Салавей-разбойнік (казачны персанаж) 9/323

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАВЕ́Й-РАЗБО́ЙНІК,

персанаж былін і чарадзейных казак; пачварны змей, які сваім свістам губіў падарожных на шляху да Кіева. Перамог яго Ілья Мурамец. Паводле некат. былін, дарога, дзе жыў С.-р., праходзіла праз бранскія лясы і «гразі смаленскія». У стараж. Беларусі, калі меркаваць па пісьме 1574 аршанскага старосты Ф.​Кміты-Чарнабыльскага, С.-р. наз. Будзімеравым сынам. Так ён названы і ў рукапіснай «Аповесці пра слаўнага асілка Ілью Мурамца» 18 ст. Нярэдка ў бел. казках пра Ілью Мурамца замест С.-р. выступае Змей (Цмок).

т. 14, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ПЕРСТВА (ад галанд. kaper марскі разбойнік),

напад у адкрытым моры ўзбр. прыватных гандл. суднаў (але пад ваен. сцягам) ваюючай дзяржавы з яе дазволу на непрыяцельскія гандл. судны або судны нейтральных краін, якія перавозяць грузы для непрыяцельскай дзяржавы. К. забаронена Дэкларацыяй аб марской вайне 1856.

т. 8, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛІБУСЦЬЕ́РЫ (ад франц. flibustier марскі разбойнік),

французскія, англ. і галандскія піраты (гл. Пірацтва), якія ў 16—17 ст. дзейнічалі (нярэдка пры пратэжыраванні сваіх дзяржаў) супраць ісп. суднаў і ісп. калан. паселішчаў у Амерыцы. Часам захоплівалі прыбярэжныя тэр. і ўтваралі там свае невял. дзяржавы-рэспублікі; напр., у 1625 франц. Ф. захапілі ў іспанцаў в-аў Сент-Крыстафер, у 1630 утварылі рэспубліку на в-ве Тартуга каля Гаіці, а потым авалодалі значнай часткай гэтага в-ва. Найб. пашырэння дзейнасць Ф. дасягнула ў 1770—80-я г., калі яны панавалі ў Карыбскім м. і на ўсім Ціхаакіянскім узбярэжжы ад Каліфорніі да Чылі. Флаг суднаў Ф. — чорнае палотнішча з выявай чэрапа і перакрыжаваных касцей («Вясёлы Роджэр») — стаў сімвалам пірацкага разбою. Дзейнасць Ф. ускладняла сувязі Іспаніі з яе амер. калоніямі і падрывала яе марскую магутнасць. Падобнымі да Ф. былі буканьеры (ад франц. boucaniers марскі разбойнік).

т. 16, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШЭ́КА,

герой бел. нар. падання; змагар супраць сац. несправядлівасці, высакародны разбойнік. Паводле падання, каля магілы М. ўзнік г. Магілёў. Фалькл. сюжэт пра М. творча выкарыстаў у рамант. стылі Я.​Купала ў паэме «Магіла льва». Да вобраза М. звярталіся Е.​Міровіч, В.​Вольскі (п’есы «Машэка»), У.​Караткевіч (балада «Машэка»). Паводле паэмы Я.​Купалы і п’есы Міровіча Р.​Пукст напісаў оперу «Машэка».

т. 10, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́НІЯ Валяр’ян (Валіко) Леванавіч (21.1.1862, с. Экі, Цхакаеўскі р-н, Грузія — 31.7.1938),

грузінскі акцёр, рэжысёр, драматург. Нар. арт. Грузіі (1933). З 1882 у груз. драм. трупе ў Тбілісі. Акцёр яркага тэмпераменту, глыбокай думкі. Ствараў рознахарактарныя вобразы: Како («Како разбойнік» паводле І.​Чаўчавадзе), Кароль Лір, Атэла (аднайм. п’есы У.​Шэкспіра), Эдып («Цар Эдып» Сафокла), Скалазуб («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава). Аўтар п’ес (першая — «Незаконнанароджаны», 1882), лібрэта да опер. З 1913 здымаўся ў кіно.

