крыла́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае крылы; з крыламі (у 1, 2 і 3 знач.). Хлопчыкі трымалі ў руках па адной крылатай страказе, лоўка заціснутай у саломінкі. Кавалёў. Кладзе пад ногі Джэзказгана Крылаты птах рухавы цень. Звонак.
2. перан. Акрылены, узнёслы. Сінявокая мая Радзіма-маці Славаю крылатаю грыміць. Хведаровіч. Куды ні кідала малую Іру крылатая дзіцячая фантазія! «Полымя».
•••
Крылатыя словы гл. слова.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уя́ва, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і уяўленне. Мая фантазія, уява малявалі ўсё, што я страціў і што мне так хацелася бачыць... Сачанка. Камісар хмурыўся: перад ім, ва ўяве, былі жывыя знаёмыя твары сяброў, — балюча было думаць, што гэтых людзей ужо няма. Мележ. // Напамінак, вобраз, прымета. З сакавіком прыходзяць уявы вясны: зямля, нібы звер, ад зімовае спячкі пачынае прачынацца павольна, але ўпарта. Мікуліч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разгара́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад разгарачыць.
2. у знач. прым. Разагрэты (работай, хадой і пад.); гарачы. З зямлі патыхала вячэрнім спакоем, мокры мяшок з рыбаю прыемна студзіў разгарачаную спіну. Капыловіч. Хлопчык сцябаў і сцябаў разгарачанага каня, пакуль не паглыбіўся далёка ў лес. Курто. // перан. Узбуджаны, растрывожаны. Разгарачаная фантазія Дзічкоўскага зусім разгулялася. Алешка. // Які выяўляе ўзбуджанасць, растрывожанасць. — Прызямліліся, тата? — бліснуўшы разгарачанымі вачыма, спытаў Алег. Гамолка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уто́пія, ‑і, ж.
1. Вучэнне аб сацыяльнай перабудове, аб ідэальным грамадскім ладзе, заснаванае на ненавуковым разуменні аб’ектыўных заканамернасцей грамадскага развіцця. [Маркс] ператварыў сацыялізм з утопіі ў навуку, абгрунтаваў немінучасць гібелі капіталізму і перамогі камунізма. «Звязда».
2. Фантазія, неажыццявімая мара. Астранамічныя лічбы.. А накапаць 30 тысяч тон торфу! Ці не ўтопія гэта?.. Нават перавезці немагчыма. Дуброўскі.
3. Літаратурны твор, у якім апісваецца ідэальны грамадскі лад будучага.
[Ад грэч. u — не і tópos — месца, г. зн. месца, якога няма; па другой версіі, ад eu — дабро і tópos — месца, г. зн. благаславенная краіна.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хіме́ра, ‑ы, ж.
1. У старажытнагрэчаскай міфалогіі — пачвара, якая дыхае агнём, з ільвінай галавой, казліным тулавам і хвастом дракона. // У сярэдневяковым мастацтве — скульптурны відарыс фантастычных істот, якія ўвасаблялі цёмныя сілы, заганы і з’яўляліся часткай скульптурнага аздаблення гатычных сабораў.
2. Кніжн. Неажыццявімая мара; мудрагелістая фантазія.
3. Марская рыба сямейства хімеравых, падобная на акулу, з цыліндрычным тулавам, доўгім хвастом і вялікімі плаўнікамі.
4. Спец. Арганізм, які складаецца з генетычна неаднародных тканак.
[Грэч. chimaira.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
быль, ‑і, ж.
1. Тое, што сапраўды было, адбывалася, у адрозненне ад выдумкі, небыліцы. [Нікодым:] — Тут, чалавеча, так перамешана быль з небыліцай, што цяжка адрозніць, дзе праўда, а дзе творчая фантазія расказчыкаў. Машара.
2. Расказ, апавяданне аб праўдзівым здарэнні. Круглы год шумяць над Юркавай магілай высокія клёны. З пакалення ў пакаленне будзе перадавацца быль пра яго кароткае, але яркае жыццё. Курто. І зноў палілася старая быль пра камень: — Гэта было даўно, яшчэ пры паншчыне. Пестрак. Быль як смала, а небыліца як вадзіца. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́думка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.
