Капы́та, капыт ’капыты’, укр. копито, рус. копыто, чэш. kopyto, славац. kopyto, польск. kopyto, в.-луж. kopyto, н.-луж. kopyto, балг. копито, серб.-харв. ко̀пито, славен. kapíto. Існуюць дзве версіі паходжання гэтага праславянскага слова. Першая: ад капаць (параўн. kopać ’капаць і біць нагой, капытам’, ст.-рус. копысати ’выкідваць зямлю капытамі’ (Бернекер, 565; Фасмер, 2, 320). Шпэхт (Der Ursprung, 85) параўноўвае прасл. kopyto і ст.-інд. śapháh, ст.-іран. safa ’капыт’, ст.-ісл. hófr, ст.-в.-ням. huof ’тс’. У абедзвюх версіях нявытлумачанай застаецца суфіксацыя ‑yto, якая не характэрна для славянскай моўнай глебы (вакалізм ‑y‑ даволі рэдка сустракаецца ў фарманце ‑to (SP, 11, 40). Уражвае адсутнасць паралелей у балтыйскіх мовах. Польск. kopać і ст.-рус. копысати маглі атрымаць другаснае значэнне над уплывам kopyto. Можна, аднак, звесці дзве версіі да адной, калі звярнуць увагу на індаеўрапейскія паралелі да прасл. kopati; ст.-грэч. σκάπτω ’капа́ю’, σκάπετος, κάπετος ’капанне’ (і.-е. *(s)k̑ap). Тады ў нашым выпадку можна рэканструяваць пачатковае і.-е. *(s)k̑ з падвойнай рэфлексацыяй у мовах satəm: *(s)k і k̑ (Мартынаў, Слав. аккам., 154).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́піца ’прамежнасць між капытоў каровы’, ра́поціна ’прамежнасць у капытах жывёлы’ (івац., Нар. лекс.), ра́паткі, ра́паціцы мн. л. ’тс’ (ЛА, 1), ра́потыця ’казырок’ (Лексика Пол.). Звязана з коранем *rap‑, прадстаўленым у прасл. *rapati ’браць, хапаць, сцягваць’ < і.-е. *rep‑ ’хапаць, сцягваць’, лац. rapere ’хапаць’, літ. répti ’ахопліваць’, параўн. таксама польск. дыял. rapa, rapka ’лапа з кіпцем (у птушак і дробных жывёлін)’, rapeć ’лапа, рука, капыт’. Магчыма змяшэнне з утварэннямі з *rak‑, параўн. ракавіца ’прамежнасць між капытоў у парнакапытных’ (Мат. Маг., 2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нары́тнікі ’набедрыкі’ (Некр., ТС, Мат. Гом.), ’шляя’ (Маслен.; чач., Жыв. сл.), ’паўшоры’ (рэч., Нар. сл.), наритнікі ’набедрыкі’ (кір., Нар. сл.; гом., Мат. Гом.), нарыткі ’тс’ (ТС), нары(т)шнікі ’тс’ (Шат.), укр. наритники ’шляя’. Паводле Непакупнага (Связи, 48–49), корань ‑рот‑ ’бядро, бок, круп каня’ выводзіцца на падставе структурнай паралелі і семантычнага аналага на‑бедр‑ыкі і суадносіцца з літ. rietas ’бядро’, роднасным ст.-рус. рить ’капыт’, ст.-ц.-слав. рить, чэш. riť, польск. rzyć ’anus’, а само слова можа разглядацца як паўкалька ці лексіка-семантычны варыянт тэрміна набедрыкі. Параўн. таксама рыткі ’прыстасаванне для выроўнівання асновы пры навіванні яе на навой (дзве драўляныя планкі з зубцамі)’ (ТС, Уладз.), якое фармальна можна суаднесці з нарыткі ’набедрыкі’, аднак семантычная сувязь застаецца няяснай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мост, ‑а, М ‑сце; мн. масты, ‑оў; м.

1. Збудаванне для пераходу або пераезду цераз раку, канал, чыгунку і г. д. Чыгуначны мост. Пад’ёмны мост. □ Гулка аддаецца тупат капыт па драўляным мосце. Бядуля. І ўсе сходзяцца на адным: да таго, як будзе пабудаваны капітальны мост праз Дзвіну ў раёне будоўлі, на месцы пераправы патрэбен наплыўны мост. Грахоўскі. // перан. Тое, што служыць звяном сувязі паміж кім‑, чым‑н. Бясхітрасна і проста Сыду на берагі чужыя я. Хачу зрабіцца хоць маленькім мостам Між імі і табой, зямля мая. Панчанка.

2. У спорце — пастава, пры якой цела выгнута грудзямі ўверх з апорай на далоні і пяткі.

