заняво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.
Пазбавіць волі, незалежнасць закабаліць. Ніколі, мой народзе, ты не схіляў галавы перад тым, хто калі-небудзь імкнуўся заняволіць цябе. Купала. І асабліва людзі беларускага Палесся выявілі свой гераічны патрыятызм цяпер, у час Вялікай Айчыннай вайны, калі самы найзлейшы на ўсе вякі, самы крывавы і паганы вораг уварваўся на беларускую зямлю, каб прысвоіць яе сабе, навекі яе заняволіць і ўздзець на наш народ ланцугі рабства. Чорны. // Падпарадкаваць сваёй уладзе, паставіць у залежнае становішча.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
закава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; ‑куём, ‑куяце; зак., каго-што.
1. Надзець на каго‑н. кайданы, ланцугі, скаваўшы іх. Прыехалі жандары, закавалі Пархвена ў кайданы і адправілі ў Сібір на катаргу. Жычка. // перан. Пакарыць, зняволіць. Не танула песня ў моры. У агні не гарэла, Закаваць не мог у путы Сатрап азвярэлы. Купала. Няма яшчэ такіх кайданаў, Каб закаваць людское сэрца. Глебка.
2. перан. Пакрыўшы лёдам, зрабіць нерухомым; замарозіць. Падскочыў мароз і закаваў балоты і рэкі. Якімовіч. / у безас. ужыв. Закавала лёдам рэкі, Ручаёчкі — аж да дна. Ставер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абра́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад абраць.
2. у знач. прым. Які мае законныя паўнамоцтвы, правы. І вось вам яны, партызаны, І тайны хаўрус, І ён, камандзір ваш абраны, Кандрат Белавус. Колас.
3. у знач. прым. Які да спадобы, пад густ; любімы. Было адно такое абранае месца, куды.. [Лабановіч] звычайна і хадзіў, калі хацелася пабыць аднаму. Колас.
4. у знач. наз. абра́ны, ‑ага, м. Той, хто карыстаецца ўсімі правамі і дабротамі жыцця; прадстаўнік эксплуататарскага класа. Была тут [на Балканах] воля для абраных, Для неабраных — ланцугі. Калачынскі.
5. у знач. наз. абра́ны, ‑ага, м. Той, каго выбіраюць для душы; каханы. Звычайна не ведаюць усе закаханыя, за што кахаюць сваіх абраных. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Вяры́гі ’жалезныя ланцугі, аковы, якія насілі на целе рэлігійныя фанатыкі’ (БРС, КТС), ст.-бел. верига, вериги ’ланцуг, путы’ (з XV ст.), укр. вериги, рус. вериги ’тс’, арханг. ’смецце ў зерні збожжа’, алан. ’невялікі стог сена’, ст.-рус. верига, вериги ’металічны дрот, ніць’; ’ланцуг’; ’вярыгі’; ’кайданы’ (з XII ст.), славен. veríga ’ланцуг, звяно ланцуга’; ’клямка, засаўка’, серб.-харв. вѐрига ’ланцуг’, вѐриге ’вярыгі’, макед. верига ’ланцуг’; ’горны хрыбет’, балг. верига, веруга ’ланцуг’; ’путы, аковы, кайданы’; ’ланцуг гор’; ’рад падзей’; ’бярозка палявая, Convolvulus arvensis L.’, ст.-слав. верига, утворанае ад вьрѣти (< verti ’звязваць’) пры дапамозе суф. ‑ига (Шанскі, 1, В, 59). Звязана з літ. vérti ’адчыняць, зачыняць’; ’нанізваць’, лат. vērt ’тс’, грэч. ἀείρω ’злучаю, звязваю’. Са ст.-слав. праз ц.-слав. і ст.-бел. слова прыйшло ў сучасную мову. Фасмер (1, 299) звязвае рус. верига са словам верать ’усоўваць, запіхваць, тыцкаць’. Сюды ж прымыкае вярыжны (брація вярыжная — КТС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
кальцо́, ‑а́; мн. ко́льцы (з ліч. 2, 3, 4 кальцы́), ко́льцаў; н.
1. Прадмет, звычайна металічны, які мае форму вобада, абруча, акружнасці. Па баках ад яе [варонкі] пагойдваліся скручаныя кольцы калючага дроту. Пятніцкі. Каб зрабіць.. [бугая] больш-менш паслухмяным, яму патрэбна было ўправіць у ноздры кальцо. Ракітны. Рвануў Даніла Ланцугі, І кольцы трэснулі са звонам. Колас. // мн. (ко́льцы, ‑аў). Гімнастычны снарад, які складаецца з двух падвешаных абручоў.
