Капу́ста ’агародная расліна Brassica oleracea L.’ ’страва з капусты’ (ТСБМ, Касп., Грыг., Бес., Бяльк., Яруш., Сцяшк., Сержп. Грам.; полац. Нар. сл.), ’кіслая страва з буракоў, морквы, часам і з капусты’ (Нік. Очерки); ’гульня’ (гродз. Нар. словатв.); капу́сціцца ’раскошна садзіцца, рассядацца’ (Яўс.). Укр. капу́ста ’капуста’ і ка́пуст ’бручка’, рус. капу́ста, ст.-рус. капуста (страва) (XII ст.), польск. kapusta, чэш. kapusta, славац. kapusta, славен. прэкмур. kapȗsta і kȃpus, kapús, серб.-харв. ка̀пуста ’жаўтазель, Genista L.’ макед., балг. капу́ста, капу́ска і ка́пус ’капуста’, ст.-балг. капоуста (XI ст.). Вандруючае культурнае слова, якое ўзыходзіць да с.-лац. compos(i)ta ’(змешаная, складзеная) кансерваваная, кіслая капуста’, параўн. таксама італ. composta ’мешань’, ’кампот’, швейц. kāpu(s)ta ’кіслая капуста’, а таксама ст.-в.-ням. kumpóst, с.-в.-ням. kumpóst, kompóst ’тс’ > ст.-польск. kompost ’тс’ (XV ст.), пазней kampust, kanpust, kańpust ’кіслае малако’. Пачатковае ka‑ ўзнікла ў выніку кантамінацыі групы раманскіх слоў, якія паходзяць з с.-лац. capitium ’галоўка капусты’ (< caput ’галава’) > італ. capuccio ’качанная капуста’; зах.-ням. Kappus, с.-в.-ням. kappȗz, kabez. Літ-pa: Бернекер, 218; Брукнер, 218; Слаўскі, 2, 62–63; Фасмер, 2, 188; БЕР, 2, 225; ЕСУМ, 2, 378–379; Бязлай, 2, 18.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каршу́н1, укр. коршун, рус. коршун. Генетычна суадносіцца з бел. каршак ’каршун’, коршак ’ястраб’. У індаеўрапейскіх паралелях, якія звычайна прыводзяцца, найбольш пераканаўчыя ст.-інд. káršati ’цягне, валочыць, рве’, ст.-іран. karš‑ ’цягнуць’. Тады слова каршун пры рэгулярнай у славянскіх мовах суфіксацыі для вытворных Nomina agentis чляніцца на марфемы kъrš і ‑unъ. Як мы бачым, у індаеўрапейскіх прыкладах іншая ступень аблаўту, але гэта яшчэ не азначае, што прыведзеныя лексемы не знаходзяцца ў генетычных суадносінах. Калі ўсё ж такі прызнаць генетычную суаднесенасць прасл. kъrš‑ і ст.-іран. karš‑, то kъrš‑unъ можна тлумачыць як ’той, хто цягне і рве’ (параўн. věd‑unъ ’той, хто ведае’). Але перш чым рабіць такі вывад, трэба ўлічыць характэрную распаўсюджанасць лексемы (толькі ўсходнеславянскія мовы, славацкую паралель можна тлумачыць як пранікненне з усходу: kršak < коршак). Лінгвагеаграфія сведчыць хутчэй па карысць іранскага паходжання.

Каршу́н2 ’частка калаўрота ў выглядзе двузубай вілкі з жалезнымі зубамі, на якую надзяюць шпульку’ (Шатал.). Метафарычны перанос назвы птушкі на прыладу. Гл. каршун1.

Каршу́н3гульня ў каршуна’. Адзін з удзельнікаў («перадавы») стаіць, астатнія бяруцца за яго. Каршун іх ловіць, а перадавы яму не дазваляе, абараняе сваіх дзетак (Нар. словатв.). Гл. каршун1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ка́рта, ‑ы, ДМ карце; Р мн. карт; ж.

1. Зменшаны чарцёж зямной паверхні або яе часткі з пераважным улікам тых або іншых спецыяльных прымет. Геаграфічная карта. Тапаграфічная карта. Лінгвістычная карта. // Чарцёж зорнага неба або паверхні планеты. Астранамічная карта. Карта Месяца.

