зберагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце; пр. збярог, зберагла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Захаваць ад псавання, знішчэння, знікнення і пад. — Ты скажаш камісару, што я сцяг зберагу да прыходу нашых. Гурскі. — Дакументы зберагчы не ўдалося, знішчылі, — уторыў бас. М. Ткачоў. // Не страціць чаго‑н., захаваць (пра стан, пачуцці і пад.). Зберагчы здароўе. □ Лена абяцала зберагчы тое каханне, зберагчы сваю маладосць і дзявочую вернасць. Ваданосаў. // Утрымаць, захаваць (у памяці, у сэрцы). Зберагчы ўспамін. □ Памяць старанна захавае .. [прыгоды] на ўсё жыццё, зберажэ навек. Грамовіч. Пры панах у цямноце жыла ты, Галадала і мерзла ў замець. І жыцця майго першую дату Не змагла зберагчы твая памяць. Арочка.

2. Уберагчы, засцерагчы ад небяспекі, непрыемнасці, смерці. Я знайшоў падкову пад кустом На лясной сцяжынцы выпадкова. Кажуць: да сцяны прыб’еш — і дом Ад няшчасця зберажэ падкова. Непачаловіч. Ноч, густая, як сажа, Зберажэ іх ад куль. Глебка.

3. Ашчадна расходуючы, сабраць, сэканоміць. Зберагчы трохі грошай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ускла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; зак.

1. каго-што. Пакласці на верх, паверх чаго‑н. Ускласці плуг на калёсы. Ускласці рэчы на воз. □ [Антон] нічога не кажучы запрог падводу, усклаў хлопца ды да бацькі. Быкаў. Трэба было ўскласці камель бервяна на перадок, а верх на заднюю вось. Галавач.

2. што. Урачыста пакласці. У дні свят і мінчане і госці з розных краін і гарадоў прыходзяць сюды, каб ускласці вянкі і букеты, каб выказаць яшчэ раз сваю пашану памяці герояў... В. Вольскі. І прыйдуць сюды піянеры са школы Ускласці на помнік вянкі. Тарас.

3. што. Даручыць што‑н. каму‑н. На Шалюту, як былога камандзіра атрада, усклалі абавязкі старшыні райвыканкома. Дуброўскі.

4. што. Абл. Надзець. Ганна Сымонаўна.. другі раз у жыцці апранула шлюбную сукенку. Затым усклала на шыю пацеркі, а яны ж — у некалькі радоў! Дубоўка.

•••

Ускласці (узваліць) на плечы каго, чые, каму — абцяжарыць чым‑н., звычайна справамі, працай, клопатамі і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́ркі, ‑ая, ‑ае.

1. Асляпляльны, які вылучаецца сваім святлом. Яркае месячнае святло рэжа вочы. Мележ. У цемнаце агонь быў яркі і востры, калоў у вочы, як іголкай. Пташнікаў. Радзіўся новы рупны дзень — Ад рос, ад сонца яркі. Панчанка. Раніца стаяла яркая, зіхатлівая. Шчарбатаў.

2. Рэзкі па колеру, які кідаецца ў вочы выразнасцю фарбаў. На поплаве цвілі кветкі, надта яркія — жоўтыя і сінія. Асіпенка. Прыпякала сонца, і яркая зелень знікала. Васілевіч.

3. перан. Выдатны ў якіх‑н. адносінах, запамінальны. Яркі талент. Яркі сатырычны вобраз. □ Вызваленчы рух працоўных мае Беларусі ў першай чвэрці ХХ ст. вылучыў цэлую кагорту яркіх прадстаўнікоў грамадскае, і навуковай думкі. Ліс. // Які надоўга пакідае след (у душы, сэрцы, памяці і пад.). У маленстве маім ёсць адна вельмі яркая дата. Скрыган. Яркія і незабыўныя ўражанні дзяцінства. Броўка.

