шчур 1, а́, м.

Невялікая птушка сямейства ўюрковых.

шчур 2, ‑а, м.

У славянскай міфалогіі — далёкі продак, роданачальнік. Жылі там шчуры і прашчуры нашы.

шчур 3, а́, м.

Абл. Пацук. Стукнуў хтось — ён [Сымон] раптам скок! Прытуліўся ў кут, у цёмны, Дух стаіўшы, ні мур-мур! Скуль жа стук той патаёмны? Ці прабег дзе проста шчур? Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́шчур, ‑а, м.

Далёкі продак, родапачынальнік. Калі далёкі прашчур лічыў шчасцем сагрэцца ля кастра, то сучасны чалавек ставіць сабе за мэту пакарыць час, стаць поўным гаспадаром у сусвеце. Гіст. бел. сав. літ. Адсюль, дзе некалі былі берагі Нямігі, чаўны далёкіх прашчураў мінчан шыбавалі ў няблізкі свет. Ліс. Дзе ні днюю, ні пачую, Дзе ні мушу крок спыніць — Так і чую, так і чую. Мова прашчураў звініць! Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Спракуве́ку (спраку‑веку, спра́ку ве́ку) ‘спрадвеку, здаўна’ (Сержп., Ян.; карм., Сл. нар. фраз.; асіп., ваўк., чэрв., слуц., Сл. ПЗБ). Адваротны дэрыват ад спракаве́чны ‘старадаўні, шматвяковы’ (калінк., Арх. ГУ, Сцяшк. Сл., ТС), што да пракавечны ‘тс’ ад прок (гл.), параўн. ад праку ве́ку ‘здаўна’. Бузук (гл. Буз., 257) бачыў тут цікавы прыклад змены слова ў выніку ўтварэння рыфмы. З прычыны дээтымалагізацыі ўзніклі формы спрадка́ ‘спрадвеку’ (Ян.) ад продак (гл.), спрако́н ‘спрадвеку’ (Ласт.) — кантамінацыя спакон (гл.) і спракавечны, спракувеку.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

свая́к, ‑а, м.