2. Адзін з цвёрдых папяровых лісткоў, якія складаюць набор (калоду) для гульні і адрозніваюцца паміж сабой па намаляваных на іх умоўных фігурах або ачках чатырох масцей. Калода карт. Тасаваць карты. Казырная карта. // мн. (ка́рты, карт). Гульня пры дапамозе такіх лісткоў. Гуляць у карты. □ Вечарамі зімой збіраліся малінаўцы да каго-небудзь на вячоркі, бесперапынна курылі і рэзаліся ў карты — у воза або ў дурня. Чарнышэвіч.

3. Ліст паперы, бланк, які трэба запоўніць спецыяльнымі звесткамі. Санаторная карта. Тэхналагічная карта.

•••

Контурная карта — геаграфічная карта, на якую нанесены абрысы вадаёмаў і сушы без назвы іх.

Нямая карта — вучэбная геаграфічная карта без абазначэння назваў.

Сінаптычная карта — геаграфічная карта, на якую нанесены звесткі аб надвор’і, атрыманыя адначасова ў розных месцах (служыць для прадказання надвор’я).

Зблытаць карты гл. зблытаць.

(І) карты ў рукі каму — пра таго, хто мае ўсе магчымасці, умовы для чаго‑н.

Карта (стаўка) біта — пра чый‑н. пройгрыш, правал.

Раскрыць карты гл. раскрыць.

Скласці карты гл. скласці.

Ставіць на карту гл. ставіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таямні́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны таямніцы (у 1 знач.), загадкава-незразумелы. Наўкола ляжалі абшары лесу, заўсёды такія ваб[н]ыя і таямнічыя. Шчарбатаў. Я думаў і думаю часта пра яшчэ адну таямнічую недарэчнасць жыцця: ну, дзе ён ходзіць і што ён марудзіць — той, каму так радасна было б назаўсёды, на ўсё жыццё падзяліцца шчасцем з гэтай харошай, яшчэ ўсё самотнай дзяўчынай?.. Брыль. // Незразумелы, загадкавы (пра чалавека). Вясковы каваль Сымон Кушнер здаваўся Васілю нейкім таямнічым чалавекам, траха што не чарадзеем. Кулакоўскі.

2. Які стаіць па-за мяжой пазнання чалавекам; недасягальны, незвычайны. У нас сустракаюцца яшчэ людзі, якія вераць у «таямнічыя сілы». «Маладосць». // Які мае цудадзейную сілу. Калісьці цёмны чалавек верыў у таямнічую сілу слова-праклёну, слова-малітвы. Юрэвіч.

3. Які сведчыць пра наяўнасць таямніцы; які заключае ў сабе таямніцу (у 2 знач.). — А потым [Сцёпка] скаваў паміж рэчкаю і Гнілым балотам! — бабка Агапа гаварыла гэта таямнічым голасам. Колас. Чуліся нейкія таямнічыя, прыглушаныя гукі летняга вечара. Новікаў. Пры сустрэчы з калегам .. [Запольскі] надаваў свайму твару таямнічы выгляд і ціхенька апраўдваўся. Пальчэўскі. Таямнічая ўсмешка з хітрынкай застыла на твары [Малашкіна]. Пестрак.

