Кле́панка: гуляць у клепанкі ’гуляць у хованкі’ (ТС). Калі клепанка ’хованка’, то можна рэканструяваць *клепаць ’ха-ваць© Надзейных славянскіх паралелей няма. Але карысна звярнуцца да балтыйскай лексічнай групы, якая прадстаўлена ст.-прус. auklipts ’схаваны’, лат. pieklept ’замыкаць, зачыняць’, літ. slėpti ’хаваць’ (< * skiepti), лат. slėpt ’тс’. Таму не выключана балтыйскае паходжанне слова (параўн. Тапароў, Прус., А — , 149–150). Параўн., аднак, шлёпаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тва́рка ’адтуліна ў калодачным вуллі, праз якую дастаюць мёд’ (лельч., Арх. ГУ), ’адтуліна ў вуллі’ (Мат. Гом.), тва́ркі ’вузкія дошчачкі, што ўстаўляюцца ў адтуліну вулля’ (Нік. Очерки). Параўн. рус. смален. тва́рька ’невялікая круглая адтуліна ў вуллі для пчол’, дыял. твирь ’палова складной даўжаі ў борці’, якое Фасмер (4, 33) параўноўвае са ство́рка ’тс’ і звязвае з затворя́тьзачыняць’, што ўрэшце ўзыходзіць да *verti ’прыціскаць, замыкаць’. Аднак параўн. таксама польск. twarz, tworz ’работа каля борцяў’, што схіляе да сувязі з тварыць2 (гл.), параўн. тварыла1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

За́твералы ’дыяфрагма (анат.)’ (воран., Сл. паўн.-зах.). Паводле Грынавецкене і інш., з літ. дыял. žutvėralaĩ (ažutvėralaĩ ці užutvėralaĩ) ’тс’ (Сл. паўн.-зах., 2, 258; Лаўчутэ, Сл. балт., 73). Трэба, аднак, улічыць ст.-польск. zatwieraćзачыняць’ кантамінацыя zawierać, zatworzyć, otwierać, на базе чаго магло ўтварыцца з суф. ‑л‑ слав. слова zatwierała (затвера́ла); параўн. падмятала, танцавала (Сцяцко, Афікс. наз., 48). Таму балт. паходжанне не абавязкова для тлумачэння, а паколькі агентыўнае значэнне, здаецца, больш тыповае для слав., а не для балт. утварэнняў, можа дапускаць дыял. бел. утварэнне (на базе запазычанага польск. дзеяслова) ці запазычанне з польск. дыял.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяро́ўка (Сцяшк. МГ, Касп., БРС, КТС, Шат.), вярёўка, вяроўка (Бяльк.) ’вяроўка, якой звязваюць снапы, сена, салому на возе’ (Янк. I), палес. вэроўка, во̂роўка, вароўка ’вяроўка, якой паднімаюць вулей на дрэва’; ’прыстасаванне для пад’ёму бортніка на дрэва’ (Анох.). Укр. вірьовка, рус. верёвка, вярёвка, ст.-рус. веревка ’вяроўка, матуз’ (з XVI ст.). Усходнеславянскае ўтварэнне (суф. ‑ъка). Узыходзіць да ст.-рус. вьрвь; параўн. ст.-слав. врьвь < прасл. vьrvь, якое з’яўляецца роднасным да літ. virvė̃, лат. vìrve ’вяроўка’, ст.-прус. wirbe ’канат’, літ. vérti ’прасоўваць нітку’, лат. vẽrt ’нанізваць’, грэч. Ϝερύω ’цягну, валаку’, Ϝρυτήρ ’вяроўка, цеціва’, ст.-інд. varatrā́ ’дзяга, вяроўка’. Прасл. vьrvь ўтворана ад verti ’звязваць, зачыняць’ < і.-е. *u̯er‑ (Міклашыч, 382; Гараеў, 1896, 43; Майргофер, 19, 154; Мюленбах-Эндзелін, 4, 619; Праабражэнскі, 1, 73; Траўтман, 362; Фасмер, 1, 294–285; КЭСРЯ, 75; Брукнер, 623–624; БЕР, 1, 187; Скок, 3, 633; Младэнаў, 79).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяры́гі ’жалезныя ланцугі, аковы, якія насілі на целе рэлігійныя фанатыкі’ (БРС, КТС), ст.-бел. верига, вериги ’ланцуг, путы’ (з XV ст.), укр. вериги, рус. вериги ’тс’, арханг. ’смецце ў зерні збожжа’, алан. ’невялікі стог сена’, ст.-рус. верига, вериги ’металічны дрот, ніць’; ’ланцуг’; ’вярыгі’; ’кайданы’ (з XII ст.), славен. veríga ’ланцуг, звяно ланцуга’; ’клямка, засаўка’, серб.-харв. вѐрига ’ланцуг’, вѐриге ’вярыгі’, макед. верига ’ланцуг’; ’горны хрыбет’, балг. верига, веруга ’ланцуг’; ’путы, аковы, кайданы’; ’ланцуг гор’; ’рад падзей’; ’бярозка палявая, Convolvulus arvensis L.’, ст.-слав. верига, утворанае ад вьрѣти (< verti ’звязваць’) пры дапамозе суф. ‑ига (Шанскі, 1, В, 59). Звязана з літ. vérti ’адчыняць, зачыняць’; ’нанізваць’, лат. vērt ’тс’, грэч. ἀείρω ’злучаю, звязваю’. Са ст.-слав. праз ц.-слав. і ст.-бел. слова прыйшло ў сучасную мову. Фасмер (1, 299) звязвае рус. верига са словам верать ’усоўваць, запіхваць, тыцкаць’. Сюды ж прымыкае вярыжны (брація вярыжнаяКТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

