плю́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Пералівацца, ударацца аб што‑н. (пра вадкасць). Нарэшце човен супакоіўся; на дне яго плюхалася вада. Маўр.

2. Перамяшчацца, рухацца ў вадзе, балоце або іншай вадкасці, распырскваючы яе і робячы пры гэтым характэрныя гукі. Салдаты з аўтаматамі плюхаюцца па гразі. Кулакоўскі.

3. Купацца, мыцца, распырскваючы ваду. У мелкай рэчцы з крутымі берагамі плюхаліся голыя хлапчукі. Асіпенка. Пасля дарогі асалода была плюхацца над белым умывальнікам, надзяваць чыстую сарочку, завязваць не вельмі звыклы гальштук. Мележ. // Абдаваць сябе або каго‑н. пырскамі.

4. Падаць, шлёпацца ў ваду, гразь і пад. з пляскам. Скошаныя кулямі, снапамі падалі фашысты на абломкі ільдзін, плюхаліся ў ваду... Стаховіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пахо́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да паходу, уласцівы яму; такі, які бывае ў паходзе. Была нават свая паэзія і хараство ва ўсёй гэтай бязладнай абстаноўцы ваеннага паходнага жыцця. Колас. Ішла нястройнымі паходнымі калонамі пяхота. Мележ. Байцы Чырвонай Арміі Ідуць паходным маршам. Купала. // Прызначаны для паходу. Паходная палатка. □ Шафёр сеў на пяньчук і стаў моўчкі завязваць свой паходны мяшок. Кулакоўскі. Малым прысніўся дзіўны сон, Што нехта, ў шынялі паходным, Прыйшоў, як бацька, сеў на ўслон І стаў пытаць пра ўсё лагодна. Танк.

2. Які бывае, знаходзіцца пры войску, экспедыцыі і пад.; перасоўны. Паходны шпіталь. Паходная радыёстанцыя. □ На дзядзінцы дымілася паходная кухня, а каля яе стаялі салдаты з медзянымі кацялкамі. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́вязка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.

Тое, што і завя́зка (у 2 знач.).

завя́зка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. завязваць — завязаць ​1 (у 1, 2 знач.).

2. Р мн. ‑зак. Вяровачка, шнурок і пад., якімі завязваюць што‑н. Завязаць мех завязкай. □ Дырэктар высунуў скрынку пісьмовага стала і, дастаўшы адтуль зялёную папку, пачаў з таямнічым выглядам развязваць чырвоныя шаўковыя завязкі. Мележ.

3. Р мн. ‑зак. Пачатак, зыходны момант чаго‑н. Дакладна сказана: на моцнай завязцы ўзаемнага давер’я выхоўваецца брыгада. «Звязда». // Эпізод, падзея, з якой пачынаецца развіццё сюжэта ў мастацкім творы; проціл. развязка. Завяжа драмы.

•••

Па самую завязку; пад завязку — тое, што і як завязаць (гл. завязаць ​1).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пля́йстар, пляйстэр, плястар, пляйсцір. плястра ’слой, пласт’, ’пластыр’ (Нас., Др.-Падб., Гарэц., Касп., Бяльк., Жд. I, Жд. 2, Дэмб. 2; ашм., Стан.), яшчэ пляйстра, пласты, плястры, плястрачка ’штучныя соты’, ’кавалак мёду’, ’васковая абалонка’, ’рамкі з сотамі мёду’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк. МГ, Мат. Гом.), ’слаі’ (Сл. ПЗБ, Нас.); тіястэрык ’скрылік’ (смарг., Сл. ПЗБ). З польск. plaster ’тс’, якое паходзіць з plaster ’медыцынская павязка, што прылепліваецца на рану’ < с.-в.-ням.;т/!!!ш!!!ег, ст.-в.-ням. plastar < лац. emplastrum ’замазваць рану воскам, завязваць абмазку на прышчэпе’ < ст.-грэч. έμπλαστρον (Кюнэ, Poln., 87) < έμ-πλάσσω ’замазваю’; з гэтым словам злілося польск. plast (< прасл. *plastь ’слой, скіба, пласт’), з XVI ст. — plastr і pi ust r (мёду), блізкае па форме да plaster, нярэдка воск выкарыстоўвалі для залеплівання ран, як у старажытнасці (Банькоўскі, 2, 599). Устаўное ‑и‑, як у папярэднім слове.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лыга́ць ’глытаць’ (Сцяшк.; свісл., Шатал.; Нар. Гом.), лыґа́ць ’тс’, лыгну́ць ’глынуць’ (свісл., беласт., Сл. ПЗБ), ’прагна выпіць’ (Ян.), лыґнуць, лыгену́ць ’грызнуць’, лыгам ’залпам’ (Сцяшк. Сл.), лы́гаць ’хутка, спяшаючыся есці’ (Бяльк.), ’есці (пра гусей)’ (Сцяц.), ’хлябтаць, лыкаць’ (ТС). Укр. лига́ти ’прагна піць, есці’, лигону́ти ’хлябтаць вялікімі глыткамі’, лигнути ’тс’, ’жэрці’; польск. łygać ’глытаць’ (паводле Слаўскага, 5, 392 — запазычанне з укр. мовы), чэш. мар. łygať, славац. ligac ’тс’. Прасл. паўн. lygati, якое з’яўляецца варыянтам прасл. lykati — ітэратыва да lъkati, lъknǫti > лкаць (гл.).

