скро́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, што не любіць хваліцца сваімі заслугамі; не ганарысты. І прывітаю разам шчыра Адданых партыі людзей — Тых скромных носьбітаў ідэй, Што нам прыносяць радасць міру. Колас.

2. Стрыманы, умераны; прыстойны ў жыцці, паводзінах. У адзенні ёсць прыкметы, І па ім відаць ваш густ: Скромны — скромна і адзеты... Непачаловіч. [Пані Мар’я:] — Маю такую дзяўчыну, вельмі бедных бацькоў. Скромная, маладая і нават прыгожая. Бядуля.

3. Які нічым не вызначаецца, просты, звычайны. Адны ў дрыгве карчуюць гаць — Паўзуць уверх карчы, Другія вараць у катлах Іх скромныя харчы. Купала. Быт Ваўковічаў быў вельмі просты, нават скромны. Васілевіч. // Звычайны, радавы (пра пасаду, работу і пад.). Там .. [Юткевіч] будзе скромным, непрыкметным настаўнікам гімнастыкі. Мікуліч. // Не яркі, не рэзкі (пра фарбы і пад.). Як рада ты жыццю нявольна, Уся пад срэбнаю расой Са стужкай скромнай між касой. Багдановіч.

4. Невялікі, нязначны. Хопіць подзвігаў і на вашу долю. А зараз пачнём з самага скромнага, — і .. [Лясніцкі] накіраваў .. [Маеўскую] ў якасці прапагандыста ў далёкую вёску. Шамякін. Фарсавыя моманты і прыёмы .. адыгрываюць у п’есах Марцінкевіча вельмі скромную ролю. Ярош.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суня́цца, сунімуся, сунімешся, сунімецца; заг. суніміся; зак.

1. Перастаць шумець, крычаць, плакаць і пад.; супакоіцца. Я захліпаюся — суняцца не магу. Здаецца, нічога на свеце няма смяшнейшага за стрыжаную Кацю. Сяркоў. // Разм. Спыніць якія‑н. дзеянні, учынкі; уціхамірыцца. — Зося, суніміся! Ты ўжо занадта! — устаў са свайго месца Ігнат Цыдзік. Дуброўскі.

2. Спыніцца ў сваім праяўленні; перастаць дзейнічаць. Дождж суняўся. Кашаль суняўся. □ Суняўся бой. Прывал у лесе на гадзіну. Пад’ехала і пошта палявая. Броўка. Ты [Алеся] горка плачаш... Слёзы, слёзы! Калі ж сунімуцца яны?.. Трус. Пад раніцу завіруха сунялася, але бацька не пайшоў на сядзібу. Навуменка. // Прайсці (пра пачуцці), перастаць турбаваць каго‑н. Цяпер трывогі [у Анастасіі Мікалаеўны] крыху суняліся, а радасць не мінае дом. «Работніца і сялянка».

3. Спыніць рух, ход; перастаць рухацца. Нарэшце недзе за мастком машыны нашы павярнулі ўлева і суняліся. Скрыган. Змораны важак, які даганяў .. [ваўкоў] і не мог дагнаць, на момант суняўся пад ялінай. Чорны. // Затрымацца, прыпыніцца (пра ход, цячэнне, развіццё чаго‑н.). Тое, што мы гаворым сёння, — толькі працяг нашае ранейшае спрэчкі, якая, аказваецца, не сунялася, а жыве, набірае сілу. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таі́ць, таю, тоіш, тоіць; незак., каго-што.

1. Трымаць што‑н. у тайне, скрываць ад іншых. [Саша:] — Марыя Сяргееўна! Вы нічога не таіце ад мяне. Я ўсё хачу ведаць. Шамякін. Сурова і гнеўна выступалі суддзі... Яны абвінавачвалі Варатніцкага не толькі ў тым, што быў паліцэйскім, але і ў тым, што таіў сваё мінулае, хлусіў. Дадзіёмаў. // Захоўваць у сабе, у сваёй душы, не паказваючы перад другімі, хаваючы ад другіх (пачуцці, думкі). І раптам .. [Астаповіч] пачаў бачыць, што ўсё тое, што ён толькі для самога сябе таіў у душы, вядома ўсім. Чорны. Макараў .. скінуў парашут і, тоячы незвычайнае хваляванне і радасць, цвёрдым крокам падышоў да Кудлача, збіраючыся выпрасіць яшчэ адзін палёт. Алешка.

2. Мець, заключаць у сабе што‑н. знешне непрыкметнае, яшчэ не выяўленае. [Дзед Талаш] востра ўглядаецца ў далечы маўклівых балот. Яны тояць штось невядомае, вострае і цікавае. Колас. Ніводнаму, нават самаму магутнаму розуму не ўдалося яшчэ дасюль разгадаць, колькі нявыкрытых дзіў і магчымасцей тоіць у сабе наша зямля. Лужанін. І колькі яшчэ тоіць .. [Урал] у сабе нязведанага! Шынклер.

