трушо́к, ‑шку, м.

Разм.

1. Павольны бег. Адчуўшы моцную мужчынскую руку, буланы адразу ж бярэ на лёгкі, але спорны трушок... Сачанка.

2. у знач. прысл. трушко́м. Павольнай рыссю. Сем мяхоў — уся паклажа, Іншы конь трушком бы вёз. Непачаловіч. Конік перш бег трушком, але потым быў вымушаны перайсці на галоп. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпляска́ць, ‑пляшчу, ‑плешчаш, ‑плешча; зак., што.

1. Пляскаючы, злёгку б’ючы, зрабіць плоскім, роўным. Прыпляскаць кучу гліны.

2. Прыбіць. прыгнуць да чаго‑н., прыціснуць уніз. [Кузьма] згроб .. [гной], прыпляскаў да таго, што на возе, і, абцёршы рукі аб балясіны драбінкі, а потым аб порткі, пагнаў каня. Нікановіч. Надоечы прайшоў цёплы спорны лівень, на дарогах прыпляскаў пыл. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́слы, ‑ая, ‑ае.

1. Выкладзены коратка, у нямногіх словах; лаканічны. [Дыспетчар] дакладна памятае, хто па якой машыне ездзіць, дасць сціслую характарыстыку кожнага. Шынклер. Вельмі сціслую і ў той жа час вельмі, глыбокую ацэнку зборніку «Безназоўнае» даў Я. Колас. Шкраба.

2. Кароткі ў часе. Вельмі сціслыя тэрміны ўводу ў дзеянне нафтаперапрацоўчага гіганта патрабавалі каменнай цярплівасці, нечуванай загартоўкі. Мыслівец.

3. Спорны, дробны, з невялікімі прамежкамі паміж словамі, літарамі (пра почырк, тэкст). Калі б можна было гэтыя графы, запоўненыя сціслым почыркам доктара, замяніць малюнкам перажытага! Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

казыро́к, ‑рка, м.

1. Шчыток у галаўным уборы, які выступае над ілбом; брыль (у 2 знач.). [Бондар] далонню падняў угару казырок.. шапкі і адкрыў высокі.. лоб. Чарнышэвіч. [Лёдзя] ледзь не наткнулася на каржакаватага хлопца ў кепцы з адарваным казырком і таму падобнай на берэт. Карпаў. // Шчыток, які надзяваецца без галаўнога ўбору, для аховы вачэй ад яркага святла.

2. Невялікі навес у чым‑н., над чым‑н. Спорны вясновы дожджык наляцеў знянацку і загнаў Паўла Гушчу пад казырок бліжэйшага пад’езда. Шыцік.

•••

Браць (узяць) пад казырок гл. браць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дру́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны дружбай, узаемнай згодай. Дружная сям’я. Дружны калектыў. □ Добрае, дружнае звяно падабралася ў Грышы. Пальчэўскі. Слаўна правялі .. [рыбакі] дзень у дружнай кампаніі на беразе рэчкі! Якімовіч. / у знач. наз. дру́жныя, ‑ых. Толькі дружныя ніякіх Не баяцца перашкод. Кірэенка.