Лыга́ць2 ’нанізваць што-небудзь на шнурок, дрот’ (ТСБМ), ’браць на повад (карову, вала), начэпліваць вяроўку на шыю жывёле’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл.; мазыр., З нар. сл.), лыгво ’налыгач на шыі вала’ (ельск., КЭС), ’вяроўка, на якую бяруць карову’ (мазыр., З нар. сл.). Укр. лига́ти ’накідваць вяроўку на рогі вала’, поли́гатися ’сыйсціся’, залига́тизавязваць, зблытваць’, рус. сарат. лигози́ть ’блытаць ніткі пры тканні’. Генетычна роднаснае да літ. laigõnas ’швагер’, ст.-грэч. λοιγωντίαν φρατρίαν (Гесіхій), а таксама з польск. liga ’вяроўка, шнур, якім абшываецца край ветразя (у плытагонаў)’, якое запазычана з н.-ням. līk (гальштынск. liek, гал. lijk ’тс’) — гл. Слаўскі, 4, 250. Да і.-е. *lieg‑//*leig̑‑, параўн. лац. ligāre ’звязваць, прывязваць’, алб. lith ’перавязваю’, с.-н.-ням. līk ’павязка’, ст.-ісл. lík ’ліна для ўмацоўвання грузаў’ (Бернекер, 1, 717; Фасмер, 2, 494; Трубачоў, Проспект, 59).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярзці́ ’трызніць’ (БРС); ’гаварыць абы-што, блюзніць’ (Бір. Дзярж., Мат. Гом., Касп., Грыг.); ’ілгаць’ (Бяльк.); ’балбатаць, малоць’ (Яруш.); ’невыразна гаварыць’ (КЭС, лаг.), вярзці́ся ’здавацца, блюзніцца, невыразна снавацца (пра думкі), плясціся’ (БРС, Гарэц., КЭС, лаг.). Укр. верзти́ ’гаварыць лухту’, верзти́ся ’блюзніцца’, рус. паўдн. ве́рзить, верзти́ ’бесталкова і доўга рабіць што-небудзь’, пск. верзи́ть ’гарбець над якой-небудзь справай’, паўдн. ве́рзить ’малоць лухту, ілгаць, хлусіць’, смал. верзи́ть ’гаварыць абы-што’, пск., арханг. ве́рзиться ’сніцца, здавацца’. Сучасныя ўсх.-слав. лексемы суадносяцца са ст.-рус. вьрзать ’вязаць’, ц.-слав. отврѣшти, отвръзѧ ’адвязаць’, ст.-слав. оуврѣсти, оуврѣзѫ ’адчыняць’, макед. врзе ’звязаць, завязаць’, врзма ’вузел’, балг. връзам, вържа ’спалучаць у вузел, сцягваць’, серб.-харв. вр́сти се ’круціцца на адным месцы, кружыцца (аб думках)’, вр̏зина ’пляцень’, славен. vŕzniti, vr̂znem ’адчыняць’ (< прасл. verz‑ti ’блытацца, запінацца’); апошняе звязваецца з літ. ver̃žtiзавязваць, зацягваць, ціснуць’, ст.-в.-ням. wurgjan ’давіць, душыць’, ст.-ісл. virgill ’вяроўка’, грэч. έρχατάω ’агароджваю’, ὄρχατος ’агароджа, сад’, мундж. wurž ’нітка’, афг. muža ’жыла’. Прасл. асновы vrz‑/verz‑/vorz‑ узыходзяць да і.-е. *u̯ergʼh‑. Семантычны пераход бел. вярзці́ ’гаварыць абы-што’ і г. д. < ’вязаць’ аналагічны да плесці ’маніць, вярзці, ілгаць’ < ’плесці, сплятаць’. Гл. таксама Міклашыч, 386; Голуб-Копечны, 424; Фасмер, 1, 298–299; Младэнаў, 91; Скок, 3, 629–630; Буазак, 287; Траўтман, 355; Моргеншэрнэ, 95; БЕР, 1, 188–189; Варбот, Этимология, 1963, 202.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хвост, хваста, М ‑сце, м.

