Тае́мны ’тайны, скрыты, невядомы; непрыкметны; загадкавы’ (Нас., ТСБМ, Ласт., Стан.), таёмный ’тс’ (Бяльк.), ст.-бел. таемный ’тс’ (КГС), таёмный ’тс’ (XV ст., Карскі 2-3, 233). Укр. тає́мний ’таемны’, польск. tajemny ’таемны, сакрэтны; невядомы’, чэш. tajemný ’тс’, славац. tajomný ’таемны, сакрэтны’. Паводле Карскага (Труды, 314), з польск. tajemny ’тс’, якое Атрэмбскі (SOc, 19, 455–456) лічыў вынікам кантамінацыі старога дзеепрыметніка *tajemъ (гл. таім) і прыметніка *tajьnъ (гл. тайны) і агульнай заходнеславянскай інавацыяй. Гл. таксама Басай-Сяткоўскі, Słownik, 388.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тако́вы ’такія’: таковы справы (Ласт.), ст.-бел. таковый ’такі’ (КГС), сюды ж такаво́ ’так сабе’ (Сцяшк.), такаво́‑сякаво́ ’абы-як, хоць як, як ні ёсць’ (Нас.). Параўн. укр. токо́вий, дыял. тако́в ’такі’, рус. тако́в, польск., н.-луж. takowy, чэш. takový, славен. tákov, серб.-харв. та̀кав, балг. такъ́в, макед. таков, ст.-слав. таковыи ’тс’. Прыметнік і прыслоўе ад *tak(o) (гл. так, такі), параўн. суфіксальныя наватворы такоўскі, таковасты, такаву́ткі. Гл. ESSJ SG, 2, 643; Фасмер, 5, 13, а таксама сякаво.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тата́к ’нібыта, быццам’ (Сцяшк. Сл.), ’так як’ (Бузук, Паўдн.-бел.), та́тык ’як бы, нібы’ (мін., навагр., Стан.), татэ́к ’як’: рыжы, татэ́к я́годка (ПСл). Параўн. балг. та́тък ’там’, дыял. та́така ’далей, туды’. Са спалучэння та і так (гл.), або так як з прыпадабненнем к > т у пачатку слова, параўн. таек, гл. Балгарскія формы не зусім пераканальна разглядаюцца як спалучэнне часціцы і злучніка ta (гл. та) з падвойнай партыкулай t‑k (як у тутака), гл. ESSJ SG, 2, 647.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Таўка́ць ’штурхаць’ (Нас., Сержп. Прымхі; Растарг., Байк. і Некр.; навагр., мазыр., ЛА, 2), тоўка́ць ’калыхаць на гушкалцы’ (стол., ЛА, 2), ’кляваць, торкаць’ (ТС), туўка́ць ’таўхаць, піхаць’ (Бяльк.), товка́ті ’тс’ (беласт., Сл. ПЗБ), таўка́цца ’штурхацца’ (навагр., дзятл., касцюк., мазыр., ЛА, 2; Растарг., Байк. і Некр.), то́ўкацца ’калыхацца на гушкалцы’ (стол., ЛА, 2), ст.-бел. толка́ти ’штурхаць, піхаць’ (1541 г.), толка́тися ’штурхацца’ (КГС), сюды ж таўкн́уць ’штурхнуць’ (Байк. і Некр.), тоўкну́ць, тоўкену́ць ’тс’ (ТС). Гл. таўкці, таўчы, параўн. таўхаць, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Труб ‘ крык, гвалт’, тру́бес ‘галашэнне, моцны плач’ (ТС). Няясна; магчыма, паходзяць ад ням. trüben ‘засмучаць, азмрочваць’, ‘муціць, каламуціць’, trüb, trübe ‘маркотна, журботна’, trübsal ‘гора, смутак, жаль, туга, журба, маркота’; пранікненне іх адбылося, відаць, праз ідыш, параўн. ід. trojb ‘труба’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.). Гл., аднак, у Скарыны Празникъ Трубъ — яўрэйскае свята, калі пад гукі труб адбывалася ахвярапрынашэнне (ГСБМ). Параўн. таксама разм. труба́ ‘гібель, пагібель’ (ТСБМ), трубе́ц ‘канец, капцы’ (ТС), збліжэнне з якімі магло ўплываць на семантыку слоў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Труі́ць, труі́ці ‘труціць’ (Нас., Багушэвіч, Байк. і Некр., Янк. БП, Бес., ТС, Мат. Гом., Растарг.; кіраў., Нар. сл.; валож., Жыв. сл.), ‘вытраўляць (насякомых)’ (стрэш., Нар. словатв.): truìć prusỳ (Пятк. 3), труі́ты ‘атручваць’ (пін., Жыв. сл.), труі́цца ‘труціцца’ (ТС), ст.