го́лас, ‑у; мн. галасы, ‑оў; м.

1. Гукі, якія ўзнікаюць пры размове, крыку або спеве дзякуючы хістанню галасавых звязак. Раздаўся голас. Сціхлі галасы. □ Ноч застыла. Не чутно ні крокаў, ні галасоў, ні гукаў, нават мароз не трашчыць. Мележ. // Асаблівасці чыйго‑н. вымаўлення, гаворкі. Ласкавы голас. Пазнаць сябраў голас.

2. Гучанне галасавых звязак пры спеве; здольнасць спяваць. Прадаваць голас. Ставіць голас артысту. □ Расла яшчэ за князем на ўзбярэжжы Дзвіны-ракі дзяўчына-красуня, разумніца і рукадзельніца, з голасам салаўіным, і косамі, як чысты лён. Грахоўскі.

3. Асобная самастойная партыя многагалосага твора вакальнай і інструментальнай музыкі. Раманс для двух галасоў.

4. Гукі, якія ўтвараюцца некаторымі неадушаўлёнымі прадметамі. Голас ветру. Галасы мора.

5. перан.; чаго або які. Позыў, патрабаванне якога‑н. унутранага пачуцця, інстынкту і інш. Голас сумлення. □ [Маша] прыслухалася, нібы хацела пачуць нейкі патаемны голас душы. Шамякін.

6. Меркаванне, выказванне. Прыслухоўвацца да голасу мае. Голас людзей добрай волі.

7. Права прымаць удзел у абмеркаванні і вырашэнні якіх‑н. пытанняў, выказваць свае меркаванні па гэтых пытаннях. Удзельнічаць у выбарах з правам рашаючага голасу. // Само гэта меркаванне, выказанае ў якой‑н. форме. Падлік галасоў.

8. Разм. Клавіш музычнага інструмента. — Дзядзька Хведар, а дзядзька... — сказаў.. [Міша] да музыканта. — Вы хоць пот з твару змахніце... Ды і галасы хай трохі астынуць. Мыслівец.

•••

Голасам галасіць гл. галасіць.

Голас у голас — пра поўнае падабенства каго‑н.

Дзікім (дурным, немым, не сваім) голасам — вельмі моцна, што ёсць сілы (крычаць, плакаць).

На ўвесь голас — вельмі моцна, з усёй сілы (крычаць, плакаць).

Павысіць голас гл. павысіць.

Падаць голас гл. падаць.

Падняць (узняць) голас гл. падняць.

Траціць голас гл. траціць.

У адзін голас — а) адначасова, усе разам (адказваць, гаварыць і пад.). — Дзе ты быў дасюль, чаму не прыходзіў? — у адзін голас запыталі [хлопцы]. Чарнышэвіч; б) аднадушна, аднолькава (паўтараць, пацвярджаць і пад.). На пасяджэнні журы ўсе.. у адзін голас дамагаліся: танец з істужкаю паслаць на рэспубліканскі агляд. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.

1. Пачаць рухацца больш павольна; спыніцца. Канвеер сцішыцца і стане, Парушыць сэрца сэрцаў строй. Чэрня. Кастусь не падганяў каня, і той сцішыўся зусім. Гаўрылкін.

2. Перастаць чуцца, стаць цішэйшым (пра гукі, шумы і пад.). Сцішыліся песні, прыціхлі гармоні, толькі дзе-нідзе не змаўкалі паасобныя галасы. Лынькоў. Пачуўшы, што сцішыліся ў канцы калідора крокі цёці Машы, .. [Алесь] устаў і пачаў хадзіць па пакоі. Броўка. // Стаць бясшумным, сціхнуць. У адну ноч, калі горад сцішыўся, а Лабановіч сніў сны, .. раптам пачуўся грук у дзверы рэдакцыі. Колас. Усё сцішылася ў прадчуванні блізкай ночы. Даніленка.

3. Прыйсці ў стан спакою, перастаць хвалявацца; змоўкнуць. [Сынклета:] — А бацька нікуды не дзенецца, пабурчыць трохі ды сцішыцца. Гроднеў. Заплакала было дзіця на руках у жанчыны, але, быццам перадумаўшы, адразу і сцішылася. Васілёнак. — Рэкс, ціха, — сказаў па-нямецку оберст, і аўчарка сцішылася, нават, здаецца, паменшала ростам. Шахавец. // Перастаць крычаць, пачаць весці сябе ціха. Жанчыны смяяліся, мужчыны жартавалі. Нарэшце сцішыліся. Ваданосаў. Люба не сумелася і не змоўкла, аднак сцішылася — перастала крычаць і лаяцца. Шамякін. Глуха затрымцеў званок, і дзеці сцішыліся. Сабаленка. // Прыпыніцца, перастаць рухацца; заціхнуць. Арцыховіч апынуўся каля цёплай батарэі і, абняўшы яе закарчанелымі рукамі, сцішыўся. Алешка. Чалавек прабіраецца праз гушчарнікі. Паўзе па балоце. Прытаіўся, сцішыўся. Лужанін. — А хіба я заснула? Так сабе, толькі сцішылася, — пачуўся голас Верачкі. М. Ткачоў.