Той, хто знаходзіцца ў сваяцтве з кім‑н. Па другі дзень раніцай Эма сказала маці, што едзе пагасціць да сваякоў у Глыбокае. Машара. Дзядзька Лявон даводзіўся Міколу нейкім сваяком у восьмым ці ў дзевятым калене. Корбан. У Дабрынічах гэтых Пальчыкаў добрая палова, і ўжо цяжка разабрацца, хто каму сваяк і ў якім калене. Дамашэвіч. На трэці дзень прыйшлі падводы, Усе сваякі папрыязджалі. Колас. // Расліны і жывёлы, якія адносяцца да аднаго віду. Расліна гэта завецца індыйскі фікус баніян — продак і самы блізкі сваяк нашага хатняга фікуса. Матрунёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пера- — прыстаўка дзеясловаў і іх вытворных з шырокай семантыкай (накіраванасць, паўтарэнне, паслядоўнасць, дасягненне выніку дзеяння і пад.): пераслаць, перабіць, перакласці, перачакаць і г. д. (ТСБМ). У якасці дзеяслоўнай прыстаўкі (якая з прасл. *per‑) пашырана ў адпаведных формах (> prě‑/pre‑/pere‑) па ўсёй слав. тэрыторыі ў асноўным значэнні ’праз’. У асобных дыялектах (мовах) ужываецца ў значэнні ’перад’: ст.-слав. прѣдѣдъпродак’, макед. предедо, пребаба, ст.-чэш. přiemluva ’уступ’, славац. priedomie ’дворык перад хатай, домам’. Шырока прадстаўленыя і іншыя значэнні дзеяслоўнай прыстаўкі: ’на другі бок’, ’перарваць’, ’перашкаджаць’, ’зрабіць нанава, зноў’ і інш. У назоўнікаў гэтая прыстаўка свайго значэння не мае. У прыметнікаў і прыслоўяў выступае ва ўзмацняльнай функцыі: ст.-слав. прѣбогатъ ’вельмі багаты’, прѣвеликъ ’вельмі вялікі’ і мае найбольш дакладныя і.-е. паралелі: літ. per‑dìdelis альбо per dìdelis ’тс’, permãžas ’вельмі малы’, лац. peramārus ’вельмі горкі, жудасны’, per‑bene ’вельмі добра, цудоўна’, ст.-грэч. (часціца) περ ’вельмі’, πέρι і περί ’тс’ (περικαλλής ’цудоўны’), ст.-інд. pari‑prī ’вельмі мілы’. У асноўным значэнні ’праз’ прасл. прэфіксу *per адпавядаюць: літ. per‑, дыял. par‑, лат. pār‑, авест. pairi, гальск. eri (ст.-ірл. ’з, для, з-за’), гоц. faír‑ (ням. ver‑), алб. për. Прыстаўка per‑ узыходзіць да прыназоўніка *per, які разам з *pro і *pri ўваходзіць у і.-е. групу прыназоўнікаў *p‑r‑, развіццё якіх паралельнае ў і.-е. мовах: гоц. faír‑/faúr/fra‑ адпавядае ст.-грэч. περί, παρά, πρό, ст.-інд. pári, purā, prā‑, авест. pairi, para‑, fra‑, лац. per, per‑ (por‑), pro, ст.-ірл. er‑ і ro‑. У аснове ўсіх іх ляжыць значэнне ’праніканне праз што-небудзь’ і ’да чаго-небудзь’ ці ’каля чаго-небудзь’ (Вальдэ-Гофман, 2, 283; Мее, Études, 155; Фасмер, 3, 236; ESSJ, 1, 162–169).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Поп1 ’праваслаўны святар’ (ТСБМ), ’святар’ (ТС); укр. піп, рус. поп, балг. поп, с.-харв. по̏п, славен. pòp, чэш., славац., польск., в.-луж. pop, палаб. püöp ’святар; настаўнік’. Са ст.-польск. pop < ст.-в.-ням. pfaffo ’святар; поп’ < познелац. papa ’тс’ < лац. papas ’настаўнік’ < грэч. πάππος ’дзед, продак’ (Фасмер, 3, 327; Чарных, 2, 56). Банькоўскі (2, 698) адмаўляе сувязь з апошнім, мяркуючы, што першапачаткова назва адносілася да паганскага святара, параўн. поп ’снегавік’ (ТС).

Поп2 ’адуванчык, Taraxacum’ (Мат. Гом.), папо́к, пупо́к ’тс’ (Кіс.), папы́, папкі́, папа́ўка ’нівянік, Leucanthemum (Кіс.), папы́, папакі́ ’скабіёза, Scabiosa’ (Кіс., ЭПБ), папкі́, по́пікі ’паўночнік, Knautia’ (Касп., Кіс.), папо́ўнік ’пірэтрум, Pyrethrum’ (ЭПБ), ’вятроўнік, Filipendula’ (Касп., Кіс.), ’баркун, Melilotus’ (Кіс., ЭПБ), папо́к ’канюшына, Trifolium’ (Бяльк.). Найбольш імаверна, названы гэтыя расліны так паводле вонкавага выгляду іх суквеццяў ад пуп (гл.) з пераходам у > o/а, параўн. яшчэ бел. пуп ’бацюшка’ (ЖНС), што, магчыма, звязана з уплывам лексемы поп (гл. поп1) і магло прывесці да ўзнікнення такіх назваў, як ксёндз ’адуванчык’ (Кіс.). Параўн. яшчэ рус. пупо́к ’кветкавая галоўка’, пуповник ’расліна, Scabiosa arvensis’, пупавка ’рамонак’, попо́к ’упрыгожанне спінкі ложка ў выглядзе шарыка’. Польск. pępawa ’адуванчык’. Банькоўскі (2, 538) таксама ўзводзіць да *pǫp‑ava < *pǫp ’пуп’. Па першасную матывацыю ’нешта пукатае, шарападобнае’ паказвае і назва бабок (гл.). Інакш гл. папаўка.

