заці́шак, ‑шку, м.

1. Ціхае, затуленае ад ветру месца. Яблыні згіналі кучаравыя галіны пад платамі і стваралі заценены зацішак. Пестрак. Дзед з унукам стаіліся ў зацішку, каля прыбудоўкі. Даніленка. // перан. Ціхае, спакойнае, адасобленае месца. Са шпіталя [Аляксея] хацелі паслаць у тыл. — Каго, мяне? Як жа я буду сядзець недзе ў зацішку, калі мае таварышы ваююць? Мележ. Мы й самі жывём не ў зацішку — Вялікія змены і ў нас. Звонак.

2. Тое, што і зацішша (у 1 знач.). — Глядзі на мора. Шторм блізіцца. Такі зацішак звычайна перад штормам. Карамазаў. Перайшлі мы палі, Абышлі гарады, Разам зналі баі і хвіліны зацішку. Броўка. Звычайна ж зацішкі цягнуцца нядоўга, а тым болей зацішак у жывым людскім жыцці. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зба́віць 1, збаўлю, збавіш, збавіць; зак., што.

1. Адняць (якую‑н. частку) ад агульнай колькасці, вагі і пад. Збавіць кілаграм вагі.

2. таксама чаго. Зменшыць велічыню або колькасць чаго‑н.; убавіць. Збавіць цану. Збавіць крок (пайсці цішэй). Збавіць вагі, у вазе (пахудзець). □ Нам нічога не аставалася, як толькі збавіць ход, каб ненарокам не перакуліць лодку. Сачанка. // Зменшыць сілу чаго‑н.; аслабіць, знізіць. Збавіць тон. □ Калі абставіны склаліся так, што Дарошку не давялося ўключыцца ў другі тур конкурсу, юнак не збавіў тэмпаў, не пачаў працаваць горш. Арабей.

•••

Збавіць газ — зменшыўшы наступленне гаручага, сцішыць ход машыны.

зба́віць 2, збаўлю, збавіш, збавіць; зак., каго-што.

Памагчы пазбегнуць каго‑, чаго‑н.; пазбавіць, вызваліць ад каго‑, чаго‑н. Збавіць ад бяды. Збавіць душу ад пакут. □ Адзіны выхад іх ад смерці збавіць — У час зацішша з крэпасці адправіць. Бачыла.

•••

Божа збаў гл. бог.

зба́віць 3, збаўлю, збавіш, збавіць.

Зак. да бавіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спако́й, ‑ю, м.

1. Адсутнасць шуму і руху; цішыня. Цішыня і спакой панавалі ў заснежаным лесе. В. Вольскі. Пасля рабочага дня, што заканчваўся звычайна ў гадзіну ночы, наступаў спакой. Шахавец. У перадвячэрнім спакоі рэзка вылучаецца маркотнае курлыканне жораваў. Крапіва. Вазы адскрыпелі ў нізіне І стаў аглушальны спакой. Панчанка. // Парадак; адсутнасць грамадскіх хваляванняў. Грамадскі спакой. // Лагода; мірнае жыццё. Вайна іх разлучыла, Разбіла іх спакой. Бялевіч. І елкі ў неба ўзнялі пікі, Абараняюць наш спакой. Астрэйка. Хто вам сказаў, што на зямлі зацішша, Што на зямлі пасля вайны спакой? Аўрамчык.

2. Ураўнаважанасць, фізічнае і душэўнае супакаенне. Нуда скончылася, уперадзе, зусім блізка была доўгачаканая мэта — канец усіх трывог і час прыемнага спакою. Мележ. // Поўны адпачынак, бяздзеянне. Хвораму, акрамя лекаў, патрэбен яшчэ і спакой. Чарнышэвіч.

•••

Вечны спакой — смерць.

Мёртвы спакой — абсалютная цішыня, нерухомасць.

На спакой — а) на заслужаны адпачынак, на пенсію па ўзросту (ісці, адпраўляцца і пад.); б) паміраць (пара, трэба і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́мант, ‑у, М ‑нце, м.

1. Вельмі кароткі прамежак часу; імгненне, міг. На нейкі момант у пакоі запанавала цішыня. Шыловіч. Адзін момант — і першая лінія службы дзесяткамі зоркіх вачэй і чуткіх вушэй заблакіравала граніцу. Брыль. // чаго. Адрэзак часу, калі пачынаецца нейкае дзеянне, з’ява. Момант спаткання. Момант зацішша.

2. Пэўны прамежак часу, этап у гісторыі, развіцці чаго‑н., у жыцці каго‑н. Паэт [Колас] не прапусціў ніводнага больш-менш значнага моманту з жыцця і працы селяніна. Навуменка. Бывае, што нечакана светлы момант узнагароджвае чалавека за многія гады пакут. Кулакоўскі.

3. Частка, элемент, асобны бок якой‑н. з’явы. На мастацкіх палатках адлюстраваны моманты з працоўнай дзейнасці і адпачынку працоўных. «Беларусь».

4. Спец. Матэматычнае паняцце, якое адыгрывае значную ролю ў механіцы і тэорыі імавернасцей. Момант інерцыі. Момант сілы.