4. Паменшыцца ў сіле, аслабець (пра з’явы прыроды). Пакуль дабег, дождж сцішыўся. Хомчанка. Адразу сцішыўся вецер, мора пасвятлела і неба зноў стала зырка-блакітнае. Васілёнак. // Суняцца (пра боль і пад.). Сцішыўся боль у патыліцы, і ў вачах [Сцяпана] стала ясней. Пестрак. // Аслабець або прыглушыцца (пра пачуцці). Цяпер, калі непакой сцішыўся, Туравец стаў больш адчуваць, як ные правая рука. Мележ.

5. Прыйсці ў стан нерухомасці, спакою. Сцішыўся сурова Лес, як немы склеп. Колас. [Мора] пачало супакойвацца і хвіліны праз тры зусім сцішылася, як і не круціў толькі што ў ім магутны вір. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раўці́, раву, равеш, раве; равём, равяце; пр. роў, раўла, ‑ло; незак.

1. Утвараць гук рову (пра жывёл). Пачуўшы людскую гамонку, бык стаў раўці, ён высока падкідаў капытамі зямлю. Гурскі. Дзіка раўлі ў пунях каровы, іржалі і кідаліся коні, але навасёлкаўцы, што збегліся на пажар, баяліся падступіцца да будынкаў. Шчарбатаў. // перан. Утвараць моцныя, працяглыя гукі, падобныя на роў жывёл. У камінах вятры раўлі да рання. Астрэйка. Машына раўла, аж дрыжала, бо ступня ўсё яшчэ нейкім чынам ціснула на газ. Кулакоўскі.

2. Разм. Моцна гаварыць, пець, крычаць. — Хутчэй, хутчэй! — крычаў .. [камендант]. — Я навучу вас паважаць германскую армію! Я... Я... — ужо роў ён. Лынькоў. — Вон! — раз’юшана раве ўраднік. Сяргейчык.

3. Разм. Моцна плакаць. — Хлопец суседскі нос расквасіў і раве. Савіцкі. Стаю і раву, як маленькі... Цётка таксама стаіць і не ведае, што рабіць. Васілевіч.

•••

Роўма раўці — вельмі моцна раўці, плакаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шумлі́вы 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўтварае шум (у 1 знач.). Горы падпіраюць небасхілы, І шумлівых вадаспадаў мчыцца рой. Хведаровіч. Тоненькія, далікатныя, у модных шумлівых плашчыках — абедзвюм год па семнаццаць. Ракітны. Андрэй крыху памаўчаў, задумліва пазіраючы на шумлівую збажыну. Краўчанка.

2. Які любіць шумець, многа, гучна гаварыць, крычаць; шумны ​1 (у 2 знач.). І стол тым часам накрываюць, Гасцей шумлівых запрашаюць. Колас. Шчырыя, шумлівыя, шчасліва дзеці смехам гэткім заліліся, што пачуўся на далёкіх нівах ветлы шолах маладога лісця. Вялюгін. Ганна была дзяўчына шумлівая і сварлівая. Шамякін.

3. Які суправаджаецца шумам, ажыўленнем, мітуснёй. Шумлівая гульня. □ Зазвіняць галасістым гармонікам, прагрукочуць бубнамі ды стукам капытоў шумлівыя вясковыя вяселлі. Ваданосаў. // Напоўнены шумам, мітуснёй. Шумлівая вуліца. □ Чэрвеньскі рынак быў шумлівым, бойкім месцам. Грамовіч. [Зыбін:] — Усё-ткі падабаецца ён мне, Мінск. Жвавы, шумлівы, заклапочаны. Мележ.

шумлі́вы 2, ‑ая, ‑ае.

Які дае пену; пеністы. Шумлівы напітак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

драць, дзяру́, дзярэ́ш, дзярэ́; дзяро́м, дзераце́, дзяру́ць; драў, дра́ла; дзяры́; дра́ны; незак.

1. што. Раздзіраць на часткі, на шматкі.