3. Спец. Частка шасі аўтамашыны, трактара, размешчаная над восямі і звязаная з коламі. Пярэдні мост. Задні мост.

4. Спец. Планка, на якой замацоўваецца рад штучных зубоў.

•••

Паветраны мост — авіяцыйная лінія з перавалачнымі аэрадромамі і навігацыйным абсталяваннем.

Пантонны мост — мост на пантонах.

(Патрэбен) як у мосце дзірка гл. дзірка.

Проста з моста гл. проста.

Спаліць масты (за сабой) гл. спаліць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пло́скі ’які не мае упадзін, узвышшаў, роўны, без пад’ёмаў і спускаў’ (ТСБМ, Сцяшк. МГ), ’слаба, някрута спрадзены’ (Уладз.; баран., Сл. ПЗБ; гродз., Сцяшк. Сл.: рас., талач., Шатал.), ’палогі (пра бераг ракі, возера)’ (карм., ветк., чач., ЛА, 2; ТС), ’худы (конь, карова)’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), ’шырокі (пра капыт)’ (карэліц., Нар. словатв.). Укр. пло́ский, рус. пло́ский, пло́сок, польск. ст.-мазав. płoski, чэш., славац. ploský, славен. plòsk ’плоскі’, plóska ’паверхня, раўніна’, серб.-харв. пло̏сан, макед. плосок, балг. плосък, ст.-слав. плоскъ. Прасл. *ploskъ, звязанае чаргаваннем галосных кораня з *plask‑, *plesk‑, *plěsk‑, якія з і.-е. *plok‑sko‑ ці *plək‑sko; роднаснае лат. plakans ’плоскі’, лац. placidus ’роўны, гладкі’, ’прыемны’, ст.-грэч. πλάξ ’раўніна’ (Ільінскі, ИОРЯС, 20, 3, 113; Траўтман, 222; Фрэнкель, 602; Бязлай, 3, 61). Аднак Мее (Études, 332), Младэнаў (430), Фасмер (3, 285) дапускаюць магчымасць вывядзення лексемы плоскі з *plot‑sko і супастаўляюць апошнюю са ст.-інд. práthas ’шырыня’, авест. fraϑah‑, ст.-грэч. πλατύς ’шырокі, плоскі’. Гэтаксама Махэк₂ (462), які дапускае прасл. форму *plotъ (ŭ‑аснова), што ў чыстым выглядзе не захавалася, але ад яе утварылася плотва, плотка (гл.). Борысь, Папоўска–Таборска (ZPSS, 10, 27) на падставе славін. plos ’клоп’ рэканструююць рэліктавую форму *plosъ ’плоскі’, якая мае адпаведнікі на славянскім Поўдні. Абаеў (Этимология–1984, 21) мяркуе, што рус. плоский з’яўляецца роднасным рус. плохой.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пята́, пʼята́ ’задняя частка ступні, пятка’ (ТСБМ, Ласт., Варл., Сцяшк.; ашм., Стан.; віл., Сл. ПЗБ), ’абух у сякеры’, ’задняя частка касы’, ’тупы канец яйца’, ’карма лодкі’ (Варл.; Сцяшк.; навагр., полац., Сл. ПЗБ), пʼета́ ’пятка нагі, пятка ў касе, сасе і інш.; межавы знак на вуглу поля’ (ТС), пя́та ’пятка’ (беласт., Сл. ПЗБ), пʼяда́ ’тс’ (драг., Сл. ПЗБ), ст.-бел. пята ’месца (пункт), з якога пачынаецца вымярэнне зямлі’; укр. пʼята́ ’пятка’, рус. пята́, польск. pięta, чэш. pata, славац. päta, в.-луж. pjata, н.-луж. pěta, палаб. ṕǫta, славен. pẹ̑ta, серб.-харв. пета, балг. пета́, макед. пета, ст.-слав. пѧта. Прасл. *pęta ’нага, капыт, ступак’, роднаснае літ. péntis ’абух, задняя частка касы і інш.’, лат. piête, pietis ’абух, аснова грабель, заднік, запатылак’, ст.-прус. pentis ’пята’, афг. pūnda ’пята’, што ўзыходзяць да кораня і.-е. *pent‑ ’ісці, хадзіць’ (Скок, 2, 648; Сной₂, 510). Іншая, менш верагодная версія звязвае праславянскае слова з *pęti ’напінаць’ (гл. пяць), *pǫto ’пута’ (гл. пута), параўн. Шустар-Шэўц, 2, 1072; БЕР, 5, 192; ЕСУМ, 4, 651; пад сумненнем Фасмер, 3, 424. Абедзве версіі лічыць прыймальнымі ESJSt, 11, 643. Збліжэнне з польск. piękny (гл. пекны) з больш ранняга pięk(r)ny ’выступаючы, выпуклы’, здавальняючае семантычна, вядзе да сумнеўнай рэканструкцыі *penktā, гл. Банькоўскі, 2, 573.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́па ’парог, камяністы выступ на дне ракі’ (Скарбы), ’груды замёрзлай на дарозе гразі’ (Сцяшк. Сл.), рапы (rappy) мн. л. ’рачныя парогі ў гаворцы плытнікаў’ (Кольб.), ра́па, рапа́ ’чырвоная неўрадлівая глеба’ (драг., Нар. лекс.), рапы́на ’жвір’ (кам., ЛА, 2), ра́пісты ’няроўны’ (Сцяшк. Сл.), рапова́тый ’камяністы (пра зямлю)’ (кам., Жыв. НС). Няясна; магчыма тут аб’яднаны, незалежна ад фармальнай і семантычнай блізкасці, розныя па паходжанні лексемы. Параўн. славен. rápa ’складка на скуры, маршчына’, rapína ’няроўнае месца’, rapȋnje ’складчатая зямная паверхня’, н.-луж. ropa ’складка, маршчына’, для якіх Сной (гл. Бязлай, 3, 151) прапануе вывядзенне з прасл. *korpa ’няроўная паверхня’ (параўн. курапа ’рапуха’, гл.), што дапускала варыянтнасць пачатку слова з *xr‑ (гл. хра́па ’замёрзлая гразь на дарозе’, параўн. Астроўскі, ABSl, 29, 152), *vr‑ (гл. варо́паўка ’зялёная жаба’), *gr‑ (параўн. балг. грапа ’няроўнасць; воспіна’), *r‑ (параўн. укр. ра́павий, рапа́тий ’няроўны, нягладкі’). Махэк₂ (698) і Шустар-Шэўц (2, 1236) за зыходнае прымаюць прасл. *vorpa (гл. варапаха ’жаба’). Хутчэй за зыходную трэба прыняць форму з *r‑ з першасным значэннем ’нешта няроўнае, зацвярдзелае’, што можа ўзыходзіць да і.-е. *rap‑/*rep‑/*rop‑ са значэннем ’хватаць’, параўн. рус. схватиться ’застыць, зацвярдзець’, да якіх Варбат (Этимология–1986–1987, 58) адносіць польск. дыял. rapa, rapka ’лапа ў птушак і дробных жывёл з кіпцямі’, rapéc ’лапа, капыт’, гл. таксама ра́піна, рапо́тка. З іншых паралеляў можна прывесці макед. рапа ’паглыбленне з вадой, ямка’, да якога Відоескі (Геогр. терм., 132) далучае тапонімы Ра́па ’поле ў гарах’, Ра́пата ’камяністы ўзгорак’, а таксама балг. ра́па, серб.-хара ра̏па, рум. rîpa, арум. arîpa ’нізінка ў гарах’ і інш. Няясныя адносіны да польск. rapa, rafa ’падводны камень’ (< ням. Riff, Брукнер, 452) і рус. ро́па́к ’заледзянелыя каменні на беразе мора, ледзяныя таросы’, ро́пас, ро́паса́ ’куча каменняў; таросы; нагрувашчанне льдзін на беразе’ (з саамскай і фінскай моў, гл. Фасмер, 3, 501–502; Мызнікаў, Рус. гов. Обон., 332–334), а таксама балг. ро́па (“з няясным о”, гл. БЕР, 6, 322), серб.-харв. rȕpa ’яма, вір’, якія Скок (3, 173) параўноўвае з літ. raupýti, ruõpti ’калупаць’ і лічыць кантамінаванымі балтаславянска-ілірафракійскімі формамі.

