Варэ́йка ’гліняны гаршчок, гаршчок’ (Янк. Мат., Інстр. I, Бяльк., Шатал.). Параўн. палес. вары́йка ’гаршчок’ (Лысенка, ССП), укр. варі́йка ’маленькі гаршчок’. Утварэнне ад *variti ’варыць’ (гл.). Зыходнае: *varěja, *varějьka. Параўн. чэш. дыял. vařaja, vařeja, vařejka, славац. varajka, varejka ’мешалка, апалонік’. Фантастычна Махэк₂ (678), які выводзіць з *tvar‑ (ад кораня *tver‑ ’памешваць’). Пра магчымыя сувязі бел. слова на слав. глебе гл. Цыхун, БЛ, 5, 49–50.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Весяле́ц ’журавель’ (Мат. Гом., КСТ) разам з польск. wesełyk ’назва жураўля’ (Варш. сл.) і ўкр. весе́лик складаюць вузкі арэал, дзе гэта эўфемістычная назва, відавочна, даволі старая. Тое ж і ў Б. Грынчанкі: «Назва жураўля, якую трэба ўжываць замест журавель тады, калі гэтыя птушкі прылятаюць вясной, інакш будзеш журыцца цэлы год» (Грынч., 1, 141). Польск. wiesiołek ’асліннік, Oenothera’ і ’скрыпень, Epilobium’ не звязана з бел. весялец. Гл. васіле́ц.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апано́ўка ’скаварада, патэльня’ (Сцяшк., Сцяц.), апано́ў (слуц., Карскі, Мат., IV, 8). Ст.-рус. паны, пановъ, панъвъ ’тс’ паница, опаница, панъвица ’чаша, блюда’, ст.-слав. паница чаша’, укр. пановка, панівка, панва, панова ’скаварада’, чэш. panev, польск. panwia, луж. panoj, panej ’тс’. Старажытнае запазычанне з ст.-в.-ням. pfanna, лац. panna, гл. Кіпарскі, Gemeinslav., 153. Беларуская суфіксацыя ‑к‑a і прыстаўное а‑. Супрун, Веснік БДУ, 1971, 3, 73.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апі́кур ’гультай, абібок’ (Жд.). Параўн. літ. apìkula ’гультаі’ (зборны назоўнік); субстытуцыя р замест л на канцы слова магла адбыцца ў слове, маючым экспрэсіўнае значэнне. Нельга выключыць сувязь з імем грэчаскага філосафа Эпікура (параўн. эпікурэец), якое магло адлюстравацца з пачатковым а‑ замест э‑, як у адукацыя, і польскім націскам на перадапошнім складзе. Параўн. яшчэ пікара ’гульня тыпу гарадкі’ (Янк. Мат.), літ. apikuras (Чэкман, вусн. паведамл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жале́зы ’пастка’ (докш., Янк. Мат., 138). Рус. смал., калін., наўг., пецярб., калуж., валаг. желе́зо, желе́зы ’тс’, самар., калуж. ’кайданы’, польск. żelaza ’пастка’, чэш. železa, славац. železo ’пастка, кайданы’, серб.-харв. жѐлеза ’пастка’, славен. želę́za, балг. железа ’кайданы’. Ст.-слав., ст.-рус. желѣза ’кайданы’. Параўн. с.-в.-ням. îzen ’кайданы, ланцугі’. Улічваючы тэматычную прыналежнасць і пашырэнне значэння, магчыма, яшчэ праславянскае пераасэнсаванне, хаця не выключана і пазнейшае семантычнае ўтварэнне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Канча́лі ’крайнія вуліцы ў вёсцы; канец вуліцы, край населенага пункта’ (Яшк.). Вузкі бел. рэгіяналізм (з суфіксам ‑аль, які ўтварае назоўнікі з называннем прасторавых паняццяў, як круеаль ’кругавая дарога’, гл. Сцяцко, Афікс. наз., 146–147). Сюды ж кабальны ’канчатковы’ (Гарэц., Др.-Падб.). Падобнае ўтварэнне ў лексемы канчулянец ’жыхар канца вёскі’ (карэліц., Нар. словатв.) і канчанец ’тс’ (Янк. 1), канчані (мн.) ’тс’ (бялын., Янк. Мат.). Гл. таксама канча́р.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ру́нуцца ’упасці (ад знямогі)’ (Мат. Маг.), польск. runąć ’упасці, грымнуцца’, рус. руни́ть ’хутка рабіць, есці’, серб. ру̏нути ’моцна ўдарыць’, славен. rúniti ’піхнуць, стукнуць’. Апошняе Бязлай (3, 207) выводзіць з прасл. *ruti ’піхаць, стукаць’, параўноўваючы з літ. ráuti ’вырываць, шчыпаць’, лат. raût ’тс’. Паводле Брукнера (468), да *ruxъ (гл. рух), параўн. рухнуць ’упасці’ (гл.). Скок (3, 172) атаясамлівае з rúniti (se) ’лушчыць, крышыць, зрываць (кветкі, лісты)’. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ру́та ’від шматгадовых травяністых раслін і паўкустоў сямейства рутавых з жоўтымі кветкамі і лісцямі, у якіх змяшчаецца эфірнае масла’ (ТСБМ), ’рута, Ruta graveolens L.’ (Кіс., Стан.), ’нешта вельмі зялёнае (у параўнанні)’ (ТС), ’пакаёвая расліна, вазон’ (маладз., Янк. Мат.), ру́та, ру́та‑мя́та ’травяністая расліна’ (Кос., Растарг.). Укр. і рус. ру́та. Праз польск. ruta з с.-в.-ням. rûte ’рута’ < лац. ruta ’нейкая горкая трава’ (Фасмер, 3, 523).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ры́мзаць, рэмзаць ’плакаць’ (пух., ганц., Сл. ПЗБ; калінк., Сцяшк. Сл.; БДА, 911), ’доўга і нудна гаварыць’ (маладз., Янк. Мат.), ’скрыпець’, ’плакаць’ (Крывіч, 12, 1926, 109), рус. ры́мза ’плакса’, рымо́нить ’раўсці, плакаць’. Чаргаваннем галосных звязана з рус. рюма, реветь, параўн. літ. riáumoja ’раўсці’, лат. rumor ’гул, гоман, мармытанне’, ст.-ісл. rymr ’шум, рык’, rymja ’раўсці, бурчаць’, грэч. ὠρῡ́μαι ’раву, галашу’ (Фасмер, 3, 528–529 з літ-рай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́дчык1 ’рэдка сатканая тканіна, марля’ (Бяльк., Жд. 2; чач., Жыв. НС, Мат. Гом., Нас.), рэдчак ’тс’ (ПСл), рэччакі ’тс’ (паст., Сл. ПЗБ). Да рэдкі (гл.).

Рэ́дчык2 ’чапец (складка брушыны)’ (чач., Жыв. НС, Шатал.). Магчыма, семантычны перанос паводле знешняга падабенства, ад назвы рэдка сатканай тканіны (гл. рэдчык1) на другі аддзел страўніка жвачных — сетка (гл.), а потым і на частку брушыны. Да рэдкі (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)