Свет ‘зямля з усім тым, што на ёй існуе; сусвет’, ‘асобная частка сусвету, планета’, ‘чалавечае грамадства’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц.), свет, белы свет ‘акаляючая прастора; далёкі край’ (ТС, Сержп., Сл. ПЗБ), той свет ‘замагільная існасць’ (ТС), свет ‘святло; світанне’ (Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), ‘шмат, безліч’ (Сл. ПЗБ, ТС, Гіл.), ст.-бел. светъпланета; сусвет’, ‘зямное ці замагільнае існаванне’, ‘святло, ззянне’. Укр. світ ‘святло, світанак’, ‘сусвет; людзі’, рус. свет ‘тс’, ст.-рус. свѣтъ ‘святло; светач’, ‘сусвет’, польск. świat, в.-луж., н.-луж. swět ‘тс’, чэш. svět, славац. svet ‘свет’, серб.-харв. све̑т, сви̏јет, славен. svȇt ‘свет; людзі’, балг. свят ‘свет’, макед. свет ‘тс’. Прасл. *světъ ‘святло’ > ‘сусвет’, звязанае чаргаваннем галосных са ст.-слав. свьтѣти(сѧ) ‘свяціцца’. Паралелі ў ст.-інд. śvetáh ‘белы, светлы’, авест. spaēta ‘тс’, літ. šviẽsti, šviẽčia ‘свяціць’, лац. vitrum ‘шкло’, ст.-в.-ням. hwîʒ ‘белы’; гл. Траўтман, 310; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1165; Майргофер, 3, 405 і наст.; Фасмер, 3, 575. Шустар-Шэўц (1387) лічыць *světъ дэвербатывам ад прасл. *svьtěti sę, *svítati (гл. свяціць), гл. таксама Мартынаў, Лекс. взаим., 169. Сной₁ (622) тлумачыць семантычны пераход ‘святло’ — ‘свет’ як ‘дзе святло, дзе бачна’, што характэрна і для іншых індаеўрапейскіх моў (Борысь, 623). Пераход ‘акаляючая рэальнасць; святло’ — ‘мноства’, акрамя славянскіх моў, вядомы балтыйскім і фінскім мовам, гл. Непакупны, Связи, 53.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ме́сяц, ‑а, м.

1. Планета, самая блізкая да Зямлі. Месяц-маладзік. □ Ноч была цёмная — ні месяца, ні зорак на небе. Шыловіч.

2. Дванаццатая частка астранамічнага года, у якой ад 28 да 31 дня. Пёк добры мароз, хоць і быў ужо красавік месяц. Шамякін. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца. Лынькоў. // Адрэзак часу ў 30 дзён, калі лічыць ад якога‑н. дня. Месяц прамінуў, як дзень. Гартны. Ішлі спачатку месяцы, потым мінуў год, другі. Ракітны.

•••

Поўны месяц — поўня.

Мядовы месяц — першы месяц пасля шлюбу ў маладых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утрыма́нне 1, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. утрымаць ​1.

2. Утрыманая сума. Памеры ўтрымання з заработкаў.

утрыма́нне 2, ‑я, н.

1. Забеспячэнне каго‑н. сродкамі для існавання, ежай, кармамі. Браць на сваё ўтрыманне. Мець на ўтрыманні дзяцей. □ З другой палучкі Анатоль выслаў.. першыя дзвесце рублёў на ўтрыманне сына. Пальчэўскі.

2. Наяўнасць якога‑н. рэчыва ў складзе чаго‑н., колькасць такога рэчыва. Утрыманне золата ў народзе. □ Планета мела атмасферу з даволі высокім утрыманнем кіслароду. Шыцік.

•••

Бесстаночнае ўтрыманне жывёлы — утрыманне жывёлы ў агульным, не разгароджаным на праварыны памяшканні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вячэ́рніца1 ’вячэрняя зорка, планета Венера’ (Інстр. I, Касп., Мат. Гом.), Укр. вечерниця, рус. вечерница, польск. wiecze(o)rnica, памор. večérńica, в.-луж. wječornička, чэш. večerníce, славац. večernica, серб.-харв. večernica, večérnjača, славен. večęrnica, макед. вечерница, балг. вечерница ’тс’. Агульнае ўтварэнне ад večerьnъ ці ад выразу тыпу «вячэрняя зорка». Адносна семантыкі параўн. тураў.: «Вячэрня зора, бо першая з вечара сходзіць» (КСТ).