Поп3 ’пер’е цыбулі, часнаку’ (Мат. Гом.). Хутчэй за ўсё да пуп (гл.). Параўн. пупо́к ’калок, які мацуецца да касся’ (Жд. 3, Мат. Гом.), пупо́к ’зашпілька з кавалачка дрэва’, іншыя назвы для гэтай рэаліі цу́рка, па́лачка (ЛА, 4), пупны ’адросткі пер’яў’ (ЛА, 1), параўн. яшчэ ду́дкі, тру́бкі, па́лкі (ЛА, 1). Сюды ж, відаць, укр. піп ’вертыкальна пастаўленая цурка’, рус. поп ’цурка ў гульні, якую збіваюць палкамі’, ’прадмет, які стаіць старчаком’, попы́ ’гарадкі’, балг. по́пак, по́пок, по́пък ’пень’, по́покь, по́пук ’пуп’, чэш. popek ’жалезны калок для рэгуляцыі глыбіні арання’. Магчыма, ранейшае значэнне пуп ’прадаўгаваты кавалак пупавіны, які пакідаюць пры яе пераразанні’ > ’адсечаны кавалак дрэва, цурка, калок’ > ’старчак, цурубалка’. Параўн. пуп (гл.). Фасмер (3, 327) лічыць этымалагічна тоеснымі поп ’цурка’ і поп ’святар’, але не дае матывацыю. Паводле Будзішэўскай (SFPS, 26, 119–122), балг. поп ’слуп, на які апіраецца верх страхі’ — у выніку замены першапачатковага *dědъ ’тс’ пад уплывам хрысціянства (гл. поп1); паводле БЕР (5, 522), выводзіцца з попник, попницъ ’тс’ ад *pьnǫ, pęti, гл. пяць, што сумнеўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адзі́н, аднаго́, м.; адна́, адно́й (аднае́), ж.; адно́, аднаго́, н.; адны́, ‑ы́х; ліч. кольк.

1. Лік. Адзін плюс два. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай «1». Адзін метр. Адзін кілаграм. Адна кніга. □ У хаце быў я адзін, бацька і маці пайшлі на радзіны да Нічыпара, у яго нарадзіўся сын. Кулакоўскі. Сем раз адмерай, адзін — адрэж. Прыказка. / у знач. наз. адзі́н, аднаго, м.; адна́, адно́й (аднае́), ж. Пра чалавека. Сямёра аднаго не чакаюць. Прыказка. Адзін і пры месяцы робіць, а другі і пры сонцы спіць. Прыказка.

2. у знач. прым. Без іншых, асобна ад іншых, у адзіноце. Распусціўшы сучча У глухім прыволлі, Сам адзін расце ён [дуб] На далёкім полі. Купала. Дзед Талаш ізноў адзін і ў паходзе. Колас. Даспявае маліна У зялёным садку; Ходзіць красна-дзяўчына Адна па цяньку. Куляшоў. [Славіку] сапраўды ў той міг нясцерпна хацелася падхапіць.. [Машу] на рукі і панесці ў невядомую даль, ад людскіх вачэй, дзе б яны маглі застацца адны. Шамякін. // Пусты, пакінуты, адзінокі. Думаў дзед і пра сваю хату, што праз колькі дзён застанецца адна без гаспадароў. Колас. [Прамоўца:] — Вы будзеце не адны: шмат, кажу, такіх ёсць. Маўр. // Тое, што ёсць, без наяўнасці чаго‑н. другога. Аб адной вадзе сыт не будзеш. Прыказка.

3. у знач. прым. Ніхто іншы або нішто іншае, акрамя названага тут. Не спадабаўся балет адной пані Вашамірскай. Бядуля. / У спалучэнні з выдзяляльна-абмежавальнай часціцай «толькі». Адно толькі стажарышча, прысыпанае снегам, чарнелася засохлымі дубовымі галінамі. Колас. І кожны, хто мяне спытае, Пачуе толькі адзін крык: Што хоць мной кожны пагарджае, Я буду жыць! — бо я мужык! Купала. // Ужываецца для выдзялення і ўзмацнення значэння таго слова, да якога адносіцца. Зямля мая савецкая, нідзе я Такой красы і велічы не бачыў. Ты ў нас адна, адна такая ў свеце. Панчанка. У бацькі твар зрабіўся дробны, высах і пажаўцеў. Пальцы тонкія і вострыя — адны косці. Бядуля. / у знач. наз. адно́, аднаго́, н. Пра яго мы ведаем адно: ён быў студэнтам.

