Скна́ра ‘скупы’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц., Шат., Касп., Бяльк., Байк. і Некр., Янк., Варл., ТС, Ян., Растарг.), скнэ́ра ‘тс’ (Сл. ПЗБ), скны́ра ‘тс’ (ТС), скна́рына ‘тс’ (Юрч.), скна́рыць ‘выпрошваць; жміндзіць’ (Касп., Байк. і Некр.), скно́рыць ‘тс’ (Ласт.), скнары: да работы скнары ‘ахвочы, прагны’ (Б. Сачанка), скны́ры ‘скупы’ (ТС). Запазычанне з польск. sknara, sknera ‘тс’ (Карскі, Белорусы, 149; Кюнэ, Poln., 97). Слова лічыцца выключна польскім (Брукнер, 494). Не адзначана ў ст.-бел., таму, відаць, запазычанне даволі позняе. Польскае слова — дэвербатыў ад sknerać ‘скардзіцца, хныкаць’, гукапераймальнага паходжання; гл. Борысь, 551.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ску́ра ‘верхняе покрыва цела чалавека і жывёлы’, ‘вырабленая шкура жывёлы’ (Нас., ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Касп., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 3). Ва ўсходнеславянскіх помніках скура з’яўляецца пасля XVI ст., да XV ст. — ст.-бел. скора (Ст.-бел. лексікон). З прычыны наяўнасці ‑у‑ лічыцца запазычаннем з польск. skóra (Карскі, Белорусы, 146; Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 56), таксама як чэш. дыял. skura і рус. шкура (Махэк₂, 547; Фасмер, 4, 451). Польскае слова, як і формы з каранёвым ‑о‑ (гл. скорка) працягваюць прасл. *skora, вытворнае ад і.-е. *(s)ker‑ ‘рэзаць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Спі́на ‘задняя (у жывёл — верхняя) частка тулава’ (ТСБМ, ТС; лід., карэліц., мін., Сл. ПЗБ; браг., Шатал.), спі́на ‘хрыбет’ (Пятк. 2), ‘вільчык’ (Сл. ПЗБ); таксама спіна́, спэна́ ‘спіна’, ‘прадаўгаватая горка’ (ТС). Укр. спи́на, рус. спина́ ‘спіна’. Лічыцца запазычаннем праз ст.-польск. spina ‘хрыбет’ (параўн. націск) з лац. spīna ‘спінны хрыбет, пазваночнік’; гл. Міклашыч, 318; Брукнер, 509. Фасмер (3, 735) прапаноўвае яшчэ бачыць роднасць з лат. spina ‘прут’, лац. spīna ‘цёран; шып, хрыбет’, ст.-в.-ням. spinula ‘шпілька’, тахар. A spin‑ ‘крук, колышак’, с.-н.-ням. spîle ‘ражон’. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 371; Трубачоў, Проспект, 81.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сычу́г ’адзін з аддзелаў страўніка жвачных жывёл’ (ТСБМ; б.-каш., ст.-дар., пін., Жыв. св.), сычу́к ’страўнік цяляці-сысуна’ (шуміл., Сл. ПЗБ). Укр. сичу́г ’тс’, рус. сычу́г ’тс’. Лічыцца запазычаннем з цюрк., параўн. куман. suzug ’кішка, вантробы’, кыпч. sučuk ’каўбаса’, тур. sudžuk ’тс’; гл. Фасмер, 3, 822 з аглядам літ-ры. Трубачоў (Дополн., там жа; ВЯ, 1960, 3, 68) узводзіць да рус. сы́тить ’сыціць, насычаць’ (гл. сыта), прыводзячы семантычныя паралелі ням. Lab, Labmagen ’сычуг’: laben ’цешыць, даваць асалоду’, асец. axsœn ’сычуг’, axsyn ’стварожваць’; сюды ж сычу́жны (сыр), сычу́жына ’сычужны фермент’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тасьма́ ’вузкая тканая ці плеценая палоска для аздаблення адзення або завязвання’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), ’вузкая стужка або тасёмка’ (Сцяшк., ТС), ’пасма’: тасьма́ — палоска на клубку нітак (воран., Сл. ПЗБ), та́сьма ’тасёмка’, тасма́ ’тс’ (Нас.). Укр. та́сьма́ ’тасьма, аблямоўка’, рус. тесьма́ ’тасёмка, стужка’, ст.-рус. тасма ’раменьчык’, польск. taśma ’вузкая стужка, тканы паясок’. З цюркскіх моў, дзе з перс. taśma < манг. taśma (Анікін, 538). У старабеларускай мове фіксуецца з 1511 г. у форме тасьма, тесма, крыніцай запазычання якога лічыцца тур. tasma (Булыка, Запазыч., 318; Чарных, 2, 241; Фасмер, 4, 26; Брукнер, 566–567).