Д. паперу.

2. што. Зношваць (адзенне, абутак) да дзірак.

Д. вопратку.

3. што. Аддзяляць, знімаць.

Д. скуру з авечкі.

Д. лыка.

4. што. Выдзіраць з карэннем, адрываць.

Д. мох.

5. што. Драпаць (аб прыладах, інструментах).

Брытва дзярэ.

Сухая лыжка рот дзярэ (з нар.).

6. каго (што). Забіваць, разрываць каго-н. (аб драпежніках).

Каршун дзярэ кураня.

7. што. Раздрабняць таркай.

Д. бульбу.

8. што. Раздражняць, выклікаць непрыемнае адчуванне (разм.).

Перац дзярэ горла.

9. што. Ачышчаць зерне ад шалупіння, рабіць з зерня крупы.

10. Дорага прасіць, браць за што-н. (разм.).

Драць горла (глотку) (разм., груб.) — моцна гаварыць, крычаць, спяваць.

Драць казлы (разм.) — ванітаваць.

Драць (задзіраць) нос (разм., неадабр.) — задавацца, трымаць сябе высакамерна.

|| зак. задра́ць, -дзяру́, -дзярэ́ш, -дзярэ́; -дзяро́м, -дзераце́, -дзяру́ць; -дра́ў, -ра́ла; -дзяры́; -дра́ны (да 6 знач.), задзе́рці, -дзяру́, -дзярэ́ш, -дзярэ́, -дзяро́м, -дзераце́, -дзяру́ць; -дзёр, -дзе́рла; -дзяры́; -дзёрты (да 6 знач.), садра́ць, здзяру́, здзярэ́ш, здзярэ́; здзяро́м, здзераце́, здзяру́ць; садра́ў, -ра́ла; здзяры́; садра́ны (да 3, 7, 9 і 10 знач.) і здзе́рці, здзяру́, здзярэ́ш, здзярэ́; здзяро́м, здзераце́, здзяру́ць; здзёр, здзе́рла, здзяры́; здзёрты (да 3, 7, 9 і 10 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Ве́ча ’веча, сход, на якім вырашаліся грамадскія і дзяржаўныя пытанні ў некаторых гарадах старажытнай Русі’ (КТС, БРС, Яруш.). Укр. віче, рус. вече, пск., наўг. веча́ ’тс’, пск. веча́тькрычаць’; ’выдаваць глухі гук’, ст.-рус. вѣче ’веча’; ’тайнае зборышча, загавор’; ’прамова, угаворванне, саромленне, павучанне, прыгавор’, арханг. вечь ’галашэнне’; ’сход’, польск. wiec ’веча, мітынг’, wiecować ’кіраваць’, ст.-чэш. věce, славен. věča ’вясковы суд, судовая справа’; ’падатак’, серб.-харв. ве́ће ’веча, нарада, савет’, ст.-слав. вѣще ’нарада’. Прасл. věti̯o, да веціць (гл.); параўн. яшчэ ст.-рус. вѣтъ ’нарада’, ст.-чэш. аорыст věce ’сказаў’ і ст.-прус. wayte ’вымаўленне’, waitāt ’гаварыць’. Гл. Міклашыч, 387; Праабражэнскі, 1, 109; Траўтман, Altpreuß., 353; Траўтман, 339; Фасмер, 1, 308; Брукнер, 614; Голуб-Копечны, 414; Махэк₂, 687; Шанскі, 1, В, 81; КЭСРЯ, 78.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зуёк ’птушка Charadrius dubius ці Charadrius hiaticula’. Рус. зуёк, зуй ’тс’, у гаворках таксама назва іншых птушак (Tringa minuta, T. temincei, Totanus calidris, T. fuscus і інш.), серб.-харв. зу̏јак ’жук Scarabeus stercoririus’. Ст.-рус. зуй ’назва птушкі’ (XVII ст.). Зуёк памянш. да зуй, назвы птушкі, верагодна, гукапераймальнай (параўн. серб.-харв. зy̑j ’гудзенне’, зык. Гараеў, 119; Фасмер, 2, 108; Шанскі, 2, З, 114; Антропаў, дыс. Праабражэнскі пярэчыць Гараеву, але этымалогіі не дае). Младэнаў (ССУ ИФФ, 13–14 (1917/18), 64) услед за Міклашычам (404) падводзіць пад корань *zu‑ < і.-е. *gʼheu̯‑, *gʼhou̯‑ (параўн. зваць), у Покарнага (1, 413) *gʼhau‑, *gʼhau̯ə‑крычаць, зваць’, прычым піша, што гэта можа быць гукапераймальнае слова. Скок (3, 664) лічыць zújati гукапераймальным, адкуль і зујак. Параўн. яшчэ з зуй1, зуй2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Разя́піць ’шырока адкрыць (дзверы)’ (Раст.): «Нашто гэта акно разяпілі?» (Полымя, 1970, 2, 134), сюды ж разе́па ’разява’ (Гарэц.), разя́па ’тс’ (Мат. Маг.). Апошняя форма скіроўвае ў бок зя́па ’рот, пашча’ (гл.), што выводзіцца з прасл. *zěpati ’пазяхаць, крычаць; цяжка дыхаць’ (Фасмер, 2, 94; БЕР, 1, 671). Аднак укр. роззя́пити ’адкрываць, раскрываць’, серб.-харв. razjápiti ’адкрыць рот’, чэш. дыял. rozjapiti, rozjapnouti ’хутка раскрыць (руку)’ даюць падставы для рэканструкцыі прасл. *orz‑zьjapiti, дзе *zьja‑p‑ звязана з ст.-слав. зьяти ’адкрываць рот, пазяхаць’ (Саднік-Айцэтмюлер, 1, 23). Немец (Этимология–1997–1999, 126) узводзіць чэш. дыял. rozjapati (ovoce) ’хутка разабраць’ да выклічніка (j)ap, паралельнага да chap, гл. хапаць. Інакш адносна ст.-чэш. japati, jápati ’назіраць; разумець’ і аднакарэнных Махэк₂, 216 (< *op‑), Трубачоў, ЭССЯ, 1, 71–72 (< *apati).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