Рапа́ ’вада з высокай канцэнтрацыяй солей, што выкарыстоўваецца ў лячэбных мэтах’ (ТСБМ), ’салёная вада’ (ПСл), ропа́ ’расол (у мясе); выдзяленні з раны’ (Мат. Гом., Сл. Брэс.), ра́па (Сл. ПЗБ). Гл. ро́па.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рак 1 ’беспазваночная, пакрытая панцырам прэснаводная жывёліна’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), параўн. рус. рак, польск. rak ’тс’, в.-луж., н.-луж., чэш. rak ’тс’, славен. rak ’тс’, серб. рак, балг. рак ’тс’, макед. рак. Не мае здавальняючай этымалогіі. Прынята формаўтварэнне з прасл. метатэзай *rakъ < *orkъ. Існуючыя этымалогіі рак пераважна абапіраюцца на семантыку ’апрануты ў шкарлупінне’, ’шурпаты’ або ’той, што капае, рые, коле’. Ільінскі (РФВ, 74, 126) параўноўвае рак з літ. ràkti, rankù ’калоць, калупацца, капаць’, лат. rakt ’тс’. Длугаш-Курчабова (427–428) аднаўляе першаснае значэнне рак як ’тое, што занураецца, упіваецца, угрызаецца ў нешта’ на падставе параўнання з літ. erkē ’клешч’, лат. ērcêt ’выклікаць рэзкі боль’, параўн. таксама лат. ērce ’клешч буйной рагатай жывёлы, тып жука’. Распаўсюджана супастаўленне рак са ст.-інд. karkaţas ’рак’, karkaras ’шурпаты’, грэч. καρκίνος ’рак’, лац. caner ’тс’ < і.-е. *karkro‑ ’тс’. У рэканструкцыі Сноя (521) мяркуецца і.-е. *karkro‑ > *krākrъ > з наступным выпадзеннем пачатковага k і сананта r. Значэнне ’апрануты ў шкарлупу’ набліжае слова да форм ра́ка (гл.) ’дамавіна’, ра́кавіна, раку́шка (гл.) ’шкарлупінне малюска’, што лічацца роднаснымі да лац. arceō ’зачыняю’, arca ’скрыня’, гот. arka ’тс’ (Якабсон, IJSLP, 1, 267; Фасмер, 3, 437–439). Дадаткова Сной (521), абапіраючыся на кельц. рэфлексы і.-е. *karkro‑ ’рак’, *krako‑ ’цвёрды, шкарлупінне, абалонка’, рэканструюе слова з семантыкай ’цвёрды, апрануты ў панцыр, з цвёрдай скурай’ і параўноўвае рэдуплікаваны ст.-інд. karkara ’цвёрды’ з вал. crach ’кара, шкарлупінне, абалонка’, craig ’скала’, с.-ірл. crach ’цвёрды’. Не выключана, што назва рэалізуе і развівае паняцце раздвоенасці ці выгнутасці з зыходным фармантам *ra‑/rak‑, што ўзыходзіць да і.-е. *er‑/or‑/ar‑ з шырокай семантыкай ’раздзяляць, распорваць, рваць, драпаць’. Семантыка ’раздвоенасці’ ці ’выгнутасці’ рэалізавана ў тым ліку ў ра́кам ’стаяць сагнуўшыся’ (гл.), ра́кі ’лапці’ (гл.), рак ’шпянёк, канал для выхаду мукі ў жорнах’ (Мат. Гом.), рачо́к ’палка з раздвоеным канцом’, ра́кавіна ’раздвоены капыт’ (гл.). Сюды ж і літ. erkē са значэннем ’драўляныя козлы’, ’прыстасаванне для распілоўкі дроў, што мае скрыжаваную форму’. Параўн. таксама рус. дыял. раковина ’клюшня ў рака’. Параўнанне з лац. arcuare ’выгінацца’, arcus ’дуга, выгін, крывізна’, дазваляе меркаваць, што рак названы па выгнутых клюшнях (Борысь, 509–510), хаця да гэтай этымалогіі можна прывязываць форму рака наогул.

