Скукарэ́чаны ‘згорблены’ (Яўс.), скукару́чыцца, скукарэ́чыцца ‘згорбіцца, сагнуцца’, зняваж. ‘памерці (у курчу)’ (Нас.), скакаручыць ‘сагнуць’ (Наша слова, 1992, 19 жн.), скукарэ́жыць ‘скруціць, сагнуць’ (Барад.), Апошняе падобна на скаро́жыць (гл.), аднак, хутчэй за ўсё, тут азванчэнне зычнага ў зыходным кукарэ́чыцца ‘горбіцца, каробіцца, корчыцца’ (Нас., Касп.), якое Трубачоў (ЭССЯ, 13, 88–89) узводзіць да прасл. *kukurъ ‘горб’, вытворнага з ‑r‑ суфіксацыяй ад *kuka ‘крук’, параўн. кука2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стру́шня ‘страва з розных агародных карэнняў’ (Нас.), ‘сумесь двух або трох частак сена з саломай’ (бых., Яшк. Мясц.); сюды ж, відаць, і ‘закалот, неразбярыха’ (Арх. Федар., Стан.), стру́шні ‘руіны’ (Ласт.). Аналагічна да папярэдняга слова, гл. Да семантыкі параўн. рус. стру́шня ‘турботы, трывогі, калатнеча’, струшни́ться ‘трывожыцца, мітусіцца, клапаціцца’, якія Куркіна (Этимология–1994–1996, 49–50) збліжае з струхну́ть ‘збаяцца’ (< *trux‑), суадносным з стру́шня ‘трывога’ (Ласт.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́тарыца ’мітусня, бязладная бегатня’, су́тарыцца ’мітусіцца’, су́тарны ’мітуслівы’ (Ласт.). Параўн. укр. су́торатися, рус. су́ториться ’спрачацца’, польск. posątorzyć się ’паспрачацца’. Борысь (Etymologie, 582) адносіць сюды ж серб.-харв. sútor ’першы вечаровы змрок’ і рэканструюе прасл. *sǫtorъ (*sǫtora), вытворнае ад *ter‑ (гл. церці) з прыйменнай прыст. *sǫ‑, якой адпавядае прыдзеяслоўная прыст. *sъ‑ з першасным значэннем ’узаемнае трэнне, сутыкненне, спрэчка’, параўн. суты́ра (гл.). Гл. папярэдняе слова, таксама Фасмер, 3, 811.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сівагра́к ‘тое, што і сіваваронка’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Гарэц., Дэмб. 1, Меер Крыч., ТС), сівігра́к ‘тс’ (Бяльк.), сівагра́ка ‘тс’ (маг., ЛА, 1). Укр., рус. сивогра́к ‘тс’. Да сівы і грак, гл. (Праабражэнскі, 2, 283; Фасмер, 3, 616); паводле Ніканчука (БЛ, 9, 59), першая частка складанага слова характарызуе колер апярэння, а другая — вынік збліжэння анаматапеічнага кораня з грак (гл.), параўн. сівадрака, сівакрака (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сірэ́на ‘гукавы сігнал; прыстасаванне для падачы гукавых сігналаў’ (ТСБМ), сырэ́на ‘тс’ (Некр. і Байк.). Запазычана з франц. sirène ‘тс’, што выводзіцца з лац. Sīrēn(a) ‘казачная істота’ < грэч. Σειρήν ‘міфічны персанаж, што сваімі спевамі заманьваў мараходаў’, не выключана сувязь з лац. sȳrinx ‘дудка, чараціна’. Беларускае слова трапіла праз рускую і польскую мовы, гл. адпаведна рус. сирена, польск. syrena (Фасмер, 3, 626; ЕСУМ, 5, 241).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тампо́н ’стэрылізаваны кавалачак ваты або марлі’ (ТСБМ). Запазычана праз рус. тампо́н, польск. tampon, з франц. tampon ’корак, затычка; тампон’; яно з’яўляецца назалізаванай формай слова tapon ’жмут адзення, бялізны’, якое, у сваю чаргу, уяўляе сабой утварэнне з суфіксам ‑on ад франк. *tappo, што роднаснае ст.-в.-ням. zapho ’затычка’, ням. Zapfen ’тс’, ст.-англ. tœppa і англ. tap ’тс’ (ЕСУМ, 5, 513; Голуб-Ліер, 477).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэлеві́зія ‘тэлебачанне’ (ВСБМ; Рамза, Бел. гутарк.), телʼеві́зіjа ‘тс’ (Вруб.); сюды ж тэлевізі́йны ‘звязаны з тэлебачаннем’ (ТСБМ). Запазычана з заходнееўрапейскіх моў, магчыма, праз польск. telewizja ‘адзін з відаў тэлекамунікацыі’, telewizyjny ‘прызначаны для трансляцыі тэлеперадач’. Гл. папярэдняе слова. Аналагічнага паходжання тэлеві́зар ‘апарат для прыманю тэлеперадач’ (ТСБМ) — еўрапеізм, утварэнне гібрыднага тыпу ад грэч. τῆλε ‘далёка’ (гл. тэле-) і лац. visor ‘той, хто бачыць; глядач’ (Длугаш-Курчабова, 497).