•••

Няма чаго граху таіць; што (чаго) грэх таіць — нечага скрываць, трэба прызнацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ахво́та (БРС, Бяльк., Гарэц., Мал., Касп., Сержп., КЭС, лаг., Яруш.), ахвочы ’шчыры, хто робіць з ахвотай’ (БРС, Касп., Гарэц., Бяльк., КЭС, лаг., Яруш.), ахвоціцца ’мець ахвоту’ (КЭС, лаг.), охвоча ’без прымусу’ (КЭС, лаг.), ахвотна (БРС, Касп., Гарэц., Бяльк., КЭС, лаг.), охвотно ’весела, прыемна’ (КСТ), ахвотнік ’дабраволец’ (БРС, КЭС, лаг.), ст.-бел. ѡхвотно (XV ст.), ѡ̈хвочий, ѡ̈хвочь (XVI ст., Карскі, 1, 339), укр. охвота ’жаданне, задавальненне’, охвітно ’прыемна, з задавальненнем’, рус. охвота ’жаданне’, ’паляванне’ (выключна паўночна-заходняе), ст.-рус. охвота, охвочии, охвотьнъ ’вясёлы, жвавы’. Нельга разглядаць асобна ад ахота, з якім ахвота мае паралельнае ўжыванне на большай частцы беларускага моўнага арэалу; паводле Брукнера, KZ, 45, 25, назоўнік ад *ochvy: параўн. палаб. våxvě ’здаровы, вясёлы’ (з oxvъ‑jь), в.-луж. wochwy ’тс’, палаб. våxötněoxvotьnъjь), «na tüjǫ våxötǫ» «за тваё здароўе» (тост) < *oxvotǫ гл. Шыдлоўска–Цэглёва, SOc, 27 (1968), 266; гл. таксама Махэк₂, 411, які ўслед за Брукнерам збліжае з ст.-чэш. ochviti sě ’разгуляцца, распаліцца, аддацца чаму-небудзь’, тады ахота < ахвота з выпадзеннем в, параўн. Бернекер, 398, адносна фанетычных умоў гэтай з’явы гл. Ільінскі, AfslPh, 29, 168 і наст.; Атрэмбскі (Życie wyrazów, 320) тлумачыць выпадзенне w у польск. ochwota і развіццё значэння ад ’жвавасць, вясёласць’ да ’жаданне’ ўплывам chocieć насуперак Брукнеру, які адмаўляе такую сувязь; інакш Якабсон, Word, 2, 615: рус. охвота < охота ў выніку характэрнай дыялектнай з’явы пераходу охо > охво, паралельнай да ого (оɣо) > ово; згодна Карскаму 1, 339, ахвота з ахота ў выніку народнаэтымалагічнага збліжэння з хватаць. Паводле Шутца, WSl, 8, 346, рус. охвота і охота ўзыходзяць да кораня *xu̯‑o‑t (адлюстроўвае нармальную ступень чаргавання асноў, што ўзнікла на базе ступені з рэдукцыяй, першапачаткова *xō̆ut‑: *xūt‑: *xut‑ > чэш. huťрадасць’, прасл. xytiti, серб.-харв. htjěti < *xъteti), які супрацьпастаўляецца кораню *xu̯‑ō‑t з падаўжэннем галоснага, параўн. прасл. xvatъ, рус. хвати́ть ’схапіць’, гл. таксама Куркіна, Этимология, 1971, 77. Параўн. расхваціцца ’зрабіць з ахвотай’ (Юрч. Фраз. 2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бе́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае або мае вельмі мала сродкаў на жыццё; незаможны; проціл. багаты. Панская зямля і маёмасць былі канфіскаваны і перададзены батракам і бедным сялянам. Кавалёў. / у знач. наз. бе́дны, ‑ага, м. Багаты беднаму не сябра. Прыказка.

2. Аднастайны, мізэрны. Расліннасць на поўначы бедная. □ [Тапурыя] марыў аб незвычайных прыгодах, аздабляючы вымыслам сваё беднае на падзеі і ўражанні жыццё. Самуйлёнак.

3. Які мае недахоп у чым‑н., змяшчае ў сабе мала чаго‑н. Вучні трэціх класаў школ з рускай мовай навучання толькі пачынаюць вывучаць беларускую мову, слоўнікавы запас іх вельмі бедны, у іх не хапае слоў для выказвання сваіх думак і пачуццяў. Самцэвіч. І была яна, мусіць, такою мізэрнаю, гэтая бедная радасць, што яе цьмяны праменьчык не дасягае сённяшняга дня і не грэе старое сэрца чалавека... Самуйлёнак.