4. перан. Які пераконвае ў чым‑н.; сапраўдны, непадроблены. Урачыстае пасяджэнне вылілася ў яркую маніфестацыю салідарнасці і дружбы міралюбівых народаў. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

све́тлый

1. све́тлы; (о лице — ещё) прасве́тлены; (о ночи — ещё) відны́;

све́тлая ко́мната све́тлы пако́й;

све́тлое стекло́ све́тлае шкло;

све́тлый костю́м све́тлы касцю́м;

све́тлый шрифт све́тлы шрыфт;

све́тлое лицо́ прасве́тлены (све́тлы) твар;

све́тлая ночь відна́я ноч;

2. перен. (отчётливый, ясный) я́сны, све́тлы;

све́тлый взгляд я́сны (све́тлы) по́зірк;

3. перен. све́тлы;

све́тлое воспомина́ние све́тлы ўспамі́н;

све́тлая ли́чность све́тлая асо́ба;

све́тлой па́мяти (об умершем) све́тлай па́мяці;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

По́тка ’пеніс’ (гродз., Цых.), ’палавы орган’ (Нас., Байк. і Некр.; гродз., кобр., Сл. ПЗБ), ’прарэх у штанах’ (гродз., Сл. ПЗБ), укр. по́тка ’жаночы палавы орган’, по́так ’мужчынскі палавы орган’, рус. по́тка ’membrum virile (у хлопчыкаў)’, палаб. pótkă ’жаночы або мужчынскі палавы орган’ (Олеш, Thesaurus, 805). Прасл. *pъtъka ’палавы орган’, роднаснае літ. paũtas, мн. л. paũtai ’муды, мужчынскія геніталіі’, што паўплывала, паводле Грынавяцкене, на ўжыванне множналікавай формы: яго поткі відаць — які срам (гродз., LKK, 12, 194), адсюль, верагодна, першаснае значэнне ’testicula’. Гэта, аднак, не дае падстаў лічыць слова запазычаннем, насуперак Карскаму (РФВ, 49, 16). Далейшым сувязі няясныя. Паводле Сноя₂ (502), потка ’пеніс’ узыходзіць да прасл. *pъtьka, роднаснага *pъtʼka ’пупышка’ (гл. почка), для якіх рэканструююцца першасныя значэнні ’яйка’ або ’орган размнажэння (у раслін)’, што сумнеўна. Часцей прымаецца перанос назвы птушкі, параўн. рус. по́тка ’птушачка (асабліва пеўчая)’, на назву membrum virile (у дзяцей) (Фасмер, 3, 344; ЕСУМ, 4, 539; 545), што мае шматлікія тыпалагічныя паралелі (параўн. балг. патка ’качка, гуска’ і ’палавы орган у малога хлопчыка’; англ. cock ’певень’ і ’пеніс’ і пад.), што дае падставы Тапарову (Зб. памяці Талстога, 2, 266) гаварыць пра membrum virile ў “арніталагічным” кодзе: *pъt‑ъka (< і.-е. *put‑uk‑) ’птушачка’ і ’пеніс’ параўноўваецца з лац. putus ’хлопчык’ (< і.-е. *pōu‑: *pəu: *pū̆ з пашырэннем ‑t‑), параўн. утворанае ад яго арум. puță ’penis, membre virile’ (Скок, 3, 88).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пы́рскаць ’крапіць’ (Нас., Шымк. Собр., ТСБМ, Шат., Бяльк.; брасл., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.; Растарг.), ’гаварыць з запалам’ (Жд. 2), ’пырхаць, ціха смяяцца’ (Жд. 3), пы́рскацца ’задавацца’ (смарг., Сл. ПЗБ), пы́рскнуць ’пакрапіць’ (Шат.), ’кінуцца’ (шальч., Сл. ПЗБ), выклічнік пырсь (Нас.; мсцісл., Нар. лекс.), пы́рскі ’дробныя кроплі вады’ (ТСБМ, Варл., Шат., Бяльк., Стан.), пырсклівы ’гультаяваты’ (смарг., Сл. ПЗБ), пыршча́ць ’імжэць (пра дождж)’ (Шат.), укр. пи́рскати ’пырскаць, пырхаць’, рус. пы́рскать ’тс’, польск. parskać ’тс’, чэш. prskati ’тс’, славац. prskať ’тс’, в.-луж. porskać ’тс’, н.-луж. parskaś ’тс’, славен. pŕskati ’пырскаць (слінай), пырхаць’, серб.-харв. пр́скати ’тс’, балг. пръ́скам ’тс’, макед. прска ’пырскаць, крапіць; узрывацца’. Прасл. *pъrskati ’пырскаць, пырхаць’ чаргуецца з *porskati (гл. порскаць), параўн. літ. pur̃kšti ’пурхаць, фыркаць, імжэць’, лат. pùrskât ’тс’; узыходзіць да асновы і.-е. *per‑s‑ ’імжэць, пырскаць’ (Бязлай, 3, 129; Фасмер, 3, 334; 420); Банькоўскі (2, 504) мяркуе пра зыходнае прасл. *pṛ‑sk‑, што тлумачыць варыянтнасць ст.-польск. pyrskać, другасных pryskać, parskać. Смаль–Стоцкі (Приміт., 169) гукаперайманне для “хуткага акраплення” укр. прись‑прись трактуе як выгук пастухоў (няўпэўнена звязвае з пріч ’прэч’), што дазваляе пагадзіцца з Трубачовым аб магчымай “ранняй семантыцы” ’апладняць’ для дзеясловаў з асновамі *pъrk‑, *pъrl‑, *pъrsk‑ (Зб. памяці Талстога, 312), параўн. рус. при́скать ’тс’, серб.-харв. пр̏скати ’тс’, славен. pŕskati ’спарвацца (пра коз)’, чэш. мар. prskati se ’тс’. Бязлай (3, 129) лічыць *pъrskati ’тс’ інтэнсівам да прасл. *pъrkati ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мітусі́цца, ‑тушуся, ‑тусішся, ‑тусіцца; незак.

