Арча́к ’лука, драўляны каркас сядла’, ’прыпрэжаны конь’, ’прыпрэжка’ (Нас.), арчако́вы ’прыпражны’ (Нас.). Рус. арча́к ’лука, драўляны каркас сядла’, укр. а́рчик ’сядло’, орчико́вий прыпражны’, польск. jarczak ’лёгкае сядло’ (з XVI ст.). Ва ўсходнеславянскіх мовах з XVI ст.: ст.-бел. ерчакъ, орчаки, ярчакъ ’сядло’, ’драўляны каркас сядла’, рус. ерчакъ (1557), укр. форма арчакъ (пач. XVIII ст.). Агульна прынята этымалогія з цюркскіх моў. Прыводзяць тат. arčak ’лука’ (без крыніцы). Параўн. Міклашыч, Türk. El., Дад., 2, 75, 134. Дакладней форма ингырчак у Сразн., 1, 31. Параўн. тат. ынгырчак ’падсядзёлак’ і інш. аналагічныя цюркскія формы (Радлаў, Опыт., 1, 1358). Да гэтай формы прыводзіць польскае слова Заянчкоўскі, Stud. orient. Аб цюркскім паходжанні беларускага слова пісалі Бірыла (у сувязі з прозвішчам Арчакоў; Бел. антр., 24), Вярхоў (З жыцця, 67). Насуперак Фасмеру, 3, 155, нельга адкідваць рэальную сувязь, якая існавала паміж словамі арчак і ворчык (орчик) (гл.); магчыма, што вынікам гэтай сувязі з’яўляюцца значэнні ’прыпрэжаны’ (параўн. орчиковий коньМаслен., 178), укр. а́рчик (Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 122–123); іншая справа, што гэта сувязь мела народнаэтымалагічны характар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сукма́н ’бурка, світка’ (Сцяшк., Скарбы, Бес.), ’адзенне з сукна’ (Шат.), ’суконнае верхняе адзенне’ (у мясцовасцях са шляхецкім насельніцтвам) (Малчанава, Мат. культ., 153), сукма́ны ’світкі’ (гродз., Сл. ПЗБ), сукма́нка ’кароткая жаночая верхняя вопратка’ (гродз., Сл. ПЗБ), ’адрэзак суконнай тканіны’ (Сл. рэг. лекс.). Ст.-бел. сукманъ ’світка, сярмяга’ (Ст.-бел. лексікон) Булыка (Лекс. запазыч., 115) праз стараж.-рус. сукманъ узводзіць да чув. səkman < цюрк. čekman; Жураўскі (Цюркізмы, 94) лічыць запазычаннем праз польскую непасрэдна з турэцкай. Параўн. укр. сукма́н, сукма́на ’бурка, світка’, рус. сукма́н ’суконны кафтан або сарафан’, ст.-рус. сукманъ (1671 г.) ’сукно’, польск. sukman(a) ’світка, сярмяга’, балг. сукма́н ’шарсцяная спадніца’, чукма́н ’тс’ (лічацца прабалгарскімі словамі). Этымалогія спрэчная. Мяркуецца, што слова спрадвечнаславянскае і роднаснае скаць, сука́ць, сукно; у словаўтваральных адносінах спасылаюцца на рус. дурма́н, польск. lochman; гл. Фасмер, 3, 799 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 470–471. На думку іншых даследчыкаў (Радлаў, 4, 799; Расянен, ZfslPh, 20, 448; Каліма, RLS, 133; Брукнер, 525), слова запазычана праз чув. səkman, səxman з цюркскай групы моў. Гл. яшчэ Анікін, 510 (са ст.-цюрк. sökmän ’мянушка, якую давалі асілкам і героям’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Майда́н1 ’плошча, дзе збіраюцца сходы, адбываюцца кірмашы’, ’вялікі двор або пляц (у маёнтку)’ (ТСБМ, Булг., Сцяшк.; Сл. ПЗБ; палес., Нар. сл., ТС), ’пастаўнік у полі’, ’прыбудоўка да хлява’, ’загарадзь для свіней, цялят перад хлявом’ (бяроз., Шатал., зах.-палес., Нар. сл.; брэсц., ДАБМ, к. 232), ’вялікі ўчастак ворнай зямлі’ (Бір.; нясв., Яшк.; мазыр., З нар. сл.), ’шырокая прастора, вялікае гала’ (стол., Яшк.; іван., усх.-палес., Нар. сл.), ’смалакурня, месца, дзе былі прамысловыя збудаванні лясных або рыбных промыслаў, дзе выганялі дзёгаць, выпальвалі кавальскі вугаль’, ’яма, дзе гналі смалу’, ’яма для дзёгцю’ (Бяльк., Маш.; стол., бых., Рам. 3; слаўг., Яшк., Растарг.; гродз., мін., Яшк.; Сл. ПЗБ). Укр. майда́н ’плошча’, ’лясная паляна’; ’смалакурня’, рус. майда́н ’плошча, месца сходак’, ст.-рус. маидан ’базарная плошча’, польск. majdan ’плошча ў лагеры для кірмашоў і нарад, акружаны палаткамі’, ’базар’, ’смалакурня’. Бел. лексема запазычана хутчэй за ўсё праз укр. мову з крым.-тат. mäidan, тур. meydan, якія паходзяць з араб. majdān (Фасмер, 2, 559; Радлаў, 4, 1990, 2069; Бернекер, 2, 6; Брукнер, 318).