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каланты́р1, кыланты́р ’пост, пікет, варта’ (Бяльк.). Фармальнае супадзенне з калантырыцца ’валаводзіцца’ дазваляе меркаваць аб магчымасці ўтварэння прамежкавых семем, аб значэнні якіх можна здагадвацца паводле полац. калантыр, калантырыць ’праводзіць час без сур’ёзных заняткаў’, адкуль, магчыма, ’збор людзей, не занятых справай і да т. п.’ Гэта, аднак, вельмі няпэўна па семантыцы, ілюстрацыя ў слоўніку пацвярджае дакладнасць дэфініцыі («Сылдаты йшлі і на кылантыр нямецкі пупалі», с. 241). Можна дапусціць магчымую сувязь з каланча ’вартавая вышка’, мяркуючы аб замене суфіксацыі. Верагоднасць такой замены давесці цяжка, семантыка слова таксама няпэўная. Фармальнае падабенства ст.-рус. калантарь, колонтарь ’кальчуга’ відавочнае, аднак семантыку двух лексем параўнаць нельга. Адзначым, што ‑н‑ у разглядаемым слове можа быць другасным (экспрэсіўны інфікс), што дазваляе фармальна параўнаць бел. слова з рус. колотыр, колотырь, але значэнне рус. слоў (’ілгун, праныра і да т. п.’) зусім іншае. Магчыма, сапсаванае карантин (Краўчук, вусн. паведамл.).

Каланты́р2 ’папрашайка’ (Мат. Маг., Нас.), колонтырка, колонтырник, колонтырнык (Нас.). Рус. кур., новааск. калантырь, аднак значэнне яго невядомае (СРНГ, 12, 335). Сухамлін (Совещание по ОЛА, 1975, 173) мяркуе аб матэрыяльным падабенстве бел. калантырка, рус. колотырка, укр. колотуха ’дакучлівая жанчына’. У рус. мове колотырь, колотыра, колотырник і да т. п. лексемы ў розных значэннях адзначаны на рознай тэрыторыі, у тым ліку і на пагранічнай да беларускай. Рус. слова лічыцца вытворным ад колотить (Праабражэнскі, 1, 337–338), што на першы погляд выклікае пярэчанні паводле семантычнага крытэрыю. Параўн., аднак, рус. колотить ’плявузгаць, пляткарыць, таргавацца, набываць з цяжкасцю’, колотиться ’прасіць; пабірацца; жабраваць; жыць у галечы; бадзяцца без справы; пляткарыць’: «Матрена все колотится, прямая колотуха» (СРНГ, 14, 184). Суфіксацыя ў разглядаем слове, відаць, экспрэсіўная, што датычыць спосабу ўтварэння, то, магчыма, спачатку быў утвораны экспрэсіўны дзеяслоў: колотить, колотырить. Бел. слова ў любым выпадку ўтворана даўно (фанетычны крытэрый), але статус яго не вельмі ясны, як гэта можна меркаваць паводле значэнняў бел. калаціць. Не выключана, што тут мела месца інфільтрацыя лексікі з сумежных рус. гаворак, аднак нельга выключыць магчымасці захавання старой слав. тэндэнцыі. Параўн. серб.-харв. кла́тити ’бадзяцца і да т. п.’ з экспрэсіўнай суфіксацыяй — клата́рити се ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віс1 ’назва травы’ (Мат.). Карскі (Труды, 479) лічыць слова толькі палескім, супастаўляючы яго з варыянтам віш; параўн. лун. віш ’трава другога ўкосу’, петрык. ’подсціл’ і бяроз. выша́р ’тс’ (Шатал.). Адпаведнікі знаходзім у гаворках польскай моўнай тэрыторыі: wis//wisz ’чарот, Scirpus L.’, wis ’аер, Acorus L.’; ’від кіслай травы (асака?)’; ’мокры з чаротам луг’, wisowata łąka ’благое сена’, wiszowaty (аб сене) ’тс’, н.-луж. wis ’чарот’, а таксама ў славенкай мове: víš ’асака, Carex L.’, серб.-харв. виш ’расліна’. У гэту групу ўваходзіць і палес. вішар (гл.), драг. выше́р ’старая, у свой час не скошаная трава, якую выкарыстоўваюць пераважна для подсцілу’, сюды ж укр. виш ’тс’, виша́р ’леташняя трава’, польск. wiszar ’гушчар, нетры, зараснік’, рус. кур. виш ’кусты, купіны ў паплавах, зарослыя леташняй травой’, калін., сіб. виша ’губка, Bodiaga fluviatilis et lacustris’. Відавочна, звязана з літ. viksvà ’асака’, vìkšris ’сіт, Jungus L.’, прус. wissene ’трава’, weysigis ’луг’, ням. Wiese ’луг’, ст.-ісл. veisa ’іл’ (Брукнер, 624–625).