Вячэ́рніца2 ’Nyctalus noctula’ (КТС), вячэрнік ’кажан’ (Інстр. II). Ад вячэрні з дапамогай суфікса ‑іц‑а. Назва адлюстроўвае спосаб жыцця кажаноў, якія палююць пасля заходу сонца. Бел. вячэрнік (суф. ‑ік) атрымоўвае фармальную, незалежную паралель у выглядзе рус. вечерник ’вячэрні матылёк’ (Даль), балг. вечерница ’тс’ (БЕР).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зямля́, -і́; мн. зе́млі, зяме́ль, Д зе́млям, ж.

1. (у тэрміналагічным значэнні — з вялікай літары). Трэцяя ад Сонца планета, якая круціцца вакол сваёй восі і вакол Сонца.

Месяц — спадарожнік Зямлі.

2. Суша (у адрозненне ад воднай або паветранай прасторы).

На гарызонце маракі ўбачылі зямлю.

Адрознівацца як неба ад зямлі (вельмі моцна, рэзка).

3. Глеба, верхні слой кары планеты Зямля, паверхня.

Апрацоўка зямлі.

Хадзіць па зямлі.

4. Рыхлае цёмна-бурае рэчыва, што ўваходзіць у састаў кары нашай планеты.

З. з пяском і глінай.

5. Тэрыторыя, якая знаходзіцца ў чыім-н. уладанні, карыстанні.

Калгасная з.

Цалінныя землі.

6. Краіна, дзяржава (высок.).

Беларуская з.

|| памянш.-ласк. зяме́лька, -і, ДМ -льцы, ж. (да 3—5 знач.; разм.) і зямлі́ца, -ы, ж. (да 3—5 знач.; разм.).

|| прым. зяме́льны, -ая, -ае (да 5 знач.), земляны́, -а́я, -о́е (да 3 і 4 знач.) і зямны́, -а́я, -о́е (да 1 і 2 знач.).

Зямельны ўчастак.

Зямельныя работы (работа па ўпарадкаванні насыпаў, каналаў і пад.). Зямны шар.

Зямная вось.

Зямны паклон — нізкі паклон як выказ глыбокай павагі, удзячнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Зара́, зо́ры ’яркая афарбоўка гарызонта пры ўсходзе і заходзе сонца’, ’зорка’. Рус. заря, зори ’афарбоўка гарызонта’, дыял. пенз., кур. утренняя, вечерняя заряпланета Венера’, укр. зоря ’зорка’, ’афарбоўка гарызонта’, польск. zorza, уст. zarza, н.-луж. zoŕa, в.-луж. zerja ’афарбоўка гарызонта’, палаб. zöri, ’тс’, чэш. zora ’зара’, záře, zář ’святло’, славац. zora ’афарбоўка гарызонта’, славен. zárja, zórja ’тс’, серб.-харв. зо̀ра ’тс’, балг. заря, зора̀, за̀ра ’тс’, макед. зора. Ст.-слав. зарꙗ ’святло, ззянне’. Ст.-рус. заря, зара ’святло, зара’ (XI ст.). Таго ж і.-е. кораня, што зрок, зрэнка (гл.): *gʼher‑ ’ззяць, блішчаць’. Прасла zora, zara (адкуль з суфіксам ‑j‑a: zarja > рус. заря і інш.) мае роднасныя: літ. žarijà ’гарачае вуголле’, ст.-прус. sari ’жар’, літ. žarà ’зара’, англ. gray ’шары’. Пра семантычнае адрозненне зоря, заря гл. Якабсон, Writings, 2, 628; Фасмер, 2, 81; Шанскі, 2, З, 61; Траўтман, 336; Покарны, 1, 441–442; БЕР, 1, 654–655; Скок, 3, 660; Махэк₂, 710. У зах.-рус. адбылася семантычная дыферэнцыяцыя ’зорка’ і ’афарбоўка неба’, прычым першае значэнне замацавалася за лексемай бел. зорка (гл.), укр. зірка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шар, ‑а; мн. шары, ‑оў; м.

1. У матэматыцы — геаметрычнае цела, якое ўтворана вярчэннем круга вакол свайго дыяметра. Паверхня шара. Плошча шара. Радыус шара.

2. Прадмет, які мае такую форму. Більярдны шар. □ Каляровыя шары Пралятаюць угары, Як за птахам птах у вырай. А. Александровіч.