1. Тое, што прыдумана, вынайдзена. У Сашы заняло дух .. ад гэтай новай выдумкі і прапановы. Шамякін. // Вымысел, фантазія. Паэтычная выдумка. □ Сон пераблытаў усё: праўду з выдумкай, мінулае шчасце з сучасным. Васілевіч.
2. Здольнасць выдумляць. А ты з выдумкай, стары, з гумарам! Лынькоў.
3. Тое, што не адпавядае рэчаіснасці; хлусня; плётка. Бог, рай, той свет — усё гэта выдумкі, каб трымаць народ у страху і паслушэнстве. Колас. [Туляга:] Усё гэта выдумка ад пачатку да канца. Я палкоўнікам ніколі не быў. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
іна́чай, прысл. і злучн.
1. прысл. Іншым спосабам, па-другому, не так. Справа пайшла іначай. □ — Жывы пра жывое думае, а як жа іначай! Іначай нельга. Чарнышэвіч. А яшчэ зусім нядаўна ўсё выглядала іначай. Кулакоўскі.
2. злучн. супраціўны. У адваротным выпадку, а то. — Тыл арміі павінен быць надзейны, Іначай мы не зможам наступаць. Глебка. — Павінна кожная рэч сваё месца ведаць, іначай, голуб мой, не парадак. Лынькоў.
•••
Не іначай (як) — падобна, што; іменна. Адкуль.. [Зелянюк] ведае? Не іначай вымудрае ўсё гэта яго маладая жвавая фантазія. Зарэцкі.
Так ці іначай гл. так.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пульсава́ць, ‑суе; незак.
1. Рытмічна біцца, мець пульс (пра сэрца, артэрыі і пад.). На лбе ўсхвалявана пульсавала тонкая сіняватая жылка. Гамолка. // Рытмічна рухацца па крывяносных сасудах (пра кроў). У такіх роздумах Людвік і дабег да свайго лагера. Нейкі час не прыслухоўваўся, як пульсуе кроў у дзяўчыны, ці трымаецца ў грудзях дыханне. Кулакоўскі. І зноў з усіх ног бягу прэч ад школы... Бягу, а ў скронях б’е, пульсуе, аж звініць кроў — гэта праўда, усё праўда, што я думаў... Сачанка.
2. перан. Рытмічна рухацца; актыўна праяўляцца. Над Дняпром, над Волгай, над Масквой-ракою, — скрозь жыццё пульсуе, шпаркае такое. Дубоўка. Творчая фантазія пульсуе тут моцна, і актуальнасць праблематыкі не слабее. У. Калеснік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разгарэ́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
1. Узяцца добра гарэць. Юзік кінуўся збіраць палачкі і сухія трэсачкі, каб шпарчэй разгарэўся агонь. Колас. [Муха] лапатала пад шклом, пакуль не разгарэўся кнот. Баранавых.
2. Стаць агніста-чырвоным. Белая паласа на ўсходзе пачырванела, разгарэлася. Шамякін.
3. перан. Стаць чырвоным, гарачым (ад узбуджэння, хвалявання і пад.). Ад бегу і шпаркай хады шчокі .. [Макаравы] разгарэліся. Колас.
4. перан. Дайсці да стану моцнага ўзбуджэння, узрушэння, пранікнуцца якім‑н. пачуццём. — Самому табе не месца ў калгасе! — разгарэўшыся, крычала .. [Вера]. Дуброўскі. [Незнаёмы:] Не ўтрымаеш, маці, свайго сына, калі ў ім кроў разгарыцца і душу яго да святла пацягне. Купала.
5. перан. Развіваючыся, узмацняючыся, дасягнуць вялікага напружання, вялікай сілы. Апетыт разгарэўся. □ Спрэчкі разгарэліся. Кожны з прысутных адстойваў свой погляд. Колас. Настрой у мяне быў цудоўны, стары мне вельмі спадабаўся, фантазія мая разгарэлася, і я пачаў маляваць будучае Асіповіч. Рамановіч. Сама што разгарэлася работа на полі. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)