багі́ня, ‑і, ж.

У антычнай міфалогіі і некаторых рэлігіях — бажаство жаночага полу. Зусім недалёка ад станцыі з такой літаратурна-гістарычнай назвай знаходзяцца руіны храма фінікійскай багіні Таніт. В. Вольскі. // перан. Пра жанчыну ідэальнай прыгажосці і грацыі. Я шмат багінь спакуслівых І ласкавых страчаў, Але табе, паэзія, Ніколі не здраджаў. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Право́дніца ’наступная нядзеля пасля Вялікадня (Паскі)’ (Гарэц., Мядзв.), правадная (нядзеля) ’памінальная’ (Нас.), приводная нядзеля, правадной ’Фаміна нядзеля’ (Шат.), правадны ’паслявелікодны’ (Мат. Гом.), провад ’паніхіда’ (Нас.). Рус. дыял. провады ’радаўніца, памінанне памерлых’, ’пахаванне’, ’праводзіны вясны’, проводная педеля ’Фаміны тыдзень’, укр. провады ’Фаміны тыдзень’, ’праводзіны русалак песнямі ў першы панядзелак пасля свят Сёмухі’, польск. przewocinica, przewodniczna, przewodna niedziela ’першы тыдзень пасля Вялікадня’, чэш. provod, provodm nedele ’першая нядзеля пасля Вялікадня’. Да праводзіць. У рымска-каталіцкай абраднасці назва тлумачыцца тым, што ў гэты дзень новаахрышчаныя людзі ішлі “провадам” да храма, або тым, што ў гэту нядзелю адбывалася працэсія да храма з вяночкамі. Але, відаць, першаснае значэнне — гэта сляды дахрысціянскага культу памерлых і ўшанавання духаў прыроды, як гэта захавалася ва ўсходніх славян (гл. Махэк₂, 452).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

э́лінг, ‑а, м.

1. Спецыяльнае памяшканне на беразе, прызначанае для пабудовы і рамонту суднаў; збудаванне для пад’ёму ці спуску суднаў на ваду па нахіленай плоскасці. Наведанне храма і пошукі прыдуманых Чаурам элінгаў давялося, аднак, адкласці. Шыцік.

2. Памяшканне для дырыжабляў і аэрастатаў. Элінг для аэрастата.

3. Збудаванне асобага тыпу для захоўвання спартыўных суднаў.

[Гал. helling.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Латы́р ’камень, уплецены лыкам у колца з лазовага дубца, які служыць грузілам да невадоў’ (Мял.). Укр. латир, олатіір ’янтар’, ц.-рус. алатырь ’камень, які Спас паклаў у падмурак Сіёнскага храма’, ’камень, каля якога ўпала Галубіная кніга’ (Бракгауз і Ефрон, Энц. сл., 9, 116–117), рус. арханг., валаг., арл., вяц. латырь, латыр, ёнаўск. латар, арл. бел латый камень, рус. ватарь‑камень, алатырь‑камень. Узыходзіць да іран. *al ätar‑ ’белы-гаручы’, параўн. рус. кальку (з іран.) бел‑горюч і частковую бел‑атор (Мартынаў, Балт. слав. исслед., 1980, 24–25). Роднаснае са словам ватрушка (< cvatra ’агонь’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Селяні́н ‘жыхар сельскай мясцовасці, земляроб’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк.). Укр. селяни́н, рус. селяни́н, ст.-рус. селянинъ ‘селянін, вясковы жыхар’, серб.-харв. сѐљанин ‘вясковы жыхар’, славен. selján ‘селянін, вясковы жыхар’, балг. се́лянин, макед. селанин, селанец ‘селянін’, ст.-слав. селꙗнинъ ‘земляроб’. Паводле Трубачова (Проспект, 77), прасл. *sedlʼaninъ/*sedlěninъ < прасл. *sedlo (адрознага ад *sedъlo ‘сядло’) ‘земляробчая гаспадарка з домам’ (Махэк₂, 539) з і.-е. *sedlom, роднаснага лац. sella ‘сядзенне’ < *sedlā, што мае фанетычную і словаўтваральную адпаведнасць у палеабалканскім Ἕλλα ‘назва храма Зеўса ў Дадоне’, ад якога выводзіцца племянная назва Ἕληνες, паралельная да *sedlʼane ‘сяляне’ (Трубачоў, Этимология–1980, 14–15). Гл. сяляне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

храм, ‑а, м.

