Маньку́т 1 ’манюка’ (Янк. 1, Янк. БП), маньку́ха, маньку́ціха ’ілгуха’ (Янк. 3.). З польск. mańkut, mańka ’ляўша’, якое змяніла семантыку: ’леварукі’ > ’які робіць не па-сапраўднаму’ > ’які хлусіць, падманвае’. Параўн. і польск. zażyć kogo z mańki ’ашукаць, падмануць, пажартаваць’. Польск. mańka, mańkut узыходзяць да італ. manca ’левая рука’.
Маньку́т 2, маньку́та ’чучала, падобнае да цецерука, пры дапамозе якога палешукі лавілі цяцерак (Эр эм., Кіркор; браг., Нар. Гом.). У выніку семантычнага пераносу з манькут 1 (гл.), якое, аднак, асацыіравалася з бел. мані́ць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ма́рка ’значок аплаты паштовых і інш. збораў’, ’кляймо прадпрыемства на тавары’, ’гатунак, тып тавару, вырабу’ (ТСБМ, Яруш.). З рус. мовы, у якой з новав.-ням. Marke ’адзнака, знак’ < с.-в.-ням. marc ’тс’, спачатку ў сярэдневякоўі ’пагранічны знак, абазначэнне граніц’ < merken ’адзначаць’ (Фасмер, 2, 574). Ст.-бел. марковати ’тс’, аднак са ст.-польск. markować, якое таксама з с.-н.-ням. merken ’заўважаць, звяртаць увагу’ (Чартко, Пыт. мовазнаўства і метад., 122). Сюды ж маркаваць ’намячаць радкі для пасеву’ (зэльв., Сцяшк. Сл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Матэрыя ’аб’ектыўная рэальнасць, якая існуе незалежна ад свядомасці чалавека’, ’рэчыва, з якога складаюцца фізічныя целы прыроды’, ’тканіна, матэрыял’, ’шаўковая тканіна’ (ТСБМ, Нас.), ’кроў’, ’гной з раны, сукравіца’ (Нас.; смарг. Шатал.; шальч., Сл. ПЗБ), матэравы ’тканкавы’ (Нас.), ст.-бел. материя (матерея, матерыя, матэрыя) ’матэрыя’ (XVI ст.). Запазычаны са ст.-польск. materyja ’тс’ (Краўчук, Праблемы філал., 60; Булыка, Лекс. запазыч., 191), якое з с.-лац. māteria ’рэчыва’, першаснае значэнне ’будаўнічае дрэва’, якое лічылася «маткай» (= асновай) усяго (Жураўскі, Зб. Крапіве, 142; Голуб-Ліер, 306).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ма́хер 1, ма́хяр ’майстар, спец’ (Бяльк., Сцяц.) паходзяць з ідыш macher < новав.-ням. Macher ’вытворца; завадатар’. Кюнэ (74) выводзіць бел. лексему з польск. macher ’чалавек, які ўмее рабіць усё’.
Ма́хер 2 (арго) ’нож’ (Рам. 9). З с.-грэч. μάχαιρα, якое са ст.-грэч. μάχαιρα ’нож, кінжал’.