2. чаго. Тое, што мае форму такога прадмета. Дзед Мірон закурвае люльку, з-пад парыжэлых вусоў выпускае кольцы дыму, усё роўна бы паравоз, і ціха ўсміхаецца. Даніленка. // Тое, што абкружае, апаясвае, замыкае што‑н. або каго‑н. Кальцо блакады. □ Эвакуіраваныя чырвоныя прарваліся праз кальцо белых, кальцо, што сцягвалася наўкол горада. Мікуліч. Цяжка было зразумець, як яны [партызаны] змаглі вырвацца з кальца, знішчальнага агню. Брыль.
3. Канцавы пункт трамвайнага, аўтобуснага і інш. маршрутаў, дзе робіцца паварот для прадаўжэння шляху ў зваротным напрамку. Трамвайнае кальцо. Кальцо тралейбуса. Даехаць да кальца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
іржа́ і ржа, ‑ы, ж.
1. Чырвона-буры налёт на паверхні жалеза, які ўтвараецца ў выніку акіслення яго ў паветры і ў вадзе. Патапавіч нагнуўся, дастаў з-пад лавы сякеру, пакруціў яе ў руках, сцёр пальцамі лёгкі налёт іржы на лязе і зноў паклаў яе на ранейшае месца. Кулакоўскі. У ценю высокай старой баржы, нагружанай вялізнымі жалезнымі панамі, чырвонымі ад іржы, стаяла вастраносая звычайная лодка. Ракітны. Не чакай, што ржа з гадамі Паесць ланцугі, Што мінуцца сабой самі Нагайкі, штыхі. Купала. // перан. Пра тое, што шкодна, разлагаюча дзейнічае на каго‑, што‑н. Бюракратычная ржа. □ — У камуну мы павінны прыйсці не толькі ў дастатку, але і з чыстымі душамі... А паскрабі іншага мужыка, колькі на ім усялякай іржы... Гурскі.
2. Прымесь вокіслаў жалеза ў балотнай вадзе, якая надае ёй буры колер і спецыфічны прысмак. Мокрыя, брудныя ад балотнай іржы штаны і запырсканая граззю ватоўка Сукенкі пацвярджалі непрыемныя для [гаспадара] навіны. Паслядовіч. Ад берага моцна пахла багавіннем, ракушкамі і балотнай іржою. Мурашка.
3. Жоўта-аранжавыя плямы на паверхні раслін, якія з’яўляюцца ў тых месцах, дзе развіваюцца споры паразітных іржаўных грыбкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
грыме́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак.
1. Утвараць моцныя рэзкія гукі, грукат, шум. Паравоз дрыжаў, грымеў, скрыгатаў. Мележ. У кароўніку грымелі ланцугі, чуўся звон бляшаных даёнак, цурканне малака. Дуброўскі. // чым. Утвараць рэзкія гукі, грукат, стук. Брук грыміць стукатам колаў і конскіх падкоў. Скрыган. Нястомны дзяцел лес трывожыць, Па хвоі дзюбаю грыміць. Калачынскі. // Пра раскаты грому. Усё новыя і новыя ўдары грому глуха грымяць над самым вакзалам. Лупсякоў. / у безас. ужыв. На дварэ яшчэ грымела, нібы там хто варочаў каменне. Ваданосаў. // Пра выбухі, страляніну, шум мора і пад. Грымелі гарматы, тахкалі мінамёты. Ставер. Мора грымела, але рыбакоў не палохала. Лось. Воддал[ь] грымеў марскі прыбой. Самуйлёнак. // Пра гучныя песні, крык, шумную ігру на музычных інструментах і пад. Над плошчай грымела «ура». □ У суседнім пакоі грымела радыёла. Корбан. У парку грымеў аркестр. Хадкевіч. // перан. Разм. Гаварыць гучным узрушаным голасам, з гневам або запалам. — Яшчэ вады! Яшчэ! — грыміць Змітрок. Бядуля. — Я заўсёды стаяў цвёрда на зямлі, — грымеў словамі мельнік. Чорны.
2. перан. Карыстацца вялікай папулярнасцю, славіцца. — Дырэктар школы Яснікоў ужо грыміць на ўсю рэспубліку. Шамякін. // Мець вялікае пашырэнне. [Бандарчык:] Слава пра наш калгас грыміць на ўсю вобласць. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)