скромны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, што не любіць хваліцца сваімі заслугамі; не ганарысты. І прывітаю разам шчыра Адданых партыі людзей — Тых скромных носьбітаў ідэй, Што нам прыносяць радасць міру. Колас.

2. Стрыманы, умераны; прыстойны ў жыцці, паводзінах. У адзенні ёсць прыкметы, І па ім відаць ваш густ: Скромны — скромна і адзеты... Непачаловіч. [Пані Мар’я:] — Маю такую дзяўчыну, вельмі бедных бацькоў. Скромная, маладая і нават прыгожая. Бядуля.

3. Які нічым не вызначаецца, просты, звычайны. Адны ў дрыгве карчуюць гаць — Паўзуць уверх карчы, Другія вараць у катлах Іх скромныя харчы. Купала. Быт Ваўковічаў быў вельмі просты, нават скромны. Васілевіч. // Звычайны, радавы (пра пасаду, работу і пад.). Там .. [Юткевіч] будзе скромным, непрыкметным настаўнікам гімнастыкі. Мікуліч. // Не яркі, не рэзкі (пра фарбы і пад.). Як рада ты жыццю нявольна, Уся пад срэбнаю расой Са стужкай скромнай між касой. Багдановіч.

4. Невялікі, нязначны. Хопіць подзвігаў і на вашу долю. А зараз пачнём з самага скромнага, — і .. [Лясніцкі] накіраваў .. [Маеўскую] ў якасці прапагандыста ў далёкую вёску. Шамякін. Фарсавыя моманты і прыёмы .. адыгрываюць у п’есах Марцінкевіча вельмі скромную ролю. Ярош.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)