слуп, -а, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. Бервяно, тоўсты брус, умацаваныя вертыкальна.

Тэлеграфны с.

2. перан., чаго або які. Маса чаго-н., што рухаецца, ляціць, падымаецца ўверх (пра дым, пыл і пад.).

С. пылу.

С. мошак.

3. Пра тое, што мае вертыкальна-падоўжаную форму.

С. ртуці ў тэрмометры.

Геркулесавы слупы

1) старажытная назва Гібралтарскага праліва, які, паводле ўяўлення старажытных народаў, лічыўся «краем свету», месцам, дзе канчаецца суша;

2) перан. мяжа чаго-н.

Стаяць слупам — стаяць нерухома (разм., неадабр.).

|| памянш. слупо́к, -пка́, мн. -пкі́, -пко́ў, м.

|| прым. слупавы́, -а́я, -о́е.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Тыры́гаць ‘трэсці (пра электрычнасць)’ (ТС). Шматкратны дзеяслоў ад то́ргаць (гл.), фанетычна суадносны з таргаць (гл.), мажліва, з дадатковым экспрэсіўным адценнем. Параўн. экспрэсіўнае чэш. мар. terygaťse ‘цягнуцца куды-небудзь, з цяжкасцю ісці’ ў Махэка (Sebr. sp., 2, 1587), славац. terigať ‘цягнуць; калаціць, трасці’, гл. турыгаць. Сюды ж магчыма аднесці і вядомае ў арго янаўскіх лабараў тры́га, тыры́га ‘зямля, поле’ (Бел. дыял. 1), метафарычнае ўтварэнне на базе значэння ‘тое, што патрабуе клопату, тузаніны’, аднак яго варыянты цыра, цырыга ў беларускіх сацыялектах схіляюць да запазычання з грэч. ξηραсуша, зямля’ (Лукашанец, Сацыял., 72). Параўн. сыра, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сма́га, ‑і, ДМ смазе, ж.

1. Моцнае жаданне піць. Як зморышся, пад сонцам косячы, хочацца тады ўпасці на густую мураву, схіліцца над самой вадой рэчкі і піць яе губамі проста з ракі, піць доўга, аж пакуль не прагоніш дакучлівай смагі. Галавач.

2. Недахоп вільгаці, суша, спёка. І папраўдзе, усё дакляравала добрую ноч: неба чыстае, звонкае, а ў вечар асядае ўжо .. гарачыня і смага. Скрыган. А што б вадзе гэтай млын круціць, на палі разліцца, калі пасевы гараць ад смагі? Лобан.

3. перан. Разм. Моцнае імкненне да чаго‑н. У тыя дні.. [Тадаровіч] выехаў сохнучы, ныючы, повен пакутнае смагі да жыцця і чуючы перад сабой адно — чорную навісь смяртэльнае навалы. Чорны.

•••

Сагнаць смагу гл. сагнаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зямля́, -і́; мн. зе́млі, зяме́ль, Д зе́млям, ж.

1. (у тэрміналагічным значэнні — з вялікай літары). Трэцяя ад Сонца планета, якая круціцца вакол сваёй восі і вакол Сонца.

Месяц — спадарожнік Зямлі.

2. Суша (у адрозненне ад воднай або паветранай прасторы).

На гарызонце маракі ўбачылі зямлю.

Адрознівацца як неба ад зямлі (вельмі моцна, рэзка).

3. Глеба, верхні слой кары планеты Зямля, паверхня.

Апрацоўка зямлі.

Хадзіць па зямлі.

4. Рыхлае цёмна-бурае рэчыва, што ўваходзіць у састаў кары нашай планеты.

З. з пяском і глінай.

5. Тэрыторыя, якая знаходзіцца ў чыім-н. уладанні, карыстанні.

Калгасная з.

Цалінныя землі.

6. Краіна, дзяржава (высок.).

Беларуская з.

|| памянш.-ласк. зяме́лька, -і, ДМ -льцы, ж. (да 3—5 знач.; разм.) і зямлі́ца, -ы, ж. (да 3—5 знач.; разм.).

|| прым. зяме́льны, -ая, -ае (да 5 знач.), земляны́, -а́я, -о́е (да 3 і 4 знач.) і зямны́, -а́я, -о́е (да 1 і 2 знач.).

Зямельны ўчастак.

Зямельныя работы (работа па ўпарадкаванні насыпаў, каналаў і пад.). Зямны шар.

Зямная вось.