закрыва́ть несов.

1. (дверь, ящик и т. п.) зачыня́ць;

2. (покрывать) закрыва́ць; (заслонять — ещё) засланя́ць;

закрыва́ть одея́лом закрыва́ць ко́ўдрай;

ту́ча закрыва́ет луну́ хма́ра закрыва́е (засланя́е) ме́сяц;

3. (прекращать, заканчивать) закрыва́ць;

закрыва́ть собра́ние закрыва́ць сход;

4. (складывать, смыкать что-л. раскрытое) заго́ртваць, зго́ртваць, склада́ць, скла́дваць;

закрыва́ть кни́гу заго́ртваць кні́гу;

закрыва́ть зо́нтик зго́ртваць (скла́дваць) парасо́н;

5. (глаза) закрыва́ць, заплю́шчваць;

закрыва́ть глаза́ на что́-л. закрыва́ць во́чы на што-не́будзь;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Пракулі́ка ’нешта незвычайнае, цуд (аб чалавеку)’ (слонім., Нар. лекс.). Дэрыват ад *пракулікаць з суф. ‑а або, паколькі няясна значэнне прыстаўкі, утварэнне з прыстаўкай пра- ад * кулі к (гл.). У такім выпадку, відаць, звязана з кулікушкі ’гульня ў жмуркі’, пры якой той, што жмурыць кугікае (пераймае крык куліка?), параўн. рус. кули кіі ’дзіцячая гульня ў хованкі’. Больш верагодна, аднак, непасрэдная сувязь з рус. кулік ’пераадзеты’, куликать ’п’янстваваць’, польск. kulik, kulig ’масленічная забава, калі пераапранутыя едуць на санях з музыкай і песнямі і адведваюць па дарозе суседзяў’, ст.-польск. kulig, kulik ’удзельнік масленічнай забавы’. Польскія і рускія словы параўноўваюцца з назвай птушкі кулік, паколькі гэтая забава ў Польшчы мае назву kiłliga gonić, na kuliga jeździć (m. Брукнер, 281; Фасмер, 2, 411). Паводле Банькоўскага (2, 851), завадзіла ў гэтай забаве быў у масцы з доўгім птушыным носам, удзельнікаў называлі ’начнымі кулікамі”, а сам звычай трапіў у Польшчу ’z Rusi”. Слаўскі (3, 350 і наст.) лічыць гэту версію народнай этымалогіяй і спасылаецца на параўнанні Мікпашыча (147) і Мацэнаўэра (LF, IX, 37) з лат. kulnas lėkt ’гуляць на масленіцу, браць удзел у маскарадзе’, якія, паводле Мюленбаха (2, 309), роднасныя лат. kuls ’грамада’, kula разам5, ст.-інд. kida‑ ’грамада’. На карысць гэтай версіі, магчыма, і акупіць ’адрынуць, адцурацца, аднесціся з пагардай’ (Нас.), што звязваюць з куляць (гл. акупяцца). Сувязь гэтай групы слоў з рус. о‑кула ’падманшчык’ і далей з лац. occulere ’ўкрываць, таіць’ < і.-е. *kel‑зачыняць’, якую прапануе Патабня (РФВ, 3, 167 і наст.), Фасмер (2, 411) лічыць сумнеўнай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клець ’сялянскі будынак для захавання маёмасці; свіран, кладоўка’ (ТСБМ, Шат., Касп., Сл. паўн.-зах., ДАБМ, Тарнацкі, П. С., Шушк., Бломкв., Сержп. Грам., Сержп. Прымхі, Нік. Очерки, Бяльк., Яруш., Нар. словатв., Сцяшк., Грыг., Мал., Шн., Некр., Хар., Сержп., Маш., Гарэц.). Укр. кліть, рус. клеть, балг. клет, макед. клед, серб.-харв. кле̑т, славен. klét, польск. kleć, чэш. klec. У гэтых паралелях адзначаецца тры асноўныя значэнні: ’сялянскі будынак для захавання маёмасці, свіран’, ’часовае памяшканне, прыбудова’, ’хаціна, будан’. Першае значэнне адзначана практычна ва ўсіх славянскіх мовах, другое і трэцяе пераважна на сербска-харвацкай, рускай і польскай тэрыторыях. Унутраную форму зберагло толькі серб.