Майда́н2 ’зарослы хмызняком роў’ (Бяльк.), рус. майда́н ’прасека ў лесе на высокім месцы’ складаюць адзін арэал. Да майда́н1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асі́на ’Populus tremula’, ясеннічак ’тс’ (Кіс.), асо́ва ’дрэва (асіна?), у дупле якога жывуць пчолы’ (Сцяшк.); осоўка, осиноўка ’лодка, выдаўбаная з ствала асіны’ (Бейл.); асовы ’асінавы’ (Бейл., Федароўскі, 6, 25). Гл. яшчэ асавец, асавік. Рус., укр. оси́на, укр. осика, польск. osina, osika, дыял. osa, чэш., славац. osika, в.-луж. wosa, wosyca, н.-луж. wosyca, славен. osíka, jesíka, jasíka, серб.-харв. ја̀сика (у тапонімах таксама з je‑), балг. осика, ясика, макед. јасика, ст.-рус. осина. Праслав. *osa < *opsa роднаснае літ. ẽpušė, ãpušė̃, лат. apse, ст.-прус. abse ’тс’, а таксама германскім словам тыпу ням. Espe ’тс’ (ст.-в.-ням. aspa). Іншыя індаеўрапейскія паралелі (напр., з грэч. ἄσπρις ’бясплодны дуб’) выклікаюць сумненні. Няясныя сувязі з цюрк. (Радлаў, Опыт) апсак ’асіна’, якое некаторыя лінгвісты лічаць запазычаным з іранскай (Хоопс, Reallex., 1, 132) ці армянскай (Педарсан, KZ, 39, 462). Іншыя лінгвісты (Мейе, RS, 2, 70; Махэк, Jména rostl., 132; Скок, 2, 759) лічаць слова протаеўрапейскім. Апрача літаратуры, указанай тут і ў Фасмера, 3, 159, гл. яшчэ Покарны, 55 (*apsā); Фрэнкель, 14; Махэк₂, 418. На агульнаславянскі характар бел. асіна ўказваў Булахаў, Курс суч., 144; гэта правільна адносна кораня, суфікс усходнеславянскі і польскі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Андарак, паводле ДАБМ, існуюць формы: ондорак, андрак, андэрак, андзірак, андорак, андърак, аднарак, андарачак, андарачны, ст.-бел. индерак, индерочек (Мар. дыс.). Рус. зах. (смал., бранск.) андара́к, укр. палес. андарак (Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 121). Польск. (з XVI ст.) inderak; літ. andarõkas, inderõkas. Этымалогія не высветлена да канца. Рус. і ўкр. андарак можна лічыць запазычанымі з бел. Адносна беларускіх форм Міклашыч (Türk. El., 1, 248), Карскі (Белорусы, 175), Юргелевіч (Курс, 137) выказвалі думку пра цюркскае паходжанне; крыніцай тады было б тур. antars ’кароткае адзенне, якое носяць пад кафтанам’ (Радлаў, Опыт, 1, 237–238); да гэтага слова ўзыходзіць балг. антерия, мак. антерија, серб.-харв. антерија і інш. (БЕР, І, 12), адкуль бел. экзатызм антэрыя, укр. антерев. Але вывесці з цюркскага слова андарак нельга па фанетычных і семантычных матывах. Найбольш пашырана версія Даля аб нямецкай крыніцы слова: Unterrock. Яе трымаюць Фасмер, 1, 78; Брукнер, 192; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 22; Буга, 2, 222; Міклашыч, З; Рудніцкі 1, 24. Існуе таксама шмат варыянтаў тлумачэння канкрэтнага шляху нямецкага слова ў беларускую мову. Краўчук (Бел.-пол. ізал. 66) лічыць, што крыніцай была ніжненямецкая форма (напр., саксон. onderrock), што трапіла ў беларускую праз польск. ці балт. пасрэдніцтва. Пра рэалію гл. яшчэ Малчанава, Мат. культ., 136.