4. Тайны, сакрэтны, што хаваецца ад іншых. Для [хлопцаў] гэта была таямнічая гульня, пра якую ніхто не павінен ведаць. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Квач ’вялікі памазок з пакулля, рагожы для размазвання чаго-н. па якой-н. паверхні’ (ТСБМ, Нас., Сл. паўн.-зах., ТС, Касп., Шат., КЭС, лаг., Яруш., Бяльк., Сцяшк., Грыг., Гарэц.), ’дзіцячая гульня, па правілах якой адзін з гуляючых, дагнаўшы другога, павінен дакрануцца да яго’ (ТСБМ, ТС). Параўн. укр. квач ’тс’. Польск. kwacz — запазычанне з бел. ці ўкр. Тое ж можна сказаць і аб арэальна абмежаваным рус. квач. Звычайна звязваецца па паходжанню з kvacati, якое мае таксама арэальна абмежаваны характар. Толькі балг. паралель выводзіць яго за межы бел.-укр. арэала. Насуперак Слаўскаму (3, 453) бліжэй за ўсё да квач германскія паралелі. Але разглядаць яго як запазычанне з ням. Quast нельга зыходзячы перш за ўсё з лінгвагеаграфічных меркаванняў. На жаль, мы не ведаем гоц. рэфлексацыі прагерм. kwastu‑. Можна меркаваць аб арэальна абмежаваным запазычанні з гоц. *ku̯ast‑ (ku̯ast‑ > ku̯ats). Параўн. адпаведныя прыклады ў Лекс. Палесся, 16–17. Надзейнасць гэтай гіпотэзы, аднак, невялікая, улічваючы незафіксаванасць гоц. крыніцы і фанетычныя цяжкасці (доўгі галосны і ч‑заканчэнне ў бел. і ўкр. паралелях). Сувязь квач з прасл. kvaka ’гак’, якое рэканструюецца на аснове паўднёва- і заходне-славянскіх рэфлексацый, яшчэ менш надзейная, бо не толькі істотна адрозніваецца ад квач семантычна, але рэпрэзентуе зусім іншы слав. арэал (Слаўскі, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кальцо́ ’кольца’, ’прадмет, які мае форму вобада, абруча, акружнасці’ (ТСБМ, Радч.), у гаворках звычайна канкрэтызуецца: ’кольца на рэгулятары ў плузе’, ’кольца ў дузе’ (кольцо драгіч., Жыв. сл.), ’металічны кружок, за які чапляюць ворчык у баране’ (лун., Шатал.), ’абручы ў нераце’ (навагр., Жыв. сл.), ’кольца на розе ў каровы’ (рас., Шатал.). У розных гаворках адзначаны кальцо ’пярсцёнак’ (Бяльк., Радч., Сакал., Сцяшк., ТС); Тураўскі слоўнік адзначае яшчэ кольцо ’дзіцячая гульня’. Аб распаўсюджанні лексемы кольцо ’пярсцёнак’ на Палессі гл. Сакалоўская, Лексіка Палесся, 293. Укр. кільце ’кольца наогул, за выключэннем пярсцёнка і інш.’, рус. кольцо ’прадмет, які мае форму абруча, акружнасці з металу або іншага матэрыялу’, ’пярсцёнак’ і інш., у гаворках: ’кольца, якое сцягвае калодку кола’, ’дэталь у баране’, арханг., цвяр. ’дэталі сахі’, пск. і інш. ’абручы ў венцеры’ і інш., польск. kolce ’кольца’, дыял. kolco ’частка плуга, кола ў плузе’ (крак. і інш.); чэш. матэрыял няпэўны, славац. дыял. koľca ’кола ў плузе’, славен. kólce ’кольца, маленькі круг’, серб.-харв. kólce, памянш. ад коло; слоўнікі адзначаюць з XVIII ст., адносна фінальных гукаў у гаворках параўн. макед. колце ’кола, кольца’, балг. колце, колцо, памянш. да коло. Лексема фіксуецца таксама ў пісьмовых помніках: ц.-слав. кольцє, ст.-рус. кольце, кольцо; кольце ў Скарыны. Вытворнае з суф. ‑ьце ад kolo, гл. Трубачоў, Эт. сл., 10, 167, магчыма і праславянскае. Звяртаюць на сябе ўвагу відавочна познія семантычныя інавацыі тыпу кальцо ’пярсцёнак’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́мень, ка́мінь, ка́мынь, ка́мэнь ’цвёрдая горная народа ці абломак з яе рознай велічыні і формы’, ’абточаны камень у жорнах’ (Сл. паўн.-зах., ТСБМ, Сержп. Прымхі; Бяльк.; драг., Жыв. сл.; Федар. I; Бес., Яруш., Яшк.), каме́нне (зб.) ’камяні’ (ТСБМ, Радч., Сержп.; стаўбц., Нар. словатв.; Яшк., Гарэц.; мсцісл., З нар. сл.), каміене (Бес.), каме́ння ’тс’ (бяльк.), каме́чо, каме́чча ’тс’ (слонім., Жыв. сл.; гродз., З нар. сл.; Сл. паўн.-зах.; свісл., Сцяшк. Сл.); каме́ньчык ’малы камень’ (Сержп. Прымхі; Бяльк., Янк.), ’костачка ў сліве, вішні’ (браг., Нар. словатв.; Ян., Янк. 2; нараўл., Мат. Гом.), камянёк ’тс’ (полац. Янк. 2); каме́ньчыкігульня’ (гродз., Нар. словатв.); ка́мень ’мера вагі (≈ 10 кг, ≈ 1 кг)’ (Інстр. III); камяны́ ’зроблены з каменя’ (КЭС, лаг.), каме́нный ’тс’ (Бяльк.), каме́нны ’з каменя або з цэглы зроблены’ (ТСБМ, Сцяшк.); каме́нык ’крэпкі хлопчык’ (Бяльк.); ка́менка, ка́мінка ’печ з камення (у лазні)’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяц.; усх., КЭС); укр. ка́мінь, рус. ка́мень, польск. kamień, н.-луж., в.-луж. kamjeń, палаб. komói, чэш. kámen, славац. kameň, славен. kámen, серб.-харв. ка̏мен, макед., балг. камей, ст.-слав. камы. Прасл. kamy (род. kamaee). Блізкія і.-е. адпаведнікі: літ. akmuõ (akmeñs), лат. akmens ’тс’, ст.-інд. áśmā, áśrnan‑ ’камень’, ’неба’, авест. asman‑ ’тс’, ст.-грэч. ἄκμών ’кавадла’, ’неба’ < і.-е. *akʼ/*okʼ (Слаўскі, 2, 37–38). Фасмер (2, 173–174) далучае да і.-е. яшчэ ст.-в.-ням., ст.-сакс. hamar, ст.-ісл. hamarr ’молат’ (параўн. Мартынаў, Слав. акком., 160–161).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́ха1 ‘жанчына, якая трэ лён’ (Сцяшк.). Да церці (гл.). Суфікс ‑уха, які ўтварае назвы асоб па прафесіі, узыходзіць да прасл. *‑uxa, прадуктыўнага ў паўночных славян і ў славенскіх гаворках (Слаўскі, SP, 1, 75).