3. Уст. Прадмет такой формы для галасавання, а таксама сам голас за або супраць. Пытанне аб дапушчэнні Скарыны да экзаменаў было вырашана, па прапанове Мусаці, балатыроўкай шарамі. Алексютовіч. Вежа ўзяў шар першы. Памарудзіў і, схіліўшы сівую галаву, апусціў яго ў белую палову урны. Караткевіч.

•••

Зямны шарпланета Зямля.

Паветраны шар — а) сферычны аэрастат; б) дзіцячая цацка ў выглядзе абалонкі, напоўненай паветрам або газам, лягчэйшым за паветра.

Чорны шар — выбарчы шар, які азначае: «супраць абрання».

Пробны шар — а) (уст.) шар, які выпускаецца для выпрабавання ўмоў палёту; б) пра які‑н. учынак, прыём, пры дапамозе якога імкнуцца высветліць што‑н.

Хоць шаром пакаці гл. пакаціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́нца, ‑а, н.

1. Цэнтральнае нябеснае цела Сонечнай сістэмы, якое з’яўляецца гіганцкім вогненным шарам, што вылучае святло і цяпло. Вярчэнне Зямлі вакол Сонца. □ Сонца падымалася неяк марудна, раса ападала паволі. Колас. Вызначаючы кароткі начны шлях.. летняга сонца, на поўначы святлела паласа .. зары. Брыль. Стала душна, як толькі ўзышло сонца. Самуйлёнак.

2. Святло, цяпло, якое вылучаецца гэтым свяцілам. Загараць на сонцы. Сушыць на сонцы. □ Уся вуліца была заліта першым сонцам. Чорны. Маёр.. з асалодай падстаўляе сонцу мускулістыя рукі і грудзі. Брыль. Прыжмурыўшыся ад яркага паўдзённага сонца, Васіль зірнуў на неба. Якімовіч. // Пра сонечнае надвор’е. Заўтра будзе сонца і вецер. Бядуля.

3. перан. Пра што‑н., што з’яўляецца крыніцай жыцця, шчасця каго‑, чаго‑н. Сонца свабоды заззяла Краю лясоў і балот. А. Александровіч. Украіна і Беларусь, як і ўсе рэспублікі Савецкага Саюза, расквітнелі пад сонцам новага жыцця, народжанага рэвалюцыяй. Бярозкін. // Пра таго, хто з’яўляецца прадметам пакланення, захаплення. І ўжо з Сімбірска крочыў чалавек Насустрач сонцу, каб ярчэй заззяла. І сам ён сонцам стаў для нас навек, Нам імя Ленін Самым родным стала. Прыходзька.

4. Цэнтральная планета іншых планетных сістэм.

5. Пэўны пакрой спадніцы.

6. Гімнастычнае практыкаванне на турніку.

•••

Да сонца, з сонцам (устаць, падняцца і пад.) — да ўсходу сонца, да святла; вельмі рана.

Месца пад сонцам гл. месца.

