бедро́ ср.

1. (часть ноги) бядро́, -ра́ ср., сцягно́, -на́ ср.; (верхняя часть бедра) клуб, род. клу́ба м., мн. клубы́, -бо́ў;

широ́кие бёдра шыро́кія клубы́;

ру́ки на бёдра спорт. ру́кі ў бо́кі;

2. (часть туши) кумпя́к, -ка́ м.; сцягня́к, род. сцегняка́ м.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Жу́жалкі ’частка кумпяка (бядра)’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. жужулачкі, журжа1 ’назвы цацак, што робяцца з касцей парасячай ці авечай нагі’. Параўн. рус. дыял. раст. журжелка ’цацка з косці’, ’бабка (для гульні)’, ’доўгая, худая нага’, кур. жижки ’калені’ (націск?). Жу‑, як і ў іншых згаданых словах, можа ўзыходзіць да і.-е. *geu‑ ’згінаць, скручваць’ (> *žu‑), прадстаўленага, напр., у літ. gur̃nas ’шчыкалатка; пятка; костка, што тарчыць’, лат. gùrns ’сцягно, кумпяк, костка сцягна, кумпяка’, хец. ku‑u‑tar (kuttar) ’верхняя частка пляча’, ісл. kjũka ’частка пальца’. Другое ж можа быць ці рэфлексам старога пашырэння ‑g‑, як у названай ісл. форме, ці паўтарэннем, ‑l‑ стары суфіксальны элемент, ‑ьk‑ новы суфікс. Покарны, 1, 393–398; Фрэнкель, 178–179.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Крок1 ’адзін рух нагой пры хадзьбе’ (ТСБМ, Нас., Янк. Мат., Гарэц., Бяльк., ТС). Укр. крок ’тс’. Ст.-бел. крокъ ’тс’ (з 1546 г.) запазычанне з польск. krok (Булыка, Запазыч., 177). Аднак польск. krok не ўзыходзіць непасрэдна да прасл. korkъ, бо іншыя славянскія формы са значэннем ’крок’ не даюць падстаў для такой рэканструкцыі: параўн. чэш. krok, славац. krok, серб.-харв. кро̑к (прасл. *krokъ). Рэгулярныя рэфлексацыі прасл. korkъ маюць іншыя, хоць і блізкія значэнні: серб.-харв. кра̑к ’голень, нага’, славен. krȃk ’нага’, балг. крак ’тс’ (параўн. Слаўскі, 3, 121; Кюнэ, Poln., 69).

Крок2 ’шырынка, месца паміж калашын штаноў’ (Сл. паўн.-зах.). Гл. крок1.

Крок3 ’адкормлены кабан’ (Жд. 2). Да запазычанага з рускай мовы вокараккумпяк’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ско́нчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. што і з інф. Давесці выкананне чаго‑н. да канца; завяршыць. Скончыць мыць посуд. □ Людзі спяшаліся да пачатку ўборкі бульбы скончыць сіласаванне кукурузы. Паслядовіч. Даша скончыла зборы і пачала апранацца. Васілевіч. // Поўнасцю зрасходаваць. [Цётка:] — Апошні кумпяк на сёмуху скончылі. Машара. Знайшліся такія, што як сала сваё з торбы скончылі, дык і па доме зажурыліся. Крапіва.

2. што, чым. Зрабіць што‑н. у заключэнне, закончыць чым‑н. Крушынскі скончыў сваё тлумачэнне .. басам на спеўны царкоўны лад. Бядуля. Вячэру скончылі куццёю. Колас. // Закончыць сваё жыццё, дзейнасць пэўным чынам. Пачаў грамадскую дзейнасць народнікам, а скончыў — меншавіком.

3. што. Закончыць навучанне дзе‑н. Самы старэйшы, Павел, скончыў рачны тэхнікум і ўжо плаваў на Дняпры капітанам буксіра. Шамякін.

4. што, з чым і з інф. Спыніць што‑н., палажыць канец чаму‑н. Скончыць з прагуламі. Скончыць з парушэннем працоўнай дысцыпліны.