Тру́ха2 ‘картачная гульня’ (ТС). Няясна.

Труха́ ‘пацяруха, перацёртае сена, салома’ (ТСБМ; Некр. і Байк., Сл. ПЗБ; бялын., ЛА, 2), ‘дробныя сухія рэшткі чаго-небудзь’, ‘што-небудзь нікчэмнае, бескарыснае’ (ТСБМ; Сержп. Прык.), ‘трухлявая драўніна’ (Мат. Гом.), ‘старая драўляная будыніна’ (Вушац. сл.). Укр. труха́ ‘пацяруха’, трухва ‘гніль у дрэве’, рус. труха́ ‘пацяруха’, ‘парахня’, стараж.-рус. трухъ ‘прэлы, трухлявы’, ‘змрочны’, чэш. troucha, trouch ‘што-небудзь спарахнелае’, славац. trúch ‘тс’, серб. тру̏ва ‘пацяруха’, трух, тру̀шни хле̏б ‘хлеб з мякінай’, харв. truha ‘адкіды’, славен. trûšje зборн. ‘гніль’. Прасл. *truxa, *truxъ — зборныя назоўнікі, суадносныя з і.-е. *trou̯‑s‑ ‘раскрышаны’, ‘струхлелы’, ‘састарэлы’ (Борысь, 643; Арол, 4, 110). Фасмер (4, 114) у якасці роднасных падае лат. tràusls ‘ломкі, крохкі’, trusls ‘гнілы, прэлы’, trusêt, trust ‘гніць, прэць’, літ. traušùs ‘ломкі, крохкі’, traũšti ‘крышыцца’. Сной (Бязлай, 4, 231) мяркуе, што праславянская аснова мела *‑ǫ, магчыма, другаснае (Новое в рус. этим., 240). Гл.: Буга, Rinkt., 1, 489; 2, 632; Зубаты, Studie, 1(2), 120–121; Каруліс, 2, 453; Скок, 3, 515; Бязлай, 4, 230–231; Шустар-Шэўц, 1536, 1540; ЕСУМ, 5, 661. Меркаванні пра варыянтнасць асноў прасл. *trux‑/*trus(k)‑, што дае магчымасць ідэнтыфікацыі *truxa з *truska, *truskъ, гл. Куркіна, Этимология–1994–1996, 50–51 (гл. труск).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

уда́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які завяршаецца ўдачай; удачны, паспяховы. Удалы баявы вылет. □ Байсак быў у лагодным настроі пасля ўдалай вылазкі на шашу. Лынькоў. Рэйд той наш, па сутнасці першы, быў ўдалы. Шамякін.