1. Хутка і бесперастанку перамяшчацца ў розных напрамках. У лесе было ціха. Кукавала зязюля. Мітусіліся на высокіх соснах вавёркі. Курто. На вуліцы мітусіліся людзі, шмыгалі ў розныя бакі аўтамашыны. Пянкрат. // Бязладна і мітусліва рухацца; насіцца. Дзяўчына ў чоўне так мітусілася, што некалькі разоў ледзь не перакуліла яго. Маўр. Мітусіліся па ветры лянівыя сняжыны, садзіліся на твар, заляталі .. за каўнер шыняля. Галавач. // перан. Бязладна праносяцца, з’яўляцца і хутка знікаць у памяці. Думкі мітусіліся, усё ніяк не маглі прыйсці да ладу. Лынькоў. У галаве мітусілася рознагалосіца гукаў, чутая ўдзень на полі. Мележ.

2. Увіхацца, мітусліва рабіць што‑н. [Шымет] яшчэ некалькі гадзін мітусіўся каля згружанай цэглы, папраўляў клеткі, нешта пералічваў, перамерваў. Кулакоўскі. Сама .. [гаспадыня] цяпер мітусілася па пакоі, перастаўляла з месца на месца крэслы, не ведаючы, дзе пасадзіць гасцей. Шахавец.

3. Мільгацець перад вачамі. Цяпер не чытае стары, вочы не так добра бачаць, літары мітусяцца і расплываюцца. Крапіва. // у безас. ужыв. У вачах мітусілася, некаторых нават пачало нудзіць. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыгада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Узнавіць у памяці; прыпомніць. Як ні стараўся Лыкоўскі, падрабязнасцей сустрэчы прыгадаць не мог. Васілёнак. [Хлебнікава] прыгадала сваю вуліцу, знаёмых, свой дом, што стаіць на Сакалінай гары ў Маскве. Гамолка. — Ну, чый жа ты цяпер падданы? — прыгадаў .. [пану Крулеўскаму] дзед Талаш тое ж пытанне, што сам чуў колісь. Колас. Начальнік эксплуатацыі нават не прыгадаў, што ў распараджэнні інжынера быў тэлефон. Шынклер. // Прыпомніўшы, пазнаць, зразумець. Пятро не адразу прыгадаў, хто гэта жанчына. Пальчэўскі. Толькі, бадай, праз хвіліну [Клаўдзя] прыгадала: гэта ж Тася Хлябніцкая! Баранавых. Вася і Валерый прыгадалі: гэтак стары назваў гаспадара той сядзібкі, што стаіць наводшыбе. Б. Стральцоў.

