том, ‑а; мн. тамы, ‑оў; м.
Частка якога‑н. збору твораў, што складае асобную кніжку, а таксама асобная кніжка якога‑н. выдання. Раман у трох тамах. Том энцыклапедыі. □ Паўспіраўшыся локцямі на маленькі столік, штосьці як бы разглядалі на ім чатыры дзяўчыны .. Антон Несцяровіч пайшоў проста к сталу і ўбачыў там разгорнуты том Маркса. Чорны. // Асобная кніжка ў якім‑н. зборы кніг, бібліятэчным фондзе. У калекцыі прадстаўлена каля 1000 тамоў, выдадзеных пачынаючы з X да першай чвэрці XVIII стагоддзя. «Звязда». // Кніга (звычайна тоўстая). Падвярнуўся мне на пазіцыі Абшарпаны старэнькі том Пра іспанскую інквізіцыю, Пра мадрыдскі таемны дом. Панчанка.
[Грэч. tomos — аддзел.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ва́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае вялікае значэнне; рашаючы. Важная справа. Важная галіна народнай гаспадаркі. □ Над роднаю савецкаю зямлёю Выконваеш ты [Мікалай Гастэла] важнае заданне. Аўрамчык. // Звязаны з уладай, уплывовы. Займаць важную пасаду. □ Па ромбу на пятліцах Надзя адразу вырашыла, што чалавек гэты няйначай як важны камандзір. Лынькоў.
2. Велічны, паважны, з пачуццём уласнай годнасці; фанабэрысты. Побач чыгункі стаяў высокі стары лес, таемны, пануры і важны. Колас. Пакуль стары распранаўся, начлежнік вадзіў вачыма за яго павольнымі, важнымі рухамі. Брыль. Важны, надзьмуты Гунава павольна абышоў стол. Самуйлёнак.
3. Разм. Добрай якасці; выдатны. Важнае сукно.
4. у знач. наз. ва́жнае, ‑ага, н. Тое, што мае вялікае значэнне. Вырастаў юнак сталы, дзелавіты, які ўмеў сярод усялякіх спраў адразу ўбачыць самае важнае і патрэбнае. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паба́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. каго. Убачыць, сустрэць каго‑н. З самай раніцы мы таўкліся каля саўгаснай канцылярыі, каб як пабачыць загадчыка саўгаса. Нікановіч. Ахрэму хацелася пабачыць старшыню, дазнацца пра ўсё падрабязна, што там на вечар запланавана. Кавалёў.
2. каго-што. Убачыць многае. Малодшы брат.. паспеў пабываць ужо ў Заходняй Беларусі, пабачыў Бесарабію і недзе цяпер, мабыць вызваляе Румынію ад фашыстаў. Асіпенка. Твар стаў калючым, суровым, нібы пражыў Міколка доўгія дзесяткі год, усё перажыў, усё пабачыў на свеце. Лынькоў. // перан.; што, чаго і з дадан. сказам. Зазнаць, перажыць. Хоць шмат мы пабачылі гора За годы праклятай вайны, Але не хілілі ў пакоры Прад катам сваёй мы спіны. Астрэйка.
3. каго-што, з дадан. сказам і без дап. Успрыняць зрокам, убачыць; паглядзець на каго-што. [Ігнась] ужо нецярпліва чакаў, каб хутчэй пабачыць.. таемны багаж. Мурашка. Самым цікавым для мяне было пабачыць, як з высокага яруса бярвення кацілі ў Нёман калоды. Колас.
4. што і без дап. Даведацца, упэўніцца ў чым‑н. [Маці:] — Пабачыш, застанецца.. [Андрэйка] на другі год. Гамолка. [Максім Сцяпанавіч:] — Ды не хвалюйся, калі ласка, пабачыш, усё будзе добра. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тайна, таемны, тайком, употай, употайкі, потай, потайкі, потайкам, патайком, патаемна, патайна, патаёма, употайку, стоена, ціха, цішком, скрыта, скрытна, крадком, украдкам, украдкай, падпольна, сакрэтна, нелегальна, канспірацыйна, канфідэнцыяльна; ціхачом, ціхом, украдкі, украдне, шыта-крыта, па-зладзейску (разм.); сціха, пакрыёма (абл.) □ пад сакрэтам, між намі, паміж намі, у душы, у думках, з вока на вока, за вочы, на вуха, ціхай сапай
Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)