распу́ста, ‑ы, Д ‑у, М ‑сце, Т ‑ам, м.; ДМ ‑сце, Т ‑ай (‑аю), ж.

1. ж. Распусны спосаб жыцця. Маладзіца.. [Кацярына] — нішто сабе. Дарма, што кажуць, нібыта за распусту муж кінуў. Затое паглядзець на яе — душу адвесці. Гроднеў. Казёл з гадамі кінуўся ў распусту. Сягоння ён адной закруціць галаву. Назаўтра — новая каза па густу, А там ён з трэцяю скубе траву... Валасевіч.

2. ж. Свавольства, раздуранасць, адсутнасць дысцыпліны. Мне здавалася, што .. [малыя] залішне крычаць, без прычыны б’юцца, усюды лезуць, і гэта ў іх ад распусты. Карпюк. — Замуж збіраюцца [дзяўчаты], а за зіму ручайку кужалю не напралі. Распуста ды і толькі. Сергіевіч.

3. м. і ж. Пра таго, хто раздурэў, распусціўся. Так могуць рабіць толькі распусты, а я ведаў, што Волечка не распуста. Чарнышэвіч. А ў іх быў любімы сыночак-унук — Раздура, распуста, капрыза Янук. Яго абувалі, Яго разувалі, Яго апраналі, Яго распраналі, Лішняга кроку Ступіць не давалі... Муравейка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.

1. Зрабіць больш павольным (рух, ход і пад.). Цягнік сцішыў ход. Неўзабаве спыніўся. Адамчык. Сцішыў [чалавек] крок, назад, глядзіць. Не, нікога ў полі. Прыходзька. // Затрымаць, прыцішыць каго‑, што‑н. Сава сцішыў каня на мерную рысь. Пестрак. Амелька сцішыў свой матацыкл. Якімовіч.

2. Супакоіць, рассеяць хваляванне і пад. [Костусь] сцішыў Галену. Яна пакінула плакаць. Чорны. // Прымусіць або ўгаварыць каго‑н. перастаць крычаць, шумець і пад. Дарэмна Грыбок спалохана спрабаваў сцішыць людзей — гоман, крыкі, абурэнне, злосць, смех віравалі ў хаце. Мележ. // Вымусіць спыніць якія‑н. дзеянні, учынкі; уціхамірыць каго‑н. [Зэня да Нахлябіча:] — Калі вы не пакінеце ўсяго гэтага, дык ведаеце што? Тады вас трэба будзе сцішыць. Чорны.

3. Паменшыць у сіле, аслабіць; зрабіць менш адчувальным. Сцішыць боль. □ Гэта толькі ў хаце здавалася, што мяцеліца сцішыла сваю гульню. Кандрусевіч. Хлопцы сцішылі гаворку. Гартны. // Аслабіць або прыглушыць якія‑н. пачуцці. Сцішыць гнеў. □ Апошняя акалічнасць нечакана сцішыла смутак Арцёма Іванавіча. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)