1. Збудаванне, прызначанае для адпраўлення набажэнства і рэлігійных абрадаў. Мусіць, з такім самым пачуццём тысячагоддзі назад у якім-небудзь першабытным храме людзі прыступалі да здабывання свяшчэннага агню. Маўр. Захаваліся руіны рымскіх храмаў, палацаў, тэатраў, трыумфальных арак, лазняў. В. Вольскі.

2. перан. Месца, якое выклікае павагу, святое для каго‑н. У хуткім часе БДТ‑1 стаў храмам мастацтва, святыняй роднага слова. Ліс. Бачу цябе [Пуліхава] ў Піцеры, ва універсітэце. Вось яны сцены храма навукі, пра які ты марыў! Мехаў. А душа мая і думкі — там, Дзе шахцёры-салякопы Мудра Пад зямлёй узводзяць працы храм, Увесь з мазаікі і перламутру. Аўрамчык. // перан. Пра сферу высокіх духоўных каштоўнасцей. А невядомы Ікс. Спрабуе — хі-хі! — у храм паэзіі зайсці ў лапцях, Складае вершы на мужыцкі лад. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыдзе́лаць ’прырабіць, прыбудаваць’ (Бяльк.), прыдзе́лаць, прыдзя́лаць ’прымацаваць, прымацоўваць’ (рагач., Сл. ПЗБ). Усходнебеларускі арэал фіксацыі гэтых дзеясловаў, а таксама шырокая распаўсюджанасць карэляту прырабі́ць (гл.) сведчаць, хутчэй, на карысць запазычання з рус. приде́лать. Падаецца, аднак, што гэта другасная, больш позняя з’ява, таму што наяўнасць добра вядомых у жывой народнай мове аддзеяслоўных субстантываў з коранем ‑дзел‑ немагчыма трактаваць інакш, як на карысць спрадвечнасці ўласнай дзеяслоўнай пары дзе́лаць/прыдзе́лаць (< прасл. *dělati, гл. ЭССЯ, 4, 231–232), якая была паступова выціснута семантычна ідэнтычнай рабі́ць/прырабі́ць, параўн. прыдзе́л ’прыбудова да хаты’ (Бяльк., Мат. Маг.), прыдзе́лак ’тс’ (Мат. Маг.) ’унутраная перагародка ў хаце, канявая сцяна’, ’сенцы (частка хаты, якая не абаграваецца)’ (калінк., чавус., ЛА, 4), прыдзе́лок ’жылое памяшканне, прыбудаванае да хаты’ (Шушк.), ’прыбудова (да хаты, хлява)’ (Ян.), прыдзе́лак ’скрынка ў куфры’ (баран., Сл. ПЗБ). Параўн. ст.-рус. придѣлъ ’частка праваслаўнага храма з самастойным прастолам’, рус. дыял. приде́л ’асобнае памяшканне ў доме’, ’пярэдні пакой у хаце, святліца’, приде́лок ’жылая прыбудова да хаты’, ’прыбудова да двара, хлява’, укр. палес. придєл, придє́лок ’прыбудова да асноўнай будовы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

святы́, ‑ая, ‑ое.

1. Паводле рэлігійных вераванняў — надзелены абсалютнай дасканаласцю і чыстатой, боскай сілай. Святая тройца. Святая вада. □ — Схадзі, сірацінка, пакліч Сымона-кантычніка. Няхай над нябожчыкам святыя словы чытае. Бядуля. // Ужываецца як пастаянны эпітэт да слоў, якія абазначаюць прадметы і месцы рэлігійнага пакланення. Святая царква. □ Святая пасцель небасхіла Крывавай імглой заплывала, Пасад заручальны магілай Пуціна сляпая хавала. Купала. Вунь там, за какосавым гаем, руіны старажытнага храма. Месца лічыцца святым. Б. Стральцоў.