Зямны паклон — нізкі паклон як выказ глыбокай павагі, удзячнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Страхапу́д, страхапу́дала ‘страшыдла, пачвара (Юрч. Вытв., Мат. Гом.), страхопу́д ‘баязлівец’, ‘пудзіла’ (Сл. Брэс.; пін., брэсц., Нар. лекс.), страхопу́д, страхапу́дзіна ‘чалавек, які можа навесці страх сваім выглядам’ (Сл. ПЗБ; клец., Нар. лекс.), страхопу́т ‘страшыдла’ (ТС). Укр. страхопу́д ‘страшыдла, пудзіла’. Да страх і пудзіць. Магчыма, кантамінацыя, паколькі спалучэнне сінанімічных паняццяў у адным складаным слове здаецца збыткоўным. Да словаўтварэння параўн. саракапут (гл.), чэш. strakapúd ‘від дзятла’ (гл. Махэк₂, 581). Няясныя адносіны да славен. strahopeten ‘палахлівы’, strahopetec ‘баязлівец’, звязаных з славен. petáti ‘бегчы, спяшацца’, pripetiti ‘здарыцца’, якія Сной (гл. Бязлай, 3, 30) узводзіць да і.-е. *pent‑ ‘ступаць, ісці, хадзіць’, гл. пуць. Тады другая частка слова можа быць атаясамлена з пут‑, прадстаўленым у сухапу́т ‘худы чалавек’ (Ян.), сухопу́цьесуша’ (ТС), збліжаным з пудзіць ‘палохаць’ (гл.). У такім выпадку ўкр. страхополо́х, польск. strachopłoch ‘баязлівец’ — другасныя ўтварэнні; параўн. таксама польск. strachopłód ‘тс’ (‘той, хто плодзіць страх’, Варш. сл.), strachopuł ‘тс’, укр. страхопі́льне ‘пудзіла, прывід’ з няяснай другой часткай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бе́раг, ‑а, М ‑разе; мн. берагі, ‑оў; м.

1. Край, палоса зямлі каля вадаёма. Круты бераг. □ Рэшткі туману цяпер ужо рассеяліся, і добра быў відзён супрацьлеглы бераг: нізкі, пойменны, ён увесь хаваўся ў вадзе і купаў у струменях распукнуты лазняк. Ракітны. Вада ў Нёмане, нават і каля берага, на мелізне, не ідзе, здаецца, а бяжыць, і каламута сыходзіць хутка. Брыль. // Край якой‑н. паверхні, масіву лесу і пад. Міхал Тварыцкі ішоў берагам лесу, куды вяла дарога. Чорны. [Луг] упіраўся адным берагам у раку. Чарнышэвіч.

2. Суша (у процілегласць вадзе). Высадзіцца на бераг.

3. Край тканіны або вырабаў з яе. Хустка з чырвонымі берагамі. □ Другі мяшок з жытам завязвае ў свірне стары Верамейчык. Рукі, якімі ён збірае ў роўныя складкі бераг мяшка, трасуцца. Крапіва.

4. Верхні край якой‑н. пасудзіны. Наліць шклянку роўна з берагамі.

5. перан. Жаданая мэта, да якой імкнуцца. Хачу няспынна йсці Да светлае Камуны, Да новых блізкіх нам Прыгожых берагоў. Хведаровіч.

•••

Апынуцца (быць) на розных берагах гл. апынуцца.

Быць на сваім беразе гл. быць.

Выйсці з берагоў гл. выйсці.

Малочныя рэкі з кісельнымі берагамі гл. рака.

Прыстаць (прыбіцца) да берага гл. прыстаць.

Увайсці ў свае берагі гл. увайсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слуп, ‑а, м.

1. Бервяно або тоўсты брус, умацаваныя вертыкальна, стаўма. Слуп у плоце. Тэлеграфны слуп. □ Старыя з дзівам паглядалі на свежыя хваёвыя слупы, што ўкопваліся ў зямлю. Бядуля. Адмераўшы дзве вярсты, я спыніўся ля дарожнага слупа. Асіпенка. // Бервяно ці брус, якія з’яўляюцца апорай якога‑н. збудавання. Перад хатаю прасторны ганак на тоўстых слупах. Якімовіч. Пад адной з тэрмічных печаў — вялізных чатырохкутных камер на жалезных высокіх слупах — стаяла нагружаная распаленымі адліўкамі ваганетка. Карпаў. // Тое, што нагадвае слуп. Мора там так прыгожа вуркатала, шумела, удараючы хвалямі аб каменныя слупы. Даніленка.

2. перан.; чаго ці які. Маса чаго‑н. (пылу, дыму і пад.), якая набыла вертыкальна-падоўжаную форму і распасціраецца ўверх. Па дарогах адна за другой бягуць перагружаныя збожжам машыны, ззаду за імі цягнуцца высокія слупы пылу. Дуброўскі. Над ракой ўзняліся велізарныя вадзяныя слупы. Данілевіч. За сеткай дажджу паказаўся зыркі слуп святла. Новікаў. Вялізны, бледна-жоўты слуп агню раптам узняўся ўгору. Самуйлёнак. / Пра насякомых. А над травою звіняць, таўкуцца жаўтаватыя камары, стаяць слупы чорных мошак. Бяспалы.