1. У жывёл: прыдатак (звычайна рухомы) на заднім канцы цела. Валерык ускудлаціў валасы, стаў на карачкі, грозна засоп і пасунуўся пад паветку, дзе, адганяючы хвастом аваднёў, мірна хрумстаў канюшыну рослы рабы бычок. Шашкоў. Конік бадзёра цупае па дарозе, памахвае доўгім хвастом. Навуменка. // Значна звужаная канцавая частка цела (у рыб, паўзуноў і пад.). Хвост яшчаркі. □ Вільнула рыбка хвастом і нырнула на дно мора. Якімовіч. [Вугор] мае доўгае, выцягнутае, крыху сплюснутае з бакоў тулава, якое спераду заканчваецца вузкай галоўкай са скошаным пад вострым вуглом ілбом і маленькімі вочкамі, а ззаду паступова пераходзіць у доўгі і дужы хвост-вясло. Матрунёнак. // перан. Разм. У значэнні адзінкі падліку жывёлы. Ад кожнага хваста — пуд жыта, пуд бульбы або замест бульбы дзесяць рублёў грашыма. Брыль. // Футра пушнога звера (з прыдатка на задняй частцы цела), якое выкарыстоўваецца як гаржэтка, абшыўка і пад. Шапка з хвастоў пясца. // Пучок пер’я на заднім канцы цела птушак. У берагавой ластаўкі хвост кароткі, раздвоены і мае форму невялікіх тупых вілачак. В. Вольскі. А вось танканосы бакас, куртатая балотная птушачка, яшчэ хітрэй прыдумаў — хвастом спявае! Ігнаценка.

2. Задняя, канцавая частка лятальнага апарата (самалёта, ракеты і пад.). Уздоўж фюзеляжа да сценак прыладжаны лаўкі, а ў хвасце складзена маёмасць, якую ў абкоме падрыхтаваў падпольшчыкам. Новікаў. Разгарачаны Сцяпанаў упрытык наблізіўся да хваста «юнкерса». Алешка.

3. Крайняя, ніжняя, задняя канцавая частка чаго‑н. Хвост папяровага змея. Хвост бурака. // Росчырк (у літары, цыфры, арнаменце і пад.). Пакручасты кароткі хвост, прыроблены да апошняй літары, і распырсканае ў канцы чарніла павялі на думку, што начальнік спяшаўся. Асіпенка. // Вісячы канец (вяроўкі, пугі і пад.). Толькі ж у рукзаку Стаў завязваць хвасты, Бачу ў шафе ў кутку Сіні сшытак таўсты. Нядзведскі.

4. Доўгая, звівістая паласа (дыму, пылу і пад.). Там-сям па кругавіне горада стаялі, бы вытачаныя, фабрычныя трубы з хвастамі цёмнага дыму. Колас. На двор МТС узышла машына і прыцягнула за сабой доўгі хвост пылу. Дуброўскі. // Светлая паласа, якую пакідае за сабой рухомае цела (камета, ракета і пад.). [Віця] неаднойчы наглядаў, як зрывалася раптам нейкая зорка, чыркала аб другія, якіх на небе было безліч, і з зыркім хвастом ляцела ўніз, пакуль не рассыпалася бясследна. Паўлаў.

5. Разм. Задняя частка падола адзежы, якая цягнецца па зямлі. Хвост сукенкі.