2. У хрысціянскім кульце — чалавек, які ўсё жыццё служыў богу ў царкве, а пасля смерці прызнаны нябесным заступнікам веруючых. Святы Ілля сядзеў задумна, Самотна тоячы аб разу. Гаўрусёў. / у знач. наз. святы́, ‑ога, м.; свята́я, ‑ой, ж. З палотнішчаў старых абразоў на яго глянулі строгія, хоць і выцвіўшыя, твары святых. Колас. Там [у Вільні] ёсць каму кланяцца, гнуць спіну, ёсць перад кім поўзаць на каленях і ў сваёй слепаце ліць слязу за слязою перад абразамі святых, якім і ліку няма. Пестрак. / у іран. ужыв. Пелагея.. з крыкам кінулася да.. [Маеўскага і Тацяны]: — Што? Што вы седзіцё тут, як святыя? А там кароўку павялі... Шамякін.

3. перан. Высокай маралі, бездакорны ў сваім жыцці, паводзінах. Ты спяшала туды, Маладая, святая. І пасоўваўся бераг насустрач табе. Чэрня. // Не вінаваты перад кім‑н. у чым‑н.; бязгрэшны. [Галіна:] — От бачыш, і я саграшыла перад табою, і я не святая, як думала сама сабе. Скрыган.

4. Высакародны, чысты, узвышаны. Я перадам святую праўду века, Што ў промнях сонца, з дыму і крыві Да новых зор узнёсла чалавека Для шчасця і вялікае любві! Грахоўскі. І зведаў пераможаны Берлін Святы наш гнеў, святую нашу літасць; Не толькі помсціць за сяброў забітых — Жывых сяброў мы ратаваць ішлі. Жычка. // Высокі, пачэсны. Святы абавязак. □ Гэта дзіця загінуўшай маці; яе [Тацяны] святы доўг захаваць і вырасціць яго... Шамякін. // Шчыры, сапраўдны. Хай беражэ цябе ад кулі І ад варожых злых штыкоў Святое пачуццё матулі — Мая бязмежная любоў. Глебка.

5. Паважаны, дарагі, любімы. Ты [Мінск] — наша сталасць, Нашае юнацтва І наш святы двухкаляровы сцяг. Прыходзька. Сню цябе, Беларусь, па начах, Адзіную ў свеце, святую. Астрэйка. / у знач. наз. святы́, ‑ога, м. І ўсё, што ў нас святога ёсць — Радзіма, воля, слава, чэсць, — Мы пранясём праз гром, агонь, Варожых сіл раскрышым бронь. Колас. Здрадзіць [дадзенаму слову] для.. [Ніны] — значыць адрачыся ад усяго святога. «Маладосць».

6. перан. Якім даражаць, якога шануюць. Часу не хапала, ён [Лоўгач] затрымліваўся позна, рэдка прыходзіў абедаць, і толькі ранішнім гадзіны былі для яго святыя. Савіцкі. Даўно мінулі дні атак. На ўзбярэжжы Нёмна Стаіць падбіты грозны танк — Святы суровы помнік. Панчанка. З братамі дзяліліся хлебам, Што вырас у стэпах данецкіх Пад зорным, апаленым небам, Святым нашым хлебам савецкім. Танк.

7. Непахісны, непарушны. Наш святы жыцця закон Мы ў кнігу дружбы запісалі. Колас.

•••

Святы айцец гл. айцец.

Скокі святога Віта гл. скокі.

Адправіцца да святых на чай (чай піць) гл. адправіцца.

Бог святы ведае гл. бог.

На святыя ніколі — ніколі, аніколі.

Не святыя гаршкі лепяць — кожнаму пад сілу, усякі чалавек гэта можа зрабіць.

Святая прастата — пра наіўнага, прастадушнага, няхітрага чалавека. Тады малады дзесятнік пачаў заляцацца. Нічога ж пра яе не ведае, шчабеча ўвесь вечар — святая прастата. Мыслівец.

Святая праўда (ісціна) — бясспрэчная, безумоўная праўда, ісціна. Усё, што гаворыць Антон сваім слухачам, беларускім сялянам, ацэньваецца імі як святая праўда. Ларчанка.

Святая святых — а) пра што‑н. тайнае, недаступнае. [Штрыпке:] — Тонкасці гэтай справы, святая святых яе, для мяне недаступны. Лынькоў; б) пра што‑н. самае дарагое, запаветнае. [Прэзідэнт:] Мне шчыра шкада.. [Андрэя], але стрэлам у судзе злачынца зрабіў замах на святая святых нашай дзяржавы, на яе фундамент, на закон. Кучар.

Святы дух гл. дух.

Святым духам гл. дух.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)