Рак 2 ’хвароба cancer’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС). Прынята тлумачэнне, што назва хваробы непасрэдна капіруе назву жывёліны рак, бо існавалі ўяўленні, што ў чалавека пасяліўся рак (гл. рак 1), ці ракавая пухліна нагадвае рака, ці, паводле Борыся (510), наватвор, як рак пажырае сваю ахвяру, што ў сукупнасці трэба аднесці да народнай этымалогіі. Магчыма, назва з’явілася ў еўрапейскіх мовах пасля непасрэднага перакладу з грэч. καρκίνος ’рак’ ці καρκίνομα ’рак, ракавае ўтварэнне’ — азначэнне хваробы, ужытае пры яе апісанні Гіпакратам (Фрыск, I, 789). Параўн. лац. cancer ці ням. Krebs, якія таксама могуць азначаць назву жывёлы і хваробу. Заўважым, што ў Даля — рак ’хвароба, вонкавай прыкметай каторай з’яўляецца зацвярдзелая язва асаблівага выгляду’. Дасюль, магчыма, рак першапачаткова не хвароба, а менавіта нарост, з пакрываючымі яго прадольнымі барознамі ці язвамі. Параўн. з бел. ра́кавіна 3 (гл.) ’нарост, гуз, звязаны з ранай на дрэве’ (ТС), рус. дыял. раковистый камень ’камень з выбоінамі’, раковистый ’з неглыбокімі шчарбінамі, зломамі’ (Даль).

Рак 3 ’расліна скрыпень балотны, Epilobium angustifolium L.’ (бяроз., Нар. лекс.). Метафарычны перанос з рак 1 (гл.) з-за знешняга падабенства расліннай мяцёлкі да клюшні рака, параўн. аналагічнае рус. варонеж., а таксама дан. рак ’кактус’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)