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Са́ні ’зімовая павозка на палазах’, са́нкі ’памяншальнае да сані’ (Касп., Сцяшк., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Шушк.), ’сківіцы; ніжняя сківіца’ (Бяльк., Гарэц.; арш., докш., КЭС; Шатал., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Гом.), санькі ’санкі’ (Янк. 1), sanka ’часць плуга, па якой ён сунецца па зямлі’ (Тарн.), са́ннік ’майстар рабіць сані’ (Янк. 3., Гарб.), санны́к ’колькасць сена або саломы, што змяшчаецца на санках’ (Сл. Брэс., Клім.). Укр. са́ни ’сані’, са́нка ’полаз’, рус. са́ни, ст.-рус. сани, ст.-рус., ц.-слав. сань ’змяя’, польск. sanie, sanki ’сані’, sannice ’палазы’, в.-луж. sanje, н.-луж. sáne ’сани’, чэш. sáně ’сані; сківіцы, скула’, saň ’дракон, змей’, славац. sane ’сані’, серб.-харв. са̏они, славен. sanȋ, балг. са́нка ’сані’. Слова не вельмі яснага паходжання. Запазычанне з фін. cionne ’від саамскіх саней’ (Каліма, RS, 6, 82 і інш.) або набліжэнне да тат. čana ’сані’, казах. šana, манг. čana, бурац. sana ’санкі, лыжы’ (Радлаў, 4, 286; Рамстед — гл. Фасмер, 3, 556–557) адвяргаецца шэрагам аўтараў, якія схіляюцца да славянскага паходжання слова, гл. Фасмер, там жа з літ-рай. Звярталася ўвага на паралелізм значэнняў ’сані, санны полаз’, ’змяя’ у слова сані і полаз ’санны полаз, змяя’. Узнаўляецца прасл. *sanь (Шустар-Шэўц, 2, 1269) або *sani (Махэк₂, 537; Сной₁, 554). Агульнай назвы для саней у індаеўрапейскай мове няма. Найбольш пераканаўчым лічыцца параўнанне з літ. šónas ’старана’, лат. sãns ’тс’, першапачаткова ’рабро’. Сувязь з грэч. σανίς ’паля; бэлька, тоўстая дошка’ лічыцца сумніцельнай. Гл. Зубаты, AfslPh, 16, 416 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 804 і наст.; Траўтман, 298. Абаеў, 1, 398 параўноўвае слав. словы з асец. з̌опуд̌/сопӕд̌ ’сані; сківіца’. Гл. яшчэ БЕР, 6, 476–478; Борысь, 538.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жа́ба1 ’земнаводная жывёліна’ (ТСБМ). Рус., укр., балг., макед. жаба, польск. żaba, чэш., славен. žába, серб.-луж. žaba, палаб. zobo ’жаба, рапуха’. Ст.-слав. жаба ’жаба’. Прасл. *žaba < *gēbā < і.-е. g​eb(h)‑ ’слізістае, жаба, крот’ (Покарны, 1, 466): ням. Quappe ’апалонік; мянтуз’, ісл. kvap(i) ’жэле, халадзец’, швед. дыял. (s)kvabb ’нешта тлустае’, англ. quab ’балота’, ст.-прус. gabawo ’жаба’ (Тапароў, E–H, 124–127). Фасмер, 2, 31. Міёр. жа́біна ’згустак сопляў’ (Нар. словатв., 162), магчыма, адлюстроўвае не пераноснае значэнне, а старажытную семантыку. Гэта датычыць, магчыма, і жабер ’студзяністыя водарасці’ (Яшкін; гл. жабурынне). Параўн. памор. žaba (побач з ’лягушка’, ’жаба’, ’смоўж’) ’засохшыя соплі’ (Лорэнц, Pomor.). Калі першаснае значэнне ’жывёліна’, не выключана гукапераймальнае паходжанне і.-е. слова (Махэк₂, 721; Скок, 3, 669; Покарны, 1, 466, не ўпэўнена). Гл. Хэмп, Этимология, 1981, 35–37.