Віс2 ’вісячае становішча цела гімнаста пры гімнастычных практыкаваннях’ (КТС), укр. вис, рус. вис, чэш., славац. vis, в.-луж. wis, польск. zwis, балг. вис ’тс’. У рускай мове гэта новая лексема (ССРЛЯ, 2, 389), якая паходзіць з чэш. мовы (КЭСРЯ, 63). Бел. слова запазычана з рус. мовы. Да вісе́ць (гл.).

Віс3 ’тое, што вісіць’ (палес., Маш.), магчыма, в.-луж. wis ’схіл, склон, адхон, навісь, правес’. Палес. слова з’яўляецца (у фальклоры) дэсемантызаваным прасл. visъ. Да вісе́ць (гл.).

Віс4 ’мера вагі (для солі)’ (Кольб., 52, 78). Відавочна, да віс3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Няве́глас ’гарэза’ (браг., Мат. Гом.), невеглас ’пагібель, смерць’ (ТС). Укр. невіглас ’недасведчаны, неасвечаны; язычнік’, рус. невеглас ’тс’ узыходзяць да ст.-рус. невѣглас, невѣголос, ст.-слав. невѣгласъ ’тс’, якое Львоў (Этимология–1972, 103–106) лічыць маравізмам, параўн. таксама чэш. vehlas ’вядомасць; розум, асцярожнасць’, узнікшыя як пераклад ням. Weissager, Unweissager (Львоў, Этимология–1979, 62). Складанае слова, дзе першая частка ўяўляе форму з адмоўем 3 ас. адз. л. дзеяслова *vedeti ’знаць, ведаць’, параўн. макед. невегде ’невядома дзе, нідзе’, невекоʼі ’невядома хто, нехта’, невешто ’невядома што, немаведама што’ і г. д., а другая — назоўнік *glasъ ’голас’, тут у значэнні ’голас божы’, гл. Фасмер, 1, 283; Махэк₂, 681. Структурная паралель: ц.-слав. неявѣръ, славен. nejęveren C*ne‑ję‑věr‑, параўн. фразеалагічнае спалучэнне не имаць веры ’не верыць, не даваць веры’ (ТС, 1, 112). У тураўскай гаворцы слова запазычана з ц.-слав., хутчэй за ўсё вусным шляхам, пра што сведчаць змены ў семантыцы (табуізаванае ўжыванне: прыдзе той невеглас да скажаходзіі), магчыма, пад уплывам тураўск. загласіцца ’прапасці, згінуць’, параўн. брагін. згаласіцца ’абяссілець, доўга плачучы, галосячы’ (З нар. сл.). У такім выпадку на семантыку царкоўнаславянізма невеглас паўплывала народнае галасіць ’моцна плакаць’, параўн. рус. убиваться ’тс’. Малаверагодны ўплыў з боку літ. viglas ’жывы, рухавы’, з адмоўем было б ’нежывы’, нягледзечы на гістарычна засведчаныя кантакты з балтыйскім насельніцтвам на Тураўшчыне (яцвяжскія перасяленні і г. д.), аднак блізкасць значэння беларускага і літоўскага слоў прымушае браць яго пад увагу для вытлумачэння магчымых семантычных змен тураўскага слова. Да значэння ’гарэза’, параўн. недавярак ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)