4. Які выклікае спачуванне да сябе; нешчаслівы. Не паспела бедная дзяўчына павесіць пад страху серп, як прыйшлося ўзяць у рукі сахор — пакідаць гной, растрасаць яго на полі. Чарнышэвіч.

5. Танны, просты, небагаты. Вопратка па хадаках была бедная: шарачковыя штаны, кужэльная сарочка, саматканыя світкі, не падобныя на тутэйшыя. Пальчэўскі. Бедная была кватэра, нізкая, цёмная, з дзіркамі ў падлозе і сценах. Маўр.

•••

Бедная галава гл. галава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утаймава́цца, ‑муюся, ‑муешся, ‑муецца; зак.

1. Уціхамірыцца, супакоіцца (пра чалавека). Пачалі будаваць дарогу праз балота. Старыя працівіліся, але моладзь не ўтаймавалася, пакуль не ўзяла верх... Чарот. Стыпендыю [студэнты] атрымалі, праз дзень-два паедуць на бульбу, так што ёсць усе падставы павесяліцца. Толькі пад раніцу ўтаймуецца інтэрнат. Навуменка. // Стаць паслухмяным, падпарадкавацца волі чалавека (пра жывёл). Вінавата апусціўшы хвост, Кудлік трохі ўтаймаваўся, але ненадоўга. Рылько.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зменшыцца, суцішыцца або суняцца (пра боль і пад.). — Дарагі браце Сцяпане! Пойдзем да мяне, паляжыш, адпачнеш, боль утаймуецца... Дубоўка. [Алімпа] думала, што гэта яшчэ не роды, а проста забалеў жывот і калі яна будзе рухацца, дык боль утаймуецца. Сабаленка. // Заглушыцца, прыглушыцца (пра якое‑н. пачуццё, хваляванне і пад.). Калі агульная ўзрушанасць і захапленне, нарэшце, утаймаваліся, я пайшоў да Сені. Шамякін. — А чаго я цябе не бачыў да гэтага дня? — спытаў Пятро Ізобаў свайго даўняга сябра, калі радасць нечаканай сустрэчы крыху ўтаймавалася. Савіцкі. // Прыйсці ў нерухомы стан, стаць спакойным. На трэці дзень Утаймаваўся акіян. І хвалі, Прыкмеціўшы бязлюдны астравок, Як трэску, лодку іхнюю прыгналі І выплеснулі ціха на пясок. Куляшоў. Я Чорнае мора зялёным назваў бы, Калі ўтаймуецца бура і шторм. Грахоўскі. Пад раніцу завіруха трохі ўтаймавалася. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́рціся, труся, трэшся, трэцца; тромся, трацеся; пр. цёрся, церлася; заг. трыся; незак.

1. Церці сябе, сваё цела чым‑н.; націрацца. Церціся мачалкай.

2. Хістаючыся, дакранацца да паверхні іншага прадмета. Аб сцяну крайняй хаты церліся галіны сосен і елак. Пестрак. Чаўны церліся аб сцёблы чароту. Няхай. // Дакранацца чым‑н. да чаго‑н., выказваючы якія‑н. пачуцці (ласку, радасць, вернасць і пад.). Дзяўчына ўсё гарнулася да .. [Іванавых] грудзей і сваёй гарачай аксамітнай шчакой церлася аб яго рассечанае асколкам плячо. Быкаў. З-за пліты паказалася кацянё. Падняўшы старчком хвост і пазіраючы ўверх на Валю, яно замяўкала, нечага просячы, і пачало церціся аб Валіну нагу. Карпаў.

3. Разм. Быць, знаходзіцца каля каго‑н., дзе‑н. (звычайна з карысцю для сябе). Дзякуй Максіму з Андрэем, каля іх труся, розуму набіраюся. Машара. Вуды надоечы там жа, на Сожы, пааддаваў суседнім хлапчуком, якія апошнімі днямі, ведаючы пра мой ад’езд, настойліва церліся ля мяне і маіх вуд. Карамазаў. Тое, што цяпер Халахцей па некалькі разоў на дні ўзыходзіў на высокі ганак школы, цёрся ў асяроддзі настаўнікаў, распісваўся ў школьных ведамасцях, давала яму падставу лічыць сябе прадстаўніком вясковай інтэлігенцыі. Ракітны.

