Пераплёт, параплёт, пераплют ’рашотка, рама, агароджа з перакрыжаваных перакладзін’ (ТСБМ, Янк. 2, усх.-палес., Шушк., Мат. Гом.), ’перапляценне, на якое кладуцца жэрдкі ў агароджы’ (віл., глыб., Сл. ПЗБ), ’плот-частакол’ (усх.-палес., Нар. сл.); пераплёт, пераплёціна ’пярэвітка’ (паўн.- і ўсх.-бел., ЛА, 4), пераплёт ’край бёрда (прадаўгаваты)’ (ветк., Мат. Гом.), перэплёты ’абмоткі трысцін у бёрдзе’ (ТС), ’плецены перадок у санях’, ’аснова лапця’ (рагач., светлаг., Мат. Гом.), пераплёт ’латы ў страсе’ (слуц., ЛА, 4), ’жэрдка для прыціскання саломы на страсе’ (усх.-палес., Нар. сл.), ’аснова страхі з гарызантальных жэрдак, прывязаных да крукоў бярозавым віццём ці лазой’ (Растарг.), піряплёціна ’лата, пераплеціна’, ’непрыемнасць’ (Бяльк.). Рус. переплёт, переплёты ’пляцень з тонкіх калочкаў’, ’колцы з прутоў у бучы’, ’тонкая перагародка ў засеку’; польск. przeplot ’перапляценне, пераплётная рэч, месца перапляцення’, przeplota ’лаза, якой прывязваюцца калкі ў плоце’; серб.-харв. пре́плет ’перапляценне, спляценне’. Прасл. *per‑pletъ, утворанае ад дзеяслова *per‑pletti (аснова *plet‑) > *per‑plesti > перапле́сці. Да пера- і пле́сці (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

заблы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. У беспарадку пераплесці, перавіць, зблытаць (ніткі, валасы і пад.). Заблытаць ніткі. □ [Алесь] ледзь адвязаў вяроўку ад Патапчыкавага воза, заблытаў яе, потым доўга разблытваў. Чарнышэвіч.

2. перан. Увесці ў зман, збіць з толку. Коціцца плётка ад хаты да хаты, намотваецца ў кожнай хаце што-небудзь новае на яе. Расце клубок, павялічваецца, пагражае заблытаць .. Надзю. Галавач.

3. Зрабіць цяжкім для разумення, ускладніць. Заблытаць справу. // Дапусціць многа памылак, недакладнасцей. Заблытаць разлікі.

4. Разм. Уцягнуць каго‑н. у якую‑н. непрыемнага справу. Заблытаць у непрыемную гісторыю.

•••

Заблытаць сляды — змяніўшы напрамак руху, збіць са следу, прымусіць згубіць след. Каб заблытаць след,.. [Саша] крута павярнуў налева, міма руін. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераплёт, ‑у, М ‑лёце, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. пераплятаць — пераплесці (у 1 знач.).

2. Цвёрдыя вокладкі ў кнізе, сшытку і пад. Нашу ўвагу прыцягнула палічка з адметнымі кнігамі.. у старых пераплётах. Пальчэўскі.

3. Рашотка, рама, агароджа з перакрыжаваных перакладзін. Пераплёты аконных рам. □ Перастук колаў стаў гучнейшы, і здавалася ўжо, што ён водгуллем аддаецца ў жалезным пераплёце моста. Карпаў.

4. Разм. Што‑н. пераплеценае, утворанае спляценнем; перапляценне. Тут ёсць абрус яе [Марынінай] работы З брыжамі белымі, як снег. На ім у зоры, пераплёты, — Мастацкай выдумкі разбег. Колас. / у перан. ужыв. Гэткі пераплёт жыццёвых з’явішчаў блытаў Сёмкавы думкі. Гартны.

5. перан. Складанае, заблытанае, цяжкае становішча. У якія б пераплёты ні траплялі яго [Пятра Рунца] героі, іх заўсёды чакае шчаслівы канец. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зблы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Пераплесці ў беспарадку; пераблытаць. Зблытаць ніткі. Зблытаць валасы. □ Каб рукі, ногі пакруціла Нячыстай, цёмнай сіле той, Якая долу паваліла, Памяла, зблытала, скруціла Цябе, лянок харошы мой. Бялевіч. // Парушыць парадак чаго‑н. Зблытаць лісты рукапісу. □ Тут на момант .. [дзеці] збіліся, зблыталі строй. Ракітны. // перан. Унесці блытаніну; пазбавіць яснасці, выразнасці, дакладнасці. [Выступленне сакратара] яшчэ больш зблытала і ўскладніла [Максімавы] думкі. Шамякін. Але зноў усё зблытаў, нечакана паявіўшыся, Каляда. Скрыган.

2. Памылкова прыняць адно за другое; пераблытаць з кім‑н., чым‑н. [Аўсянку] можна нават з вераб’ём зблытаць: такая ж шэранькая. Ігнаценка. Галя пагражальна паківала каля яго носа пальцам і строга сказала [Змітраку]: — Ты толькі не зблытай мяне з Інай. Ваданосаў.

3. Разм. Збіць з толку, прывесці ў замяшанне. Падказка зблытала вучня.

•••

Зблытаць карты чые або каго — разладзіць, парушыць чые‑н. планы, намеры.

Зблытаць сляды (след) — збіць са следу каго‑н., накіраваць па няправільнаму следу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)