2. Навесці на ўспамін, прымусіць успомніць што‑н. па асацыяцыі. Гэты вечар, што застыў на шыбах Сіняю каймой, Прыгадаў мне дальнія сялібы, Палісаднік мой. Тарас. Адышла з вачэй, адпала Невыносная журба, Многа сэрцу прыгадала Берасцяная труба. Броўка.

3. Прыпомніць каму‑н. зробленае з мэтай адпомсціць, пакараць. — Вабейка яшчэ прыгадае табе ўсё — пачакай... Хадкевіч. Ах ты, шашаль папяросы! — Прыгадаем табе гэта! Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

правалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.

1. Упасці ў якую‑н. яму. На памяці многіх жыхароў Бунтароўкі ў гэта чортава акно правалілася не адна жывёліна. Дуброўскі. // Упасці куды‑н., праламаўшы паверхню ўласным цяжарам. Лёд праламаўся, .. [Міхал Тварыцкі] праваліўся па пояс у ваду. Чорны.

2. Абрушыцца, абваліцца; праламацца пад цяжарам. На ганку правалілася масніца... Мележ. У пасялкоўца Цімоха Бабуры здарылася бяда ў хаце: у печы правалілася чарано. Колас.

3. Стаць упалымі, уваліцца (пра вочы, шчокі). У пакой зайшоў Мяснікоў. Стомлены, — відаць, ён увесь час недасыпаў — праваліліся вочы, пахудзеў. Гурскі.

4. перан. Разм. Пацярпець няўдачу ў якой‑н. справе. Планы праваліліся. // Быць раскрытым (пра падпольшчыкаў, падпольную арганізацыю). [Бачароў:] — Вядома, гарантыі даць не магу, але з палкоўнікам многія трымаюць сувязь і ніхто яшчэ не праваліўся. Новікаў. // Атрымаць нездавальняючую адзнаку на экзамене. Неўзабаве пасля вайны Вера паступала ў медыцынскі інстытут і правалілася на ўступных экзаменах. Дуброўскі.

•••

Гатоў скрозь зямлю праваліцца гл. гатовы.

Праваліцца мне скрозь зямлю — клятвеннае запэўненне ў чым‑н.

Як скрозь зямлю праваліўся — нечакана, бясследна знік, прапаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

забы́ць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; заг. забудзь; зак.

1. каго-што або пра каго-што, на каго-што, аб кім-чым. Перастаць помніць; не захаваць у памяці. Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы! Колас. — Э-э-э, чалавеча, тут ужо і забылі пра Тварыцкіх, даўно было. Чорны. // з дадан. сказам або інф. Не ўспомніць у патрэбны момант, выпусціць з-пад увагі. Я не забыў, што бомбаю варожай Маленства пакалечана маё. Свірка. Газу, магчыма, Забыў даць шафёр: Стала машына, Загл[у]хнуў матор. Нядзведскі.

2. каго-што. Пакінуць, не ўзяць з сабой па няўважлівасці. Маці, набыўшы трохі на двары, ішла зноў у дом — усё турбавалася, каб не забыць чаго ў спешцы збораў. Шахавец.

•••

Забыць дарогу куды — перастаць бываць дзе‑н.

Забыць (і) думаць — перастаць успамінаць, спадзявацца на што‑н.

На сябе не забыць — не ўпусціць сваёй выгады.

Не забыць — а) каго узнагародзіць, зрабіць паслугу, узяць пад апеку; б) каму чаго не дараваць каму‑н. чаго‑н.

Што я (ты, ён) там (тут) забыў? гл. я.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)