-бел. труити ‘труціць’ (ГСБМ). Параўн. укр. труїти ‘тс’. Да прасл. *truti, trujǫ (гл. труць), пашыранага суфіксам ‑i‑, відаць, пад уплывам асабовых форм дзеяслова. Сюды ж труі́цель, труі́целька ‘атручальнік, атручальніца’ (Нас.), тру́ены ‘траўлены’: людзі бу труеные цепер (маз., ГЧ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Турэ́ц ‘звужанае рэчышча са шпаркім цячэннем вады’ (дзісн., Ластоўскі, Выбр. тв., 421), ‘быстрыня, струміна, хуткая плынь у рацэ’ (Ласт.), ‘прыспешаная плынь вады, сціснутая з двух бакоў каменнымі стромкімі лехамі’ (У. Дубоўка). Суфіксальнае ўтварэнне ад турыць ‘гнаць, імчаць’ (Пацюпа, Arche, 2007, 3, 195). Санько (Бел. гіст. агляд, 2007, 14, 1–2, 335) бачыць паралель у назве рэчкі Тур або Тураўлянка, якая, па паданні на Тураўшчыне, раней называлася Струмень, параўн. санскр. turá ‘хуткі’ і фрак. strumá, strumón ‘плынь, рака’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тускно́та ‘маркота, смутак, сум’ (Байк. і Некр., Адм.). Ранняе запазычанне з польск. tęsknota ‘туга, смутак, журба’, пра што сведчыць замена другаснага насавога на у (Булыка, Выбр. пр., 122) < *tъskn‑ota < *tъsknъ ‘смутны, журботны, тужлівы’, ‘варты жалю, мізэрны’ (гл. папярэдняе слова), што дало натуральным шляхам прыметнік ckny ‘тс’. Ст.-польск. tesknić sobie ‘быць у роспачы, засмучаным’, дзе пазней пад уздзеяннем ‑n‑ галосны гук ‑e‑ стаў насавым гукам > tęsknić (Борысь, 632), магчыма, было крыніцай ст.-бел. тескнети ‘тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ты́нфа ‘сярэбраная манета, роўная 15 кап.’, памянш. ты́нфік (Нас.), тынхвік ‘15 кап. серабром’ (Шымк. Собр.), ст.-бел. тынфъ, тинфъ ‘сярэбраная манета вартасцю 18 грошаў’ (1688 г., ГСБМ). Запазычана са ст.-польск. tynf, tymf — манета, што атрымала назву ад імя манетчыка Андрэя Тымфы (ням. Tümpe, Брукнер, 589), фіксуецца з 1691 г. (Булыка, Выбр. пр., 181), паралельная лацінская назва манеты tynfus, мн. л. tynf засведчана ў кнізе Гарадзенскага земскага суда ў 1714 г., дзе прыраўноўвалася да 38 грошаў (Жлутка, 340).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Іва́н-ды-Ма́р’я ’расліна Melampyrum nemorosum’ (Кіс.). Рус. Ива́н‑да‑Ма́рья (з XVIII ст.); гл. Шанскі, 2, I, 4–5. Назва тлумачыцца спалучэннем двух процілеглых колераў у гэтай расліне, параўн. ням. Tag und Nacht ’Melampyrum nemorosum’, бел. брат‑сястра, рус. брат и сестра, укр. брат‑і‑сестра, польск. brat‑siostra ’тс’ і звязаныя з раслінай Melampyrum паданні аб перуновай кветцы, аб Іване і Мар’і — браце і сястры. Падрабязней гл. Фасмер, 2, 114; Шанскі, 2, I, 4–5.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)