3. Тое, што і слупок (у 2 знач.). Ртутны слуп.

4. перан. Разм. лаянк. Пра недалёкага, тупога чалавека. [Таццяна:] — Вось утаропіўся, як баран на новыя вароты. Галавы не можа павярнуць, слуп гэткі. Шамякін.

5. перан. Пра таго, хто з’яўляецца вернай апорай чаму‑н. Суд, навучаны выпадкам з Гурыным і асцерагаючыся страціць і другі слуп абвінавачання, палічыў за лепшае слухаць.. [Вабіча] пры зачыненых дзвярах. Машара.

•••

Геркулесавы слупы — а) старажытная назва Гібралтарскага праліва, які паводле ўяўлення старажытных пародаў быў «краем свету», месцам, дзе канчаецца суша; б) перан. граніца, мяжа чаго‑н.

Паставіць да ганебнага слупа гл. паставіць.

Стаяць слупам (як слуп) гл. стаяць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сма́га1 ‘моцнае жаданне піць’, ‘недахоп вільгаці, суша, спёка’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Бяльк., Пятк. 2, Шат., Нік. Очерки, Касп., Байк. і Некр., ТС, Сл. ПЗБ), сма́га, сьмя́га ‘тамленне, млосць’, сма́га ‘белы згустак на губах’ (Ласт., Варл.), ‘засмягласць вуснаў пры гарачцы’, ‘іржа на збожжы’ (Арх. Федар.), ‘марыва ад спёкі’, ‘загар’ (Гарэц.), сма́гнуць ‘знемагаць, мучыцца ад смагі, гарачыні’, ‘перасыхаць, сохнуць (пра губы, горла, рот)’ (ТСБМ, Шат., Касп., Бяльк.; драг., З нар. сл.; пух., Сл. ПЗБ), ‘марнець’ (ганц., Сл. ПЗБ), сма́жыць ‘гатаваць на агні (мяса, рыбу, грыбы і пад.)’, безас. ‘пра сухасць у роце, выкліканую смагай’, ‘апякаць прамянямі, паліць (пра сонца)’ (ТСБМ, Нас., Байк., Шат., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ, ЛА, 4). Укр. сма́га, сма́гнути, сма́жити ‘тс’, рус. зах., паўд. сма́га, сма́гнуть, смя́гнуть, сма́жить ‘тс’, стараж.-рус., ст.-рус., ц.-слав. смага ‘агонь; сухасць; гарачка’, ст.-польск. smaga ‘сухасць у роце’, smażyć ‘сушыць, падпякаць’, в.-луж. smaha ‘загар’, smahnyć, smažíc, н.-луж. smaga ‘апёк; поле пад парам’, smagnuś, smažyś, чэш. старое smaha, smáha ‘пах нечага спаленага’, smahnouti ‘сохнуць, сушыцца’, славац. smažiť ‘сушыць’ харв. дыял. smȁga ‘вялікая прагавітасць’, серб.-харв. сма̀гнути ‘пацямнець, загарэць’, славен. smága ‘смуглая скура’, smágniti ‘тужыць’. Цяжка звесці да адной праформы. Прасл. *smaga выводзяць з *smažiti ‘сушыць на сонцы’ па тыпу *slava*slaviti (гл. Бязлай, 3, 268), параўноўваюць з літ. smogóti ‘сушыць’ (гл. Рэйзак, 584), дзе кароткая ступень вакалізму суадносіцца з *smagnǫti ‘тс’. Вакалізм славянскіх слоў тлумачыцца ўплывам *pražiti ‘пражыць’ і роднасных, аднак поўнасцю прыняць версію перашкаджаюць формы з каранёвым ‑o‑ (гл. смаголь). Махэк₂ (559) набліжае гэтыя словы да ням. schmachten ‘сохнуць, мучыцца смагай або голадам’. Гл. Фасмер, 3, 663 з іншай літ-рай, Шустар-Шэўц, 1317. Міклашыч (311) і Праабражэнскі (2, 333) адносяць сюды ж смуглы (гл.) з іншай ступенню чаргавання. Паводле Куркінай (Этимология–1985, 11), для праславянскага стану характэрна этымалагічнае гняздо з чаргаваннем асноў *smeg‑/*smog‑/*smaga. Гл. яшчэ смяга.