2. Які адбываецца адначасова, узгоднена; аднадушны. Дружная работа. Дружны рогат. □ Такога дружнага сходу яшчэ ні разу ў калгасе не было. Дуброўскі. Камандзіры прайшлі ўздоўж строю. Атрады сустракалі іх дружным «ура!». Шамякін. // Які бурна, хутка адбываецца; спорны. Вясна выдалася дружнай і цёплай. Лынькоў. Апоўначы наліўся дружны цёплы дождж. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Спор1 ‘удача, поспех у чым-небудзь’ (ТСБМ), ‘карысць, пажытак’ (Ласт.), ‘прыбытак; поспех’ (Нас., Гарэц.), спор (спорь) ‘ураджай’ (Пятк. 2), параўн.: “wiedźmy… łopatą do pieczenia chleba biorą spór z żyta” (Маш., 221), спор, спара́ ‘памнажэнне, павелічэнне’: “Спор табе ў дзяжу! Спор вам на хлеб” — прыгаваруюць, каб не мінаўся хлеб” (мін., чэрв., рагач., Сл. ПЗБ), ‘дастатак’: въ гумнѣ спора ‘пажаданне пры ўлазінах’ (мазыр., Яшк. Мясц.), ‘пажаданне ў рабоце’ (ЛА, 5), спо́рны ‘выніковы, паспяховы’, ‘эканомны, шчодры’, ‘густы (пра дождж, снег)’ (Нас., ТСБМ, Шат., Гарэц., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр. спо́рий ‘выніковы, паспяховы’, спориня́ ‘поспех, прыбытак, рост’, рус. спо́рый ‘тс’, спорынья́, спорина́ ‘прыбытак, рост’, стараж.-рус. споръ ‘багаты’, польск. spory ‘не малы, дастаткова вялікі’, в.-луж., н.-луж. spóry ‘багаты, шчодры’, чэш. sporý ‘выніковы, моцны’, славац. sporý, серб.-харв. спо̏р ‘павольны, працяглы’, славен. spòr ‘багаты, пажыўны’, балг., макед. спор ‘прыбытак; ураджай’. Прасл. *sporъ ‘выдатны; багаты; пажыўны’ з’яўляецца прыметнікам ад прасл. *spěti ‘спець’ (гл.) з суф. ‑r‑. Мае адпаведнікі ў ст.-інд. sphirás ‘сыты; багаты’, лац. prosper (*prosparos) ‘шчаслівы; спрыяльны’, ст.-ісл. sparr ‘ашчадны; пашкадаваны’. Іншая апафанічная ступень у прасл. *spěti (гл. спець). Гл. Фасмер, 3, 737 з іншай літ-рай; Скок, 3, 313; Махэк₂, 570–571. Шустар-Шэўц (1343–1344) узнаўляе прасл. наз. *sporъ ‘прыбытак, ураджай’ і прым. *sporъ‑jьспорны, паспяховы’. Гл. яшчэ Варбат, Этимология–1965, 120; Тапароў, Этимология–1980, 652; ЕСУМ, 5, 380.

Спор2 ‘сварка, спрэчка’ (Бяльк.), спор, спо́рка ‘супраціўленне’ (Нас.), спор, спо́рка ‘сварка, спрэчка’ (ТС), спо́рыць ‘спрачацца’ (паст., смарг., Сл. ПЗБ; ТС), спо́раць ‘ісці ў заклад’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), спо́рыцца ‘спрачацца’ (Шат.; віц., Сл. ПЗБ; Бяльк.), спо́роваць ‘тс’ (Нас.), спо́рываць ‘тс’ (Касп.). Укр. спір, спо́ритися ‘спрачацца’, рус. спор, спо́рить, стараж.-рус. съпоръ, польск. spór, чэш., славац. spor, серб.-харв. спо́р ‘спор; судовы працэс’, славен. spór ‘спрэчка’. Прасл. *sъporъ аддзеяслоўны назоўнік ад прасл. прэфіксальнага дзеяслова *sъ‑perti sę < прасл. *perti (гл. перці) (Борысь, 570–571; Фасмер, 3, 737). Параўн. спіраць, гл.

Спор3 ‘чорнае зерне ў коласе’ (ТС, Выг., ЛА, 5). Этымалагічна тое ж, што і спор1. Параўн. спарыння, спарыш3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

акрэ́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Акрыяць, паправіцца пасля цяжкай хваробы, набрацца сіл. Відаць, не акрэп яшчэ камісар пасля гестапаўскага засценка. Кулакоўскі. // Стаць мацнейшым, здольным супрацьдзейнічаць. [Мяснікоў:] Акрэпне Піцер — гэта ўсё: Як снежная лавіна з стромкіх гор, Змятаючы з дарогі перашкоды, Кастрычнік пройдзе па Расіі. Клімковіч. // Стаць мацнейшым, здаравейшым. Сэрца мацярок нашых ляжыць больш да слабейшага дзіцяці, пакуль яно не акрэпне, да таго, што ў дарозе, пакуль не вернецца, да меншага, пакуль не дарасце. Карпюк.

2. Усталявацца, умацавацца. Новы ж свет акрэпне і ўзбагацее тады, калі кожны яго будаўнік будзе добрым гаспадаром. Гартны. // Пра з’явы прыроды. Праз які тыдзень зіма акрэпла. Пянкрат.

3. Стаць цвярдзейшым (пра грунт, глебу). Напярэдадні прайшоў спорны веснавы дождж, першы ў гэтым годзе. Ён абмыў з зямлі ўсю смугу, што засталася ад зімы; поле выглядала чыстым, яно нібы памаладзела. Дарога акрэпла. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дождж, дажджу, м.

