распу́ста, ‑ы, Д ‑у, М ‑сце, Т ‑ам, м.; ДМ ‑сце, Т ‑ай (‑аю), ж.

1. ж. Распусны спосаб жыцця. Маладзіца.. [Кацярына] — нішто сабе. Дарма, што кажуць, нібыта за распусту муж кінуў. Затое паглядзець на яе — душу адвесці. Гроднеў. Казёл з гадамі кінуўся ў распусту. Сягоння ён адной закруціць галаву. Назаўтра — новая каза па густу, А там ён з трэцяю скубе траву... Валасевіч.

2. ж. Свавольства, раздуранасць, адсутнасць дысцыпліны. Мне здавалася, што .. [малыя] залішне крычаць, без прычыны б’юцца, усюды лезуць, і гэта ў іх ад распусты. Карпюк. — Замуж збіраюцца [дзяўчаты], а за зіму ручайку кужалю не напралі. Распуста ды і толькі. Сергіевіч.

3. м. і ж. Пра таго, хто раздурэў, распусціўся. Так могуць рабіць толькі распусты, а я ведаў, што Волечка не распуста. Чарнышэвіч. А ў іх быў любімы сыночак-унук — Раздура, распуста, капрыза Янук. Яго абувалі, Яго разувалі, Яго апраналі, Яго распраналі, Лішняга кроку Ступіць не давалі... Муравейка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)