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Га́ніць ’ганіць, ганьбаваць’ (БРС, Нас., Шат., Касп., Бяльк.). Укр. га́нити, рус. га́нить ’тс’ (толькі ў зах. і паўд. гаворках, гл. СРНГ, 6, 134–135), польск. ganić, чэш. haněti, haniti. Гэта слова сустракаецца толькі ў зах.- і ўсх.-слав. мовах (у паўднёвых славян няма). Паходжанне яго спрэчнае. Лічыцца роднасным са слав. дзеясловам *ganjati: *goniti: *gъnati ’гнаць, ганяць’. З іншага боку некаторыя этымолагі думаюць пра запазычанне з ням. (с.-в.-ням.) hōna або роднаснасць з *gadъ, *gaditi. Агляд версій гл. у Слаўскага, 1, 254–255. Шатэрнік (гл. заўвагу ў яго слоўніку), здаецца, хоча лічыць бел. слова запазычаннем з польск. ganić. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 392.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дабрадзе́й (у розных знач.). Укр. добро́дій, рус. дыял. доброде́й, чэш. dobroděj, славац. dobrodej, польск. dobrodziej, ст.-слав. добродѣи. Прасл. *dobrodějь складанае слова: *dobrъ і вытворнае ад дзеяслова *dějati. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 42 (дзіўна, што тут наогул не прыводзіцца бел. матэрыял, ня гледзячы на тое, што ён добра засведчаны ў слоўніках); Слаўскі, 1, 151. Усё ж такі ў некаторых значэннях гэтага слова, магчыма, выяўляецца польскі ўплыў на ўсх.-слав. мовы (дакладней, у пэўных выпадках трэба лічыцца з магчымымі прамымі запазычаннямі з польск. мовы). Так, у значэнні ’васпан’ укр. і бел. словы, бясспрэчна, запазычаны з польск. dobrodziej з такой жа семантыкай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Даі́ць ’даіць’. Рус. дои́ть, укр. доїти, чэш. dojiti, славац. dojiť, польск. doić, в.-луж. dejić, dojić, н.-луж. dojś, балг. доя́, серб.-харв. до̀јити, ст.-слав. доити. Прасл. *dojiti (sę). Агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 53–54. Лічыцца каузатывам на ‑iti ад *děti, якое не захавалася, але існаванне якога можна вывесці з аддзеяслоўных вытворных *dětę, *děva. У аснове ляжыць і.-е. *dhē̆(i̯)‑ ’ссаць, карміць грудзьмі’. Роднасныя формы: ст.-інд. dháyati ’ссаць’, лат. dêt ’тс’, гоц. daddjan ’тс’. Гл. Бернекер, 1, 205–206; Траўтман, 51; Фасмер, 1, 522; падрабязна Трубачоў, там жа. Гл. яшчэ Слаўскі, 1, 152.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Налог ’дрэнная схільнасць, звычка’ (Нас.), ’звычка’ (міёр., Нар. сл.), налога ’тс’ (віл., Жыв, сл.), укр. налога ’звычка, звычай’, польск. nałóg ’схільнасць, прывычка, звычка да чаго-небудзь дрэннага’. Ст.-бел. налог ’прывычка’ (1598 г.) лічыцца запазычаннем з польск. nałóg (Булыка, Лекс. запазыч., 133); Булахаў (Развіццё беларускай літ. мовы ў XIX–XX стст. ва ўзаемаадносінах з іншымі славянскімі мовамі. Мн., 1958, 27) лічыць паланізмам у беларускіх творах Чачота, што зусім верагодна, улічыўшы значную колькасць дэрыватаў у польскай мове і адмоўнае сэнсавае адценне слова, што адсутнічае ў беларускім дзеяслове налажы́цца ’прызвычаіцца, прывыкнуць’ (гл.), які мог быць асновай утварэння аддзеяслоўнага назоўніка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Касты́ль ’палка з загнутай ручкай’ (Бяльк.), кастылец, касты́ль ’тс’, ’крук’ (Сл. паўн.-зах., 2). Рус. косты́ль ’кастыль’, ’вялікі драўляны цвік’, ’цвік з загнутым верхнім канцом замест шляпкі’, дыял. ко́стыль ’палачка для пляцення лапцей’, укр. дыял. кости́ль ’частка вялікай падоўжанай пілы’, косту́ль ’палка, посах’. У іншых слав. мовах вядома толькі славен. kostílja ’дрэва Celtis australis’, ’пугаўё (з гэтага дрэва)’. Гл. агляд Трубачова, Эт. сл., 11, 167. Лічыцца вытворным ад прасл. *kostь ’косць і да т. п.’ (аб іншых значэннях гл. у Трубачова, Эт. сл.) суфіксам *‑ylь. Гл. яшчэ Бернекер, 1, 582; Праабражэнскі, 1, 368; Фасмер, 2, 349; Трубачоў, там жа.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)