піра́т, ‑а, М ‑раце, м.
Марскі грабежнік, разбойнік. Часы марскіх піратаў скончыліся тысячу гадоў назад, а касмічных наогул не было. Шыцік. // перан. Разм. Пра таго, хто паводзіць сябе як грабежнік. Венгерскія арнітолагі ўзяліся дапамагчы сялянам зберагчы пасевы і вінаграднікі ад паветраных піратаў. Матрунёнак.
[Грэч. peirates.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
банды́т, ‑а, М ‑дыце, м.
Удзельнік банды; узброены рабаўнік, разбойнік. Многа буяных драпежных галоў Скацілася з плеч у бандытаў. Крапіва. // Пра таго, хто належыць да контррэвалюцыйнай банды, варожага войска. [Дзюмон:] — Малайцы карэйцы! Так даюць гэтым бандытам па карку, што коцяцца яны на поўдзень без аглядкі. Шамякін.
[Іт. bandito.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
◎ Невіру́тнік ’паганец’ (Броўка). Да вірутнік ’разбойнік, злачынец’ (гл.), адмоўе не-, відаць, пад уплывам недавярак ’злыдзень, прахвост’ з ад’ідэацыяй да верыць, г. зн. ’той, каму цяжка давяраць’ або ’той, хто не верыць (у бога і г. д.)’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Рэ́йтар ’наёмны салдат кавалерыі ў арміях Зах. Еўропы, Польшчы і ВКЛ у XVI–XVII стст.) (Булыка, СІС). Ст.-бел. райтаръ (рейтаръ) ’кавалерыст; разбойнік’ < ст.-польск. rajtar < ням. Reiter і непасрэдна з ням. (Булыка, Лекс. запазыч., 62).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
пе́сеннік, ‑а, м.
1. Аўтар тэксту песень або кампазітар песеянай музыкі. Паэт-песеннік. Кампазітар-песеннік.
2. Разм. Выканаўца песень; аматар спяваць песні. — Едзе [Анікей] і пяе, песня плыве над ракой.. Песеннік быў... Ах, колькі радасці ён прывозіў з сабой!.. Ракітны. Для паноў ён [прадзед] быў першы разбойнік, Для людзей жа — музыка і песеннік. Блатун.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каламу́ціць, ‑мучу, ‑муціш, ‑муціць; незак., што.
1. Муціць, рабіць каламутным. [Хлапчукі] боўталі моцна нагамі, каламуцілі ваду, а Федзя здзіўлена пазіраў на іх і ўсміхаўся. Ваданосаў.
2. перан. Выклікаць неспакой, уносіць беспарадак, блытаніну. [Кацярына:] Быў сябар, а цяпер разбойнік. Такія ж толькі свет каламуцяць. Крапіва.
•••
Каламуціць (муціць) ваду — тое, што і каламуціць (у 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
супаста́т, ‑а, М ‑таце, м.
1. Уст. і высок. Вораг, непрыяцель. Нам не забыць ні хат, ні нават траў, Што супастатам спалены, стаптаны. Астрэйка. Няхай помняць супастаты, Што значаць бравыя салдаты. Колас.
2. Разм. лаянк. Разбойнік, злачынец, ліхадзей. [Маці:] — А, супастат... Драчонікі даўно пастылі, авечак трэба ісці займаць, а ён храпе сабе! Місько.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Раско́л ’збойца, разбойнік’, ’гарэза, свавольнік’, ’вісус, шыбенік’ (Бяльк., Мат. Гом.; дзярж., Нар. сл.; Жд. 3, ТС, Янк. Мат.), ’злы, нялітасцівы чалавек’ (Сцяшк. Сл.), раско́ла ’хуліган’ (Сл. Брэс.), роско́л, роско́льнік ’шыбенік, свавольнік’ (ТС). Як здаецца, няма падстаў ідэнтыфікаваць з рус. роско́л, раско́льник, якія Фасмер (3, 444) выводзіць ад рас- і колоть у значэнні ’разбіваць, ламаць’; мяркуецца, што яны ўвайшлі ў мову пасля расколу ў праваслаўі пры патрыярху Нікане ў 1654 г., адсюль маглі набыць значэнне ’разбойнік’. Параўн. накольнік, гл.; развіццё семантыкі аналагічна да сэнсава блізкіх вісус, шыбенік (гл.), і, відавочна, азначала злачынцу, што павінен быў быць пасаджаны на кол (гл.), але змог застацца непакараным. Раско́л у значэнні ’сектант’ (Сержп. Казкі), відаць, запазычана з рускай мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Віру́тнік ’узбаламучаны, кручаны, неўраўнаважаны’ (барыс., Янк. I, Янк. БФ); ’злачынец, злодзей, разбойнік’ (КЭС, лаг.), ст.-бел. верутный, вирутный ’заўзяты, страшэнны’ (з XVII ст.), ст.-укр. вѣрутний, вирутний ’тс’, польск. wierutny ’які мае адмоўныя ўласцівасці’. Магчыма, сюды ж балг. вироглав ’наравісты, капрызны; упарты, неслухмяны’. Звязана з ві́р 1, а не запазычана з польск. мовы, як сцвярджае Булыка (Запазыч., 60).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Піра́т ’марскі разбойнік’, ст.-бел. пиратъ (з XVII ст.). Запазычана са ст.-польск. pirat ’тс’, якое з ням. (с.-в.-ням. perate) ці з франц. pirate, — апошнія з лац. pirāta ’тс’, якое з грэч. περατής < πειράξω (την θαλατταν) ’выпрабоўваю (мора)’. Крукоўскі (Уплыў, 78) мяркуе, што бел. слова прыйшло праз рус. мову, дзе стала ужывацца пасля Феафана Пракаповіча. Гл. таксама Голуб-Ліер, 373; Фасмер, 3, 265.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)