Тара́чыць ’цягнуць’ (Нар. Гом.), ’несці’ (Юрч.): скачы не скачы, а грошы тарачы (Сержп. Прык.), тыра́чыць ’везці ў маленькай калясачцы’ (Бяльк.). Гл. тарочыць1.

Тарачы́ць1 (торочы́ті) ’многа раз паўтараць’ (Шатал.), ’сакатаць; бурчаць, сварыцца; размаўляць з прыемнасцю’ (Яўс.). Гл. тарочыць2.

Тарачы́ць2 ’сохнуць (у горле)’ (навагр., Сл. ПЗБ). Няясна; семантыка, відаць, вызначана недакладна, параўн.: што‑та горла тарачыць (там жа), г. зн. ’дзярэ’. Тады, магчыма, да прасл. *torščiti, параўн. рус. дыял. торо́щить ’часаць’, значэнне якога, паводле Варбат (Этимология–1971, 14), блізкае да значэння ’скрабсці’ ў зыходным прасл. *toršiti, *tьrxati, што да асновы і.-е. *ter‑ ’драць’ (Варбат, Супр. чыт., II, 17). Гл. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарато́рыць ’гаварыць вельмі хутка, скарагаворкай’ (ТСБМ), ’гаварыць хутка, гучна’ (мёрск., Нар. лекс.), ’балбатаць, гаварыць абы-што’ (Ласт., ТС), тарахто́рыць ’балбатаць, лапатаць, сакатаць’ (Скарбы); сюды і тарата́рыць, гл. Параўн. укр. дыял. тарато́рити ’балбатаць, плявузгаць’, рус. тарато́ритъ ’лапатаць’, чэш. trátořiti, славац. trátoriť ’шмат гаварыць, балбатаць’. Прасл. дыял. *tortoriti з прасл. *tortor‑, якое з’яўляецца падвоеным індаеўрапейскім коранем *tor‑ ’гучны; выразны’, магчымы варыянт *ter‑ (Анікін, ОЛА, Исследов., 1984, 284–286). З непадвоеным коранем у серб.-харв. тр̀тосити ’балбатаць не змаўкаючы’, рус. дыял. бато́рить ’балбатаць’, гл. таксама гутарыць, што да *toriti, гл. ЭССЯ, 1, 166; Атрэмбскі, Зб. Романскаму, 72; параўн. таксама славен. trtrati ’шумець, мармытаць’ < *tьr‑tьr‑ (Куркіна, Диал. структура, 86: узводзіць да *terti, гл. церці). Індаеўрапейскія адпаведнікі: літ. tarýti > tar̃ti ’вымавіць; сказаць’, грэч. τορός ’прарэзлівы’, *τορέω ’выразна абвяшчаю; прабіваю’, ст.-інд. tāṛá‑ ’гучны; праніклівы’, хец. tar‑ ’казаць; называць’ (Фасмер, 4, 86–87; Махэк₂, 636; Карскі 2-3, 87; Чарных, 2, 229; Новое в рус. этим., 230; ЕСУМ, 5, 521).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Со́кал ‘драпежная птушка сямейства сакаліных, Falco’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), часцей сако́л ‘тс’ (Гарэц., Федар., Ласт., Стан.). Укр. со́кіл, рус. со́кол, дыял. соко́л, польск. sokół, в.-луж., н.-луж. sokoł, чэш., славац. sokol, серб.-харв. со̀ко̑, славен. sókol, балг. соко́л, макед. сокол ‘тс’. Прасл. *sokolъ ‘птушка Falco’. Лічаць роднасным ст.-інд. çakunas, çakúnis ‘нейкая птушка; вялікая птушка’ (гл. Фасмер, 3, 708–709 з літ-рай). Міклашыч (313), Брукнер (506), Шустар-Шэўц (1332) звязваюць з гукапераймальным сакатаць, а Борысь (566) мяркуе, што *sokolъ — дэрыват ад прасл. *sočiti (гл. сачыць), таму што гэта драпежнік высочвае і даганяе птушку. Паводле Пятлёвай (Этимология–2000–2002, 21–22), першасным значэннем магло быць ‘рассякаючы, раздзіраючы’, што ўзыходзіць да дзеяслова з семантыкай ‘рэзаць, сячы, рваць’, якая захавалася ў соколі́ць ‘мярэжыць’ (ТС); пра корань сок‑ са значэннем ‘рэзаць’ гл. Куркіна, ОЛА, Исследов., 1994–1996, 202. Ускосным пацверджаннем такога развіцця можа служыць дэрыват сакольнік у цытаце: “… жыў гэты дзед больш за сто гадоў. Так усе і клікалі — сакольнік. <…> калі пасавалі найлепшыя хірургі, звярталіся да сакольніка” (Я. Колас), — які, відаць, быў амонімам да сако́льнік ‘той, хто даглядае лоўчых птушак, трэніруе і палюе з імі’, першасна звязаным з дзеясловамі тыпу славен. sókati, sókniti ‘ўкалоць (напр., нажом)’ і рус. дыял. соко́лик, соколе́ц, сокола́к ‘чорная жыла вялікага пальца рукі, vena pollicis; у коней жыла на назе, з якой пускаюць кроў’. Тады да *sěkti (гл. сячы), параўн. варыянтнасць галоснага ў сякера/сакера. Іншыя версіі гл. Пятлёва, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)