Па сонцы — арыентуючыся на сонца, вызначаючы шлях па месцазнаходжанню сонца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ме́сяц, ме́сіц, ме́сец, ме́січык, ме́сячка, ме́сячак, ме́сячко, ме́сечык, ме́січак, ме́сечок, ме́сячык, ветк. ме́сячка, стол. мі́сац, драг. мі́сяц(ь)планета, найбліжэйшая да Зямлі’, ’12‑я частка астранамічнага года’ (ТСБМ, Яруш., Бес., Шат., Касп., ТС, Сл. ПЗБ, Кліх, Янк. 1, Бяльк.; бых., Янк. Мат.), ’рагалік на вясельным караваі’ (Маш.). Укр. мі́сяць, рус. ме́сяц, польск. miesiąc, н.-луж. mjasec, в.-луж. měsac, чэш. měsíc, славац. mesiac, славен. mẹ̑sec, серб.-харв. мје̏сец, макед., балг. месец, ст.-слав. мѣсѧць. Прасл. měsęcь, якое, паводле Махэка₂ (360), мела значэнне як ’месяц-свяціла’, так і ’месяц (30 дзён)’. І.‑е. *mēs‑ (< *mēns‑): літ. mė́nuo, mė́nesis, лат. mēnesis ’месяц’, mēness ’30 дзён’, ст.-прус. menins ’свяціла’, гоц. mēna ’тс’, mēnōþs ’30 дзён’, лац. mēnsis ’тс’, ст.-грэч. μήν ’тс’, іян., ат. μείς < *μενς < μηνς, дар. μής ’тс’, μήνη ’свяціла’; алб. muai, ірл. , ст.-інд. mās‑ (mā́sas) ’месяц’, авест. , новаперс. māh, тах. A mañ, тах. B meñe, арм. amis ’месяц’. Слав. měsęcь разглядалася этымолагамі як аснова mē‑, пашыраная элементамі ‑n‑ і ‑es‑ (як у балт. мовах), якая прысутнічае ў лексеме мера (měra): месяц мерае час. Суфікс *‑ko‑ (> ‑ьcь) у *měsenьcь той жа, што і ў лексемы sъlnьce, і ўся лексема носіць табуістычны характар (задобрыванне). Гл. Бернекер, 2, 51; Траўтман, 179; Шпехт, KZ, 66. 53; Мее, 336; Фасмер, 2, 608–609; Скок, 2, 437–438; Бязлай, 2, 179; БЕР, 3, 755–756. Развадоўскі (Rozprawy, 25, 425) прапануе прыняць першапачатковае значэнне ’які мяняецца’ і выводзіць лексему měsecь з і.-е. асновы *mei̯‑/*moi̯‑ ’мена’. Непераканаўча. Як і Трубачоў (ВЯ, 1980, 3, 5), які выводзіць з і.-е. *menyos ’менш’. Атрэмбскі (Балто-слав. сб., 186–192) лічыць, што слав. měsęcь і балт. mė́nuo з’яўляюцца варыянтамі аднаго і таго ж славяна-балтыйскага слова (< і.-е. *mē(n)s).

Ме́сяц2 ’від танца’ (кап., Жыв. сл.; Інстр. III). З рус. ме́сяц з назвы песні «Чудный месяц», на матыў якой танец выконваўся.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

год, ‑а, М ‑дзе; мн. гады, ‑оў і год; м.

1. Прамежак часу з 1 студзеня, за які Зямля робіць адзін паварот вакол Сонца (уключае ў сябе 365 ці 366 сутак, або 12 каляндарных месяцаў). Адыходзілі вёсны і зімы, І гады за гадамі плылі. Колас.

2. Адрэзак часу ў 12 месяцаў, які адлічваецца з якога‑н. дня. Аб усім утрая Клапаціцца гатоў, Быццам думаю я Жыць яшчэ сто гадоў. Гілевіч.

3. толькі мн. Ужываецца ў спалучэнні з парадкавым лічэбнікам для абазначэння дзесяцігоддзя. Саракавыя гады дваццатага стагоддзя. Камсамольцы дваццатых гадоў.

4. толькі мн. Адрэзак часу ў некалькі год. Пасляваенныя гады. Гады росквіту культуры і народнай гаспадаркі.

5. толькі мн. Узрост; перыяд, пара ў жыцці чалавека. Спадарожны Пятра быў Захар Палянскі, чалавек сярэдніх гадоў, досыць заможны гаспадар. Колас.

6. Адрэзак часу, на працягу якога планета робіць абарот вакол Сонца. Год Марса.

•••

Высакосны год — кожны чацвёрты год, які мае ў лютым не 28, а 29 дзён.

Зорны год — прамежак часу, за які Сонца робіць свой бачны шлях па нябеснай сферы адносна зорак.

Навучальны год — час вучэбных заняткаў ад канца адных і да пачатку наступных летніх канікул.

Новы год — дзень 1 студзеня.

Светлавы год — адзінка адлегласці, роўная шляху, які праходзіць прамень святла за трапічны год.

Трапічны год — прамежак часу паміж двума праходжаннямі Сонца цераз пункт веснавога раўнадзенства.

Адны гады; у адных гадах — аднолькавы ўзрост; аднагодкі, равеснікі.

Без году тыдзень гл. тыдзень.

Гады падышлі — настаў ўзрост, калі патрэбна зрабіць што‑н.

Гады ў рады — вельмі рэдка (бываць дзе‑н., сустракаць з кім‑н. і інш.).

Год ад году — з кожным годам.

З году ў год — пастаянна, на працягу некалькіх гадоў.

З малых гадоў (год) — з дзяцінства.

На схіле гадоў (год) гл. схіл.

Не па гадах — неадпаведна ўзросту, не падыходзіць па ўзросту.

Па маладосці гадоў гл. маладосць.

У гадах — пажылога ўзросту.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)