Бедронка ’божая кароўка’ (Інстр. лекс.). Паколькі такі тып утварэння (на ‑онка) не характэрны для ўсх.-слав. моў (дакладней, для бел. і ўкр.), дзе выступае бедрык (гл.), то трэба меркаваць, што гэта запазычанне з польскай мовы (параўн. польск. biedronka, таксама biedrunka, параўн. і чэш. bedruňka). Польск. слова звязана з назвамі кароў biedrona, biedrawa, biedrula, гл. Слаўскі, 1, 32; Саднік-Айцэтмюлер, 4, 262–263 (параўн. бо́жая каро́ўка, ням. Herrgottkühlein і г. д.). Іначай аб паходжанні польск. слова Лант, Language, 29, 128–133. Гл. бедрык.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)