1. Атмасферныя асадкі ў выглядзе капель вады, якія падаюць з хмар. Асенні дождж. Праліўны дождж. □ З самага рання.. ішоў дождж перагонамі. Чорны. У паветры была страшэнная духата — нібыта збіралася на дождж. Чарот. З халодным ветрам урываліся частыя каплі дажджу, адганялі сон, бадзёрылі. Лынькоў. Раніцай прайшоў спорны дождж, дрэвы абапал дарогі яшчэ не абсохлі. Ваданосаў. З вялікага грому дажджу не бывае. Прыказка.

2. перан.; які або чаго. Мноства, вялікая колькасць чаго‑н., што падае, сыплецца. Метэарытны дождж. □ З абодвух бакоў няспынна грукатала зенітная артылерыя, на зямлю сыпаўся жалезны дождж асколкаў. Дудо.

3. у знач. прысл. дажджо́м. У дождж, у дажджлівае надвор’е. Хто дажджом косіць, той пагодай сушыць. Прыказка.

4. у знач. прысл. дажджо́м. Падобна дажджу; у мностве. Іскры сыпаліся дажджом.

•••

Зорны дождж — вялікае падзенне метэораў; зарапад.

Сляпы (цыганскі) дождж — дождж, які ідзе пры сонцы.

Залаты дождж — вялікія грошы, прыбыткі.

Як грыбоў пасля дажджу гл. грыб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

убра́нне, ‑я, н.

1. Адзенне, убор; строі. Васіль .. стаў перад Аўгіняй, каб паказацца ёй у гэтым шыкарным убранні. Колас. Вось і шыльда майстэрні .. Побач — невялікая люстраная вітрына, поўная ўзораў жаночага ўбрання. Машара. // Спецыяльнае адзенне, убор. — Я ўжо не ў арміі, — дадаў .. [Андрыян], заўважыўшы, што бабуля пазірае на яго вайсковае ўбранне. Марціновіч. [Даўгулевіч:] — Потым я пачуў нечыя крокі і ўбачыў жаночую постаць у падвянечным убранні. Гурскі. // Пра тое, што ўпрыгожвае сабою што‑н. (пра снег, лісце і пад.). Прыгадаўся адзін залаты ў асеннім убранні дзень. Асіпенка. І тут зусім нечакана паваліў снег. Ціхі такі, спорны. Неўзабаве ўся зямля была ў белым убранні. Ігнаценка. Парк заціхаў, убранне яго жоўкла, асыпалася. Ракітны.

2. Аддзелка, абсталяванне памяшкання. — Усё сам парабіў, — зазначыў Хмялеўскі, заўважыўшы, што Андрэй з цікавасцю аглядае ўбранне яго хаты. Чарнышэвіч. // Убор, аздабленне чаго‑н. Будаўнікі здымалі рыштаванні з гатовых дамоў, і горад прыгажэў на вачах, апранаючыся ў святочнае ўбранне — транспаранты, плакаты, лозунгі, сцягі... Карпаў. Бацька прынёс зялёную густую елачку, і Тоня па вечарах пасля ўрокаў рыхтуе для яе ўбранне. Ус.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увішны́, ‑ая, ‑ое.

1. Жвавы, спрытны ў рухах, у дзеянні. Увішны ў рабоце. □ Мая гаспадыня была ўвішная, рухавая кабета, нягледзячы на свае пяць дзесяткаў год. М. Стральцоў. Ішла [Ліда] чамусьці занадта павольна, хоць звычайна была вельмі порсткая, увішная. Кулакоўскі. У новай Тэклінай хаце ўвішныя жанчыны ўжо расстаўлялі на сталах пачастункі. Краўчанка. / Пра жывёл, птушак. Зрэдку папісквалі, пырхаючы з галінкі на галінку, увішныя каралькі. Паслядовіч. // Уласцівы такому чалавеку; спрытны. [Хлопец] так быў заняты працай, што, здавалася, нічога не заўважаў вакол — рухі разлічаныя, дакладныя, увішныя. Ваданосаў. Увішная постаць .. [Анатоля] мільганула ў праёме дзвярэй. Хадкевіч. Аксеня аж здзівілася: «Хутка робіш, хутка... Рукі твае ўвішныя...» Пестрак. // Хуткі, спорны. Пайшла работа — ціхая, увішная, без адзінага слова. Шухаюць рыдлёўкі, скрыгочуць каменнем. Ракітны. Увішная хада адбірала сілы. Пад цяжарам гнулася галава, і Тышкевіч амаль не бачыў, куды ідзе. Асіпенка. // Паваротлівы, вёрткі. Падаў першы снег, весела мітусіліся ўвішныя сняжынкі. Мележ.

2. перан. Вынаходлівы, хітры. Хусейн праявіў сябе хітрым, выкрутлівым і ўвішным палітыкам. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)