•••

Бягучы момант — сучасны, цяперашні момант.

Магнітны момант — асноўная велічныя, якая характарызуе магнітныя ўласцівасці рэчыва.

На момант — на імгненне; вельмі коратка.

У адзін момант — тое, што і у адзін міг (гл. міг).

[Лац. momentum.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адпра́віць, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; зак., каго-што.

1. Накіраваць, адаслаць каго‑н. куды‑н. У тую ж ноч палонных салдат і афіцэраў.. пад канвоем конных чырвонаармейцаў.. адправілі ў вёску Высокая Рудня. Колас. Пасля ранення.. [Міхала] перапраўлялі на партызанскі аэрадром, каб адправіць на Вялікую зямлю. Карпаў. // Справіць провады каму‑н., развітацца з ім; справіць вяселле. Адправіць навабранцаў у армію. Адправіць замуж. Адправіць у падарожжа. // Паслаць каго‑н. куды‑н., каб пазбавіцца яго прысутнасці; адпусціць. [Ніна:] — Мясцовых адправілі па дамах, а параненых прафесар забраў да сябе на кватэру. Мікуліч. [Алешын:] Адзіны выхад іх [жанчын і дзяцей] ад смерці збавіць — У час зацішша з крэпасці адправіць. Бачыла.

2. Звольніць каго‑н. з работы; вызваліць ад якіх‑н. абавязкаў. Адправіць на пенсію. □ ...Ужо з дзіцем ты лішняя ў хаце; На службе цябе разлічылі, адправілі — .. Не стала там хлеба дзіцяці. Купала.

3. Даць сігнал на адпраўку; дазволіць адпраўку. І я на таго чалавека крыўдую, Што некалі рана адправіў цягнік. Ляпёшкін.

4. Паслаць карэспандэнцыю, пасылку і пад. Адправіць тэлеграму. □ Апоўдні [Заранік] схадзіў у Старыцу на пошту і адправіў пакет у Мінск. Хадкевіч.

5. Не згадзіцца прыняць.

6. Адслужыць набажэнства. Адправіць імшу.

•••

Адправіць на той свет — забіць, давесці да смерці, загубіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́мант, -ту м., в разн. знач. моме́нт; (очень короткий промежуток времени — ещё) мгнове́ние ср.; миг;

урачы́сты м. — торже́ственный моме́нт;

зру́чны м. — удо́бный моме́нт;

м. сі́лы (іне́рцыі) — моме́нт си́лы (ине́рции);

наста́ў м. заці́шша — наступи́л моме́нт зати́шья;

адзі́н м. — одно́ мгнове́ние;

бягу́чы м. — теку́щий моме́нт;

магні́тны м. — магни́тный моме́нт;

у адзі́н м. — в мгнове́ние о́ка, в одно́ мгнове́ние, в оди́н миг;

на м. — на мгнове́ние, на миг; на мину́тку;

у той жа м. — в тот же миг;

ні на м. — ни на миг

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

прыхапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак., каго-што.

Разм.

1. Узяць, забраць з сабою. Варывончыка ведаюць на курсе як чалавека практычнага. Аб гэтым сведчаць і старыя чаравікі, якія ён не забыў прыхапіць [на ўборку бульбы]. Навуменка. Максіму прыйшло на думку, што Астапчык, відаць, не быў упэўнены ў яго згодзе, таму прыхапіў з сабой Дварчаніна на дапамогу. Машара. // Набыць, узяць дзе‑н. або ў каго‑н. Васіліна забрала ў Люды аловак, прыхапіла з суседняга стала аркуш паперы і схілілася над картай. Хадкевіч. // і чаго. Захапіць у дадатак да чаго‑н. Прыхапіць лішку пры кройцы. □ І паехаў. На Першамай. Думаў, там яшчэ дзянёк-два прыхаплю... Ракітны.

2. Зверху, злёгку замарозіць; падмарозіць. Калі адшумела жаўталісце і марозікі прыхапілі палі і дарогі, эскадрон уланаў ноччу заняў Зацішша. Грахоўскі. // Пашкодзіць, папсаваць што‑н. (пра мароз, агонь і пад.). Першыя замаразкі прыхапілі пад акном вяргіні: яны пабляклі, пачарнелі. Кірэйчык. / у безас. ужыв. — Пабеглі [махорачніцы] расаду накрываць, баяцца, каб уночы марозікам не прыхапіла. Кулакоўскі. Агнём прыхапіла і сліву і грушу... А вішні, што кусціліся ля плота, і зусім пагарэлі, пагарэлі разам з платамі... Сачанка.

3. Застаць, заспець, захапіць каго‑, што‑н. дзе‑н. Бліскавіца! Што, як з хмаркі дожджык хлыне? Дзе спыніцца? Ой, застудзіць ды замочыць, як прыхопіць. Дзяргай.

4. Прымацаваць, замацаваць чым‑н. Прыхапіць валасы грэбенем. □ — І люкі цяпер не адкрыеш. Іржа, яна лепш за электразварку метал прыхапіла. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)