-харв. кле̑т ’будан, сплецены з прутоў’. Аб той жа ўнутранай форме сведчаць значэнні прасл. klětъkа ’клетка для птушак і жывёл’. На гэтай аснове рэканструюецца прасл. klětь ’будан, складзены з жэрдак і аплецены прутамі’. Таму нельга пагадзіцца з рэканструкцыяй Махэка (ВЯ, 1957, I, 97), які бачыць у аснове першаснага значэння ’зруб у якасці свірана’. У сувязі з гэтым узнікае праблема адносін прасл. klětь да літ. klė́tis ’кладоўка, свіран’, лат. klēts ’тс’. Эндзелін (Мюленбах-Эндзелін, 2, 225) лічыць іх генетычна тоеснымі са славянскімі. У якасці крытэрыю ён прыводзіць архаічнасць вакалізму, але такі вакалізм вядомы і ў пазнейшых запазычаннях з усходнеславянскіх моў. Лінгвагеаграфічны крытэрый сведчыць аб другаснасці літ. klė́tis і яго запазычання з перыферыйнага польскага дыялекту. Што датычыць прасл. klětь, то яго спрадвечнасць давесці цяжка. Версія Махэка (цыт. праца) klětь < *klēu̯‑ti фанетычна і семантычна неверагодная (першаснае значэнне ’сціскаць, зачыняць’). Семантыка прасл. klětь добра адпавядае семантыцы і.-е. k̑lei̯ (’прыстаўляць, прыхіляць’, ’будан з жэрдак’, ’краты’), але фанетыка застаецца нявытлумачанай. Яшчэ Шахматаў (AfSlPh, 33, 90) выказаў гіпотэзу аб кельцкай крыніцы славянскага слова. Параўн. ст.-ірл. clíath ’пляцень, краты’, clíthar ’хаціна’, гал. *klēta ’пляцень, краты’. Кельцкія словы ў адрозненне ад славянскіх маюць надзейную індаеўрапейскую этымалогію і зыходзяць да архетыпа *k̑lei‑t (і.-е. ei > пракельц. ē): гоц. hleiþra ’будан’, ст.-грэч. κλισία (< *klitia ’тс’), літ. šlitìs ’адрына’. У аснове гэтай групы паралелей ляжыць і.-е. k̑lei са значэннем ’пакласці, прыхіліць’ (ст.-інд. śrayate, ст.-грэч. κλίνω, лац. clino і інш.). Апрача гэтага, індаеўрапейскія паралелі маюць яшчэ значэнне ’лесвіца’ (ст.-грэч. κλίμαξ, ∼ ням. Leiter, літ. šlìtė) і ’пляцень’ (ірл. clíath, лат. slits). Такім чынам, прасл. klětь адлюстроўвае кельцкую фанетыку (k < і ē < еі) і семантыку (Мартынаў, SO, 29, I/2, 161–164; Мартынаў, Язык, 38–42).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́ка ’труна для мошчаў святых’ (ТСБМ), ’дамавіна’ (Ласт.). Параўн. рус. ра́ка ’склеп, каўчэг, куфэрак’, ст.-рус. рака ’куфэрак з мошчамі святых’, палаб. rakåi/råtʼåi ’каробачка, скрыня’, чэш. rakev ’труна’, славац. rakev ’скрыня’, славен. raka ’магіла, склеп’, rakev ’труна’, серб. ра̏ка ’пахавальны склеп’, ’выкапаная магіла’, балг. ра́ка ’куфэрак з мошчамі святых’, ст.-слав. рака ’тс’. У беларускую мову трапіла, імаверна, з ц.-слав. мовы. Як і paкавіна2 (гл.), узыходзіць да *raky з метатэзай *ork‑ > *rak‑, што можа ўспрымацца як пранікненне з германскіх, параўн. гот. arka, ст.-в.-ням. arahna/archa, звязаныя з семантыкай ’зачыняць’ і роднасныя да лац. arco ’каўчэг’, arca ’скрыня, склеп’ < arceō ’зачыняю, затрымліваю’ (Праабражэнскі, 178; Фасмер, 3, 437–439; БЕР, 6, 169–170; ESJSt, 12, 746). Гл. таксама Жураўлёў, Язык и миф, 204 (з літ-рай).

