пералама́цца, ‑ламлюся, ‑ломішся, ‑ломіцца; зак.
1. Паламацца напалам, на часткі. Няшчасце прыйшло нечакана — пад напорам моцнага ветру захісталася жалезабетонная калона і, пераламаўшыся пасярэдзіне, упала. Дадзіёмаў. Паплеціна непаслухмяна хіснулася і пераламалася каля самай.. рукі. Мележ. // Пашкодзіцца, зламацца ад удару (пра косці). Нага пераламалася.
2. Паламацца — пра ўсё, многае.
3. Крута сагнуцца, адхіліцца, пайсці ў іншым напрамку. Пераламаўся прамень дрыгатлівы На вострым плячы будана ў Разліве. Барадулін.
4. перан. Рэзка перамяніцца, стаць іншым (пра характар, звычкі, паводзіны і пад.). Нешта з’яднала не зусім дружную вуліцу. Нешта пераламалася ў адносінах добра знаёмых нам суседзяў. Навуменка. // Змяніцца ў горшы бок (пра жыццё, кар’еру і пад.). [Арцюшыха] усім сэрцам разумела маладую жанчыну, жыццё якой пераламалася акурат тады, калі яму сама трэба буяць. Сабаленка.
5. перан. Перарвацца, змяніцца па тэмбру пад уздзеяннем моцных пачуццяў, перажыванняў (пра голас). — Больш затрымлівацца мы не можам! Чуеш, Малько! — Голас маёра вось-вось гатовы быў пераламацца на высокай ноце. Беразняк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змяні́цца, змянюся, зменішся, зменіцца; зак.
1. Стаць іншым; перамяніцца. Змянілася жыццё ў вёсцы. Колас. — А я цябе не адразу пазнаў. Змяніўся ты крыху. Чарнышэвіч. // Змяніць свой напрамак (пра вецер). [Алесю] здалося, што вецер змяніўся, падзьмуў ужо інакш. Ракітны.
2. Вызваліцца ад абавязкаў, якія выконваюцца пазменна. Змяніцца з дзяжурства. □ Я толькі што змяніўся з вахты, бягу пагрэцца і падвесці. А. Вольскі.
3. Змяніць адзін аднаго на службовым месцы, пасадзе. Тры старшыні змянілася да Аляксея ў «Світанні» пасля вайны. Пальчэўскі.
4. чым, на што. Саступіць месца чаму‑н. другому, замяніцца чым‑н. Дзень змяніўся на вечар. Мурашка. Радасць змянілася спалохам, прадчуваннем нечага жудаснага. Шамякін.
5. безас. Разм. Змяніць на сабе бялізну, адзенне. [Боганчык] падумаў, што загібее зусім, калі не зменіцца ў сухое. Пташнікаў.
•••
Змяніцца з твару — набыць іншы выгляд, выраз твару (пад уплывам моцных перажыванняў, хваробы і пад.). Маша прыкметна змянілася з твару, хоць і намагалася не выдаць свайго хвалявання. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перавярну́цца, ‑вярнуся, ‑вернешся, ‑вернецца; зак.
1. Павярнуцца з аднаго боку на другі; павярнуцца процілеглым бокам. Рыгор так смачна спаў, што нават ніводнага разу не перавярнуўся з боку на бок. Гартны. У адзін момант ускінуў .. [Карага] плячыма і перавярнуўся тварам да свайго смяртэльнага ворага, стараючыся вызваліць рукі. Колас. // Перакуліцца, перакінуцца. Машына з’ехала ўбок і перавярнулася пад адкос. Чорны. Толькі зашапоча, загамоніць узрушаная плугам зямля і перавернецца быльнёг дагары нагамі. Баранавых.
2. перан. Стаць зусім іншым, рэзка змяніцца, перамяніцца. [Маці:] — Нешта на свеце перавярнулася. Быў у сям’і спакой, лад, а тут — на табе. Пестрак.
3. Прайсці, перабыць. За шэсць год вайны і за дзве акупацыі на гэтай дарозе перавярнулася бездань людзей. Чорны.
4. перан. Ператварыцца ў каго‑, што‑н. Былі рублі, ды перавярнуліся ў вераб’і. Прымаўка. // Прыняць іншую веру. Гэты малады юрыст за свой кароткі час паспеў з немца ператварыцца ў рускага, а потым у паляка, з лютэраніна перавярнуўся на католіка, з прапаведніка ў пракурора. Машара. // У казках і народных павер’ях — прыняць іншы выгляд, ператварыцца ў каго‑, што‑н. пры дапамозе чараў. Перавярнуўся б зараз у ваўка, У ворана... І жыў бы ў гэтым лесе, Пракляўшы чалавецтва і вайну. Пысін.
•••
Перавярнуцца ўверх дном — карэнным чынам змяніцца, стаць іншым.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)