слуп, ‑а, м.

1. Бервяно або тоўсты брус, умацаваныя вертыкальна, стаўма. Слуп у плоце. Тэлеграфны слуп. □ Старыя з дзівам паглядалі на свежыя хваёвыя слупы, што ўкопваліся ў зямлю. Бядуля. Адмераўшы дзве вярсты, я спыніўся ля дарожнага слупа. Асіпенка. // Бервяно ці брус, якія з’яўляюцца апорай якога‑н. збудавання. Перад хатаю прасторны ганак на тоўстых слупах. Якімовіч. Пад адной з тэрмічных печаў — вялізных чатырохкутных камер на жалезных высокіх слупах — стаяла нагружаная распаленымі адліўкамі ваганетка. Карпаў. // Тое, што нагадвае слуп. Мора там так прыгожа вуркатала, шумела, удараючы хвалямі аб каменныя слупы. Даніленка.

2. перан.; чаго ці які. Маса чаго‑н. (пылу, дыму і пад.), якая набыла вертыкальна-падоўжаную форму і распасціраецца ўверх. Па дарогах адна за другой бягуць перагружаныя збожжам машыны, ззаду за імі цягнуцца высокія слупы пылу. Дуброўскі. Над ракой ўзняліся велізарныя вадзяныя слупы. Данілевіч. За сеткай дажджу паказаўся зыркі слуп святла. Новікаў. Вялізны, бледна-жоўты слуп агню раптам узняўся ўгору. Самуйлёнак. / Пра насякомых. А над травою звіняць, таўкуцца жаўтаватыя камары, стаяць слупы чорных мошак. Бяспалы.

3. Тое, што і слупок (у 2 знач.). Ртутны слуп.

4. перан. Разм. лаянк. Пра недалёкага, тупога чалавека. [Таццяна:] — Вось утаропіўся, як баран на новыя вароты. Галавы не можа павярнуць, слуп гэткі. Шамякін.

5. перан. Пра таго, хто з’яўляецца вернай апорай чаму‑н. Суд, навучаны выпадкам з Гурыным і асцерагаючыся страціць і другі слуп абвінавачання, палічыў за лепшае слухаць.. [Вабіча] пры зачыненых дзвярах. Машара.

•••

Геркулесавы слупы — а) старажытная назва Гібралтарскага праліва, які паводле ўяўлення старажытных пародаў быў «краем свету», месцам, дзе канчаецца суша; б) перан. граніца, мяжа чаго‑н.

Паставіць да ганебнага слупа гл. паставіць.

Стаяць слупам (як слуп) гл. стаяць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)