Рака́ ’прыродны вадаём, які пастаянна цячэ’ (ТСБМ, Бяльк.), рэка́ (ашм., Сл. ПЗБ; ТС), параўн. укр. ріка́, рус. река́, польск. rzeka, в.-луж. rěka, палаб. rʼéka, чэш. řeka, славац. rieka, славен. reka, серб. ре́ка, харв. rijéką, балг. река́, ст.-слав. рѣка. Большасць этымалогій адносіць прасл. *rěka да і.-е. *erei‑ ’цячы’, параўн. ст.-інд. rayah/ráyas ’струмень’, rīyatē ’рухаецца, пачынае цячы’, ri‑ ’даць цячы’, rī‑ ’цячы’, rīti‑ ’рака’, rītís ’рух, бег’, retas ’цячэнне’, rīnas ’той, што цячэ’, с.-ірл. rīan ’рака, дарога’, с.-н.-ням. rîn ’ток вады’, гальск. Renos ’рака Рэйн’, венг. Rajna ’тс’. Традыцыйна звязваецца з прасл. *rěj‑ati ’цячы’, *rei‑/*roi‑ > *roika > *rěka (Фасмер, 3, 464 з аглядам папярэдняй літ-ры). Рэшткі дыфтангічнага вымаўлення *rej‑/*roj‑ у некаторых слав. мовах, напрыклад, харв. rijeka, яшчэ больш пацвярджаюць гэту тэорыю. Брукнер (461) параўноўвае польск. rzeka з польск. zdrój ’крыніца’ < *roj‑ ’усё, што выцякае, пырскае’. Параўн. таксама праро́й ’праліўны дождж’ (бяроз., Шатал.), рус. дыял. заройный дождь ’залева’, ст.-рус. нарои ’раз’юшанасць, імкненне’. Адсюль рака можа азначаць не проста тое, што цячэ, а што цячэ бурліва, імкнецца, рве (Этимология–1978, 98), таму звязана з рынуць, рынуцца ’імкліва кінуцца’, рус. рвение ’імкненне’, нарыв ’тое, што імкнецца прарвацца’, рьяный ’імклівы’, што таксама ад праслав. *roj‑/rьj‑/*rьu‑. Параўноўваючы лац. rīvŭs ’паток, струмень’ з прасл. *rěka следам за Марцінэ (Word 12, I, 3), Мартынаў (БЛ, 5, 64–65) узнаўляе развіццё: прасл. *rěka < *roi‑u‑ka < і.-е. *roi‑u‑/*rei‑u > лац. rīvŭs. Важна, што лац. rīvŭs адначасова азначае і ’канал’, параўн. ням. rinnen ’цячы, працякаць’, а Rinnen ’жолаб, канава’. У гаворках сустракаецца атаясамліванне назвы ракі і рэчышча: рэчанне ’рака і рэчышча’, за рэчаннем ’за ракой’, параўн. таксама рача́ліна ’месца стоку талай і дажджавой вады’ (навагр., Нар. словатв.), гл. Можна меркаваць, што рака, як і ручай, азначалі роў, а не паток вады, і належалі да этымалагічнага гнязда з каранямі *rъv‑/*rū‑ > *ryti/*rъvati ’рваць’; тады *ryti < *rūti < *routi/*roiti ’рыць’, а не ад *rějati ’цячы’. Адсюль *rěka < *roi‑ka ’тое, што прарывае зямлю’, а не ’тое, што цячэ па зямлі’, параўн. рус. маск. ру́тина ’глыбокае месца ў рацэ’. Лявіцкі (2, 88) мяркуе, што герм. rain з семай ’мяжа, край леса, край канавы’ з’яўляецца пашырэннем і.-е. *rei‑/*roi‑ ’драпаць, рэзаць, секчы’, што абвастрае ў *roi‑ka > *rěka семантыку ’мяжа’, а гэта функцыя спрадвечна была ёй уласціва. Пры розных версіях слова ўзыходзіць да адной і.-е. базы *rei‑/roi‑, што магло азначаць ’рваць, рыць’ і ’цячы, імкнуцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)