4. у знач. прым. Той самы, тоесны; аднолькавы. Стаяць на адным месцы. □ І песня нейкая жывая У дружны тон адзін спявае І з гэтым небам і зямлёй. Колас. Коні розных масцей, Стрэльбы розных гатункаў, Толькі людзі па веры І гарту адны. Броўка. / У спалучэнні са словамі «і той», «і тая», «і тое», «і тыя». Адзін і той чалавек. Адна і тая песня. Адно і тое пытанне. Адны і тыя падзеі. / у знач. наз. адно́, аднаго́, н. Гаворыць адно і тое. □ Куды ні глянь — адно і тое: Усюды стрэльбы і «шнуры» — Стаяць па пары і па трое На скрыжаваннях «каўняры». Колас.

5. у знач. прым. Суцэльны, непадзельны, адзіны. Пераблытаны галіны У адзін [ш]алаш жывы. Колас. [Кулямётчык] ляжаў.. і здаваўся адным целам з кулямётам. Лынькоў. / у знач. наз. адно́, аднаго́, н. [Коркія:] — Вы ведаеце, што азначае сіла ўсяго працоўнага народа, з’яднаная ў адно?! Самуйлёнак.

6. у знач. займ. З прыназоўнікам «з» ужываецца для выдзялення асобы, прадмета, з’явы і пад. або некалькіх асоб, прадметаў з якой‑н. катэгорыі, асяроддзя, раду. Адзін з гасцей параіў быў праз суд спагнаць з Грамабойчыка ўтратнае. Крапіва. Спачатку Лясніцкі меркаваў, што здраднік — адзін з гэтых шаснаццаці. Шамякін.

7. у знач. прым. У спалучэнні з «другі» ужываецца пры пералічэнні, проціпастаўленні шэрагу прадметаў, з’яў, асоб. Праходзіць момант, адзін і другі, праходзяць хвіліны нясцерпнай цішыні. Колас. Адзін чалавек — высокі, з густой барадой, другі — зусім яшчэ малады хлопец. Чорны. / у знач. наз. адзі́н, аднаго́, м.; адна́, адно́й (аднае́), ж.; адно́, аднаго́, н. Гаварыць адно, а думаць другое. Адно другому не замінае. // у знач. ліч. парадк. Першы з пералічаных прадметаў, з’яў, асоб і пад. Адзін жаўнер сядзеў на санях і таптаў сена, другі падаваў яго бярэмямі, а трэці разбіраў стажок. Колас. Адзін пень гарэў, а другі спіну грэў. Прыказка.

8. у знач. прым. У спалучэнні з «другі» ужываецца пры супастаўленні якіх‑н. якасцей, уласцівасцей, дзеянняў і пад., якія, мяняючыся, робяць прадмет, асобу, з’яву і пад. іншымі. Адна справа — паэзія, другая — проза.

9. у знач. неазн. займ. Якісьці, нейкі. [Дзядзька:] — На вайне гэта было.. Фарсіравалі мы адну раку на Палессі. Корбан. Адзін багаты пан вельмі любіў слухаць казкі. Якімовіч. [Гарлахвацкі:] Што ж гэта за выкапень? [Туляга:] Гэта далёкі продак аднае нашай хатняй жывёліны. Крапіва.

•••

Адзін-адзінокі — які жыве ў адзіноце, не знаючыся ні з кім.

Адзін-адзінюткі — абсалютна адзін. Яшчэ ў пачатку ліпеня бывае зжаўцее адзін-адзінюткі лісток на бярозе. Чорны.

Адзін-адным (адна-адною, адно-адным) — зусім адзін (адна, адно). Хіба ўсе павыміралі, а ён адзін-адным астаўся. Бядуля.

(Адзін) бог ведае гл. бог.