т. 5, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЮ́БНЕРАВА (Hübnerová) Марыя (12.10.1862, г. Жамберк, Чэхія — 5.8.1931),

чэшская актрыса; прадстаўніца рэалістычнага чэш. мастацтва. З 1880 выступала ў правінцыяльных трупах, з 1896 у Нац. т-ры ў Празе. Тэмперамент, страснасць спалучаліся ў яе мастацтве з тонкім псіхалагізмам. Сярод роляў: Войнарка, Класкова («Войнарка», «Ліхтар» А.​Ірасека), Мадленка («Упартая жанчына» І.​Тыла), Фанка («Разбойнік» К.​Чапека), Пані Дульская («Мараль пані Дульскай» Г.​Запольскай), Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М.​Гогаля), Агудалава, Кабаніха («Беспасажніца», «Навальніца» А.​Астроўскага).

т. 5, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКРУ́СТ, Дамаст, Паліпемон,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі знакаміты волат-разбойнік, які падсцерагаў падарожнікаў на дарозе паміж Афінамі і Мегарай. П. зрабіў 2 ложкі; на вял. ложак клаў малых ростам падарожнікаў і біў іх молатам, каб расцягнуць да памераў ложка, на малы — высокіх ростам і адпільваў адпілоўваў* ім тыя ч. цела, якія там не змяшчаліся. П. быў забіты Тэсеем, калі той вызваляў Атыку ад пачвар і злачынцаў. У пераносным сэнсе «пракрустаў ложак» — штучная мерка, якая не адпавядае сутнасці з’явы; гвалтоўныя, недарэчныя абмежаванні.

т. 12, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІТО́Ў Пётр Акіндзінавіч (1843—28.8.1894),

расійскі караблебудаўнік-самавук. З 1859 у караблебуд. майстэрні Неўскага суднабуд. з-да ў С.-Пецярбургу, дзе прайшоў шлях ад рабочага да карабельнага майстра. Кіраваў буд-вам фрэгата «Генерал-адмірал» (1873), кліпераў «Разбойнік» (1878), «Вяшчун» (1880) і інш. З 1882 гал. інжынер Франка-рус. з-да. Распрацаваў шэраг тэхнал. працэсаў: апрацоўку суднабуд. сталі, разметку і праколку адтулін у лістах, клёпку і інш.; вынайшаў кесон для рамонту падводнай часткі корпуса судна без уводу яго ў док. Аўтар праектаў браняносных караблёў.

Літ.:

Академик А.​Н.​Крылов: Воспоминания и очерки. М., 1956.

т. 17, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯША́Р КЕМА́ЛЬ (Yaşar Kemal; сапр. Гёкчэлі Кемаль Садык; н. 1922, с. Хемітэ-Гёкчэлі, Турцыя),

турэцкі пісьменнік. Працаваў настаўнікам, журналістам. Друкуецца з 1939. Раманы «Худы Мемед» (т. 1—2, 1955), «Зямля — жалезная, неба — меднае» (1963), «Эфе з Чакырджа» (1972) пра сац. супярэчнасці тур. вёскі. Дылогія «Гаспадары маёнтка Акчасаз» («Злачынства на Кавальскім базары», 1973, і «Юсуфчык Юсуф», 1975) пра жыццё тур. качэўнікаў. Аўтар зб-каў апавяданняў «Спёка» (1952) і рэпартажаў «Гэта краіна з канца ў канец» (1971), раманаў «Бляшанка» (1955), «Апора» (1960), «Легенда гары» (1970), «Разбойнік» (1972), «Калі забіць змяю» (1976), «Голас крыві» (1991), аповесцей, вершаў, даследаванняў па фальклоры.

т. 18, кн. 1, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)