Сма́га2, смага́ ‘налёт пылу, копаці’ (смарг., чэрв., Сл. ПЗБ). Семантычная кантамінацыя смага і смуга (гл.).

Сма́га3 ‘гора, бяда’, сма́гнуць ‘гараваць, бедаваць’ (слуц., Моўныя адзінкі і кантэкст, Мн., 1992, 268), сма́га ‘гора, бяда, няшчасце’ (Сл. рэг. лекс.). Параўн. укр. дыял. смага́ ‘бяда’. Няясна; магчыма, працяг семантычнага развіцця смага1 (гл.), сма́гнуць. Параўн. ЕСУМ, 5, 315.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зямля́ 1, ‑і; мн. землі, зямель, Д землям; ж.

1. Трэцяя ад Сонца планета, якая верціцца вакол Сонца і вакол сваёй восі (з вялікай літары). Месяц — спадарожнік Зямлі. // Месца жыцця і дзейнасці чалавека (пры супастаўленні з небам як уяўным светам багоў, ідэй). Летняе неба, здавалася, ніжэй звесілася над зямлёю і ўзіралася ў яе тысячамі бліскучых вачэй. Колас.

2. Суша (у адрозненне ад воднай прасторы). На гарызонце маракі ўбачылі зямлю. □ Песня перамогі На зямлі, на моры — Спадарожнік твой. Колас.

3. Верхні слой кары нашай планеты; глеба, грунт. Зямля пачала прыкметна .. сохнуць. Мележ. // Рыхлае цёмна-бурае рэчыва, якое ўваходзіць у састаў нашай планеты. Перамяшаць торф з зямлёй. □ Твар.. [кабеты] быў запэцканы зямлёй. Кароценькі рваны кажушок на ёй быў таксама ў зямлі. Чорны.

4. Паверхня, плоскасць, на якой мы стаім, па якой рухаемся. [Салдат] ішоў як бы не датыкаючыся зямлі. Самуйлёнак.

5. Тэрыторыя, якая знаходзіцца ў чыім‑н. уладанні, карыстанні; глеба, якая апрацоўваецца і выкарыстоўваецца ў сельскагаспадарчых мэтах. Калгасныя землі. Нацыяналізацыя зямлі. Асваенне новых зямель. □ Зямля — талерка: што пакладзеш, тое і возьмеш. Прыказка.

6. Краіна, дзяржава. За мора, за сіні круты небакрай Лятуць мае думкі цяпер: Там дзесьці далёка шчаслівы ёсць край — Святая зямля СССР. Глебка. Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі, Над хвалямі сінеючага Ніла, Ужо колькі тысяч год стаіць магіла: У гаршку насення жменю там знайшлі. Багдановіч.

•••

Інфузорная зямля — горная парода, якая складаецца з рэштак водарасцей.

Культурны слой зямлі гл. слой.

Сіенская зямля — цёмна-жоўтая фарба, якая скарыстоўваецца ў жывапісе; сіена.

Ад зямлі не відаць гл. відаць.

Бачыць (на тры сажні) пад зямлёй гл. бачыць.

Гарыць зямля пад нагамі у каго — пра небяспечнае, пагрозлівае становішча для каго‑н.

Гатоў скрозь зямлю праваліцца гл. гатоў.

Глядзець у зямлю гл. глядзець.

Дастаць (выкапаць) з-пад зямлі гл. дастаць.

Загнаць у зямлю гл. загнаць.

За трыдзевяць зямель гл. трыдзевяць.

З зямлёю (сырою) ажаніцца гл. ажаніцца.

Змяшаць з зямлёй гл. змяшаць.

Зраўняць з зямлёй гл. зраўняць.

Зямлёю пахнуць гл. пахнуць.

Калом яму зямля — ужываецца як праклён подламу, шкоднаму чалавеку.

Легчы ў зямлю гл. легчы.

На край зямлі гл. край.

Не чуць зямлі пад сабой (над нагамі) гл. чуць.

Паміж небам і зямлёй гл. неба.

Парыць зямлю гл. парыць.

Праваліцца мне скрозь зямлю гл. праваліцца.

Пуп зямлі гл. пуп.

Соль зямлі гл. соль.

Сцерці (змесці) з твару зямлі гл. сцерці.

Сядзець на зямлі гл. сядзець.

Траціць зямлю пад нагамі гл. траціць.

Як з (з-пад) зямлі вырасці (з’явіцца) гл. вырасці.

Як (толькі) зямля носіць; каб зямля не насіла каго — пра подлага, шкоднага чалавека.

Як неба ад зямлі гл. неба.

Як неба і зямля гл. неба.

Як скрозь зямлю праваліўся гл. праваліцца.

зямля́ 2, ‑і, ж.

Даўнейшая назва літары «з».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)