і ў будане трымаць. — Дым будзе, ды і месца для яго лішняе трэба. Маўр.

•••

Без лішніх слоў гл. слова.

Лішняя капейка гл. капейка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

празаі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да прозы (у 1 знач.). Побач з паэзіяй і драматургіяй усё большае развіццё атрымліваюць празаічныя жанры, асабліва раман. Адамовіч.

2. Будзённы, абмежаваны вузка практычнымі інтарэсамі. Якая там можа быць рамантыка, калі перад табой такія празаічныя турботы! Шамякін. Калі парыў самахвалення Улёгся ў Вогуце, апаў, Ён перайшоў ад летуцення Да празаічных, шэрых спраў. Колас. // Пазбаўлены паэтычнасці, узнёсласці. Кожнаму з нас даводзілася бачыць, як адзін самую, здавалася б, празаічную працу робіць з душой і натхненнем, а другі нават там, дзе без натхнення ніяк не абысціся, працуе як мокрае гарыць. Шкраба. [Зоя] прынцыпова не хацела гуляць з хлопцамі са свайго курса інстытута — лічыла іх вельмі празаічнымі. Арабей.

3. Дзелавы, практычны. Анцыпік быў чалавек празаічны, практычнага складу характару. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)