•••

Скончыць жыццё — тое, што і кончыць жыццё (гл. кончыць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лы́тка1, лы́ткі ’акругленыя мышцы на задняй частцы нагі чалавека ад калена да ступні’ (ТСБМ, Гарэц., Дразд., Сцяшк., Шат., Касп., Растарг., Яруш., Мядзв., Бяльк., Нас., ТС, Сл. ПЗБ), ’нага ўвогуле’ (Нас.), ’сцягно, ляжка’ (Яруш., стаўб., КЭС), ’галёнка’ (КЭС, лаг.), лыдка ’лытка’ (Мат. Гом.); у выразе: лыткі кароткі ’рукі кароткія’ (Шат.). Укр. ли́тка ’лытка’, закарп. і паўд.-валынск. ’сцягно’, рус. лы́тка, лы́тки ’нага’, ’пярэдняя нага свінні’, ’задняя нага свінні’, ’тонкія, худыя ногі’, ’сцягно, ляжка’, ’калені, ступні’, ’пята’, ’косць нагі’, ’тоўстая косць нагі жывёлы’, ’шчыкалатка’, ст.-рус. лытка ’галёнка’, ’нага’, ’кумпяк’; польск. łydka, łytka ’лытка’, ’сцягно’, ’ягадзіца’; ст.-чэш. lýtka ’лытка’, ’галёнка’, славац. lýtka ’лытка’, усх. ’сцягно’; славен. lȋtka ’лытка’, с.-балг. лытка, литка ’галёнка’. Прасл. дыял. lydъka ’мясістая частка нагі — пераважна, лытка, а таксама і сцягно, галёнка’ (Слаўскі, 5, 388–391). Надзейнай этымалогіі няма. Найбольш пераканаўчай з’яўляецца думка Шустара–Шэўца (Slavia, 32, 166–169; ZSl, 8, 873) аб роднасці з прасл. glyda (польск. дыял. głyda, głydy, głytka, głytki), якое чаргуецца галоснай у корані з gluda з агульнасцю семантыкі ’выпуклае, ком, гуз’ (рус. глуда ’ком’, славен. glȗta ’шышка’) < і.-е. *gleu‑d‑/*gleu‑t ’аб выпуклым, круглым’.

Лы́тка2 ’вузкая палоска зямлі’ (ушац., Нар. сл.). Відавочна, спачатку лытка ’нага’ абазначала меру даўжыні (параўн. ст.-бел. стопа, крокъ), пасля — прастору, якую гэтай мерай найчасцей вымяралі. Параўн. аналагічна лы́нда3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

слу́жба, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. служыць (у 1, 2, 4–6 знач.). Служба ў арміі. Служба машыны.

2. Работа, заняткі і абавязкі служачага, а таксама месца такой работы і знаходжанне на ёй. Асабліва вялікую пашану адчуў да.. [Захарыя] Іліко, калі даведаўся, што гэты чалавек умее кіраваць параходам, што гэта ягоная слуокба. Самуйлёнак. Трошкі пазней Леўка ўладзіўся ў Верамеевічах на нейкую казённую службу і ездзіў каравачнікам па вёсках. Сабаленка. І на службе і прыйшоўшы са службы Рыгор не расставаўся з кніжкаю. Гартны.

3. Выкананне воінскіх абавязкаў, пасада ваеннага, а таксама знаходжанне ў радах арміі, флоту. Кожны салдат лічыць свой род войск самым важным, а службу ў ім — самай цяжкай. Хомчанка. Развітаўся з салёнаю Службай марской, Месцам вахты працоўнай Стаў ціхі пакой. Жычка.

4. Галіна ваенных заняткаў, абавязкаў, а таксама сістэма ўстаноў у структуры арміі, якія іх абслугоўваюць. Служба сувязі. Медыцынская служба арміі. □ Камбрыгу было дваццаць пяць год. Кавалерыст, лейтэнант кадравай службы. Брыль.

5. Галіна вытворчасці, а таксама ўстанова, арганізацыя, якія займаюцца якім‑н. спецыяльным участкам работы. Служба надвор’я. Служба часу. □ Машыністаў, дзяжурных, саставіцеляў — усіх, найбольш звязаных са службай руху, эвакуіравалі, яшчэ калі не быў узарваны мост па Дняпры. Навуменка.

6. Правядзенне набажэнства. У царкве ідзе.. служба, а на вуліцы — незвычайная вясёласць, рогат, гукі і рытм новай песні. Каваль.

7. толькі мн. (слу́жбы, ‑аў). Уст. Падсобныя памяшканні, розныя пабудовы для гаспадарчых патрэб. Розныя гаспадарчыя службы — кухня, склады, кладоўкі, — усё гэта ўваходзіла ў бальнічную сядзібу. Лынькоў.

8. Уст. Абслуговы персанал; слугі. А палац у агнях, служба ўся ў кунтушах. Лужанін. Па сканчэнні «гутаркі» хатняя служба ўжо саджала пана .. ў брычку і побач паклала абкручаны ў палатніну кумпяк. Пестрак.

9. Уст. і разм. Зварот да ваеннаслужачага (звычайна салдата). [Драч:] А сам хто?.. Бародка можа і рабочага, а вусікі быццам а[ф]іцэравы... [Дашынскі:] Блытаеш ты нешта, служба. Губарэвіч.

•••

Інтэнданцкія служба — сістэма ўстаноў і прадпрыемстваў, якія ведаюць харчовым, рэчавым і грашовым забеспячэннем узброеных сіл.

Дружба дружбай, а служба службай гл. дружба.

Не ў службу, а ў дружбу; не па службе, а па дружбе — просьба зрабіць што‑н. для каго‑н. па дружбе, а не па службоваму абавязку.

Паставіць што на службу чаму гл. паставіць.

Саслужыць службу каму-чаму гл. саслужыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)