6. Разм. Рад людзей, што рухаюцца за кім‑, чым‑н. За .. [Сымонам] заўсёды цягнуўся шумлівы і стракаты хвост дзяцей. Хомчанка. За .. [афіцэрам], на конях, высыпаў цэлы хвост удалых меншых чыноў. Чорны. // Група людзей, якія стаяць адзін за адным, чакаючы чаго‑н.; чарга. Маладыя людзі перад Новым годам прыйшлі ў магазін купіць віна і цукерак. Хвост даволі доўгі, пасоўваецца марудна. Лужанін. // Той, хто неадступна ходзіць за кім‑н. Лічаць нас [хлопцаў] яе [дзяўчыны] хвастом, Хай! — не навіна. Мы ж і ў голаў не бяром — Восем і адна. Куляшоў. // Той, хто высочвае каго‑н., шпіёніць за кім‑н. Частыя выезды друкара Максіма да сваякоў маглі прыцягнуць за ім хвост. Якімовіч. Вечарам Жан ішоў са сваім сябрам па вуліцы. Недалёка ад вакзала яны адчулі «хвост». Новікаў. // Пра наяўнасць сям’і, дзяцей. [Ігнат:] — Я чалавек халасты, прастуды не баюся, і калі заб’юць, хоць гэта не пажадана, — ніякіх хвастоў ззаду. Гурскі.

7. Задняя, канцавая частка атрада, каравана і пад., якія рухаюцца. Галава калоны замаруджана, стомлена паднімалася ўгару, а хвост яе імкліва каціўся да моста, напіраючы на пярэдніх. М. Ткачоў. // Заднія, апошнія вагоны поезда. [Начальнік:] — Я прайшоў увесь цягнік ад галавы да хваста, ды не аднойчы, а двойчы. Дубоўка. З акна [будкі] было відаць.. сярэдзіну і хвост [эшалона]. Мележ.

8. перан. Разм. Частка работы, не выканання, не закончаная ў тэрмін. Так лягчэй будзе для ўчотчыка, чымся мераць недакончаныя хвасты. Беразняк. // Не здадзены ў тэрмін залік, экзамен, кантрольная работа і пад. (у студэнтаў, вучняў). [Зіне] горка было засмяяцца, але яна, прытворна смеючыся, дадала: — І яшчэ адзін хвост ёсць. [Косця:] — Па чым? — Па хіміі. Грамовіч. [Юрка:] — Я быў заняты, Тамара. Ты ведаеш, як у нас у школе выкладалі чарчэнне? А ў нашым інстытуце без чарчэння хоць вучыцца кідай. У мяне чуць хвост не быў. Ермаловіч.

9. Спец. Пустая парода, адходы, якія атрымліваюцца пры абагачэнні карысных выкапняў. Кварцавыя хвасты.

10. Абл. Самы крайні, далёкі ўчастак поля, самыя канцы ўчасткаў. [Цярэшка:] — Хутарок жа, як-ніяк. Ды і зямелька ніштаватая дасталася, дармо, што самыя хвасты, што ніхто сюды зроду гною не давозіў. Лобан.

•••

Адкінуць хвост гл. адкінуць.

Апусціць (падтуліць) хвост гл. апусціць.

Віляць хвастом гл. віляць.

Вісець на хвасце гл. вісець.

Гнілому цяляці хваста не адарве гл. адарваць.

І ў хвост і ў грыву — надта моцна (біць, лупіць і пад. каго‑н. або пападаць каму‑н. за што‑н.).

Круціць хвастом гл. круціць.

Ляйчына (лейчына) пад хвост папала (трапіла) гл. лейцы.

Накруціць хвост гл. накруціць.

Наступіць на хвост каму — пакрыўдзіць каго‑н., пашкодзіць каму‑н.

Насыпаць солі на хвост гл. насыпаць.

Падтуліць хвост гл. падтуліць.

Падціснуць (падцяць) хвост гл. падціснуць.

Паказаць хвост гл. паказаць.

Прышчаміць (прыціснуць) хвост каму гл. прышчаміць.

Прышый кабыле хвост гл. прышыць.

Сабаку (кату) пад хвост (груб.) — дарэмна, за нішто (аддаць, патраціць).

Сарока на хвасце прынесла гл. сарока.

Сарока хвастом замяце гл. сарока.

У хвасце — ззаду ўсіх (ісці, плесціся і пад.).

Ушчаміць хвост каму гл. ушчаміць.

Хвастом вільнуць гл. вільнуць.

Хвастом накрыцца гл. накрыцца.

Хвост абаранкам; хвост дудой; хвост трубой — не сумаваць, не падаць духам, трымаць сябе малайцавата, самаўпэўнена.

Хвост у зубы — хутка сабрацца і пайсці (калі многа розных спраў, працы).

Цягнуць ката за хвост гл. цягнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)