прыхапіць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак., каго-што.

Разм.

1. Узяць, забраць з сабою. Варывончыка ведаюць на курсе як чалавека практычнага. Аб гэтым сведчаць і старыя чаравікі, якія ён не забыў прыхапіць [на ўборку бульбы]. Навуменка. Максіму прыйшло на думку, што Астапчык, відаць, не быў упэўнены ў яго згодзе, таму прыхапіў з сабой Дварчаніна на дапамогу. Машара. // Набыць, узяць дзе‑н. або ў каго‑н. Васіліна забрала ў Люды аловак, прыхапіла з суседняга стала аркуш паперы і схілілася над картай. Хадкевіч. // і чаго. Захапіць у дадатак да чаго‑н. Прыхапіць лішку пры кройцы. ▪ І паехаў. На Першамай. Думаў, там яшчэ дзянёк-два прыхаплю... Ракітны.

2. Зверху, злёгку замарозіць; падмарозіць. Калі адшумела жаўталісце і марозікі прыхапілі палі і дарогі, эскадрон уланаў ноччу заняў Зацішша. Грахоўскі. // Пашкодзіць, папсаваць што‑н. (пра мароз, агонь і пад.). Першыя замаразкі прыхапілі пад акном вяргіні: яны пабляклі, пачарнелі. Кірэйчык. / у безас. ужыв. — Пабеглі [махорачніцы] расаду накрываць, баяцца, каб уночы марозікам не прыхапіла. Кулакоўскі. Агнём прыхапіла і сліву і грушу... А вішні, што кусціліся ля плота, і зусім пагарэлі, пагарэлі разам з платамі... Сачанка.

3. Застаць, заспець, захапіць каго‑, што‑н. дзе‑н. Бліскавіца! Што, як з хмаркі дожджык хлыне? Дзе спыніцца? Ой, застудзіць ды замочыць, як прыхопіць. Дзяргай.

4. Прымацаваць, замацаваць чым‑н. Прыхапіць валасы грэбенем. ▪ — І люкі цяпер не адкрыеш. Іржа, яна лепш за электразварку метал прыхапіла. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)