Махе́р ’воўна ангорскай казы’ (ТС). Праз рус. мову (мохер ’тс’) з англ. mohair ’тс’, ’лёгкая тканіна з такой воўны’. Параўн. франц. mohair, moire, ням. Machaier. З араб. muh̯ajjar ’тканіна з казінай шэрсці’ (Махэк₂, 372).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мачонік ’мочаны яблык’ (Янк. 2, маз., Жыв. сл.), мачонкі, мачонікі ’мочаныя, салёныя, марынаваныя грыбы’ (полац., Янк. 2, Нар. сл., КЭС, лаг.; Мат. Гом.; уздз., Нар. словатв.), ’ваўнянкі, Lactarius torminosus’ (Сл. ПЗБ; Жд. 1; лаг., Жыв. сл.), брасл. ’шампіньёны’ (Бел. хр. дыял.); лудз. мачонік ’макляк’ (Сл. ПЗБ), мачонка ’скарынка хлеба, размочаная ў страве’ (Юрч.; КЭС, лаг.), ’курыца, намочаная, каб не квактала’ (Касп.), мачонік ’блін’ (астрав., Сцяшк. Сл.), мачонікі ’страва з хлеба, намочанага ў жыжцы другой стравы’ (Касп.). Аддзеепрыметнікавыя ўтварэнні. Да мача́ць, мачы́ць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пала́ці ’палаткі’ (ТСБМ, Нас., Касп., Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, калінк.), пала́ты ’полка ў лазні’ (Сл. ПЗБ), пала́ць ’палаткі’ (Мат. Гом.). Рус. пола́ти ’палаткі; гара; вышкі; лабаз; падмосткі’, ст.-рус. полати ’хоры ў царкве; верхнія падсобныя памяшканні; палаткі’, пола́ть ’палаці’. Фасмер (3, 307) лічыць яго словам таго ж паходжання, што і палата (гл.). Адрозненні ў семантыцы, відавочна, пад уплывам пол, полка, паліца (гл.). Бел. палаці, лічачы па крыніцах, прымыкае да рус. моўнай тэрыторыі, таму, магчыма, з рус. полати. Параўн. палаткі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Папе́ра ’матэрыял для пісьма, друку, малявання і пад.; пісьмовы дакумент афіцыйнага характару; пераважна мн. (папе́ры) розныя лісты з рукапісным або друкаваным тэкстам’, дыял. папе́р, папя́р. Ст.-бел. паперъ (XVI ст., Булыка, Запазыч., 236). Рус. дыял. арл., чарніг. папе́ра, укр. папі́р, папі́ра, ст.-рус. поперъ (XVI або XVII ст.). Ва ўсх.-слав. з польск. papier, якое з ням. Papier ’папера’ < лац. papȳrus < грэч. πάπῡρος егіпецкага паходжання (Кюнэ, Poln., 85; Брукнер, 394; Фасмер, 3, 200). З польск. papiernia паходзіць і папе́рня ’папяровая фабрыка’ (Гарэц.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Парка́н ’агароджа з бярвёнаў, штыкецін або мураваная’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Касп., Янк., Мядзв., Шпіл., Грыг., П. С., Сцяшк., Бір. Дзярж.; ДАБМ, 811; Шушк.), парга́н (Арх. Бяльк., слонім.), парка́н, парга́н (Сл. ПЗБ) ’тс’. Рус. зах. парка́н ’агароджа’, укр. парка́н, барка́н ’тс’. Ва ўсх.-слав. мовах з польск. parkan (Кюнэ, Poln., 85). Далей, паводле Фасмера (3, 208), з сяр.-в.-ням. parkȃn, якое з франц. < араб. Ст.-бел. парканъ, барканъ < польск. parkan, barkan ужо ў пачатку XVI ст. (Булыка, Даўн. запазыч., 256).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Парша́ ’заразная хвароба, звычайна на скуры галавы пад валасамі, пры якой з’яўляюцца струпы і рубцы’ (ТСБМ), па́ршы, па́рхі ’перхаць’ (Сл. ПЗБ). Рус. парш, парша́, парх ’тс’, укр. парх. З польск. parch, parszywy, з прычыны наяўнасці ‑ар‑ (Праабражэнскі, 2, 19; Фасмер, 3, 210). Аднак дэрываты паршы́вы, паршы́вец маглі, як адзначае Фасмер (там жа), утварыцца не ад парш, а ад слова з другой ступенню вакалізму (гл. по́ршы) у выніку акання. У ст.-бел. парша фіксуецца ў канцы XVI ст. (Булыка, Лекс. запазыч., 130).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пераво́рка (перэо́рка) ’разора, якая дзеліць поле на два ўчасткі’ (гом., Выг.). Да прасл. *per‑vor‑ъka, параўн. ц.-слав. прѣвора ’агароджа, вароты’, польск. przeoryna ’загароджа, перагародка ў хляве для аднаго каня’, чэш. závora ’завала, засаўка; жардзіна, перагародка (у хляве)’, славен. prévor ’сцежка на снезе; канава ўздоўж дарогі на пад’ём’, харв. prijèvor ’сцежка паміж двума ўзгоркамі’, privorac ’даліна паміж узгоркамі’. Другая ступень чаргавання прасл. *ver‑/*vьr‑/*vor‑, параўн. бел. развора, вор 2 ’хлеў’ (гл.). Найбліжэйшы і.-е. адпаведнік — літ. pérvara, per̃varo ’перагон скаціны’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)