Адзін другога варты — пра людзей, якія ў аднолькавай ступені маюць адмоўныя якасці, рысы.

Адзін душою — толькі адзін, больш нікога; без блізкіх. [Пракоп] адзін душою, што ён будзе рабіць, калі не прыйдзе сын? Баранавых.

Адзін за адным; адзін за другім — услед, па чарзе, паслядоўна. Паказаліся адзін за адным, з брызентавымі кузавамі і акенечкамі ў іх, два грузавікі. Янкоўскі.

Адзін канец гл. канец.

Адзін крок гл. крок.

Адзін на адзін — а) тое, што і з вока на вока; сам-насам; б) без удзелу іншых. Вечар быў позні, партызаны разышліся па зямлянках, і яны [Цярэшка і Уладзік] засталіся адзін на адзін. Краўчанка. У кабінеце яны былі адзін на адзін. Гроднеў.

Адзін пад адзін (адна пад адну, адно пад адно) — усе роўныя па росту, па сіле.

Адзін пад адным — адзін за другога меншы (пра дзяцей).

Адзін перад адным (адна перад адной, адно перад адным) — не адстаючы, спаборнічаючы. Салому цяпер скідалі проста на ток, рабіць было лёгка, усе трое як бы хваліліся адзін перад адным. Мележ.

Адзін пры адным (адна пры адной, адно пры адным) — вельмі блізка, побач, шчыльна, густа. Бязвусыя чатырохкантовыя каласы ў паўтары далоні велічынёй стаялі адзін пры адным. Краўчанка.

Адзін у адзін (адна ў адну, адно ў адно) — адборныя, падабраныя па аднолькавая велічыні, якасці. Кідаліся ў вочы, распальвалі апетыт белыя грыбкі, адзін у адзін, маленькія, цвёрдыя. Шамякін.

Адзін час гл. час.

Адзін чорт гл. чорт.

Адзін як кол; адзін як колас; адзін як палец; адзін як пень — адзінокі, зусім адзін.

Адна нага тут, другая там гл. нага.

Адна (толькі) назва гл. назва.

Адна трасца гл. трасца.

Адна, як былінка ў полі — толькі адна, больш нікога; без блізкіх.

Аднаго поля ягадкі гл. ягадка.

Аднаго разу гл. раз.

Адно за адным — пра шэраг падзей, непрыемнасцей і пад., якія ідуць адна за другой.

Адно што — толькі. Не вераць сябрукі, чаму ён з сіняком, — На довады — адно што рагаталі. Корбан.

Адной нагой у магіле (стаяць) гл. нага.

Адны гады; у адных гадах гл. год.

Адны косці гл. косць.

Адным вокам (глянуць, паглядзець, зірнуць і пад.) гл. вока.

Адным вухам чуць гл. чуць.

Адным дыхам (духам) гл. дых.

Адным заходам гл. заход.

Адным махам; за адным махам гл. мах.

Адным мірам мазаны гл. мазаны.

Адным словам гл. слова.

За адным — за адным разам.

За адным скрыпам гл. скрып.

Іграць у адну дудку гл. іграць.

На адзін зуб гл. зуб.

На адзін капыл гл. капыл.

На адзін лад гл. лад.

На адзін манер гл. манер.

На адзін твар гл. твар.

На адной назе гл. нага.

Па адным — не ўсе разам, адзін за адным.

Пад адным дахам гл. дах.

Ставіць на адну дошку гл. ставіць.

Стрыгчы ўсіх пад адзін грэбень гл. стрыгчы.

У адзін голас гл. голас.

У адзін міг (момант, імгненне) гл. міг.

У адно слова гл. слова.

У адной меры гл. мера.

У адну дарогу гл. дарога.

У адных гадах гл. год.

Усе да аднаго — абсалютна усе.

(Усе) як адзін — усе аднадушна; усе да аднаго. Возьмуць стрэльбы самі, як адзін паўстануць на ворагаў. Купала.

Усё адно — ніякай розніцы, аднолькава.

Усё (усе) на адзін капыл гл. капыл.

Як адну капейку гл. капейка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)