2. Вельмі добры. Удалая пшаніца. □ Кузьма славіцца сваім квасам на ўсю ваколіцу — ні ў кога ён не бывае такім удалым, як у Кузьмы. Пестрак. Здаецца, ні адзін год не была такая ўдалая сенажаць! Нікановіч. Удалая восень стаяла ў гэтым годзе. Чарнышэвіч. У жыцці ўсім удалым, У прыгодах-уцехах Міхасю скрозь гучала Адшуканае рэха. Кірэенка. / Пра людзей, жывыя істоты. Нездарма вяла [маці] ў святліца, За дубовы стол саджала. Слёзы капалі расіцай, Што сынок такі ўдалы. Купала. // Які адпавядае якім‑н. патрабаванням, падыходзіць для чаго‑н. Месца пад бальніцу выбрана ўдалае, ля самага бору, у закутку, крыху наводшыбе. Пестрак. Ды не зусім удалы час выбраў для знаёмства .. Нервы .. [Стасі] здалі, яна зрабілася запальчывая. Карпюк. Усё бегаючы па пакоі,.. [Іван Іванавіч] быў, здаецца, на мяжы адчаю, ды раптам ад нейкай удалай думкі ўраз успыхнуў надзеяй і ўскінуў руку. Быкаў. // Правільны, верны. Гульня пайшла жвава, і праз некалькі ўдалых ходаў Зоя выйшла пераможцай. Якімовіч.

3. Здатны на ўсё; спрытны, умелы. [Ігнат] хлапец .. удалы і на навуку, і на працу, куды хочаш! Чарнышэвіч. [Пракоп:] — Чыста ў вас, хораша. І няўжо ж гэтак у вас штодзень. Ці можа жонка ваша такая ўдалая гаспадыня? Колас.

4. Смелы, адважны, храбры; хвацкі. [Яношык:] — Каб была пры мне дружына Юнакоў — хлапцоў удалых, Ускалыхнуў бы я Карпаты. Бажко.

•••

Удалая галава гл. галава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Не́мец1 ’нямко, нямы чалавек’ (ТС), не́мяц ’глухі, глуханямы’ (Мал.), не́міц ’вельмі маўклівы’ (міёр., З нар. сл.), рус. не́мец ’нямы чалавек; чалавек, які невыразна, незразумела гаворыць’, славен. némec ’нямко’, серб.-харв. дыял. немь́ц «онај ко је нем, без моћи говора» (СДЗб., 29, 147), балг. не́мец ’нямы чалавек’. Прасл. *němьcь, утворана ад němъ, гл. нямы.

Не́мец2 ’немец’ (ТСБМ, ТС), не́мяц ’тс’ (Мал., Жд. 1, Цых.), укр. ні́мець, рус. не́мец, польск. Niemiec, чэш. Němec, славац. Nemecy в.-луж. Němc, н.-луж. Nimc, славен. Némec, серб.-харв. Не́мац, мак. Немец, балг. не́мец. Прасл. тэрмін, фіксуецца ў візантыйскі перыяд (1088) як Νεμίτζοι. Паходжанне этноніма застаецца канчаткова нявысветленым, найбольш верагодныя дзве версіі. Згодна з першай версіяй, ад немец1 (гл.) з развіццём семантыкі ’чалавек, што гаворыць няясна, невыразна’ да ’чужаземец’ (з канкрэтызацыяй ’немец’), гл. Брукнер, 360; Фасмер, 3, 62; Шустар-Шэўц, 13, 998; Мартынаў, Лекс. взаим., 102–104 і інш. Паводле другой версіі, што ўзыходзіць да Шафарыка, з кельцкай назвы германскага племені Nemetes, адзначанай рымскімі аўтарамі, што звязваецца з кельц. nomet ’свяшчэнны, знатны’, гл. Шахматаў. К вопросу о древн. слав.-кельт. отношениях. Казань, 1912, 37. Аднак абедзве версіі сустракаюць пярэчанні, параўн. Ковалев Г. Ф. Общеславянский этноним немец. Мат. по русско-слав. языкознанию. Воронеж, 1977, 41–45. Форма Не́мцы ’Германія’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. Немцы: оутечеть оу Немци и Прꙋсы (XVII ст., Карскі 2-3, 329) з польск. Niemcy ’тс’, звычайна Няме́ччына (Немеччына) (Нас.).

Не́мец3гульня’ (Бяльк.), ’пасаж у гульні’ (ТС), не́мчык ’тс’ (ТС). Няясна, хутчэй за ўсё да не́мец2 аднак матывацыя застаецца нявысветленай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)