Жа́ба2 ’хвароба горла’ (Бяльк., Шат.). Значэнне ’хвароба горла, рота’ вядома ў рус., укр., польск. (Карловіч), чэш., славац., славен., балг., макед., серб.-луж. (у апошніх для формы žabka), таму можа лічыцца агульнаславянскім. Параўн. таксама літ. gẽbenė ’пухір, прышч, высыпка’. Відаць, ад назвы жывёліны (Фасмер, 2, 31). Падобны перанос параўн. у лац. rana ’жаба; нарыў на языку ў жывёліны’, ням. frösch im Halse ці англ. frog in the throat літар. ’жаба ў горле, хрыпата’, тур. kurbaǧacik ’жабяня, запаленне жыл шыі’ (Радлаў, Опыт). Паводле Махэка (Studie, 123), жаба ў народных павер’ях — ведзьма, што прыносіць хваробу. Трэба улічваць яшчэ жабіць ’перагінаць’ (гл.), магчыма, ’сціскаць’ і лац. angina ’ангіна’ ў сувязі з дзеясловам ango ’душыць, сціскаць’. Мяркулава, Этимология, 1963, 72–78.

Жа́ба3 ’дэталь у плузе для прымацавання паліцы і ручак’ (Шатал.), жа́бка ’рэгулятар мельнічных жорнаў’ (Касп., Сцяшк. МГ, Шатал.). Рус., укр., дыял. жа́бка ’тс’; у іншых слав. мовах žaba, žabka таксама абазначаюць розныя ’прылады для прыяднання або замацавання дэталей’ (польск., чэш., славац., славен., серб.-харв., балг.). Улічваючы іншамоўныя тыпалагічныя паралелі (англ. frog ’жаба’, ’засаўка’, узб. бақа, кірг. бака ’жаба’, ’крыжавіна, на якой замацаваны верхні камень жорнаў’ і г. д.), хутчэй за ўсё перанос назвы жывёліны паводле формы і ўяўнай функцыі (быццам жаба трымае, седзячы, тое, што знаходзіцца пад ёю).

Жа́ба4 ’загана ў палатне, калі ўток слаба прыбіты бёрдам’ (Нар. слова, 253; Влад., 210). Чэш. žaba ’тс’ (PSJČ), балг. жаба ’тс’ (БЕР). Прыналежнасць да тэрміналогіі ткацтва, што мае старажытны характар, а таксама фіксацыя ва ўсіх групах слав. моў указваюць на, магчыма, старажытны характар значэння. Ці перанос ад жаба ’непрыемная жывёліна’ або ’загана, выкліканая ўздзеяннем жабы — ведзьмы’, ці непасрэдна звязаны з дзеясловам жабіць (гл.)? Няясна.

Жа́ба5 ’карабатае месца на астрыі касы’ (Жд. 1). Магчыма, звязана з паняццем няроўнасці ці непрыемнасці да жа́ба1 (параўн. жа́ба4) або з карабатасцю да дзеяслова жа́біць (гл.). Але не выключана і сувязь з жа́бры: рус. дыял. жа́бри́, жа́бры ’зазубіны на восцях, вудцы; ніжняя сківіца’ (СРНГ).

Жа́ба6 ’адмоўная назва дзяцей’ (ТСБМ), жабянё, жабу́цька, ’малая жаба, дзіця’ (Шат.), жа́біца, жабу́ха ’рабая, маршчыністая жанчына’ (Нас.). Перанос ад жа́ба1 па падобнасці. Такія пераносы вядомы і іншым слав. мовам. Найбольш замацавана ў чэш. і славац. žaba ’дзяўчынка’ (без адмоўнага адцення).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)