•••

Церці дні — марна траціць час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ці́хі

1. в разн. знач. ти́хий; (небольшой звучности — ещё) негро́мкий; (не производящий шума — ещё) бесшу́мный;

ц. го́лас — ти́хий (негро́мкий) го́лос;

ці́хія кро́кі — ти́хие (бесшу́мные) шаги́;

ці́хая ноч — ти́хая ночь;

2. ти́хий, ме́дленный;

е́хаць ці́хаю ры́ссюе́хать ти́хой (ме́дленной) ры́сью;

3. ти́хий; ми́рный, поко́йный;

ц. сон — ти́хий (ми́рный, поко́йный) сон;

ці́хае жыццё — ти́хая (ми́рная, поко́йная) жизнь;

ці́хая ра́дасць — ти́хая ра́дость;

4. ти́хий, споко́йный, сми́рный;

ці́хія дзе́ці — ти́хие де́ти;

ц. конь — ти́хая (сми́рная) ло́шадь;

ці́хай са́пай — ти́хой са́пой;

ці́хая зато́ка — ти́хая за́водь;

ц. час — ти́хий час;

у ці́хім бало́це чэ́рці вяду́ццапосл. в ти́хом о́муте че́рти во́дятся

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ла́ва 1, ‑ы, ж.

Прадмет сялянскай мэблі — шырокая дошка на ножках для сядзення, звычайна прыстаўленая да сцяны. Ад мыцельніка да стала працягнулася шырокая жаўтлявая лава. Алешка. Госць лавы не праседзіць. Прыказка. // Тое, што і лаўка ​1 (у 1 знач.). У цяньку прысеў на лаву, Паліць люльку дзед. Зарыцкі.

•••

Сесці (папасці, трапіць) на лаву падсудных гл. сесці.

ла́ва 2, ‑ы, ж.

1. Расплаўленая мінеральная маса, якая вывяргаецца вулканам на паверхню зямлі. Патокі лавы.

2. перан. Імклівая, нястрымная маса каго‑, чаго‑н.; лавіна. Можа, і не дагнаў бы авечак [Алёша], каб не дзядзька Сымон.. Проста на яго неслася авечая лава. Гамолка.

3. у знач. прысл. ла́вай. Суцэльным патокам. Радасць льецца лавай.

ла́ва 3, ‑ы, ж.

Баявы парадак конніцы для адначасовай атакі з флангаў і з тылу, а таксама атрад, пастроены для такой атакі. Лава казакоў. □ Лава памчала галопам, пакідаючы на полі бою коннікаў. Гурскі.

[Польск. ława — рад, шарэнга.]

ла́ва 4, ‑ы, ж.

Падземная горная вырабатка з доўгімі забоямі, у якой здабываюцца карысныя выкапні. Між ствалоў сасновых Ноч і дзень Тут, па ўсіх забоях кожнай лавы, Рэха навальнічнае гудзе. Аўрамчык.

ла́ва 5, ‑ы, ж.

Разм. Вялікі абшар, аднастайны масіў чаго‑н. Направа і налева і далёка ўглыб пачынаюцца бясконцыя абшары лясоў, велічэзныя лавы так званай скарбовай зямлі. Колас. Уборка і малацьба збожжа былі скончаны, на палях зелянела шырокая лава руні. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

луна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Плаўна лятаць, рухацца ў паветры. Праляталі вароны ў бок лесу ды ў шызай вышыні луналі буслы. Гартны. [Бездань] была такая, што аж галава кружылася, і мне здавалася, што я не стаю, а лунаю ў вышыні. Сабаленка. // перан. Перамяшчацца, пераносіцца, не атрымліваючы выразнага праяўлення (пра ўсмешку, думкі і пад.). Узрушаная ўхмылка лунала на вуснах [бацькі]. Шынклер. Здалося, што Алесевы думкі лунаюць недзе далёка па-за гэтым паркам. Шыцік.

2. Развявацца ў паветры. Пад лёгкім ветрам лунаў над домам прасякнуты святлом зары чырвоны сцяг. Самуйлёнак.

3. перан. Плысці, распаўсюджвацца, раздавацца (пра песні, музыку і пад.). Лунала ў прасторы.. песня, рэхам разлягалася над возерам, над палямі. Ваданосаў. А ўслед ляцяць, лунаюць словы: «Жадаю шчасця, голуб мой!». Прыходзька. // Панаваць, адчувацца. Нядзельны настрой лунаў над дваром, над будынкамі горада. Гартны. Нешта святочнае, замілавана-сардэчнае лунала над гэтымі гарамі і лугам, не верылася нават у небяспеку. Быкаў.

4. перан. Знаходзіцца ў стане ўзвышаных або далёкіх ад рэчаіснасці пачуццяў. У Міхася на твары была сціплая радасць. Здавалася, што ён сваімі думкамі лунае там, на Навагрудчыне, у бэзавым садзе. Дубоўка. Калі .. [Колас] прыкмячаў, што ўвага развейваецца, зараз жа спыняўся: — Нешта ты далёка лунаеш... Кепска? Лужанін.

•••

Лунаць у воблаках (у надхмар’і) — знаходзіцца ў летуценным стане, не заўважаючы навакольнага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)